Новы «Гары Потэр», «Валадар Пярсцёнкаў» і «Вялікі Гэтсбі». Паглядзіце, якія кнігі зараз рыхтуюць да перакладу на беларускую мову

Новы «Гары Потэр», «Валадар Пярсцёнкаў» і «Вялікі Гэтсбі». Паглядзіце, якія кнігі зараз рыхтуюць да пера...
Зусім хутка выдавецтва «Янушкевіч» плануе выпусціць некалькі новых перакладаў кніг. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы у Facebook Анрэй Янушкевіч, заснавальнік выдавецтва.

Зусім хутка выдавецтва «Янушкевіч» плануе выпусціць некалькі новых перакладаў кніг. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы у Facebook Анрэй Янушкевіч, заснавальнік выдавецтва.

Хто такі Андрэй Янушкевіч

Гэта выдавец, заснавальнік аднайменнага выдаўніцтва, якое перакладае і выдае на беларускай мове беларускія і замежныя бестсeлеры. Янушкевіча разам з супрацоўніцай яго кнігарні «Кнігаўка» Настай Карнацкай затрымалі сёлета 16 мая ў Мінску пасля ператрусу ў краме «Кнігаўка», адкрыць якую перашкодзілі прапанадысты, а пасля і сілавікі.

Янушкевіча некалькі разоў судзілі, ён адседзеў 28 сутак, пасля якіх пакінуў Беларусь. Зараз спадар Андрэй у Варшаве, дзе спрабуе аднавіць працу выдавецтва.

Вось якія кнігі хутка выйдуць па-беларуску

 

Дж. К. Роўлінг, «Гары Потэр і Келіх агню» (перакладчыца Алена Пятровіч): зараз на фінальнай стадыі перакладу
 

Чацвёрты раман з культавай серыі пра Гары Потэра. У гэтай частцы расказваецца пра Турнір трох чараўнікоў, які праходзіць у школе магіі «Хогвартс».

Дж. Р. Р. Толкін, «Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка» (перакладчык Ігар Кулікоў): кніга ўжо на карэктуры
 

Першая кніга знакамітай фэнтэзі-трылогіі. Толкін стварае неверагодны свет, дзе жывуць чароўныя істоты: гномы, эльфы, хобіты. Сюжэт разгортваецца вакол гісторыі з пярсцёнкам Усеўладдзя. Гэты артэфакт валодае неверагоднай сілай: ён можа падаўжаць жыццё ўладальніка, адначасова з гэтым знявольваючы яго і скажаючы сапраўдныя намеры чалавека. Пакуль адны хочуць знішчыць небяспечнае ўпрыгажэнне, іншыя ўсімі спосабамі спрабуюць яго здабыць.

Кормак Макарці, «Дарога» (перакладчык Серж Мядзведзеў): ужо ўзгадняецца вокладка
 

Постапакаліптычны раман, у якім расказваецца пра свет пасля нейкай экалагічнай катастрофы. На Зямлі не засталося амаль нічога жывога: ёсць толькі горы трупаў і дзікія банды канібалаў. На фоне гэтага аўтар апісвае гісторыю сына і бацькі, якія разам вандруюць да мора. Праз усю кнігу праходзяць глыбокія пытанні наконт будучыні і сэнсу жыцця. Даволі актуальна ў кантэксце сучасных падзей.

Шчэпан Твардах, «Кароль» (перакладчык Мікола Раманоўскі): амаль скончылася рэдактура

Раман ад аднаго з самых вядомых сучасных польскіх аўтараў. З аднаго боку, гэта палітычна-крымінальная драма пра Варшаву канца 1930-х гадоў, з другога – гісторыя пра моцную асабістую драму. Галоўны герой – баксёр Якуб Шапіра, знакаміты член яўрэйскай абшчыны ў Польшчы таго часу. Вакол яго будуецца свет узброеных канфліктаў, наркотыкаў і разгульнага жыцця.

Салі Руні, «Размовы з сябрамі» (перакладчыца Ірына Грэбень): у працэсе рэдактуры
 

Першая кніга, якая адразу прынесла яе аўтарцы сусветную папулярнасць. Гісторыя круціцца вакол чацвярых сяброў, паміж якімі складаюцца няпростыя ўзаемаадносіны. Героі шмат п’юць і размаўляюць, абмяркоўваючы ўсё: пачынаючы ад мастацтва і заканчваючы сексам. Кніга таксама ўзнімае тэму сталення, прыняцця сябе і сваіх блізкіх.

Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, «Вялікі Гэтсбі» (перакладчык Сяргей Матырка): у рэдактуры
 

Класіка амерыканскай літаратуры: раман расказвае пра маладога Гэтсбі, які шмат гадоў спрабуе зачараваць адну даму. Любоўная гісторыя з элементамі дэтэктыву і драмы.

Эрнэст Хэмінгуэй, «І ўзыходзіць сонца» (перакладчык Юрка Гаўрук): у рэдактуры
 

Галоўны герой – амерыканскі журналіст, які прайшоў Першую сусветную вайну. Ён многа п’е, бо хоча, каб алкаголь пазбавіў яго ўнутраных перажыванняў.

Эрых Марыя Рэмарк, «Чорны абеліск» (перакладчыца Іна Хоміч): у рэдактуры
 

Раман расказвае пра былых салдатаў, якія выжылі пасля Першай сусветнай вайны. Яны не ведаюць, як будаваць сваё нармальнае жыццё.

ВАЖНА: Янушкевічу патрэбна дапамога!

«Знаходзячыся ў Варшаве, сутыкаешся з новымі рэаліямі, – піша спадар Андрэй. – Пакуль праца вядзецца за камп’ютарам, можна абысціся мінімальным наборам сродкаў. Але пасля друку ўсё мяняецца. Дзе захоўваць экзэмпляры, як развозіць і пакаваць іх для рассылкі, тая ж прамоцыя — праблемы зусім іншага кшталту. І тут упіраешся ў матэрыяльныя немагчымасці.

Калі ў каго ёсць ідэі і рашэнні, дзяліцеся, калі ласка. Вельмі хочацца, каб кнігі з’явіліся на свет як мага хутчэй. Часу ў нас няшмат».

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Варшава #Минск #Польша #Беларусь
поделиться