Інтэрв’ю з тым самым доктарам Андрэем Белавешкіным – пра беларускую мову, «русский мир» і псіхалагічнае здароўе. «Пасіўная пазіцыя заўсёды вядзе да стрэсу»

Інтэрв’ю з тым самым доктарам Андрэем Белавешкіным – пра беларускую мову, «русский мир» і псіхалагічнае ...
Доктар Андрусь Белавешкін вядомы дзякуючы сваім блогам пра здаровы лад жыцця, а таксама сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Ён адкрыта падтрымаў пратэсты 2020-га і гэтак жа адкрыта выказваецца супраць вайны ва Украіне.

Доктар Андрусь Белавешкін вядомы дзякуючы сваім блогам пра здаровы лад жыцця, а таксама сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Ён адкрыта падтрымаў пратэсты 2020-га і гэтак жа адкрыта выказваецца супраць вайны ва Украіне.

Апроч сваіх папулярных каналаў у Instagram і Telegram, напрыканцы мінулага года Андрусь Белавешкін запусціў блог па-беларуску, а кожную суботу ладзіць беларускамоўныя эфіры на тэму здароўя. У дадатак да гэтага па-беларуску выйшла і яго кніжка «Што і калі есці» (яе можна бясплатна спампаваць). CityDog.io паразмаўляў з доктарам Белавешкіным пра белмову, пірацкія копіі кніг і радавод.

Навошта Белавешкін пачаў пісаць па-беларуску: «Калі ёсць вольны выбар, заўсёды выбірай аўтэнтычнае»

Андрусь Белавешкін

доктар

– Чаму вы вырашылі стварыць белмоўныя сацсеткі?

– Я і раней некалькі разоў ладзіў тэматычныя сустрэчы з «Мова Нанова». Проста цяпер актуальнасць гэтага для мяне ўзрасла ў шмат разоў, бо гэта ўжо пытанне не проста цікавасці да чагосьці, гэта пытанне выжывання.

– Гэта звязана з вайной ва Украіне?

– З глабальнай канцэпцыяй рускага свету. Рускамоўная прастора настолькі прасякнута гэтай ідэалогіяй! Я выкладаў у адной навучальнай установе, якая працавала па ўсіх краінах СНД, а базавалася ў Расіі. Нават вучні, для якіх я выкладаў, – дактары і г.д. Тое, што ад іх чуеш, уся іх ідэалагічная падрыхтоўка – гэта, канешне, прымушае цябе пераасэнсоўваць.

Заўсёды спрабуеш ставіцца да людзей без нейкіх прымхаў і забабонаў, але насамрэч ты бачыш, што, нягледзячы на знешняе падабенства, гэта нейкія зусім іншыя людзі, бадай. І гэта, канешне, цвярэзіць.

– Пасля таго як вы актыўна пачалі выказваць сваю пазіцыю ў Instagram, ці шмат людзей ад вас адпісалася, ці шмат было хейту?

– Спачатку даволі шмат, але калі мы параўноўваем адсоткі, то не так многа. Гэта немагчыма праецыраваць цалкам на людзей, таму што ў мяне свой не вельмі папсовы фармат выкладання блогаў, крышачку для тых, хто цікавіцца глыбей. Не павярхоўнае «нельга есці пасля 6 гадзін вечара – тады будзе шчасце», а якія культурныя і біялагічныя механізмы за гэтым стаяць. У мяне іншая аўдыторыя, нерэпрэзентатыўная для грамадства цалкам.

– Наконт аўдыторыі: вас не стрымлівала, што ў беларускамоўных сацсетках будзе менш падпісчыкаў?

– Я думаю, гэта проста пытанне часу. Калі я пачынаў гадоў 10 таму весці свой блог, першыя два гады пісаў практычна для нікога, было вельмі мала людзей.

Сэнс не ў тым, што ты пішаш, стараючыся некага ўразіць. Я лічу, што гэта пазіцыя не вельмі правільная, калі ты гонішся за папулярнасцю або спрабуеш любым коштам набраць людзей. Я пачаў весці блог і сацсеткі, таму што мне хацелася чымсьці падзяліцца.

Напрыклад, была нейкая кансультацыя ці нейкае працоўнае пытанне, ты залез, шмат прачытаў, разабраўся ў гэтым, і на наступны дзень усё гэта знікае – і крышачку гэтага шкада. Гэта пытанне ўнутранай дысцыпліны: ты нешта прачытаў, разабраўся, пра нешта цікавае даведаўся – напішы пра гэта.

– А чаму тарашкевіца?

– Таму што гэта беларуская мова. Калі ёсць вольны выбар, заўсёды выбірай аўтэнтычнае. Мне здаецца, гэта абсалютна нармальная рэакцыя; сучасны правапіс («наркамаўка»), вядома, створаны менавіта з дэструктыўнымі мэтамі – дзеля ўніфікацыі з рускай мовай і дзеля знішчэння беларускай адметнасці. І калі ў цябе ёсць выбар і ты можаш прыняць уласнае рашэнне, то выбар відавочны.

Я спадзяюся, што пытанне ў будучыні будзе стаяць не так – «наркамаўка» ці «тарашкевіца», адна ці дзве дзяржаўныя мовы. Пытанне будзе стаяць – лацінка ці кірыліца.

Нам гэта падаецца неверагодным, але ж паглядзіце, калі паўставала пытанне мадэрнізацыі дзяржавы, турэцкі лідар Кемаль Атацюрк арабскі правапіс замяніў на лацініцу, і літаральна імгненна, за лічаныя дні ўсё змянілася. Гэта была проста відавочна гісторыя выратавання краіны, таму што ўся архаіка звязана з арабіцай, гэтага лідары не хацелі, яны імкнуліся ў Еўропу, яны хацелі стаць сучаснай дзяржавай. І таму было прынята гэта рашэнне, якое грамадства ўспрыняла нармальна. Гэта не выклікала ніякага асаблівага супраціву, усе з задавальненнем перайшлі і рады, што зрабілі гэта.

Як беларусам зараз не з’ехаць з глузду і застацца сабой: «Яўрэі чакалі 2 тысячы гадоў»

– З пачаткам вайны вы выклалі ў свабодны доступ свой курс па стрэсаўстойлівасці, а нядаўна яшчэ і курс па здаровым харчаванні. Гэта спосаб падтрымаць людзей у цяжкія часы?

– Курс па стрэсаўстойлівасці – так, таму што ёсць тэрмін «зрушаная актыўнасць», калі мы актыўна займаемся нечым іншым і пераключаем сваю ўвагу на тое, што можам кантраляваць. І насамрэч гэта працуе.

Як у канцлагеры людзі спрабавалі рабіць усё, што не забаронена. Гэта падтрымлівае псіхічнае здароўе, таму што можна сапраўды вельмі лёгка з’ехаць з глузду.

Адукацыя – гэта адзін са спосабаў узяць і пераключыць сваю ўвагу, даведвацца пра нешта новае. Гэты курс паглядзела вельмі шмат чалавек – здаецца, каля 60 тысяч. Я лічу, што, калі за год твой курс паглядзела 60 тысяч, гэта даволі добрая лічба. Я спадзяюся, што ім гэта дапамагло.

– Ці быў ужо фідбэк, рэакцыі на белмоўныя сацсеткі? Што вам пісалі?

– Людзям падабаецца, і рэакцыя іх добрая. Ведаеце, часам, бывае, змяншаецца матывацыя нешта пісаць; найлепшы спосаб падняць сабе настрой – гэта перачытаць нейкія каментарыі.

Для мяне, напэўна, найлепшыя кампліменты былі ад украінцаў, якія вымушана з’язджалі з краіны і пісалі, што мае кнігі – адзіныя, якія яны ўзялі з сабой. Для мяне як для аўтара гэта найлепшы камплімент, найлепшая падзяка.

– Дарэчы, вашы тэксты публікуюцца і па-ўкраінску. Хто гэтым займаецца?

– Мне напісаў часопіс NV, маўляў, ці можна перакладаць вашы тэксты і размяшчаць на сайце як калонку. І вось яны ўжо некалькі гадоў самі гэта робяць. Прыемна, што мае тэксты цікавыя і ўкраінскаму чытачу.

Увогуле, калі цябе перакладаюць, гэта прыемна і гэта добрая зваротная сувязь. Напрыклад, мая кніга «Што і калі есці» перакладзена на англійскую, польскую, славацкую, балгарскую і яшчэ нейкія мовы. Таму, пэўна, людзям цікава.

Ведаеце, я быў у Варшаве летась і проста для калекцыі заказаў сваю кнігу. І жанчына, якая працуе ў кніжнай краме, таксама мне яе пахваліла. Кажа: «Я яе чытала, яна вельмі добрая». А я кажу: «Я аўтар, дзякуй».

– Беларусы цяпер раскіданы па свеце. Ці мы ўсё адно ствараем грамадства, нават знаходзячыся ў розных краінах?

– Насамрэч гэта не прынцыпова. Яўрэі чакалі 2 тысячы гадоў. У стоікаў ёсць канцэпцыя ўнутраных умацаванняў. То бок яны лічылі, што як для яўрэяў іерусалімскі храм існуе ў душы кожнага яўрэя, так і твае ўнутраныя абароны, умацаванні, твой замак павінен існаваць у тваёй галаве, у тваім сэрцы. І таму твая ідэнтычнасць – гэта перш за ўсё тое, што існуе ўнутры цябе. А не нейкія GPS-каардынаты на карце.

– Вы ў сваіх эфірах часта кажаце, што важна знаёміцца з культурай месца, дзе жывяце. Вы цяпер на Кіпры, знаёміцеся з мясцовай культурай. А як вы дапамагаеце дзецям захаваць беларускае, каб яны не асіміляваліся ў чужой культуры?

– Тут, на Кіпры, даволі цяжка асімілявацца, нават грэчаскую мову практыкаваць цяжка, таму што ўсе размаўляюць па-англійску.

У нас дома існуе шмат візуальных рэпрэзентацый беларускага – ёсць і фотаздымкі, і сцягі, і рушнікі, і радаводы. Веданне радаводу – гэта адметная рыса, таму што гэта адрознівае беларусаў ад «иванов, не помнящих родства».

Для мяне генеалогія і ДНК-генеалогія – хобі. Я лічу гэта найлепшым спосабам вывучэння і разумення гісторыі. Не праз нейкія абстрактныя лічбы, а менавіта праз гісторыю сваёй сям’і.

Калектывізацыя, 1930-я, Першая і Другая сусветныя – як гэта канкрэтна закранула маю сям’ю? Дзе жылі гэтыя людзі, што казалі, што адбылося менавіта тут?

Па-першае, ты адчуваеш сваё асабістае сутыкненне з гэтым, і гэта не проста абстрактныя лічбы.

Па-другое, гэта несфальсіфікаваная гісторыя. Калі нейкі падручнік можа быць ідэалагічна прасякнуты пазіцыяй аўтара, фальсіфікаваць гісторыю маленькай вёскі і ўспаміны жыхароў адназначна ніхто не будзе.

Таму, калі я займаўся вывучэннем гісторыі сваёй вёскі, я запісаў на аўдыя ўсё, што расказвалі старыя жыхары. Я нават паспеў застаць тых людзей, якія памяталі майго прадзеда, які, на жаль, трагічна загінуў у 1946 годзе з-за хваробы. Яны яго памяталі, яго апісалі, гэта аўдыя захавалася, і мае дзеці таксама могуць паслухаць такую жывую мову, жывую аўтэнтычную гутарку.

Калі ты вывучаеш месца, дзе жывеш, або гісторыю месца, дзе нарадзіўся, то гэта вельмі важна, каб падтрымліваць тваю жывую сувязь з гэтым месцам. Таму што першае, да чаго імкнуцца ўсе ідэалогіі, усе таталітарныя рухі, – гэта адрэзаць сувязь чалавека з рэальным светам вакол яго. Гэта ўсё не мае значэння, чалавек не мае значэння, важныя толькі нейкія голыя ідэалагічныя базісы.

І таму, каб гэтаму супрацьстаяць, дапамагае як раз такі тутэйшы падыход і адчуванне сувязі з зямлёй. Гэта дзейсны антыдот для беларусаў, каб яны не засвоілі расейскамірскую ці постсавецкую таталітарную ідэалогію.

– Вы шмат пішаце пра прапаганду, хлусню. Калі абагуліць: чаму так шмат людзей знаходзяцца на баку зла і паддаюцца прапагандзе? З-за абмежаванасці?

– Не, безумоўна, не з-за гэтага. У сваёй большасці людзі рэагуюць і дзейнічаюць аўтаматычна. Нашы свядомыя выбары і думкі – гэта ўсяго 5–7% нашых паўсядзённых дзеянняў. І людзі проста знаходзяцца ў плыні культуры, ідэалогіі, камуністычна-савецка-рускамірска-постсавецкага светаўспрымання.

Музыка, якую яны слухаюць, і аўтары, і культура ўтрымліваюць пэўныя думкі, ідэі, каштоўнасці, якія штосьці ўхваляюць, штосьці крытыкуюць, і людзі проста ўспрымаюць іх некрытычна, як сацыяльную спадчыну, якая перадаецца.

Чалавек акружаны гэтымі спевакамі, пісьменнікамі, шоуменамі, гэтай палітыкай, тэлебачаннем, гэта знаёма яму з дзяцінства, і яму вельмі цяжка пачаць думаць самастойна.

Гэта як цёплая ванна, з якой чалавек не можа вырвацца. Калі прыходзіць нейкая думка, што, напэўна, нешта не так, ён азіраецца навокал, і ўсё, што знаёма яму з дзяцінства, кажа: «Усё нармальна».

– У цэлым як беларусу цяпер выжыць і захаваць сваё здароўе?

– Найгоршае, што можа быць, – гэта пасіўная пазіцыя. Таму што пасіўная пазіцыя заўсёды вядзе да стрэсу. Лепш актыўна фарміраваць імунітэт і ў сябе, і ў дзяцей.

Тут працуе такі падыход, што клін вышыбаюць толькі клінам. Таму адзінае, што можа супрацьстаяць прапагандзе, – гэта менавіта свае ўласныя каштоўнасці, якія чалавек актыўна развівае.

Наяўнасць унутранага стрыжня, які трэба ў сабе адбудаваць, – гэта найважнейшая праца, якая пачынаецца перш за ўсё ў тваёй уласнай галаве.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Pexels.com.

поделиться