Люди, истории
CityDog.io

«Вяскоўцы разумеюць, што нічога не вернеш, – ім норм». Хлопец аб’ездзіў больш за 100 вёсак па Беларусі і расказвае, як там цяпер жывуць людзі

«Вяскоўцы разумеюць, што нічога не вернеш, – ім норм». Хлопец аб’ездзіў больш за 100 вёсак па Беларусі і...
Максім Хлябец, рэдактар берасцейскага часопіса Natatnik.by, разам з калегамі апошнія гады вандруе па краіне ў пошуках вёсак, якія паміраюць. Мы паразмаўлялі пра самыя цікавыя паездкі і знаходкі і пра тое, як наогул цяпер жыве беларуская вёска.

Максім Хлябец, рэдактар берасцейскага часопіса Natatnik.by, разам з калегамі апошнія гады вандруе па краіне ў пошуках вёсак, якія паміраюць. Мы паразмаўлялі пра самыя цікавыя паездкі і знаходкі і пра тое, як наогул цяпер жыве беларуская вёска.

– Раскажы, з чаго ўсё пачалося: у які момант ты пачаў ездзіць па беларускіх вёсках і чаму цябе гэта так зацягнула?

– У 2020-м мы вырашылі зрабіць праект пра вёскі, якія паміраюць. Пачалі ездзіць, размаўляць з апошнімі жыхарамі, якія жывуць «у неперспектыўных месцах», адкуль амаль усе з’ехалі і дзе засталося не больш за дзесяць жыхароў.

Спачатку прыязджалі, здымалі, а потым зразумелі, што крутых матэрыялаў, якія не трапляюць у часопіс, застаецца шмат.

Насамрэч вёскамі зараз займаецца шмат народу – хтосьці збірае дыялекты, хтосьці гістарычныя звесткі, але я не бачыў, каб гэта ўсё кудысьці б выкладалі. А калі і выкладалі, яно было не вельмі добрай якасці і неструктуравана. Я вырашыў: гэта трэба змяняць – так у нас з’явіўся яшчэ і тэлеграм-канал.

Спачатку думаеш, што сам пастарэў, раз стаў бясконца ездзіць па вёсках. А потым, калі табе пішуць маладыя рабяты і прапануюць нешта па гэтай тэме, разумееш, што гэта не пра старасць, а пра зацікаўленасць да гісторыі і сваіх каранёў.

Бачу, што апошнія некалькі гадоў гэтага ў людзей становіцца ўсё больш і больш. Таму што, на жаль, вёскі ўсё ж знікаюць, ідзе тэндэнцыя на паміранне – і многім цікава паспець паглядзець, як там і што.

Як вы выбіраеце, куда паехаць?

– Выбар вёсак насамрэч вельмі вялікі. Мы пачыналі с Берасцейскай вобласці, таму што самі з Бярэсця, і, калі рабілі аналіз і шукалі, куды паехаць, звычайна набіралася каля 10–15 вёсак у адным раёне.

Спачатку робім такую выведку – аб’язджаем гэтыя месцы, глядзім, дзе можна знайсці людзей, загадзя з імі размаўляем, а потым вяртаемся ў цікавыя пункты мэтанакіравана, каб зрабіць матэрыял.

Такія выведкі неабходныя: часам напісана, што ў вёсцы жыве 5 чалавек, – прыязджаеш, а там ужо нуль, нікога няма, і хаты развальваюцца. Так што не ўсе даныя абнаўляюцца, і не вельмі зразумела, колькі людзей і дзе жыве на 2022 год.

– А дзе гэтыя даныя ўвогуле можна паглядзець? Ёсць нейкія базы, дзе гэта распісана?

– Ёсць перапіс насельніцтва, і пасля яго на сайтах розных райвыканкамаў з’яўляецца інфармацыя: якая вёска, які раён, колькі людзей тут жыве на пэўны год.

– Лічылі, колькі ўсяго вёсак ужо аб’ездзілі за гэты час?

– Ну, можам прыблізна падлічыць па Берасцейскай вобласці. Тут мы праехалі 14 раёнаў і ў кожным з іх наведалі 8–10 вёсак. Гэта ўжо выходзіць больш за сотню. Але праз паўтара года тут вёскі амаль што скончыліся, і нам захацелася паглядзець, як гэта ўсё выглядае ў іншых абласцях. Таму мы ўжо былі ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай – да Гомельшчыны пакуль не дабраліся, але, спадзяюся, і туды з’ездзім.

– Раскажы, як выглядае ваша тыповая экспедыцыя. Як рыхтуецеся, што абявязкова з сабой бераце?

– Звычайна едзем учатырох: я, журналіст, фатограф і відэограф. Калі выведка – можам і ўдвох.

