Фантастыка: якім уяўлялі Мінск будучыні ў 1935 годзе (унікальныя фота)

Фантастыка: якім уяўлялі Мінск будучыні ў 1935 годзе (унікальныя фота)
У 1935 годзе ў Менску прайшла першая вулічная архітэктурная выстава. У вітрынах на Леніна прадставілі праекты самых эфектных будынкаў краіны.

У 1935 годзе ў Менску прайшла першая вулічная архітэктурная выстава. У вітрынах на Леніна прадставілі праекты самых эфектных будынкаў краіны.

«Гісторыя міравой архітэктуры ніколі не мела такіх магчымасцей, якія адкрыты перад совецкай архітэктурай – вялікай эпохай будаўніцтва соцыялізма ў нашай краіне», – напісалі складальнікі каталога выставы. Сапраўды, на выставу трапілі самыя смелыя работы вядучых архітэктараў.

Дом радыё мог стаць першым беларускім хмарачосам. Манументальны будынак з вадаспадамі пры ўваходзе сімвалізаваў магутнасць савецкай радыёпрапаганды. Але гмах так і не ўзвялі, і замест яго пасля вайны ўзнік акуратны трохпавярховы будынак класічных форм на Краснай.

 

 

Так мог выглядаць ГУМ: савецкі канструктывізм, увенчаны фігурамі працоўных у антычных позах. Калі праходзіла выстава, ГУМ яшчэ размяшчаўся ў мадэрнавым будынку былога польскага банка. Пасля вайны на яго месцы пабудавалі КДБ, а новы ГУМ пабудавалі за квартал ад старога.

 

 

Асобная вітрына выставы была прысвечана творам дзёрзкага і смелага Іосіфа Лангбарда. Акрамя Тэатра оперы і Дома афіцэраў, сярод дасягненняў архітэктара быў праект Акадэміі навук. Менавіта Лангбард, “летуценны хлопец” (па словах іншага летуценніка Янкі Купалы), прыдумаў вестыбюль і каланаду перад ім – і так злучыў дзве ўжо пабудаваныя часткі галоўнага корпуса Акадэміі.

 

 

Побач з вітрынамі Лангбарда яшчэ адзін гонар сацыялістычнага Мінска – гасцініца на 160 нумароў. Наступныя пяцьдзясят гадоў гатэль будзе называцца “Беларусь” (і зусім нядоўга – “Свіслач”). Яго скончылі будаваць да 1938 года, а ў вайну будынак згарэў. У 1945 годзе яго аднавілі ў спешным парадку. Выгляд атрымаўся амаль як да вайны. Цяпер, пры турэцкіх уласніках, змянілася назва і зменшылася колькасць нумароў, але звонку Crownе Plaza засталася “Беларуссю” 30-х.

 

 

Гэты шыкоўны 100-кватэрны дом з ліфтамі і дамашнімі тэлефонамі атрымаў назву Дом спецыялістаў: у 1936 годзе яго засялілі пісьменнікі і акадэмікі. Але страшная гісторыя: за пару гадоў амаль усе кватэры змянілі гаспадароў: першых жыльцоў пагалоўна вінавацілі ў шпіянажы/тэрарызме/змове, арыштоўвалі і расстрэльвалі. Дом прастаяў пяць гадоў і згарэў у пачатку вайны. На яго месцы, на скрыжаванні праспекта і вуліцы Казлова, цяпер “Вячэрні Мінск”.

 

 

Вельмі падобным да Дома спецыялістаў быў і добра вядомы мінчукам галоўны корпус БНТУ. Праектавала абодва будынкі адна архітэктарка – Наталля Макляцова. У 1950-м моцна разбураныя сцены ўніверсітэта перабудавалі ў стылі “горада сонца”.

Новы, звыклы нам праект галоўнага корпуса стварыў студэнт-дыпломнік Леў Рымінскі, у мінулым выключаны з універсітэта і высланы на поўнач за палітычныя анекдоты.

А гэты будынак з вокнамі на ўсю сцяну – грамадская лазня (застаецца спадзявацца, што шкло ў вокнах было непразрыстае). Лазняў у савецкім Менску было некалькі, але парыцца ў іх трэба было хутка. За гадзіну лазня прымала да 120 чалавек.

Гэты праект лазні, верагодна, быў увасоблены ў жыццё: у канцы 30-х у Мінску з’явіліся дзве лазні, што існуюць і цяпер пад нумарамі 6 і 7. Аматары могуць пашукаць рэшткі праекта 30-х гадоў па адрасах Мар’еўская, 5 і Маскоўская, 7а.

 

 

Акрамя мінскіх дасягненняў, у пяцідзесяці вітрынах выставы можна было ўбачыць архітэктурныя праекты гарадоў СССР, дыпломныя работы студэнтаў мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, праекты кінатэатраў, універсітэтаў і клубаў, сельсаветаў, калгасных дамоў. У адной з апошніх вітрын дэманстравалі нават праект грамадскай прыбіральні на менскім вакзале.

А гэта праект грандыёзнага калгаснага санаторыя ў Магілёве.

“Архітэктары разам з усімі працоўнымі яшчэ цясней згуртуюць свае рады навакол любімага правадыра і настаўніка нашага Сталіна і будуць змагацца за ўзорную архітэктуру Ордананоснай БССР – баявога фарпоста нашай соцыялістычнай радзімы”.

Арганізатары выставы – Саюз архітэктараў і Белдзяржпраект – не маглі абысціся без рытуальнага самапрыніжэння: Совецкая архітэктура яшчэ мае шмат і шмат недахопаў, і гэта Першая выстаўка, дзе нашы творы перадаюцца на крытыку працоўных мас гор.Менска, – павінна дапамагчы нам знішчыць гэтыя недахопы”.

Невядома, як там працоўныя рэагавалі на ўбачанае ў вітрынах, але практыка справаздачных архітэктурных выстаў не стала для Мінска пастаяннай. Грамадскае абмеркаванне затухла на дзесяцігоддзі. А шкада.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы только з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Узкий проспект, красивые магазины и необычно одетые минчане. Уникальные фото Минска, от которых захватывает дух
Узнаете, где это? Фотографии Минска, которые вы точно не видели
«Здешние дамы некрасивые, маленькие и кривляются». Отрывки из писем российского военного о Минске
поделиться