Нехта еў семкі, адну выкінуў – і яна апынулася ў мінскім музеі. Гэта як? Паглядзіце самі

Нехта еў семкі, адну выкінуў – і яна апынулася ў мінскім музеі. Гэта як? Паглядзіце самі
На Гарадзішчы, дзе, мяркуецца, раней быў Менск, сёлета выдаліся неверагодна ўдалыя раскопкі. У гэтым годзе на іх з нацыянальнага бюджэту было выдзелена больш за 500 тысяч рублёў, і прыняць удзел мог кожны. У інстаграме музея «Стары Менск» справаздачы ішлі як захапляльны серыял: ледзь не штодзень археолагі дзяліліся новымі знаходкамі.

На Гарадзішчы, дзе, мяркуецца, раней быў Менск, сёлета выдаліся неверагодна ўдалыя раскопкі. У гэтым годзе на іх з нацыянальнага бюджэту было выдзелена больш за 500 тысяч рублёў, і прыняць удзел мог кожны. У інстаграме музея «Стары Менск» справаздачы ішлі як захапляльны серыял: ледзь не штодзень археолагі дзяліліся новымі знаходкамі.

Гаршчок, з якога мог есці князь Ізяслаў, сын Рагнеды

2023 год стаў багатым на знаходкі, магчыма ці яўна звязаныя з полацкімі князямі.

Так, кіраўнік раскопак Андрэй Вайцяховіч у справаздачах адзначыў, што нарэшце археолагам пашчасціла трапіць на «княжаскія» месцы старога Менска.

Зачэпка была знойдзена ў жніўні мінулага года. Тады сенсацыя была ў тым, што знайшлі захаванае донца гаршчка з сімвалам Рагвалодавічаў – трызубам з маленькім крыжыкам на сярэднім зубцы. Яго часта блытаюць з сучасным гербам Украіны.

На той момант гэта была адзіная знаходка такога тыпу ў Беларусі. Ужо тады навукоўцы выказалі меркаванне, што Рагнеду з Ізяславам маглі саслаць не на голае месца ў Заслаўі, а ў Менск – а Заслаўе Ізяслаў заснаваў ужо сам. І вось другая знаходка фрагмента посуду з родавым знакам князя Ізяслава адшукалася ў гэтым годзе




Гэта пацвердзіла, што ўжо ў канцы Х стагоддзя Менск быў княжацкім горадам і меў вельмі высокі статус. Так што цалкам верагодна, што з гэтага гаршчка еў сам князь.

Знаходкі, якімі мог карыстацца Усяслаў Чарадзей

Усе мы памятаем гісторыі, што беларусы-неўры раней быццам умелі пераўтварацца ў ваўкоў, і нават князь Усяслаў Чарадзей лічыўся ваўкалакам. Цікавае пацвярджэнне гэтым вераванням было знойдзена некалькі гадоў таму падчас будоўлі дома непадалёк ад сядзібы «Стары Менск». На мужчынскім пярсцёнку, якому прыкладна 900–1000 гадоў (Х-ХІ ст.), нанесены ўзор, які называецца «зубы ваўка» (трохкутнікі з кропачкамі зверху і знізу). Такую сімволіку рабілі на мужчынскіх абярэгах.

 

14 чэрвеня гэтага года быў знойдзены грабеньчык, які датуецца Х стагоддзем. 1000 гадоў таму касцяную прыладу, мяркуючы па памерах, зрабілі для расчэсвання барады ці вусоў, а гледзячы па яе ўзросце, карыстацца такой мог сам Усяслаў Чарадзей.

На гэтым жа месцы знойдзена гандлёвая пломба з выявай князя Барыса, сына Усяслава Чарадзея.

Хтосьці выкінуў семку – і яна стала экспанатам музея

Археолагу Андрэю Вайцяховічу ўдалося знайсці менскую гандлёвую плошчу ХІ стагоддзя. Гледзячы па знаходках, беларусы амаль тысячу гадоў таму мелі вялікія гандлёвыя сувязі не толькі са скандынаўскімі землямі, але і Міжземнамор’ем. На гэту карысць сведчаць візантыйскія і сірыйскія каралі, паясныя накладкі і дырхем, які таксама адзначыў сваё тысячагоддзе.

Валанцёрка адмывае манету 1661 года.


 

Але самай кранальнай знаходкай стала гарбузовая семка, якой больш за 1000 гадоў.

Дарэчы: сёлета ў калекцыю «Старога Менска» трапілі начныя гаршчкі

У гэтым годзе ў экспазіцыю «Старога Менска» таксама былі дададзены цікавыя артэфакты. Самыя пікантныя з іх – фаянсавы начны гаршчок і дамскі ўрынал бурдалу ХІХ стагоддзя.



Апошні назвалі так у гонар духоўнага аратара Луі Бурдалу, чые пропаведзі былі настолькі цікавымі, але і доўгімі, што жанчыны бралі з сабой вазы, каб мець магчымасць паслухаць яго поўнасцю.

У музеі жартуюць, што мараць паўтарыць поспех прапаведніка, бо расказваць пра ўсе экспанаты музея можна бясконца.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Instagram.com/starymensk.by/,
Starymensk.by, T.me/nanbelarus, Wikipedia.org.

#Минск #Беларусь
поделиться