Як правільна пісаць па-беларуску: «снег» ці «сьнег», «Мінск» ці «Менск», «еўра» ці «эўра»? Каб не блытацца, пачытайце (і паслухайце!) гэты артыкул

Як правільна пісаць па-беларуску: «снег» ці «сьнег», «Мінск» ці «Менск», «еўра» ці «эўра»? Каб не блытац...
Апошнія два гады – неверагодны час для беларускага грамадства. Адбываюцца рэчы, якія яшчэ 20 гадоў таму здаваліся сюжэтам сай-фай-фікшну. Грунтоўна русіфікаваная за 200 гадоў краіна прачнулася ад каланіяльнага сну, а яе жыхары пачалі актыўна ўспамінаць беларускую мову, якая ў пэўны перыяд свайго існавання мела сур’ёзныя шанцы спачыць у бозе.

Апошнія два гады – неверагодны час для беларускага грамадства. Адбываюцца рэчы, якія яшчэ 20 гадоў таму здаваліся сюжэтам сай-фай-фікшну. Грунтоўна русіфікаваная за 200 гадоў краіна прачнулася ад каланіяльнага сну, а яе жыхары пачалі актыўна ўспамінаць беларускую мову, якая ў пэўны перыяд свайго існавання мела сур’ёзныя шанцы спачыць у бозе.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Пакуль з памылкамі і непаслядоўна – але рускамоўныя беларусы імкнуцца размаўляць па-беларуску. А мы падказваем, як не заблытацца ў разнастайнасці беларускіх правіл і правапісаў, як лепш пісаць і, галоўнае, вымаўляць беларускія словы. І заадно расказваем, як так атрымалася, што беларуская мова мае ажно дзве граматыкі.

Граматыка – гэта што такое ўвогуле і навошта яна патрэбная?

Граматыка (ад грэчаскага «грамма» – «літара») – раздзел лінгвістыкі, які займаецца вывучэннем і апісаннем будовы слоў (словаўтварэння), змянення слоў (марфалогіі), відаў словазлучэнняў і тыпаў сказаў (сінтаксісу).

Так яшчэ называюць звод правіл, які рэгулюе гэтыя працэсы.

Граматыка (або правапіс) як звод правіл супрацьпастаўляецца слоўніку – спісу слоў, якія ўваходзяць у мову. З’яўленне граматык і слоўнікаў заўсёды было найважнейшым сведчаннем паспяховага існавання той ці іншай мовы. Калі моўная супольнасць кіруецца агульнымі правіламі, карыстаецца агульным слоўным запасам, мова развіваецца сістэмна, яна здольная захаваць і перадаць у будучыню больш інфармацыі.

Працэс замацавання правіл у граматыках, а слоў – у слоўніках называецца кадыфікацыяй. Пасля кадыфікацыі тыя ці іншыя карані, канчаткі або канструкцыі сказаў абвяшчаюцца асноўнымі – «нормай». Тыя ж, што не ўвайшлі, прынята лічыць дыялектнымі, маргінальнымі.

Але дзякуючы папулярнасці ў носьбітаў мовы, удалым літаратурным творам або ўплывовым аўтарам у працэсе статус некаторых форм (ці – у галоўным беларускім слоўніку два варыянты – формаў) можа змяніцца, і нормай становяцца ўжо яны. Непапулярныя формы са слоўнікаў абвяшчаюцца састарэлымі. Так развіваецца мова.

Калі ў сучаснай беларускай мовы з’явілася першая граматыка?

У 1918 годзе, калі ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшла «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча.

Адметна, што беларуская мова спярша была кадыфікавана лацінкай – і толькі праз год пабачыла свет адаптацыя беларускай граматыкі для кірыліцы. Напачатку ХХ стагоддзя беларусы паралельна карысталіся двума алфавітамі – кірылічным і лацінскім, і толькі з часам перамог кірылічны алфавіт… Але гэту захапляльную гісторыю мы раскажам іншым разам.

Бронік Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў беларускамоўным засценку Мацюлішкі пад Вільняй. Сёння гэта мясцовасць у Літве за 5 кіламетраў ад памежнага КПП «Лаворышкес – Катлоўка».

У 1911 годзе здольны, крэатыўны, сацыяльна і палітычна актыўны 19-гадовы выпускнік Віленскай гімназіі паступае ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на факультэт філалогіі. Яго навуковы кіраўнік – акадэмік Аляксей Шахматаў. Вядома, што Шахматаў абвясціў вакансію на спецыяліста па беларускай мове, і першая прапанова паступіла Максіму Багдановічу. Але хворага на сухоты паэта на вучобу не адпусціў бацька.

Так Тарашкевіч зрабіўся адной з самых важных фігур у культуры Беларусі. Як пісаў колісь часопіс «Студэнцкая думка», менавіта яго профіль варта будзе адчаканіць на беларускіх манетах еўра (або «эўра», як сказаў бы сам Бронік).

За лінгвістычнай місіяй Тарашкевіча пільна сачылі складальнікі сацыяльнай замовы на моўны стандарт – нашы пісьменнікі. Вось які ліст атрымаў Браніслаў у 1913 годзе ад свайго старэйшага таварыша Янкі Купалы: «Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не – то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце і зрабіце гэта як найхутчэй».

Але Бронік заваліў усе магчымыя дэдлайны, пастаўленыя літаратарамі. Ён выдаў сваю граматыку для школ толькі ў 1918 годзе – ужо тады, калі моўнай эмансіпацыі тэрмінова вымагала новая Беларуская народная рэспубліка. Напісана яна была адразу ў форме добра прадуманага падручніка. Таму – з папраўкамі і дапаўненнямі – цэлых пятнаццаць гадоў была асновай школьнага навучання ў Савецкай Беларусі. Сёння гэту граматыку называюць беларускім класічным правапісам, або ў гонар стваральніка – тарашкевіцай.

Якая граматыка сёння афіцыйна прынята ў Беларусі?

Сёння беларусы, па сутнасці, карыстаюцца Правапісам беларускай мовы, выдадзеным у 1934 годзе Андрэем Александровічам. Правапіс дапаўняўся ў 1957 годзе, а апошні «апдэйт» зазнаў у 2008-м, што замацавана ў Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. 1 верасня 2010 года гэты правапіс уступіў у сілу ў форме дзяржаўнага закону, зацверджанага Аляксандрам Лукашэнкам. У гісторыі сусветнага мовазнаўства гэта першы выпадак, калі граматыка мае форму закону, парушэнне якога можа быць пакарана адміністратыўна (а тое і крымінальна).

Гэтую граматыку сёння называюць беларускім афіцыйным правапісам, або наркамаўкай – бо яна была вынікам рэформы, праведзенай у 1933 годзе Саветам народных камісараў БССР.

Напачатку мы казалі пра тое, што звычайна прычынай змены граматыкі выступаюць натуральныя працэсы, якія праяўляюцца ў штодзённым маўленні людзей або ў друку. Рэформа граматыкі 1933 года мела палітычныя прычыны і на натуральныя змены ў мове не абапіралася.

Паказальна, што ў камісію, якая распрацоўвала змены, не ўключылі ніводнага лінгвіста. Паралельна ў Беларусі адбывалася фізічнае знішчэнне дзеячаў культуры. Пік рэпрэсій прыйшоўся на 1937 год, калі ў адну ноч у Курапатах расстралялі 100 літаратараў, навукоўцаў, абаронцаў нацыянальнай культуры. Унутры БССР гэтыя рэформы, такім чынам, апанентаў не мелі.

Разам з рэформай граматыкі былі запушчаны і «чысткі» слоўнікаў беларускай мовы, якія завяршыліся ў 1960-х. Іх вынікам з’яўляецца вядомы ўсім са школы трохтомны «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Праўда, маеце на паліцы?

Мэтай усіх гэтых гвалтоўных правак і чыстак 1930–1960-х было зменшыць розніцу паміж рускай і беларускай мовамі на ўзроўні нормы. І так, гэтая норма ў Беларусі сёння зацверджана заканадаўча.

Рэформа граматыкі 1933 года не была прызнаная найперш беларусамі па-за межамі БССР (напрыклад, у Заходняй Беларусі), а з цягам часу – нацыянальна арыентаванымі дысідэнтамі, якія з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны. Як вынік, сёння беларусы маюць ажно дзве сістэмы правапісу, якімі з пераменным поспехам карыстаюцца.

Чым жа наркамаўка адрозніваецца ад тарашкевіцы?

Калі аналізуеш асноўныя адрозненні паміж наркамаўкай і тарашкевіцай, прыходзіш да высновы, што ў той самай камісіі па правапісе, паводле нацыянальнай завядзёнкі, засядала шмат партызан.

Рэч у тым, што «размаўляць тарашкевіцай» амаль немагчыма – бо «рэфармісты» рэфармавалі перадачу слоў на пісьме, а правілы фанетыкі засталіся без зменаў!

Самая вядомая адметнасць тарашкевіцы – гэта пазначэнне мяккасці зычных мяккім знакам. Гэтак, наркамаўкай мы пішам «снег», «зніч», тарашкевіцай – з мяккім знакам («сьнег», «зьніч»), але вымаўляць па правілах павінны «сьнег», «зьніч», як бы мы гэта ні напісалі!

«Як чуецца, так і пішацца», – гэта калісьці казалі пра тарашкевіцу. З наркамаўкай гэта не заўсёды працуе. На жаль, паколькі сёння беларусы мала чуюць беларускую мову, то вучаць яе праз кнігі і таму ўсё часцей вымаўляюць [снег]. А гэта – моўная памылка.

Яшчэ адна дэталь, пра якую мала ведаюць. Паводле афіцыйных правіл беларускай фанетыкі, замест злучніка «і», калі ён ідзе пасля галоснай, трэба вымаўляць «й»: «Пайшла Й ніколі ўжо не вернешся, Алеся…» У тарашкевіцы гэта «й» прынята абазначаць на пісьме. У наркамаўцы тут трэба пісаць «і».

І трэцяя, самая яркая адметнасць такога парадокса – правапіс некаторых часціц і прыназоўнікаў. Усе мы помнім са школы, што ў беларускай мове існуе яканне ў першым складзе перад націскам. Але не ўсе мы давучыліся да ўніверсітэтаў, у якіх расказваюць, што прыназоўнік у мове прымыкае да асноўнага слова, утвараючы «фанетычнае слова».

Таму мы кажам «не павінна», але «ня трэба», «без квітка», але «бяз кветкі». Гэтыя «ня» і «бяз» па правілах пішуцца ў тарашкевіцы. У наркамаўцы тут «не» і «без». Але ж абавязак якаць у гэтым выпадку ніхто не адмяняў!

Канешне, правапіс уласна беларускіх слоў мае значна больш адрозненняў у дзвюх граматыках, але іх усе мы тут пералічваць і не збіраліся. Пазнаёміцца з імі можна самастойна дзякуючы дапаможніку, які называецца «Беларускі клясычны правапіс». Ён выдадзены ў 2005 годзе. Гэта мадэрнізацыя граматыкі Тарашкевіча, праведзеная незалежнымі лінгвістамі ў ХХІ стагоддзі, лёгка шукаецца ў інтэрнэце.

Не, усё-такі чым яшчэ наркамаўка адрозніваецца ад тарашкевіцы?

Самае вядомае адрозненне дзвюх граматык, якое нават увайшло ў анекдоты, – гэта правапіс па-беларуску слоў, запазычаных з іншых моваў (або моў).

Хто помніць рэкламу (прабачце, рэкляму) з 1990-х: «Дайнова – мэлёдыя магутнасьці»? «Це воно!» – сказалі б украінцы. «Размаўляць тарашкевіцай» – найхутчэй выраз з таго часу пасля 1991 года, калі вяртанне да класічнага правапісу было трэндам, а ўстаўляць у мову словы з мяккім «л» лічылася стылёвым. «Філёзаф», «філёляг», «элемэнт», Альбэрт Айнштайн – так гаварылі Купала і Колас да 1933-га.

Сучасная тарашкевіца больш лагічная за даваенную. Яна ўлічвае асаблівасці мовы, з якой паходзіць слова, таму, напрыклад, трэба вымаўляць «Лондан» і «клуб», а не «Лёндан» і «клюб». Але, так ці іначай, гэта правіла выклікае больш за ўсё крытыкі ў сучасных носьбітаў беларускай мовы, бо мы прызвычаіліся адаптоўваць замежныя імёны і словы праз фільтр рускай нормы.

Русіфікаваны правапіс запазычаных словаў (або слоў) быў асноўным вынікам рэформы Саўнаркама. Толькі двух гукаў не крануліся змяненні – гаворка пра перадачу «т» і «д». Бо, калі б тая рэформа дзейнічала паслядоўна, сёння мы б пісалі і гаварылі па-беларуску не «тэлевізар» і «дэтэктыў», а «цілевізар» і «дзіцекціў».

Хто і як сёння карыстаецца наркамаўкай і тарашкевіцай?

З канца 1980-х да 2010 года наркамаўка і тарашкевіца былі альтэрнатыўнымі і ў нечым нават аднолькава папулярнымі сістэмамі правапісу ў Беларусі. Дзяржаўная газета «Звязда» ў 1994-м нават пісала, што тарашкевіца зноў стане афіцыйнай граматыкай…

У 2000-х прынамсі тры папулярныя і аўтарытэтныя медыярэдакцыі карысталіся тарашкевіцай як мовай навін. Часопіс літаратуры «Дзеяслоў» выкарыстоўваў «кампрамісны» правапіс – з мяккімі знакамі, але без «філёзафаў».

Аднак 1 верасня 2010 года рэдакцыі тарашкевіцкіх СМІ зразумелі, што рызыкуюць быць закрытымі. Рэдактары палічылі за лепшае перайсці на дазволеную наркамаўку.

Тарашкевіцай сёння карыстаюцца аўтары ў сацсетках або ў друкаваных мастацкіх творах. Скажам, тарашкевіцай піша Альгерд Бахарэвіч. У канцы жыцця ёй пісаў Васіль Быкаў.

Паводле беларускага закону пра кнігадрук, афіцыйным правапісам павінны быць аформлены выходныя даныя кнігі, а словы ўнутры – творчае рашэнне аўтара. Можна хоць адвольны набор літар надрукаваць або выдумаць сваю мову (Бахарэвіч, дарэчы, і выдумаў – бальбуту). На правах такой «сваёй» мовы як маркёр эпатажу і элітарнасці і існуе сёння ў беларускай прасторы тарашкевіца.

Але ёсць адна сфера, дзе выкарыстанне элементаў тарашкевіцы – абавязковае патрабаванне. Гэта скрыпты для агучкі фільмаў. Бо тарашкевіца дапамагае акцёрам вымаўляць беларускія словы правільна. Напрыклад, гэты тэкст існуе ў дзвюх версіях: для публікацыі і для падкаста.

Дык які правапіс больш правільны?

Яшчэ раз агучым: немагчыма «размаўляць на наркамаўцы» або «размаўляць на тарашкевіцы». Гэта сістэмы правапісу, а значыць, тое, як мы запісваем беларускую мову.

Але вышэй мы расказалі, што падзел паміж граматыкамі (і слоўнікамі) палітычны, і ініцыявалі яго не лінгвісты. Таму інтуітыўна беларусы, якія бачаць у беларускай мове шлях да свабоды і незалежнасці, усё-такі вылучаюць у маўленні наркамаўку і тарашкевіцу.

Да наркамаўкі звычайна адносяць усё, што звязана з русіфікацыяй мовы, а таксама «саўковыя» словы са слоўніка. Напрыклад, калі ў дынаміку на вакзале абвяшчаюць: «Да ўвагі сустракаючых!» – то дзеепрыметнікі з «-юч» і «-уч» для многіх беларускамоўных гучаць як наркамаўка.

Адметна, праўда, што вакзальныя абвесткі сёння ачысціліся настолькі, што мы чуем: «Да ўвагі тых, хто сустракае…» Гэта ў свядомасці людзей тарашкевіца, хоць на справе – проста прагрэсіўнае, нерусіфікаванае выкарыстанне афіцыйнай мовы.

Гэтаксама аднойчы давялося пачуць ад знаёмага, што ў мінскіх (або менскіх) аўтобусах цяпер абвесткі на тарашкевіцы. А там усяго толькі замест «вадзіцель» сталі казаць «кіроўца». У «афіцыйным» слоўніку Крапівы няма гэтага слова. Яно ёсць у дадатковых слоўніках. Большасць з іх сёння даступна на партале slounik.org, які нядаўна займеў мабільную версію.

У формах слоў такую розніцу паміж двума полюсамі нашай мовы дэманструюць канчаткі роднага склону. Тыя, хто вывучае афіцыйную беларускую мову ў школе, часта наракаюць на гэта зубадрабільнае правіла. Чаму «няма лес-у», але «няма горад-а»? У тарашкевіцы ўсё прасцей – амаль паўсюль ляпі «-у». І так шмат з якімі правіламі... Толькі на першы погляд яны – цёмны лес. Штодзённа чытаючы па-беларуску і слухаючы аўдыякнігі (напрыклад, у мабільнай праграме «Кніжны воз»), наблізіцца да іх разумення зможа кожная і кожны.

Мы скончым думкай, што сёння ў беларускай мовы два «правільныя» правапісы са сваімі асаблівасцямі. Адзін – афіцыйны (наркамаўка) – пашыраны праз сістэму адукацыі і зразумелы шырокаму колу беларусаў, у тым ліку дзецям. Другі – класічны (тарашкевіца) – адметны сваёй гісторыяй, больш адпавядае афіцыйна зацверджанай беларускай фанетыцы і цэніцца нашымі крутымі пісьменнікамі.

Выбар за намі – носьбітамі мовы. І гэты выбар ужо – рэч другасная, бо перад ім мы зрабілі так напраўду галоўны выбар: у прынцыпе прыйшлі да таго, каб размаўляць па-беларуску.

поделиться