Калі мы толькі пачыналі, ездзілі на дзень па блізкіх раёнах і вярталіся назад у Бярэсце. Але, калі вёскі сталі больш далёкія, там ужо так не атрымаецца – таму ночым у нейкіх аграсядзібах ці ў знаёмых. Бывала, заставаліся спаць на хутарах, а аднойчы я правёў ноч у цалкам закінутай вёсцы, дзе быў толькі адзін жылы дом нават без электрычнасці – толькі з печчу і генератарам.

Нехта можа сказаць: «О, нават не рыхтуецеся!» Але я лічу, што рыхтавацца да такіх паездак і не трэба. Мы робім план, у якія вёскі заехаць, але часам цікавыя месцы сустракаюцца па дарозе, калі ты праязджаеш і бачыш нейкія незвычайныя дамы ці прыгожую бабулю.

А таму замаўляць загадзя нейкую начоўку немэтазгодна – ты можаш затрымацца і проста туды не паспець. Але менавіта гэта і вабіць мяне: ты можаш пабачыць нешта, што ніколі б не пабачыў, калі б рабіў усё па дакладным таймінгу. У гэтым і ёсць самы кайф. Таму наш план – не планаваць.

Аднак з сабой у нас заўсёды ёсць пэўныя неабходныя ў такіх паездках рэчы. Рыдлёўка, таму што мы ўжо некалькі разоў загразалі ў месцах, дзе складана было выехаць не толькі восенню, а нават летам. Гумовыя боты – да некаторых вёсак трэба ісці па складаных дарогах, асабліва калі казаць пра балоты Палесся. А яшчэ бяром шмат адзення і ежы, каб хапіла перакусіць удзень, увечары і, калі што, яшчэ і на раніцу.

Пра тое, як жыць у месцы, дзе з забаў толькі лес і аўталаўка: «Мне падаецца, яны там з большага шчаслівыя»

– Як зараз выглядае сярэднестатыстычная беларуская вёска?

– Вёсак, у якіх жыццё працягваецца, большасць. Так, людзей становіцца менш, але іх усё яшчэ дастаткова, і ў буйных вёсках жыве ў сярэднім 50–100 чалавек.

У Берасцейскай вобласці гэта ў асноўным прыгожыя вёскі з хатамі, за якімі сочаць, нават калі яны выкарыстоўваюцца як фазэнды: усё выкашана, вокны стаяць. Гэта вельмі падобна да таго, што я бачыў у дзяцінстве. Але ж ужо без дамоў культуры і крам, якія працуюць.

Каб адшукаць месцы, дзе засталіся адзінкі, яшчэ трэба зрабіць рэсёрч – іх на кожны раён не так шмат. Усё ж звычайна вёскі падтрымліваюцца калгасамі, а дзе ёсць калгас, там будзе і якая-ніякая праца, а значыць і людзі.

Канешне, на 90% гэта бабулі і дзядулі пенсійнага ўзросту. Некаторыя вяртаюцца з гарадоў – мы, напрыклад, сустракалі жанчыну з Мінска, якая выйшла на пенсію і пераехала бліжэй да зямлі. Жыве зараз у хаце, падтрымлівае гаспадарку. Ёсць і больш маладыя, якіх у вёскі заносіць лёс: пад Маларытай размаўлялі з жанчынай, якая перабралася сюды з дзецьмі, каб даглядаць старую маці.

– Ты кажаш, ні дамоў культуры, ні крам. Але чым людзі там займаюцца?

– Ведаеш, калі я толькі пачынаў ездзіць па вёсках, таксама думаў: ну як можна тут жыць? Але ўсе, з кім мы размаўлялі, кажуць, што ім класна, – і яны гэта не выдумляюць і не расказваюць толькі таму, што мы іх запісваем. Ім рэальна падабаецца.

Шмат хто трымае хатнюю жывёлу – кур, гусей. Калі пытаешся, чым займаюцца ў вольны час, большасць кажа, што ходзяць у лес: у грыбы, у ягады, проста адпачыць. Так, некаторыя ўзгадваюць, што раней можна было прыйсці ў дом культуры патанчыць, але большасць разумее, што тут ужо нічога не вернецца, – і ім з гэтым нармальна.

А замест крам ёсць аўталаўка – і там можна набыць усё, што трэба. Гэта табе не проста машына з таварамі – гэта машына, дзе нават можна зрабіць пэўную замову. І прыязджае яна два разы на тыдзень нават у самыя глухія мясціны.

