Люди, истории Grassroots
CityDog.io

«Хлопец прынёс падручнік – так спрабуе забыць каханую». Беларуска ў Варшаве збірае беларускія кнігі для бібліятэкі – вось як ёй можна дапамагчы

«Хлопец прынёс падручнік – так спрабуе забыць каханую». Беларуска ў Варшаве збірае беларускія кнігі для ...
Аляксандра працавала ў раённай бібліятэцы ў Століне, вяла інстаграм свайго сяла і ніколі не была ў Еўропе. А паўтара года таму разам з сяброўкай пераехала ў Варшаву, працуе з дзецьмі і сама арганізавала збор беларускіх кніг.

Аляксандра працавала ў раённай бібліятэцы ў Століне, вяла інстаграм свайго сяла і ніколі не была ў Еўропе. А паўтара года таму разам з сяброўкай пераехала ў Варшаву, працуе з дзецьмі і сама арганізавала збор беларускіх кніг.

– Тут я працую няняй, маю кошку-бежанку і думаю пра паступленне ў Варшаўскі ўніверсітэт: калі ўсё складзецца, то гэта будзе антрапалогія.

«Палякі часта кажуць: “Гэта самае простае, што мы можам для вас зрабіць”»

Аляксандра

 

Ідэя з беларускай бібліятэкай лунала ў паветры, кажа Аляксандра. Дзяўчына абмяркоўвала яе з рознымі людзьмі, але вострым момантам стала вайна ва Украіне і вялізная колькасць бежанцаў: у варшаўскай бібліятэцы, куды дзяўчына сама часта ходзіць, пачалі збіраць украінскія кнігі.

 

– Неяк адна жанчына з Украіны сказала, што ў бібліятэку пры іх амбасадзе не прабіцца. А мы ж збольшага баімся ісці ў «сваю» амбасаду. І тут я зразумела, што вось ён – той самы момант, і з мая гэтага года пачала працаваць над стварэннем беларускай бібліятэкі.

Зараз палічкі з беларускімі кнігамі знаходзяцца ў сценах варшаўскай бібліятэкі MDM (ul. Marszałkowska, 55/73): нам тут далі палічкі спецыяльна пад беларускамоўныя кнігі. Дамовіцца з адміністрацыяй было даволі лёгка. Палякі часта кажуць: «Гэта самае простае, што мы можам для вас зрабіць». Канешне, можна было б арганізаваць палічку ў нейкім беларускім месцы, але гэта бессэнсоўна: лічу, што кнігам месца ў бібліятэцы, бо там ёсць парадак.

Я рада, што кнігі знаходзяцца ў сапраўднай бібліятэцы, яшчэ і таму, што ў мяне пакуль няма сіл на асобную паўнавартасную пляцоўку. Зараз тут забяспечаны нейкі тэхнічны бок, і, напрыклад, апрацоўка не на мне. Інакш было б цяжка за ўсім сачыць.

Што ўжо ёсць у бібліятэцы: кніга з п’есамі, выдадзеная ў 1956 годзе, і «Песня пра зубра» ў кішэневым фармаце

Зараз у бібліятэцы ў наяўнасці больш за 40 кніг для дарослых і дзяцей, яшчэ прыкладна столькі ж – у апрацоўцы. Па словах Аляксандры, у гэтым аддзеле знаходзіцца не вельмі шмат супрацоўнікаў, таму праца часта марудзіцца. Але ўсё роўна бібліятэка мае патрэбу ў папаўненні беларускамоўнымі кнігамі.

– Якія кнігі вам аддаюць?

– Нехта аддае кнігі са сваіх бібліятэк, нехта купляе спецыяльна для нас. Гэта звычайна проста кнігі на беларускай мове ці пра Беларусь на іншых мовах. Я, напрыклад, набывала кнігу пра Палессе, бо сама адтуль і хацела б, каб людзі ведалі, што Беларусь – гэта не Расія, што ў нас багатая гісторыя.

Аднойчы адбылася цікавая гісторыя: прыйшоў хлопец, не беларус, які некалі вучыўся ў нас і сустракаўся з беларускай. Пара ў выніку разышлася, і вось ён аддаў нам кнігу па гісторыі беларускай мовы. Я так разумею, хлопец спрабуе забыць былое каханне.

– А ёсць якія-небудзь незвычайныя выданні?

– Ёсць кніга з п’есамі, выдадзеная нашым беларускім грамадска-культурным таварыствам у 1956 годзе. Яшчэ ў кішэневым фармаце ёсць «Песня пра зубра» Гусоўскага.

– Ведаю, што ў вас ужо шмат і дзіцячых кніг. Якія з іх вы б параілі ўзяць пачытаць?

– Напрыклад, кнігу «Кусь-кусяндра» Надзеі Ясмінскай. Яна хоць і невялікая, але мае каштоўны змест, бо расказвае пра дарослых і дзяцей, пра важнасць пачуццяў і давер паміж бацькамі і дзецьмі. Ды і ўвогуле спадарыня Надзея піша файныя кнігі для дзетак.

Таксама раіла б «У ката Мірона чорная карона»: ладныя вершы склаў Рыгор Барадулін, а мурчыкаў да кнігі намаляваў Міхась Дайлідаў.

Як дапагчы бібліятэцы: «Добра было б настроіць рэкламу, каб больш людзей ведала пра праект»

– А гэта праўда, што ў Польшчы складана знайсці кнігі на беларускай мове?

– Я б сказала, што проста трэба шукаць. Напрыклад, часам нешта можна знайсці на Allegro.pl.

– А ці часта ў вашу бібліятэку за кнігамі зараз звяртаюцца беларусы?

– На жаль, дакладных даных не маю, бо сама не працую непасрэдна ў бібліятэцы. Але ведаю, што не так часта, як украінцы. Чаму так адбываецца? Думаю, з-за таго, што нас тут проста меней, ды і праблемы ў людзей крыху іншыя. Таксама элементарна людзі да гэтага не прывучаны.

– Як можна ўзяць кнігу ў бібліятэцы? Якія дакументы патрэбны?

– Проста прыходзіце з дакументам, які пацвярджае асобу, і нумарам PESEL, рэгіструецеся і карыстаецеся. Можна браць да 15 кніг на месяц.

Месца зручнае: цэнтр горада паміж станцыямі метро Centrum і Politechnika – літаральна ў 200 метрах ад нашага Моладзевага хаба (plac Konstytucji, 6).

– А калі я, наадварот, хачу, папоўніць бібліятэку сваімі кнігамі, што мне рабіць?

– Занесці іх у бібліятэку або напісаць мне – я скаардыную па гэтым пытанні.

– Якая дапамога зараз патрэбна бібліятэцы?

– Добра было б настроіць рэкламу, каб больш людзей ведала пра бібліятэку. Яшчэ я буду рада нейкім парадам, як расказваць пра кнігі, каб зацікавіць беларусаў прыходзіць да нас. Ну і патрэбна дапамога з набыццём кніг.

Адрас: вул. Маршалкоўская, 55/73

Час працы: панядзелак, аўторак, серада з 13:00 да 19:00; чацвер, пятніца з 09:00 да 15:30

#Варшава
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter