Гайды, разборы
CityDog.io
8

Куды беларусу пайсці ў Вільні? Тут гайд па старажытных могілках, дзе пахавана шмат вядомых нашых суайчыннікаў

Куды беларусу пайсці ў Вільні? Тут гайд па старажытных могілках, дзе пахавана шмат вядомых нашых суайчын...
Хочаце дакрануцца да беларускай гісторыі ў Вільні? Адпраўляйцеся на Росы – адзін з найстаражытнейшых некропаляў літоўскай сталіцы, дзе пахавана шмат знакамітых беларусаў.

Хочаце дакрануцца да беларускай гісторыі ў Вільні? Адпраўляйцеся на Росы – адзін з найстаражытнейшых некропаляў літоўскай сталіцы, дзе пахавана шмат знакамітых беларусаў.

Разам з Vilnius Relax мы правядзём эскурсію па могілках і раскажам пра лёс вядомых землякоў, якія знайшлі свой апошні прытулак на Росах.

Для пачатку: што такое Росы і чаму наведаць іх трэба кожнаму беларусу?

Росы – гэта найважнейшы аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, самы старажытны некропаль Вільні і значнае для беларусаў, літоўцаў і палякаў месца. Нідзе ў Вільні больш няма такой канцэнтрацыі пахаванняў вядомых гістарычных асоб.

Пасля перапахавання на Росах паўстанцаў 1863-1864 гг. разам з ягонымі кіраўнікамі для беларусаў гэта месца, па сутнасці, стала галоўным нацыянальным пантэонам, які знаходзіцца за межамі роднай краіны. Гэта робіць Росы асаблівым месцам для тых, хто любіць гісторыю Беларусі і хоча ведаць пра яе больш.

А вось 16 адметных беларусаў, якія пахаваны тут

Кастусь Каліноўскі (1838–1864): нацыянальны герой Беларусі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года

Чым вядомы. Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы.

Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба.

Напачатку вясны 1861 г. вярнуўся на радзіму і пачаў стварэнне на Гродзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Улетку 1862 г. разам з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове, кожны нумар якой быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Увосень 1862-га стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 20 студзеня (1 лютага) 1863 года ўзначаліў створаны замест ЛПК Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

У чэрвені 1863 г. праз масавыя арышты паўстанцаў быў вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе ўвайшоў у Выканаўчы аддзел Літвы, які ўзначаліў пасля арышту старшыні камітэта, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання.

У ноч на 29 студзеня 1864 г. быў схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах і быў прысуджаны да пакарання смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

У 2017 годзе астанкі Кастуся Каліноўкага выпадкова знайшлі пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні. А 22 лістапада 2019 года ён і яшчэ 19 знойдзеных паўстанцаў былі перапахаваны ў капліцы на могілках Росы.

 

Францішак Аляхновіч (1883–1944): адзін з першых, хто апісаў жахі ГУЛАГу

Чым вядомы? Беларускі грамадскі дзеяч, драматург, пісьменнік, журналіст. Стваральнік першага беларускага тэатра. Аўтар шматлікіх п’ес, драм і камедый. Выдаваў часопіс Perkūnas. Быў рэдактарам газеты «Беларускае жыццё». Аўтар кнігi «Беларускі тэатр», а таксама твора «У капцюрох ГПУ». Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы.

З-за «антыдзяржаўных» публікацый Аляхновіч неаднаразова трапляў пад следства і рэпрэсіі. У студзені 1927 года быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і трапіў у лагер на Салаўкі. У верасні 1933 года Саветы і Польшча абмяняліся палітвязняміі: Францішка Аляхновіча абмянялі на мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча.

У 1944 годзе Аляхновіч трагічна загінуў ад куляў невядомых каля сваёй кватэры ў Вільні. На могілках Росы знаходзіцца яго сімвалічная магіла.

Дарэчы, беларуская супольнасць Вільні распачала збор сродкаў на рэнавацыю помніка Францішку Аляхновічу. Часовы помнік, які быў усталяваны яшчэ ў 1993 годзе беларускай грамадой Вільні, апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. У 2021 годзе віленскія беларусы вырашылі часова прыбраць яго, каб зберагчы ад поўнага разбурэння, і ўсталявалі драўляны крыж.

Зараз актывісты імкнуцца зрабіць рэнавацыю арыгінальнага помніка і вярнуць яго на месца ў першапачатковым стане. Для гэтага неабходна сабраць прыкладна 6500 еўра. Вы таксама можаце дапамагчы – падрабязнасці тут.

 

Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869–1940): старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве

Чым вядомы? Беларускі архітэктар, грамадска-палітычны дзеяч, паэт і педагог. Атрымаў будаўнічую спецыяльнасць у Варшаве, скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў і Французскую акадэмію архітэктуры. Чытаў лекцыі па архітэктуры ў Гародні і Вільні. Быў дырэктарам мулярскай школы.

У беларускім нацыянальным руху актыўна супрацоўнічаў з Беларускай нацыял-сацыялістычнай партыяй, з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім. Узначальваў Беларускі камітэт у Варшаве. Быў сябрам рэдакцыйнай калегіі газеты «Беларускі фронт».

 

Галіна Войцік (1927–2007): прасоўвала беларускую мову ў Літве

Чым вядомая? Беларуская грамадская дзяячка, педагагіня, спецыялістка ў гісторыі нямецкай мовы. Выпускніца Віленскай беларускай гімназіі і Віленскага ўніверсітэта, выкладчыца Віленскага педагагічнага ўніверсітэта. Аўтарка кніг серыі «Партрэты віленчукоў» і рукапіснай кнігі «Там, дзе мяне няма».

З 1997 г. – галоўная рэдактарка беларускай культурна-асветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё.

Лявон Луцкевіч (1922–1997): заснаваў беларускія суполкі ў Літве і выступаў супраць камуністаў

Чым вядомы? Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай школы ў Літве, галоўны рэдактар беларускай культурна-асветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё. Аўтар кнігі «Вандроўкі па Вільні».

Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі Вільні працаваў настаўнікам. Удзельнік антыкамуністычнага падполля. Адбываў пакаранне на Калыме.

 

Антон Луцкевіч (1884–1942): адзін з заснавальнікаў газет «Наша доля» і «Наша ніва», міністр замежных спраў БНР

Чым вядомы? Адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў XX ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст, міністр замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1903 годзе.

Луцкевіч быў арыштаваны ў 1905 годзе. У 1916 г. заснаваў Беларускую сацыялдэмакратычную работніцкую групу, з 1918 г. стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Узначальваў Беларускі народны камітэт у Вільні (1916–1919), быў старшынёй Віленскай Беларускай рады (1918–1919). Быў адным з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР (Акт 25 сакавіка 1918 г.).

З кастрычніка 1918 г. па люты 1920 г. – старшыня Рады народных міністраў БНР, народны міністр замежных спраў. Выступаў як крытык, літаратуразнаўца, публіцыст і перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў газет «Наша доля» і «Наша ніва». На могілках Росы знаходзіцца яго сімвалічнае пахаванне.

Іван Луцкевіч (1881–1919): адзін з ініцыятараў стварэння БНР

Чым вядомы? Беларускі археолаг і этнолаг, калекцыянер. Адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ХХ ст., адзін са стваральнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Пецярбургу, актыўны ўдзельнік рэвалюцыйных дзеянняў Беларускай сацыялістычнай грамады ў Мінску.

З’яўляўся адным з ініцыятараў выдання беларускіх газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», а таксама стварэння беларускіх выдавецтваў. Разам з братам Антонам Луцкевічам быў ініцыятарам стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пачынальнік стварэння Віленскай беларускай гімназіі ў Вільні і заснавальнік збору Віленскага беларускага музея.

Цяжка хварэў на сухоты. Лячэнне на курорце ў польскіх Закапанах не дапамагло, і ў 1919 годзе Іван Луцкевіч памёр. Яго прах, прывезены з Польшчы ў 1991 г., быў перазахаваны на віленскіх могілках Росы.

 

Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) (1869–1922): пісьменнік, якога вы праходзілі ў школе

Чым вядомы? Аўтар перакладаў на беларускую мову зборнікаў апавяданняў, шэрагу рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў. Яго раман «Золата» застаўся няскончаным.

Беларускі публіцыст, празаік і драматург. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 г. быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Адбываў тэрмін ў Бутырскай турме.

У 1909–1910 гг. жыў у Вільні, некаторы час працаваў сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Працаваў у рэдакцыі газеты «Беларус». Быў тэхнічным рэдактарам беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Мінску.

 

Уладзіслаў Паўлюкоўскі (Улад-Ініцкі) (1895–1955): удзельнічаў у выданні беларускіх календароў, кніжак і падручнікаў

Чым вядомы? Беларускі паэт, празаік, этнограф, мастак і краязнаўца. Аўтар шэрагу перакладаў, вершаў і апавяданняў.

Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі. У сярэдзіне 1920-х г. пераехаў у Вільню, супрацоўнічаў з Беларускай рэвалюцыйнай грамадой. Пісаў у часопісы «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень», афармляў мастацкія кніжкі, календары і падручнікі.

Быў арыштаваны ў 1926 г. і адбываў зняволенне ў Лукішскай турме. Другі раз арыштаваны ў 1939 годзе і накіраваны ў канцлагер Картуз-Бяроза.

З 1945 па 1948 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна ў Вільні. У 1948-м зноў арыштаваны і этапаваны ў Мінск. Быў асуджаны на 10 гадоў лагераў, аднак са зняволення яго вызвалілі ў 1953 г. У родную Вільню Паўлюкоўскі вярнуўся паралізаваным.

 

Станіслаў Станкевіч (1886–1964): заснаваў беларускую кнігарню і прасоўваў выдавецтва беларускіх кніг

Чым вядомы? Беларускі грамадска-культурны дзеяч, паэт, выдавец. Аўтар двух зборнікаў вершаў: «Сьмех ня грэх» і «З майго ваконца». Працаваў у кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. З’яўляўся актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху.

У 1926 годзе заснаваў уласную беларускую кнігарню, якая дзейнічала да Другой сусветнай вайны. Удзельнічаў у выданні беларускага адрыўнога календара і беларускіх кніг.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі ў 1945 годзе і высланы на Урал. Праз дзесяць гадоў вярнуўся на радзіму і неўзабаве быў рэабілітаваны.

 

Альбін Стэповіч (1894–1934): дзякуючы яму мы ведаем больш пра беларускія нацыянальныя песні

Чым вядомы? Беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху пачатку ХХ ст., кампазітар і музыказнаўца, літаратурны крытык і публіцыст, выдавец.

Атрымаў адукацыю ў Казанскім і Віленскім універсітэтах. Кіраваў беларускім хорам у Вільні, а таксама выкладаў музыку і спевы ў Віленскай беларускай гімназіі.

Быў аднам з заснавальнікаў Беларускага кааператыўнага земляробча-прамысловага банка ў Вільні. Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, уваходзіў у яго адміністрацыйна-кіраўнічыя органы.

Выбітны дзеяч беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па праблемах беларускай музычнай культуры і нацыянальнай песні.

 

Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк) (1890–1926): cвятар, дзякуючы якому ў шматлікіх касцёлах пачалі весці службы па-беларуску

Чым вядомы? Беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт і музыкант. Скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю. Супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Наша ніва», «Беларус».

Ініцыятар адкрыцця беларускіх школ і актыўны прапагандыст беларускамоўных служэнняў у касцёле. Аўтар шматлікіх вершаў, літаратурных эсэ, публіцыстычных апавяданняў і рэлігійных артыкулаў.

 

Уладзіслаў Талочка (1887–1942): святар, які дапамагаў пацярпелым ад вайны і бяздольным дзецям

Чым вядомы? Беларускі каталіцкі святар, гісторык, літаратурны крытык і педагог. Атрымаў адукацыю ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі і каталіцкім універсітэце Інсбрука (Аўстрыя).

Быў актыўным прыхільнікам правядзення каталіцкіх службаў па-беларуску. Стала супрацоўнічаў з літоўскімі культурнымі і асветніцкімі выданнямі: Draugija, Vadovas. Публікаваў свае матэрыялы ў часопісе Dwutygodnik Diecezjalny і падтрымліваў выданне беларускага часопіса «Беларус».

У 1915 г. – адзін з арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку «Золак». Выкладаў у віленскіх беларускіх школах рэлігію і вёў адмысловыя курсы для непісьменных і працаўнікоў. Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, літоўскім, украінскім, польскім друкам.

З 20-х гадоў ХХ ст. трапляў пад рэпрэсіі. А з 1938 года загадам віленскага ваяводы быў прымусова выселены з Вільні.

 

Яўстах Тышкевіч (1814–1873): вядомы навуковец у галіне гісторыі і археалогіі

Чым вядомы? Беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музеязнаўца і адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў старажытнасці, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута. Граф з роду герба «Ляліва».

Тышкевіч быў вядомым навукоўцам у галіне гісторыі і археалогіі, даследчыкам старажытных курганоў, тэарэтыкам адзінага паходжання беларусаў і літоўцаў, а таксама літвінізму. Ён складальнік Віленскага музея старажытнасцей і аўтар шэрагу навуковых кніг, краязнаўчых прац і даследаванняў фальклору.

 

Людвіка Ямант (1833–1914): уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні і дапамагала паўстанню

Чым вядомая? Людвіка Ямант – удзельніца паўстання 1863-1864 гг. Паходзіць з роду Ямантаў і з’яўляецца сястрой Марыі Ямант (каханай кіраўніка паўстання 1863 г. Кастуся Каліноўскага).

Уваходзіла ў нелегальны Жаночы камітэт у Вільні. Актыўна дапамагала паўстанню 1863 года, а ў 1865 годзе за ўдзел ў ім была выслана ў Разанскую губерню.

 

Аляксандр Аскерка (1830–1911): шляхціч, які змагаўся за правы сялян

Чым вядомы? Беларускі грамадскі дзеяч, удзельнік паўстання 1863 года. Паходзіць са шляхетнага роду Аскеркаў. Нарадзіўся ў Рэчыцкім павеце, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт.

З 1861 года – член Віленскага ўпраўлення па справах сялян. Актыўны прыхільнік стварэння беларускіх, польскіх і літоўскіх школ для сялян. У 1862 годзе – ініцыятар выдання беларускага буквара-катэхізiса.

У канцы лютага 1863 года ўвайшоў у кіруючыя структуры паўстання 1863 года. 31 мая 1863 года быў арыштаваны расійскімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання, якое пасля замянілі на катаргу ў Сібіры.

У 1872 годзе жыў у Варшаве. З 1885 па 1904 гг. працаваў дырэктарам філіі страхавога таварыства ў Вільні.

Хочаце пабачыць пахаванні знакамітых беларусаў на ўласныя вочы? Vilnius Relax праводзіць экскурсіі па Росах – прычым, нават у вячэрні і начны час. Падрабязнасці можна даведацца тут.

Фота: кніга «Беларускія старонкі Вільні», vilnius-relax.lt, govilnius.lt.

#Литва #Вильнюс
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter