Кватэраздымка: шыкоўны дом у каланіяльным стылі на Мінскім моры

Кватэраздымка: шыкоўны дом у каланіяльным стылі на Мінскім моры
Неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам (глядзіце спасылку ў самым нізе), які належыць гэтай сям’і, вы ўжо бачылі. Цяпер паглядзіце, што яны зрабілі для сваіх бацькоў.

Неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам (глядзіце спасылку ў самым нізе), які належыць гэтай сям’і, вы ўжо бачылі. Цяпер паглядзіце, што яны зрабілі для сваіх бацькоў.

Дом, прадстаўлены сёння ў рубрыцы, належыць не столькі Сержуку і Галіне, колькі іх бацькам. Калі сям'я купляла ўчастак, на ім стаяў невялікі дом з прыбудовай, ад якога пасля пераробкі засталася толькі драўляная скрынка.

– Дом мы перараблялі цалкам, ад старога застаўся толькі зруб, – распавядае Сяржук. – Невялікую прыбудову мы таксама разбіралі і перакладалі яе наноў. У нас першапачаткова было яснае бачанне таго, што мы хочам зрабіць. Здавалася, што для гэтага месца і дома больш за ўсё падыдзе каланіяльны стыль. Пры гэтым мы не хацелі ўкладаць велізарныя сродкі, планавалі ўсё зрабіць даволі танна. Ясная справа, што ў выніку ўсё адно выйшлі за бюджэт, але сума атрымалася досыць прымальнай: на ўладкаванне ўчастка, лазню і рамонт усяго дома пайшло не больш за 110 тысяч.

Скрынка, якая засталася ад старой хаты, была вельмі нізкая, таму яе зрабілі трохі вышэй. Таксама перакладалі дах і столі – «хацелася больш прасторы». Сцены ўцяплялі экаватай, вокны павялічвалі. Таксама ў дом правялі каналізацыю, зрабілі электрычнае ацяпленне: «Спачатку думалі зрабіць газавае, але напакутваліся з паперамі і пакінулі пакуль так».

У доме адна вялікая гасцёўня і дзве спальні. У гасцёўні можна знайсці мэблю самай рознай вытворчасці: большасць з Інданэзіі, нешта пераехала з іншага дома, ёсць элементы з IKEA – але, нягледзячы на такую разнастайнасць, уся мэбля выдатна спалучаецца ў адну прыгожую кампазіцыю.

Канцэпт адной са спальняў – убудаваны ложак, які нібы расце з падлогі. На першы погляд здаецца, што ложак уяўляе сабой шырокую драўляную лаўку, засланую тонкім покрывам. Але на самой справе гэта толькі ілюзія – матрац, размешчаны ў спецыяльнай нішы, забяспечвае камфортны сон.

– Мы абабілі сценку каля галавы падушкамі, і цяпер ложак – любімае месца дзяцей, – кажа Сяржук. – Яны тут праводзяць большую частку часу: сядзяць, ляжаць, скачуць, шалеюць...

Адна са сцен у другой спальні засталася арыгінальнай – яе толькі апрацавалі і пакрылі адмысловымі сродкамі. Нават колер захаваўся. «Мы яе пакінулі, каб паказаць гісторыю дома. Ды і чым яе закрываць? Няма чым». Такі стыль Сяржук з усмешкай называе кантры-лофтам. Другая сцяна зроблена з гіпсакартона як перагародка паміж пакоямі.

З мэблі ў гэтым пакоі – маленькі ложак для дзяцей і адзін вялікі для няні, старая шафа, камода і крэсла з IKEA, якое «пасялілася» тут спачатку часова, але так і засталося. На сцяне каля дзіцячага ложачка – вялікая карта свету. Сяржук кажа, што гэта для сына – хлопчык вельмі любіць геаграфію. Дарэчы, хутка на белай сцяне ў гэтым пакоі з'явіцца карта свету яшчэ больш вялікіх памераў з пазначэннем жывёл.

– Набор свяцілень дастаўся нам ад бацькоў. Ліхтары былі зроблены ў Чэхіі і распісаны ўручную. Там нават відаць, што некаторыя кавалачкі шкла адваліліся. А знайсці такія самыя, каб уставіць назад, даволі складана.

Пярэдні пакой, ванная, кухня, гаспадарчы пакой і невялікая гардэробная – гэта прыбудова. На падлозе – плітка з Расіі. Сяржук кажа, што спачатку хацелі пакласці дарагую італьянскую, але не маглі знайсці неабходную расфарбоўку: «А калі знайшлі гэтую, выклалі – спадабалася».

– Ванную трэба было рабіць толькі ў такім стылі і ніяк інакш, – лічыць Сяржук. – Ніякіх пластмасавых кабінак я не прымаю. Тут мне толькі тумбачка с ракавінай не падабаецца, але да яе пакуль не даходзяць рукі. Хацелася б сюды што-небудзь з масіва.

Бэлькі на столі зроблены спецыяльна для таго, каб моцна трымаліся сцены прыбудовы. Свяцільні Сяржук прыдумаў сам – перарабіў ікееўскія вазоны.

– На кухні мала месца, таму тут няма ніякіх навясных шафаў, – распавядае Сяржук. – У ніжніх шафах толькі тое, што неабходна пад рукамі, астатняе – у гаспадарчым пакоі. Стол спецыяльна зроблены такой формы, каб на ім можна было гатаваць і адразу раздаваць. Збіраўся ён уручную – некаторыя элементы набыты ў IKEA, зверху вялікая пліта, выкладзеная маленькай плітачкай. Гэта традыцыя каланіяльнага стылю, у Амерыцы часта так робяць. Адзінае, што хацелася б, – зрабіць яго крыху вышэй, але так зручней для ўсіх. Яшчэ плануем перарабіць палічкі са старога дрэва на сцяне – замест іх паставім вялікую кніжную паліцу і канапу.

– Дом мы рабілі гады два. Нам было дзе жыць, нам, так бы мовіць, не гарэла, таму займаліся будоўляй у вольны час, – кажа Сяржук. – Калі правільна падыходзіць да будаўніцтва, працаваць з нармальнымі дызайнерамі, а не нейкімі левымі, то можна зрабіць добры бюджэтны варыянт, прычым гэта можа быць як пераробка старога зруба, так і ўзвядзенне новага дома з нуля. Проста падыходзіць трэба свядома. 

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабазнасці тут.

   Фота: CityDog.by.

Еще по этой теме:
Кватэраздымка: неверагодны дом у класічным стылі пад Валожынам
Кватэраздымка: як зрабіць ідэальнай аднапакаёўку для трох чалавек
Квартиросъемка: как деревенскую халупу превратить в загородный дом мечты
поделиться