Ёсць раён, дзе тры вёскі побач у лесе: у першай жыве адна бабуля, у другой – два чалавекі, а у трэцяй – пяць, але нават да іх прывозяць прадукты. Аўталаўка – гэта для іх увогуле такі цэнтр прыцягнення. Яны сустракаюцца, расказваюць нейкія навіны і ведаюць: раз усе дайшлі, то і ўсё нармальна.

– А адзін чалавек у вёсцы – гэта ўвогуле як?

– Мы таксама здзівіліся, калі пабачылі тую бабульку, але ёй акей. Сказала, што летам да яе прыязджаюць унучкі, а так ёсць мабільны, тэлевізар, радыё. Можа часам воўк да яе выйсці з лесу ці ліс.

Ну так, напэўна, страшнавата, але я не памятаю, каб хтосьці хоць раз паскардзіўся нам, як жа дрэнна тут аднаму. Мабыць, гэта такая беларуская рыса характару – прызвычайвацца да ўсяго. Але шмат хто кажа, што дзеці прапануюць пераехаць у кватэру ці на зіму, ці назаўсёды, – але яны ўсё роўна застаюцца ў гэтых хатах. Ніхто не хоча ехаць у нейкі горад, калі ты ўсё жыццё жыў у вёсцы. Хто хацеў – пераехаў, але тыя людзі, што застаюцца, робяць гэта не таму, што няма ніякіх шансаў, а таму, што гэта іх свядомы выбар.

І, ведаеш, калі мы праехалі дафіга вёсак, мне стала здавацца, што я іх разумею. І разумею тых маладых людзей, якія зараз пачынаюць шукаць хаты і перабірацца на хутары. Там, на зямлі, ты адчуваеш сябе нібыта свабодным чалавекам. Мне падаецца, яны там з большага шчаслівыя.

– Не думаў сам набыць хату і перабрацца ў вёску?

– Дарэчы, у мяне застаўся дом ад дзядулі з бабуляй. Ён быў ужо амаль непрыгодны для жыцця, і менавіта пасля гэтых паездак я пачаў ім займацца. У 2020 годзе паехаў туды пераночыць, прачнуўся а сёмай раніцы, набыў у знаёмай бабулі малака адразу з-пад каровы і адчуў, нібыта вярнуўся ў дзяцінства. Канешне, гэта такі самападман, але ж ён вельмі прыемны.

Пасля гэтага мне захацелася вярнуць гэту хату да жыцця, і я гэта паціху раблю. Спадзяюся, праз час змагу там нават гасцей прымаць.

Пра гісторыі ад мясцовых: «Бабуля расказала, як бачыла НЛА каля сваёй хаты, і паказала доказы»

– Раскажы, якая рэакцыя ў мясцовых жыхароў, калі вы пачынаеце іх пра ўсё дапытваць: насцярожваюцца ці ахвотна дзеляцца сваімі гісторыямі?

– Звычайна насцярожваюцца, але потым з задавальненнем з табой размаўляюць. Мне падаецца, у вёсках жывуць вельмі адкрытыя людзі. Ды ім і самім хочацца пагутарыць з кімсьці – асабліва калі даўно ніхто не заязджаў, а з суседкамі ўжо сто разоў усё абгаварылі. Але такі лайфхак: калі ты хлопец, трэба абавязкова браць з сабой нейкіх дзяўчат. Да іх адразу стаўленне трошкі іншае.

Часцей за ўсё мясцовыя расказваюць пра вёску ці пра свае жыццё. Была крутая гісторыя, як у месцы, дзе засталіся тры чалавекі, гадоў пяць таму зладзілі дзень вёскі: жыхары адшукалі ў «Аднакласніках» усіх, хто тут раней жыў, і прыехала 50 чалавек – сталы на вуліцы стаялі, бо ў хату ўсе не ўлезлі.

Часам расказваюць пра свае хобі. Адна бабуля вязала посцілкі і дыванкі з ласкуткоў. Уся падлога ў хаце ў іх, а яна дастае яшчэ новых штук сем. Кажа, вельмі падабаецца мне гэтым займацца, але ўжо не ведаю, куда гэта дзяваць.

Бываюць і незвычайныя размовы: напрыклад, бабуля, былая настаўніца ў здравым розуме, расказвала, як бачыла НЛА каля сваёй хаты – прычым, з дробязямі і падрабязнасцямі. Нават доказ нам паказала: сліву і грушу, якія пасля гэтага ссохлі, хаця ўсё астатняе ў садзе квітнела і расло.

Што ты адчуваеш пасля такіх размоў?

– Ой! «Усё: зараз мы дазапісваем, і я застаюся з гэтай бабуляй тут жыць!» Адчуваеш сябе так, нібыта табе зноў 12 гадоў, – і ведаю, што не ў мяне аднаго такое прачынаецца.

Пра самыя крутыя паездкі і пра тое, як аднавіць вёску, не ператварыўшы гэта ў «сайдынгавы кітч»

Раскажы пра топ-3 паездкі, якія цябе ўразілі больш за ўсё – і чаму.

– У нас ёсць правіла: назвы некаторых вёсак, калі мы не хочам, каб туды нехта яшчэ прыехаў і штосьці там парушыў, мы не раскрываем. Таму буду без назваў.

Была адна вёска, якая пакінула ў мяне велічэзныя ўражанні. Мы прыпыніліся проста спытацца ў бабулі, што за калодзеж там стаіць, а яна пасля размовы кажа: «Што вы тут стаіце? Хадземце пакажу вам шафу, якую размаляваў Язэп Драздовіч».

Гэта была цікавая гісторыя, якая вельмі ўсім спадабался, але і без той шафы я б дадаў гэту паездку ў топ, бо пасля бабуля павяла нас у неверагоднай прыгажосці сад. Ім займаецца яе сын, і там сотні розных кветак, якія не проста растуць абы-як, а ўсё ўладкавана – нават гарлачыкі былі розных колераў. А напрыканцы яна пачаставала нас вельмі смачнымі яблыкамі.

Другая крутая гісторыя адбылася на Палессі. Там сістэма хутароў па дзве-тры хаты, ніякай электрычнасці няма, і кожную вясну гэта ўсё залівае – але вельмі прыгожа. І вось у адной з хат, якую мы нават не з першага разу адшукалі, знайшлі 36 фотастужак 60–70-х гадоў. Мы ніколі нічога не бяром з хат, дзе бываем, гэта для нас прынцыпова: мы журналісты, таму толькі апісваем тое, што бачым. Але тут з дазволу гаспадара ўвязлі іх з сабой – уратавалі, што змаглі.

Доўга шукалі, якім чынам гэта можна алічбаваць, і чытачы нашага тэлеграм-канала з гэтым дапамаглі. Фоткі там аказаліся проста неверагодныя – адразу бачна, што займаўся прафесіянал.

Мне вельмі спадабаўся здымак на фоне тканых посцілак – гэта выключна беларуская традыцыя. А на некаторых фота падаецца, што гэта і не пад Лунінцам зусім, а ў нейкай Францыі: возера, жанчыны робяць нейкую фізкультуру, а на заднім плане «мерсэдэс» 30-х гадоў. Дужа цікава – хочам паспрабаваць адшукаць людзей з гэтых здымкаў.

А трэцяя вёска, пра якую раскажу, стаіць у лесе ў Кобрынскім раёне. І жыве там толькі адзін чалавек – пчаляр Алёша з вялікім сабакам Федзям. Гэта вельмі класны мужчына, які ездзіць на сваім маленькім трактары ў лазню ў суседні раён і займаецца бортніцтвам – частаваў нас нават сваім мёдам.

Дарэчы, гэта ўсё проста добрыя гісторыі пра тое, якія беларусы класныя і адкрытыя людзі, – мне падаецца, аб гэтым важна казаць часцей.

Вось ты кажаш: не трэба нічога чапаць у вёсках, нават назвамі не дзелішся – а ці варта тады іх увогуле аднаўляць? Дзе гэта аптымальная сярэдзіна, як лічыш?

– Я лічу, што беларуская вёска сама па сабе – гэта культурная каштоўнасць. Таму аднаўляць гэта важна, але з розумам. Ёсць шмат прыкладаў, як можна і дзверы новыя паставіць, і дах, каб гэта ўсё роўна выглядала аўтэнтычна, не парушала агульную архітэктуру і не станавілася нейкім кітчам, аббітым сайдынгам. Мой самы вялікі боль – калі зразаюць ліштвы (аздабленне акна з вуліцы, такая прыгожая рамка. – Рэд.) і паляць іх у печы, паставіўшы пластыкавыя вокны. Вёску ўсё ж трэба захаваць вёскай, а не цягнуць сюды гарадскую культуру.

Напэўна, гадоў праз 50 гэта сапраўды ператворыцца ў нешта зусім іншае, але, мне падаецца, мы паспеем штосьці захаваць. Я ведаю людзей, якія б хацелі цалкам набыць вёску і зрабіць там рэтрыты, дзе можна было б займацца ўсім тым, чым займаліся людзі раней: прыязджаеш сабе пажыць без тэлефонаў і электрычнасці, гуляеш у лесе, глядзіш за гаспадаркай.

Думаю, на гэта ёсць магчымасці і хутка такое пачне з’яўляцца. Мабыць, такім чынам мы здолеем уратаваць хаця б частку гэтых вёсак і паказаць нашчадкам, як гэта было, як ёсць і як можа быць.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: Архив героя.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter