“Дзіця галосіць, а за ім бяжыць НКВДыст і страляе”. Людзі, якія не баяцца расказваць пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах

“Дзіця галосіць, а за ім бяжыць НКВДыст і страляе”. Людзі, якія не баяцца расказваць пра сталінскія расс...
У рубрыцы Grass Roots мы расказваем пра мінчан, якія бяруць ініцыятыву ў свае рукі і мяняюць жыццё ў Мінску да лепшага. Сёння нашы героі – людзі, якія частку свайго жыцця аддаюць на тое, каб мы не забылі пра сталінскія рэпрэсіі і іх страшны сімвал – урочышча Курапаты ля Зялёнага Луга.

У рубрыцы Grass Roots мы расказваем пра мінчан, якія бяруць ініцыятыву ў свае рукі і мяняюць жыццё ў Мінску да лепшага. Сёння нашы героі – людзі, якія частку свайго жыцця аддаюць на тое, каб мы не забылі пра сталінскія рэпрэсіі і іх страшны сімвал – урочышча Курапаты ля Зялёнага Луга.

– Глядзіце, косць, – мы стаім з фатографам агаломшаныя. Проста ў нас пад нагамі на галоўнай алеі ляжыць кавалак косткі, парослай мохам. Вядома, мы былі гатовыя да таго, што ў Курапатах пабачым процьму крыжоў у памяць рэпрэсаваных, пачуем жудасныя гісторыі пра расстрэлы. Але каб вось так, знянацку, убачыць косткі нейкага чалавека, жыццё якога абарвалася тут...

Вы самі ведаеце пра Курапаты

Калі вы аўтамабіліст і хоць аднойчы ездзілі па МКАДзе, то, напэўна, у раёне Зялёнага Луга заўважалі гэты ўзгорак, застаўлены крыжамі. Але наўрад ці вы ведалі, што гэта – самае вядомае месца сталінскіх расстрэлаў у Беларусі.

Пра яго вядома даўно: у 1988 годзе беларусы, а пасля і жыхары ўсяго СССР даведаліся, што тут, пад самым Мінскам, у 1930-я гады НКУС расстрэльваў беларусаў, палякаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў. Колькі іх палегла тут – дагэтуль невядома.

Дакладней, пра гэта дагэтуль не хоча расказваць беларускі КДБ, які трымае пад грыфам “сакрэтна” дакументы ў архівах. Грамадская ініцыятыва “Эксперты ў абарону Курапатаў” у тым ліку спрабуюць высветліць усе імёны і прозвішчы людзей, якія безназоўна ляжаць тут.

Назву глухому хваёваму бору Брод, у якім у 1930-х–1941-м гадах расстралялі больш за 30 тысяч чалавек, даў суседні пагорак Курапаты. Цяпер і пагорак, і Брод зрасліся ў адзін масіў.

Слова “эксперты” ў назве ініцыятывы з’явілася нездарма, удзельнікі – людзі невыпадковыя: гісторыкі, юрысты, географы, культуролагі, геадэзісты, архітэктары – “толькі прафесіяналы, балаболаў нам не трэба”.

У чым адметнасць ініцыятывы? Эксперты працуюць у трох кірунках: гістарычным (збіраюць сведчанні пра падзеі ў Курапатах), юрыдычным (звяртаюцца ў суд, каб абараніць і замацаваць межы помніка і ягоных зон аховы), мемарыяльным (ладзяць выставы і конкурс на найлепшы праект помніка ў Курапатах).

“Мы насычаем гісторыю Курапатаў дэталямі, якія паказваюць глыбіню трагедыі, і спрабуем праўду трагедыі данесці да беларусаў”, – кажа натхняльнік праекта Марат Гаравы. З ім і з яго аднадумцамі мы сустракаемся ў Курапатах слотнай лістападаўскай раніцай, каб пачуць, як змагацца з савецкай спадчынай. А літаральна праз некалькі дзён мы даведваемся, што ля МТЗ аднаўляюць помнік “вялікаму Леніну”…

“Паўгода маці не магла даць мне імя”

Я сама рэпрэсаваная, дзіцём, – кажа нам Зінаіда Тарасевіч, маленькая жанчына з ціхім голасам. – Мае дзяды жылі ў засценку Чыжоўка – гэта цяпер ля прыпынку “Кальцавая”, як ехаць да Паўночных могілак.

У 1930 годзе прыйшлі, нічога не гаворачы, не прад’яўляючы схапілі іх і завезлі ў Архангельскую вобласць. Як высылалі, то не далі з сабой нічога ўзяць. Маці кажа, што на печцы стаялі чаравікі, якія яна купіла, зарабіўшы на будаўніцтве трамвайнай лініі ў Мінску. Дык і тыя чаравікі не дазволілі забраць!

Жылі ў тайзе... З 11 чалавек 10 загінулі. Застаўся адзін чалавек, дзіця, – гэта мая мама. У бацькі такая ж гісторыя. Маці і бацька пазнаёміліся на лесапавале. Маці падумала: трэба, каб нехта знаў, дзе я загіну, – і вырашыла нарадзіць дзіця.

Бацька кажа: яно ж загіне! А маці: а мо і выжыве. Так нарадзілася я. Паўгода маці не магла даць мне імя: усе Валі, Соні, Галі – сваякі, якія там загінулі. І аднойчы маці ўспомніла пра імя Зінаіда. Так і назвалі.

У 1941-м бацьку забралі на вайну, і ён вярнуўся, але без рукі. На лесапавале такія не патрэбны – і яму дазволілі вярнуцца дамоў. За ім у Мінск прыехалі і мы з мамай, і маці вырашыла даведацца, дзе яе радня. Мы пайшлі да матчыных цётак, а іх ужо няма. Тады мы да суседзяў: вось, я вярнулася, кажа мама... А яны: ха, вось ёсць лясок, дык адтуль ніхто не вярнуўся, – і паказалі на Курапаты... Так я дзіцём трапіла сюды ў першы раз. Мне гэта запала ў душу, і, калі пачалося Адраджэнне напрыканцы 1980-х, я да гэтага падключылася.

Бацькі расказвалі мне ўсё: як высылалі, як будаваліся ў тайзе, як адразу могілкі закладваліся, а потым заворваліся – каб і следу не засталося; як у Вялікім Усцюгу не давалі дзяцей хаваць на могілках, а толькі у канаве, і без трунаў, і адразу вада набягала. Цяпер гляджу на ўмовы бежанцаў у Еўропе, і слёзы набягаюць на вочы: у іх і нейкае жыллё, і харчаванне. У нас нічога не было.

Дарэчы, хата наша ў Мінску засталася, і мы з маці заўжды адчувалі сябе прыніжанымі, бо нам казалі: гэта хата не ваша, і дзяржава не за вас. Там спачатку была школа, потым настаўніца жыла. Маці мая толькі адзін раз была там пасля прыезду – дык настаўніца, што там жыла, яе не пусціла на парог!

“Людзі жывуць у Зяленым Лузе і не ведаюць пра Курапаты”

Як у кожнай сям’і, і ў маёй людзі траплялі пад жорны рэпрэсій: родны дзядзька, дзед маёй жонкі-нябожчыцы, – расказвае пра сваё далучэнне да ініцыятывы мовазнавец Вінцук Вячорка. – Але галоўным імпульсам стала адкрыўчая праца, якую вяло маё пакаленне ў 1980-я гады, калі мы пераканаліся, што ўся залатая генерацыя беларускай інтэлігенцыі пайшла пад нож у 1930-я. І калі ў 1988 годзе выйшла абсалютна бомбавая публікацыя Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва (“Курапаты – дарога смерці” ў газеце “Літаратура і мастацтва”. – Рэд.), гэта ўсё расставіла па сваіх месцах. Тут жа пасыпаліся сведчанні з усёй Беларусі, што “і ў нас былі такія Курапаты”.

Вінцук Вячорка: “Ініцыятыва распавядае жыхарам Зялёнага Луга пра расстрэлы ў Курапатах. Каб тут, на магілах, не балявалі, не рабілі шашлыкі і не ламалі крыжы”.

– Цяпер я чым магу, тым спрычыняюся да дзейнасці ініцыятывы экспертаў за захаванне Курапатаў, задача якой – дбаць пра тое, каб памяць пра гэту трагедыю не размывалася. Студэнты, школьнікі – нават вучні суседніх з Курапатамі школ – не ведаюць, што гэта такое.

Ці магчыма гэта выправіць?

– Мы выпусцілі буклет, які раскідвалі па пад’ездах навакольных дамоў. У ім тлумачылі простымі словамі, што тут ляжаць няшчасныя і тут нельга вогнішчы, банкеты і сабак... Яшчэ больш важна зрабіць навучальны модуль: кароткія тэксты, прэзентацыі, набор фільмаў, які б меў у распараджэнні адважны, сумленны настаўнік. Яшчэ адна з задумаў – зрабіць віртуальную мапу Курапатаў, каб са смартфонам у руцэ малады чалавек мог тут прайсціся.

Штогод на Дзяды ад парка Чалюскінцаў да Курапатаў неабыякавыя мінчукі праходзяць “крыжовы шлях”.

– Мы моцна сканцэнтраваліся на юрыдычных момантах, звязаных з Курапатамі. Да 2014 года межы зон аховы гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты, не былі зацверджаны, існавалі як часовыя.

Так, іх рухалі туды-сюды, – спрабуем мы паказаць абазнанасць.

– У тым і справа, што рухалі іх толькі сюды! – усміхаецца Вячорка. – І гэта прывяло да з’яўлення абсалютна дзікага прэцэдэнту пабудовы забаўляльнага комплекса ў ахоўнай зоне Курапатаў. Ён называўся “Бульбаш-хол”, пакуль беларусы ў адзін голас не абурыліся.

Ён ужо працуе?

– Не, яго дагэтуль не запусцілі. Ведучы чатыры судовыя працэсы, я думаю, што мы ацвярозілі ўладу, бо бездакорна даказвалі неправамоцнасць існавання “ахоўных межаў” і рашэнняў пра іх змяненне – і будаўніцтва “Бульбаш-хола” спынілася. Ясна, што землі пры кальцавой дарозе вельмі смачныя. І знайшлося многа ахвочых іх засвоіць. Але мы марым, што некалі “бульбашхолаўскі” будынак можа стаць музеем.

Аснову для будучага музея заклала леташняя выстава “Праўда пра Курапаты” ў Палацы мастацтваў. Там былі і стэнды з дакументамі, і карціны мастакоў, узрушаных гісторыяй расстрэлаў. Зараз ініцыятыва рыхтуе наступную выставу, а таксама праводзіць конкурс бачанняў таго, якім павінны стаць курапацкі лес.

Культуролаг Вацлаў Арэшка (злева) і мастак Генадзь Драздоў шмат гадоў апякуюцца над Курапатамі.

– Другая выстава адбудзецца ў бліжэйшы час і стане працягам мінулагодняй выставы і адначасова прэзентацыяй вынікаў конкурсу, – кажа культуролаг Вацлаў Арэшка. – Частку дакументаў мы выкладзем на сайт “Вытокі”: матэрыялаў столькі, што выстава іх усе не абдыме.

– На працягу дзясяткаў гадоў мемарыял не мае высокамастацкага ўвасаблення ў помніку – у творчых колах тут ёсць пэўная інэртнасць. Але мы спадзяёмся гэта змяніць. Конкурс мае сур’ёзнае, аўтарытэтнае журы на чале з мастаком Аляксеем Марачкіным. Ставіцца задача не проста сабрацца-пагаварыць – а вызначыць той праект, які з часам увасобіцца ў жыццё, – расказвае мастак Генадзь Драздоў.

– На конкурсе ёсць і намінацыя для моладзі, можна адпраўляць што заўгодна: тэксты, музыку, выяўленчае мастацтва, канцэпцыі ландшафту, сайты – усё, што тычыцца зберажэння і перадачы памяці пра Курапаты, – кажа Вінцук Вячорка. – Наша камунікатыўная праблема была ў тым, што мы прасоўвалі інфармацыю традыцыйнымі медыямі, а ў сацсетках прысутнічалі мала. Цяпер гэта выпраўляем.

Помнік беларускаму пісьменніку, навукоўцу, палітыку Вацлаву Ластоўскаму рабілі два гады. Справа – крыж у памяць легендарнага пісьменніка і аднаго з першых кіраўнікоў Савецкай Беларусі Цішкі Гартнага.

– Нашы выставы – фундамент будучага музея, і віртуальнага, і рэальнага. Але наша першая задача – сабраць максімум звестак: дакументаў і факталогіі, – кажа Марат Гаравы.

“Помнік загінулым яўрэям зрабіў з пастамента помніка Сталіну”

Марат Гаравы – гісторык і журналіст. Разам з вучнямі ён хадзіў у экспедыцыі па Беларусі і Украіне – шукалі сляды лётчыкаў, зніклых без вестак. “Я за сваё жыццё апытаў тысячы чалавек”. Пераехаўшы ў Мінск, Марат Гаравы пасяліўся ў Зялёным Лузе – і ўспрыняў гэта як знак. Гісторыяй Курапатаў спадар Марат займаецца ўжо 20 гадоў.

– Я родам з Мазыра, беларус яўрэйскага паходжання. Адзін з маіх дзядзькоў, Ізраіль Мадорскі, дзіцём трапіў у ГУЛАГ: ён быў школьнікам і кіраўніком моладзевай сіянісцкай арганізацыі ў Гомелі. Каб мець юрыдычныя падставы для арышту, “шляхам візуальнага агляду” яму падвысілі ўзрост.

Праз 4 гады зняволення далі выехаць у Палесціну “без права возвращения в Советский Союз”. Ён стварыў кібуц “Афікім” на рацэ Іардан – гэты кібуц існуе і цяпер: там вырошчваюць тых самых кароў, якія рэкардсменкі свету. Мы з дзядзькам бачыліся два разы і пасябравалі, перапісваліся шмат гадоў.

У памяць пра дзядзьку я ўсталяваў гэты камень. Гэта першы ў Беларусі экуменічны знак, і зроблены ён з фрагмента пастамента, на якім стаяў помнік Сталіну на Кастрычніцкай плошчы. Людзі захавалі фрагменты, і, калі я шукаў прыдатны камень, мне падказалі гэтых людзей. Зрабіць такі памятны знак на пастаменце помніка тырану – гэта вельмі моцна.

“Помнік павернуты на Іерусалім. Ускладаць каменьчыкі – наша традыцыя: у нас не кладуць кветкі, а прыносяць камяні”, – расказвае спадар Марат.

Сярод “Экспертаў у абарону Курапатаў” Марат Гаравы адказвае за апытанне сведак і разам з іншымі спецыялістамі вывучае гістарычную тапаграфію Курапатаў. База сведчанняў увесь час папаўняецца. Напрыклад, сталі дакладна вядомыя маршруты дарогі смерці ад турмы НКУС да Курапатаў і працягласць таго маршруту (10 555 метраў), што ішоў праз тэрыторыю былога саўгаса “Зялёны Луг”.

Варанкоў у гаражы камендатуры беларускага НКУС было толькі два, і большасць людзей вывозілі на звычайных грузавіках з высокімі бартамі, накрытымі брызентам. Калі машыны паварочвалі з дарогі ў лес, фары свяцілі ў вокны крайніх хат вёскі Цна, што цяпер па іншы бок кальцавой.

Дарога смерці ішла перпендыкулярна кальцавой, паміж Курапатамі і “Экспабелам”. А недалёка ад яго каля Лагойскага тракту была саўгасная крама. Сын тамтэйшага прадаўца распавядаў: тыя, хто дзяжурыў у ахоўных вышках вакол Курапатаў, прыходзілі да бацькі купляць гарэлку, хлеб і каўбасу.

Сярод новых звестак – і першыя гісторыі ўцёкаў. Знойдзены сваякі чалавека, якога ў пачатку вайны прывезлі ў Курапаты на расстрэл. Ахвяр паставілі ў два шэрагі, і мужчыну пашанцавала трапіць у другі: куля яго не закранула. Ён здолеў выбрацца з-пад цел, уцячы і схавацца, а ў 1944-м эміграваў у Амерыку. Як загадкава зазначыў Марат Гаравы, днямі гэта гісторыя папоўнілася новымі вельмі цікавымі звесткамі...

Таксама гісторык паказаў месца першага раскопу:

– А гэта месца, дзе была адкрыта таямніца Курапатаў. З цягам часу мы зробім тут памятны знак і напішам імёны тых, хто дапамог яе адкрыць: школьнікаў Аляксандра Макрушына і Віктара Пятровіча, а таксама муляра Ігара Багі, які, на жаль, ужо сышоў у лепшы свет. Трое сяброў у траўні 1988 года некалькі дзён капалі тут зямлянку – і трапілі на чалавечыя парэшткі. Вагаліся, але вырашылі ўсё ж звярнуцца ў міліцыю, а міліцыя прыехала разам з археолагамі Зянонам Пазняком і Міхасём Чарняўскім. Васьмікласнікі сталі героямі школы, дырэктарка арганізавала ўрачыстую лінейку (хоць спярша падумала, што міліцыя прывезла хлопцаў у школу як хуліганаў). Пазняк пісаў у школу лісты падзякі.

Дарога на Курапаты – гэта беларуская Галгофа, пра якую многія проста не ведаюць. А хтосьці дагэтуль спрабуе выкрасліць з памяці нацыі.

Чаму дзяржава не хоча ведаць пра рэпрэсаваных у Курапатах?

Увогуле, у курапацкай трагедыі шмат кранальных момантаў, звязаных з дзецьмі. У 1930-я быў такі выпадак: з-за плоту выбегла дзіця, галосіць, а за ім бяжыць НКВДыст і страляе. Насустрач дзіцяці з боку вёскі бягуць бацькі. Бацька схапіў НКВДыста за руку: “Што ты робіш?!” А ад таго патыхае алкаголем: “Прабачце, я думаў, гэта нехта ўцёк”.

Яшчэ адна гісторыя: з боку Цны сюды прыходзілі дзеці, пралазілі пад плот і збіралі суніцы. Старэйшы хлопец на шухеры, бачыць – машыны едуць, ён крычыць: “Атас, бяжым!” А маленькая дзяўчынка не зарыентавалася і не паспела ўцячы. Яна схавалася пад елкай і бачыла ўвесь гэты працэс. Абсікалася ад страху. І потым некалькі гадзін блукала ў жыце – не магла знайсці дарогу дадому.

Ёсць таксама пакуль не пацверджаныя сведчанні: адзін чалавек бачыў, як тут расстрэльвалі цэлыя сем’і з Заходняй Беларусі – бацькоў, матуль і дзяцей.

Гэта самае вялікае пахаванне расстраляных – 373 чалавекі.

– База гістарычных звестак увесь час папаўняецца. Але жахліва тое, што нас не дапускаюць да архіваў, у якіх знаходзяцца спісы расстраляных і месцы расстрэлаў. Тут, у Курапатах, пахаваны не толькі беларусы. Гаворка ідзе пра людзей розных нацыянальнасцяў, – дадае Вінцук Вячорка. – Таму вельмі важна, каб беларуская грамадскасць, польская, грамадскасць балтыйскіх дзяржаў, Ізраіля разам патрабавалі гэтых звестак. Дзясяткі тысяч чалавек ляжаць тут – гэта значыць, што дзясяткі тысяч сем’яў не ведаюць, дзе месца апошняга спачыну іх родных. Гэта супраць элементарных прынцыпаў чалавечнасці, супраць міжнародных канвенцый. Толькі тры выпадковыя імені працяклі дзякуючы археолагам: гэта былі яўрэі-гандляры з Горадні.

– Курапаты – народны мемарыял. Значыць, кожны можа паставіць тут свой помнік?

– Так, тут няма манаполіі, не трэба хадзіць да некага, узгадняць. Кожны, хто хоча, можна зрабіць крыж і самастойна ўсталяваць яго тут – канечне, не на западзіне, не ў магіле. Проста трэба ўважліва, культурна рабіць, каб не парушыць ансамбль, каб яно гарманічна ўпісвалася ў ландшафт. Трэба беражліва ставіцца да таго, што зроблена да нас. Тады тыя, хто будуць за намі, з такой жа павагай будуць ставіцца да таго, што зрабілі мы.

Цяпер Курапаты ўражваюць размахам і веліччу народнай памяці: сотні крыжоў і крыжыкаў – простых, з таблічкамі, з вышыўкамі. Здаецца, так было заўсёды, – але не.

Быў час, калі першыя пастаўленыя крыжы прыходзілася пільнаваць. Калі гаворым з краязнаўцам Алесем Макавым, міма прабягае Вінцук Вячорка: “Ты ж абавязкова раскажы, як ты злавіў нягоднікаў!” Крыжы ў Курапатах ламалі не раз, але толькі аднойчы вандалаў злавілі за руку.

Дзякуючы Алесю Макаву аднойчы ўдалося схапіць людзей, якія ламалі крыжы ў Курапатах.

– Мы прыйшлі дзяжурыць з 6-й гадзіны вечара – перад Дзядамі 2008 года. Некалькі крыжоў тады ўжо павалілі. Мы былі на пагорку і недзе пасля 9-й вечара бачым, што пара хлопцаў выйшлі з перахода, падышлі да крыжа, сталі ламаць. Мы выклікалі міліцыю і змаглі затрымаць гэтых хлопцаў. Яны сталі качаць правы: мы маем права на званок – ну званіце. Адзін звоніць бацькам: “Тата, ну я тут. Каля перахода”. Такое адчуванне, нібы бацькі ведалі і разумелі, дзе іх дзеці. Адначасова з міліцыяй прыехалі і бацькі, і яшчэ нейкія людзі, незразумела хто. На юнакоў завялі крымінальную справу, але потым закрылі – за недастатковасцю доказаў. Грамадскасць абурылася, справу зноў узбудзілі – але да суда так і не дайшло.

Часы змяніліся: цяпер на выхадзе з падземнага перахода наведніка Курапатаў сустракае знак “Вядзецца відэаназіранне”. Трава пакошаная, лес прарэджаны: дзяржаўны ўдзел – вынік грамадскай ініцыятывы. Але самы часты выраз з вуснаў актывістаў – гэта ўсё яшчэ “таямніца рэпрэсій”. “Таямніца” знікне, як толькі побач са знакам пра відэаназіранне з’явіцца спіс імёнаў расстраляных. Пакуль гэта спіс безыменных, ад якіх засталіся кубачкі, зубныя шчоткі, абутак (у многіх самаробны) – усё гэта людзі бралі з сабой, не ведаючы, што ў апошні шлях.

Гэты камень стаіць у Курапатах больш за 25 гадоў. І дагэтуль беларуская дзяржава не паклапацілася пра тое, каб увекавечыць памяць і імёны сваіх сыноў, якія загінулі тут ад рук сталінскага НКУС.

 

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і онлайн-часопіса «Имена».

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.by.

Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый», УНП 191694433

Еще по этой теме:
«Каждый должен быть одет, обут и согрет независимо от того, кто он и что переживает»: как мы помогали проекту KaliLaska
«Нужно сжать кулачки и глубоко вдохнуть». Что случилось с бесплатным велопрокатом в Минске?
«Жалость должна быть конструктивной». Минские активисты о том, что делать, если нашел бездомное животное
поделиться