Вымушаны даўншыфтынг ці свядомы выбар? Журналiсты выдання DownShifter.by пабывалi ў гасцях у чалавека, які ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі.
Чалавек, які ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі, ходзіць у брудных кроксах і старамодным расцягнутым швэдары. А на падворку стаіць бліскучы «Ягуар»
Знайсці хату венчурнага інвестара, бізнес-анёла Валерыя Астрынскага ў вёсцы Барава вельмі проста, нават не ведаючы дакладнага адраса, – трэба кіравацца сцяга Іўеўскага раёна, які лунае высока над дахам і бачны здалёк. Валерый сустракае нас у яскравай аранжавай робе, якая нагадвае спецадзенне турэмных вязняў з амерыканскіх фільмаў.
Такая паралель мне здаецца невыпадковай – наш герой ужо паўгода адбывае пакаранне па крымінальным артыкуле «за ўхіленне ад выплаты падаткаў». Яму прысудзілі 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, ці, як у нас кажуць, хатнюю «хімію», якую ён выбраў правесці ў вёсцы, дзе нарадзіўся.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6336-6535-4161-b635-383466373165/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Валерый Астрынскі.
Здаецца, Валерый разбівае ўсе стэрэатыпы адносна даўншыфтынгу, які многія ўспрымаюць як долю бедных хіппі. Чалавек, які ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі, інвеставаў у стартапы і сацыяльныя праекты, у гэтыя хвіліны ходзіць перада мной у брудных кроксах і старамодным расцягнутым швэдары, апранутым паверх аранжавага камбінезона. А на падворку стаіць бліскучы «Ягуар» (свой «Ферары» Валерый ужо прадаў, а «Додж Рам» у рамонце). Наколькі сённяшні стан рэчаў – вымушанае выйсце ці свядомы выбар?
– Калі б не прысуд, думаю, я б усё адно сёння быў тут, у Бараве. Сюды мы пераехалі яшчэ перад выракам, калі пачаўся кавід. Склалася незразумелая сітуацыя з падарожжамі, да якіх мы прызвычаіліся. Мае сябры па ўсім свеце пазачыняліся ў сваіх кватэрах на месяцы. А мой гештальт пажыць у вёсцы быў не закрыты, таму хацелася атрымаць гэты досвед. І мы вырашылі пераехаць у вёску.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6235-3134-4433-a161-623263616435/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Задоўга да гэтага Валерый з жонкай Таццянай купілі ў Бараве хату, якая доўга стаяла без справы. І толькі з пачаткам пандэміі сям’я вырашыла давесці яе да ладу. Тады яны падрыхтавалі тут базу. І, калі Валерыю вынеслі вырак, усё склалася. Ён мог выбраць любое месца ў межах Беларусі – і выбраў Барава.
– Не было б суду… Думаю, усё адно ўсе гэтыя рэвалюцыйна-кавідна-ваенныя стрэсавыя сітуацыі мне хацелася б пражыць тут, паглядзець на ўсе гэтыя працэсы знутры.
Эмігранцкіх настрояў у сям’і не было – яны атрымалі дастаткова гэтага досведу. Наведалі 78 краін, сярод якіх экзатычны Маўрыкій, блізкія Эстонія і Украіна, далёкія ЗША.
– Свет цікавы. Можна ўладкавацца ў любой краіне. Мне тут добра, я люблю Беларусь. І пакуль мне б хацелася больш часу праводзіць тут.
«Я хадзіў з сябрамі на Кіліманджара, Эльбрус – дастаткова складаныя выклікі, якія кантраставалі з камфортным жыццём бізнесоўца ў Мінску»
– Мяне могуць мабілізаваць, як і любога грамадзяніна Беларусі, але я не веру ў той сцэнарый, дзе нехта дасць зброю ў рукі такім ненадзейным людзям, як я.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6533-3736-4733-b330-626663353761/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Да свайго даўншыфтынгу Валерый ставіцца як да чарговай прыгоды, якая дае яму новы досвед і эмоцыі.
– Для мяне заўсёды быў вельмі важным кантраст у жыцці. Я хадзіў з сябрамі на Кіліманджара, Эльбрус – дастаткова складаныя выклікі, якія кантраставалі з камфортным жыццём бізнесоўца ў Мінску.
У маёй карціне свету маюць значэнне менавіта кантраст і рознабаковы досвед, а не руціна. Таму і гэты перыяд вясковага даўншыфтынгу мне падабаецца як новы досвед. Я не будую сваё жыццё па прынцыпах эвалюцыйнага «паспяховага поспеху», калі пастаянна трэба павышаць пражытковы ўзровень.
Мне падабаецца і бізнесам пазаймацца, і рукамі нешта змайстраваць, і пападарожнічаць, і сямейным чалавекам пабыць.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6238-6666-4561-b537-323832363561/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
«Мы не ставімся да дзяцей як да асноўнай мэты нашага жыцця, вакол якіх мы ўсе скачам»
Крымінальную справу на Валерыя завялі яшчэ ў 2019 годзе, абвінавачанне тычылася эканамічнай дзейнасці ў 2012–2014 гадах. Тады наш герой валодаў групай кампаній, якая займалася дыстрыбуцыяй металу. У іх шэрагу была і кампанія, зарэгістраваная ў Еўропе.
Для Валерыя было натуральным, што яго замежная кампанія плаціла падаткі не ў Беларусі. Але наша праваахоўная сістэма палічыла гэта ўхіленнем ад падаткаў. Цяпер Валерыю забаронена весці прадпрымальніцкую дзейнасць на працягу пяці гадоў. Ён не можа пакідаць межы свайго ўчастка ўначы і ў выхадныя. Нельга наведваць бары ды іншыя падобныя ўстановы. Штопанядзелак асуджаны мусіць ездзіць у райцэнтр адзначацца.
Таксама прыкладна раз на тыдзень да яго наведваюцца міліцыянты праверыць, ці выконвае зняволены правілы ўтрымання на хатняй «хіміі», сярод якіх ёсць і забарона на ўжыванне алкаголю.
– Адбываць пакаранне ў вёсцы нашмат прыемней. Тут мая тэрыторыя абмяжоўваецца плотам, а ў горадзе гэта былі б сцены кватэры. Да таго ж абмежаванні, якія наклаў на мяне прысуд, дадаюць драйву ў спакойнае вясковае жыццё. Напрыклад, каб нешта здабыць, трэба прыкласці намаганні, гэта пераўтвараецца ў прыгоды. Дый мне нават маральна няёмка з’язджаць, калі людзі сядзяць у турмах. Яны сядзяць – а я буду дзесьці загараць на пляжы? Я хачу таксама тут гэты час пражыць.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6366-6234-4430-b462-613133636635/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Здзіўляе, а як жа дзеці. Іх у сям’і трое: чатырнаццацігадовы Міша, дзесяцігадовы Сцёпа і сямігадовы Ваня. Чаму яны мусяць расплачвацца за гэта?
– Яны вунь сядзяць сытыя, – смяецца Валерый. – Мы проста не ставімся да дзяцей як да асноўнай мэты нашага жыцця, вакол якіх мы ўсе скачам. Дзеці – гэта шыкоўны элемент нашага сумеснага шчасця. Я не буду рабіць нешта толькі дзеля дзяцей, але што мяне самаго будзе рабіць няшчасным.
Я не паеду жыць у Амерыку, каб дзецям было лепш. Я паеду туды, калі мне самому будзе цікава там жыць. А дзяцей буду падстройваць пад свае эгаістычныя жаданні. У нас трое дзяцей. Усе абсалютна розныя. Іх усіх адправіць у Лонданскую школу – ці будуць яны ўсе там шчаслівыя? Я не ведаю. Мы даём ім шанец. Хочаш – чытай, я дапамагу, калі ўбачу матывацыю. Але не буду працаваць таксістам, каб вазіць дзяцей на хакей два разы ў дзень. Старэйшы дык увогуле амаль што не выходзіць без прымусу з хаты. І я да гэтага нармальна стаўлюся. Іншы час, я не паруся наконт гэтага. Значыць, ім трэба свой шлях прайсці.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild3535-6232-4234-a239-323436656663/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Таццяна Бакланава.
Жонка Валерыя Таццяна з сынамі прыязджае толькі на выхадных. Увесь астатні час дзеці вучацца ў Мінску, а Таццяна, як яна сама жартуе, «таксуе» – развозіць дзяцей па школах і гуртках.
Так супала, што акурат у дзень прыезду ў малодшага Вані быў дзень нараджэння, і пашчасціла трапіць на святкаванне ў сямейным коле – да ўнука таксама прыехалі бабуля з дзядулем – бацькі Валерыя.
«Мы з жонкай купляем іншыя хаты ў вёсцы і рэканструюем іх»
Каб заняць сябе на «хіміі», Валерый вырашыў давесці сядзібу да ладу – папрацаваў над хатай, сараямі, участкам, пабудаваў лазню. Упершыню ў жыцці ў яго з’явілася свая майстэрня з працоўнымі прыладамі, якімі даводзіцца вучыцца карыстацца з нуля.
– Так як у сваёй хаце і на ўчастку я ўжо амаль усё зрабіў, мы з жонкай купляем іншыя хаты ў вёсцы і рэканструюем іх. У першую чаргу я гэта раблю, каб заняць сябе.
Ну, і акрамя таго, так як я разумею, што бліжэйшы час правяду ў вёсцы, мне хочацца, каб яна не вымерла, хочацца надаць ёй турыстычны драйв. Я бачу патэнцыял у сялянскіх хатах, у якіх можна ствараць гарадскія выгоды. Многім гарадскім людзям хацелася б адчуць гэты вясковы каларыт. Да таго ж месца тут маляўнічае – стаіць на беразе Нёмана.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6364-3430-4362-b036-656566366135/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
![](https://thumb.tildacdn.com/tild3439-6464-4934-a261-326537373865/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/1-переп.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/3переп-3.jpg)
Сёння ў Валерыя і Таццяны ўжо тры хаты ў Бараве і суседняй Латэўцы. У адной жыве сам гаспадар, у другой ужо скончылі рэканструкцыю і здаюць яе гасцям. У трэцяй пакуль працягваецца рамонт.
Канцэпт Валерыя і Таццяны – поўная аўтаномія і самастойнасць для гасцей: ключ пад дыванком, хата прагрэтая, чыстая бялізна, інструкцыя, як распальваць печкі.
– Удзень у асноўным я займаюся рамонтам. Вось, ёсць чарговая хата, над якой трэба папрацаваць. Часам знаходзяцца цвярозыя мясцовыя, якія гатовы паўдзельнічаць у праекце. Пару гадзін у дзень вылучаю таксама на працу за камп’ютарам і сазвоны – я дагэтуль з’яўляюся старшынём праўлення сеткі бізнес-анёлаў Angels Band. Ну і ўсе астатнія простыя побытавыя рэчы, такія як пратапіць печку, прыгатаваць у ёй ежу, прыносяць мне задавальненне і дозу эндарфінаў. Увечары застаецца пачытаць кніжку, паразмаўляць з сябрамі – і дзень прайшоў.
«Тут я не бачу, каб людзі хацелі паляпшаць сваё жыццё»
Калі наладзіць вясковы побыт для Валерыя не склала праблемы, то змірыцца з адсутнасцю матывацыі да прагрэсіўных змен у мясцовых жыхароў выявілася цяжка.
– Для мяне натуральна зрабіць у хаце нейкія штукі, якія палегчаць жыццё і зробяць яго камфортным, напрыклад правесці вадаправод і каналізацыю. А тут я не бачу, каб людзі хацелі паляпшаць сваё жыццё. І стаўленне да працы тут больш падобнае на сяброўскую паслугу.
Гэта працуе на маленькіх праектах – разам нарыхтаваць дроў, пасля выпіць. А вось каб ужо дом адбудаваць ці заняцца маленькім бізнесам – на гэта ўжо матывацыі не хапае.
Да таго ж тыя, хто нікуды не выязджае, мысляць даволі стэрэатыпна. Калі мы элементарна просім прыгатаваць што-небудзь нашым гасцям, яны адмаўляюцца, маўляў, што мы гэтым гарадскім прыгатуем, а раптам што не так. Аднойчы нават суседка накарміла гасцей, а грошай не ўзяла.
Напэўна, спрацаваў адмоўны адбор, калі больш матываваныя людзі з’ехалі і тут засталіся тыя, каму пасуе такі лад жыцця. Я не скажу, што гэтыя людзі дрэнныя ці нешчаслівыя. Яны іншыя. Можа, гэта мы проста прывыклі да пастаяннага варушняку, нам трэба, каб заўсёды адбывалася нешта новае. А ім так добра. Можа, гэта мы няправільныя.
Часам нават мая жонка пакутуе ад таго, што я паўсюль бачу бізнес-праекты. Бачу ферму: так, тут будуць калівінгі, домікі, кемпінгі. А яна мне: цішэй, цішэй, зрабі лепей лаўку.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild3133-3462-4633-b762-656330333064/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
«Сёння ў Беларусі мне б не хацелася ўлазіць у нейкі вялікі бізнес»
А пакуль Валерый не губляе надзеі накіраваць мясцовых у стваральнае рэчышча. Напрыклад, сёння, калі спыніліся міжнародныя грузавыя перавозкі і многія дальнабоі засталіся без працы, наш герой прапануе ім стварыць на мясцовасці кемпінгі для рыбакоў – і месца будзе дагледжаным, і грошы будуць.
– Сёння ў Беларусі мне б не хацелася ўлазіць у нейкі вялікі бізнес. Гэтаму паспрыяў і мой прысуд, і агульная сітуацыя ў Беларусі. Я пра гэта пакуль не думаю. У мяне на гэты момант ёсць час і сродкі займацца лаўкамі і ўсялякай ручной працай.
З пачаткам вайны аптымізму ў развіццё ІТ-бізнесу ў Беларусі ў Валерыя стала яшчэ менш, але ён не знік.
– З «айцішкі» ў краіне засталося толькі тое, што людзі не могуць хутка закрыць, вывезці. У вялікай перспектыве я гляджу аптымістычна на інвестыцыйны клімат у Беларусі. Але нам трэба прайсці песімістычны перыяд. Лакацыя ў нас добрая. Ёсць шмат беларусаў, якія дасягнулі чагосьці за мяжой, і многія з іх хацелі б вярнуцца і рабіць нейкія рэчы тут.
Да 2020 года IT-сфера ў нас развівалася, бо была вера ў эвалюцыю. Як толькі вернецца вера, вернуцца і людзі. Зноў жа, увесь свет багацее, а мы не. І ў нас даволі нізкая база, з якой пры пазітыве будзе больш хуткі рост, чым у краінах, дзе ўжо заробкі па 5 тысяч долараў.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6333-3262-4630-a465-306233663138/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
У гэтым турбулентным свеце Валерый не робіць планаў далей, чым на тыдзень. Ён не ўпэўнены, што ўсё жыццё будзе займацца інвестыцыямі, у тым ліку ў сацыяльныя праекты, такія як Social Weekend, якімі ён займаўся апошнім часам.
– Не ведаю, што будзе потым. Можа, паеду ў нейкую краіну, пабудую камуну там. Пару разоў быў на Burning Man у Невадзе ў ЗША.
Мяне вельмі моцна зачапіла гэта суполка, якая збіраецца ў пустыні. 100 тысяч чалавек будуе горад на тыдзень, а потым яго цалкам разбірае, і застаецца чыстая пустыня. Ёсць у гэтым нейкі сакральны сэнс: мы прыходзім у гэты свет, сыходзім, і пасля нас не застаецца ніякага смецця.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6136-6435-4439-a537-376134643534/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Эксперымент Burning Man падштурхнуў Валерыя яшчэ да адной ідэі. Так як Штаты для яго бліжэйшыя пару гадоў закрыты, ён стаў шукаць месца каля сябе, дзе б можна было правесці падобны сацыяльны эксперымент – стварыць своеасаблівае лецішча, вакол якога сабраць цікавых гарадскіх творчых людзей, якіх захапляе сумесная валанцёрская праца, агульныя імпрэзы. І такая пляцоўка ўжо ёсць на прыкмеце – фальварак Гута на Іўеўшчыне. Акрамя таго, гэта добрая нагода аднавіць гістарычны будынак.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild3338-6639-4265-b331-333435626237/-/format/webp/zemloslaw-zespol-pal.jpg)
Фальварак Гута. Двухпавярховы мураваны будынак. У канцы 1920–1930-х – дом галоўнага ляснічага маёнтка Жамыслаўль Генрыка Грунэра і загадчыка фальварка Вронскага. Фота Валерыя Пярлухіна.
– Пакуль усё гэта на бюракратычным этапе паходаў у БТІ, выканкам, сельсавет. Але мы з сябрамі ўжо крэатывім, прыдумляем канцэпты на тэму, як там прымяніць сучасныя дэцэнтралізаваныя сістэмы кіравання.
«Тут я радуюся простым момантам, напрыклад калі выходжу раніцай ва двор і слухаю птушак. Раней такога не было»
Паўгода, бязвылазна праведзеныя ў вёсцы, змянілі Валерыя. Тут ён зразумеў, колькі ў яго было непатрэбнага і лішняга ў горадзе, вакол чаго ён ствараў нейкі культ.
– Шмоткі, рэчы, на якія ты выдаткоўваеш час, грошы. На самой справе патрэбны сродкі вытворчасці для таго, чым ты займаешся. Калі ты займаешся камп’ютарамі, табе патрэбен камп’ютар; калі ты займаешся дрэваапрацоўкай, табе патрэбен інструмент. Карацей, тое, чым ты пастаянна карыстаешся. У горадзе прасцей паддацца спакусе. А тут я радуюся простым момантам, напрыклад калі выходжу раніцай ва двор і слухаю птушак. Раней такога не было.
У гэты момант Таццяна, якая ўвесь час была маўклівай слухачкай нашай размовы, падкідвала дровы ў мангал, таксама вырашыла падзяліцца зменамі, якія прынесла вёска ў іх сямейнае жыццё.
– Мы сталі больш часу праводзіць разам. Раней былі пастаянна нейкія бары, камандзіроўкі, вандроўкі, раз’езды, мы нават асабліва не бачыліся, не размаўлялі. А цяпер толькі сустрэчы на выхадных даюць нам больш часу разам, чым раней мы мелі, калі жылі разам у горадзе.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6361-3331-4964-b038-363333333062/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
Пры гэтым Валерый не лічыць, што раней было горш. Ён упэўнены, што кожны час важны, і дае каштоўны досвед.
– Вядома, даводзіцца вучыцца спраўляцца з адзінотай. Раней у мяне такога досведу не было. Заўсёды вакол было шмат людзей, варушняку, бізнесу, сяброў. І мне было цікава, як я буду адчуваць сябе ў самоце, у такой келлі. Цяпер ведаю, што адчуваю сябе добра. Але за тыдзень паспяваю засумаваць па сям’і і сябрах, таму заўсёды рады, калі яны прыязджаюць.
![](https://thumb.tildacdn.com/tild3438-6337-4736-a238-333536366130/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
![](https://thumb.tildacdn.com/tild6239-6632-4933-a631-653365363361/-/format/webp/20220427_inviestar_t.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.09.13 копия.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.09.21 копия.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.09.29 копия.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.09.36 копия.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.09.53 копия.jpg)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2022/05_may/06_28871/Снимок экрана 2022-05-06 в 16.10.00 копия.jpg)
Адзінота таксама падштурхнула Валерыя да вывучэння будызму, які цікавіць яго перш за ўсё як філасофскі напрамак і дапамагае назіраць за сваімі пачуццямі. Ён нават пачаў ствараць своеасаблівы сад для медытацый: высаджвае дрэвы ў круг, у цэнтры якога плануе пабудаваць нейкі арт-аб’ект, вігвам ці артыстычную пляцоўку і фантазіруе, што такім чынам у сярэдзіне можа атрымацца своеасаблівы згустак энергіі. І там будзе прыемна займацца медытацыяй ці ёгай.
– Асноўная яго ёга-практыка – гэты пні карчаваць, – смяецца Таццяна.
– Вядома, калі тут ёсць альтэрнатыва змайстраваць лаўку ці пачытаць кнігу па будызме, я выберу змайстраваць лаўку. Але, калі раптам мяне пасадзяць у турму, у мяне будзе больш часу на кнігі, – падхоплівае вясёлы настрой жонкі Валерый.
Рэшту дня мы праводзім, святкуючы дзень нараджэння сямігадовага Вані. У дарогу назад я бяру з сабой у машыну бацькоў Валерыя. Раўнамерны насычаны шум хуткаснай трасы Гродна – Мінск раптам парушыў голас бацькі.
– Майстрам па дрэве стаў. Хто б мог падумаць. Бензапілу ніколі ў руках не трымаў.
– Можа, і добра, што яму далі гэты прысуд, – дадала маці. – А то думалі б цяпер, дзе ён, як ён. А так ведаем – у сваёй хаце ў Бараве.
Фото: downshifter.by.