У рубрыцы Grass Roots мы расказваем пра мінчан, якія бяруць ініцыятыву ў свае рукі і мяняюць жыццё ў Мінску да лепшага. Сёння размаўляем з Андрэем Кімам, стваральнікам праекта «Кінаконг».
– Пачалося ўсё з таго, што дзесьці 6 год таму я ішоў з мінскага кінатэатра, – пачынае аповед Андрэй Кім, – і падумаў: чаму за 20 гадоў незалежнасці ў нас у пракаце не было ніводнага фільма па-беларуску? І чаму 90% фільмаў, якія ідуць у нашых кінатэатрах, – гэта поўны шлак? Я зразумеў, што з гэтым тэрмінова трэба нешта рабіць, і проста пачаў рабіць.
У Андрэя быў папярэдні вопыт працы ў кінематографе, мноства знаёмых у гэтай сферы. Ён сабраў вакол сябе каманду неабыякавых прафесіяналаў, якія сталі перакладаць цікавае кіно на белмову.
“Існуе спіс фільмаў, якія кожны чалавек абавязны паглядзець, – упэўнены Андрэй. – Але мы стараемся адшукаць тое, што, хутчэй за ўсё, яшчэ не знаёма беларускаму гледачу. Гэта тыя фільмы, якія варта паглядзець на любой мове”.
– Фільмы бываюць трох тыпаў. Першы – тыя, якія ніяк на вас не ўплываюць. Іх 99%, вы толькі бессэнсоўна губляеце дзве гадзіны свайго жыцця. Другі тып – кіно, якое робіць вас горш: у чымсьці падманвае ці выклікае дэпрэсіўныя думкі. І трэці, найменш распаўсюджаны тып, – фільмы, здольныя стаць штуршком для змены жыцця да лепшага. Нас цікавяць выключна такія.
Лідары пракату вучаць нас аднаму – спажывай! Больш жары, купляй новыя айфоны, разбурай сам сябе – і будзе табе шчасце. Але насамрэч шчасце ў сапраўдных каштоўнасцях: любові, праўдзе, дабрыні. Мы агучваем тыя фільмы, якія сцвярджаюць, што жыццё мае сэнс.
Каб трапіць на “Беларускія ўікeнды” Кіма і кампаніі, давядзецца адстаяць чаргу.
Кожны фільм успрымаецца намі як дзіцё. У нас няма велізарных бюджэтаў, таму выбіраць даводзіцца вельмі дбайна. Гэта не канвеер. Пра любы з 20 фільмаў, які мы агучылі, я магу некалькі гадзін расказваць, чаму менавіта ён. Гэта не будзе пустышка: пажаваць і выкінуць.
“ПЕРЫЯДЫЧНА ХТО-НЕБУДЗЬ ДАЕ ГРОШЫ: “ТОЛЬКІ ПЕРАКЛАДЗІЦЕ!”
– Наша патэнцыйная мэтавая аўдыторыя – 33% беларусаў, якія бачаць родную мову як вялікую каштоўнасць у сваім жыцці. Тры мільёны чалавек! Так, значная частка з іх размаўляе па-руску, але яны падтрымліваюць пашырэнне беларускай мовы. Напрыклад, мая цешча такая: яна размаўляе па-руску, а запраўляецца выключна на “А-100”, таму што там увялі белмову. І для яе і ўсіх гэтых людзей няма кіно.
Зараз праект існуе толькі дзякуючы людзям, якія ахвяруюць грошы са сваёй кішэні, таму што лічаць гэта важным. Перыядычна хто-небудзь аплачвае агучку з просьбай: “Толькі перакладзіце!” На наступны год плануем запусціць збор сродкаў праз краўдфандынгавую платформу, спадзяёмся на з’яўленне пастаяннага спонсара.
Быў перыяд, калі я ўкладаў уласныя грошы: я працаваў у той жа сферы для расійскіх каналаў. Але больш за год таму прыйшоў да высновы, што трэба альбо займацца тым, ува што сам веру, альбо зарабляць грошы.
ЯК ПАБУДАВАНЫ САМ ПРАЦЭС?
Для праекта мая жонка Надзея робіць шмат працы – арганізацыйнай, перакладчыцкай. Напрыклад, яна пераклала “Падынгтана”. А гэта было вельмі складана, таму што ў фільме абыгрываюцца розныя акцэнты і моўныя фішкі.
Над праектам працуе трывалая каманда. У агучцы задзейнічаны лепшыя тэатральныя акцёры Беларусі – Павал Харланчук, Алесь Малчанаў, Ганна Хітрык, Уладзімер Глотаў, Сяргей Жбанкоў, Святлана Цімохіна. Я ганаруся, што мы працуем з лепшымі ў гэтай сферы ў краіне. Людзі часта пішуць, што хочуць дапамагчы: напрыклад, каго-небудзь агучыць. Мы адказваем, што гэта немагчыма, таму што мы адмаўляем нават некаторым прафесійным акцёрам, якім не хапае досведу.
Каля тыдня ідзе запіс, пасля – мантаж і пастпрадакшн: трэйлеры, плакаты, рэклама. Усяго ў працэсе задзейнічана прыкладна 20 чалавек. Перакладаем фільмы выключна з мовы арыгіналу. Нават калі не можам знайсці прафесіянала, як было з японскай і карэйскай мовай, спачатку робім падрадкоўе на рускую, а з яе ўжо паўнавартасны пераклад на беларускую.
Раней на прыватных паказах збіралася ад некалькі дзясяткаў да некалькі соцень чалавек. Каб перайсці на новы ўзровень, прыйшлося развіваць узаемадзеянне з дзяржструктурамі. Перамовы ішлі некалькі месяцаў.
“Былі дзве асноўныя праблемы. Атрымаць ліцэнзіі, што для такой невялікай кампаніі, як наша, даволі складана. Другі момант – трэба было дамовіцца з кінатэатрамі і кінавідэапракатам. У іх прадстаўнікоў былі сумневы, што гэта наогул каму-небудзь трэба, таму некалькі разоў мы ладзілі паказы бясплатна”.
ДЗЕ ГЛЯДЗЕЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ФІЛЬМЫ?
На бясплатных сеансах у “Перамозе” было бітком народу, а першыя платныя паказы таксама прайшлі з поўным аншлагам: ужо за тры дні да падзеі раскупілі квіткі. У кінатэатрах нам складана паказваць фільмы, якія зараз у пракаце, – гэта неверагодна дорага, таму пакуль арыентуемся на тое, што выйшла нейкі час таму.
На гэтых выхaдных, напрыклад, у “Перамозе” будзе ісці кіно, якое выйшла ў 2014 годзе. Яно, ў адрозненні ад іншых фільмаў, якія мы перакладалі, адносна вядомае беларускаму гледачу – гэта брытанская стужка "Падынгтан". У цэнтры ўвагі мядзведзік-эмігрант: тэматыка вельмі актуальная ў наш час.
Падынгтан, нароўні з Віні-Пыхам, – адзін з сімвалаў Велікабрытаніі, у яго нават ёсць помнік. Было прададзена больш за 25 мільёнаў асобнікаў кнігі з яго гісторыяй, яна перакладзена на 31 мову.
Мы будзем запрашаць для выступу на паказе амсабадара Вялікабрытаніі і акцёра агучкі. Наогул, выступ цікавага спікера ўжо стаў для нас традыцыяй.
«На “Васьмікласнікі не плачуць” – фільм пра дзіцячую лейкемію – мы запрасілі Вольгу Карась, кандыдата медыцынскіх навук, супрацоўніцу хоспіса. Яна не грузіла гледачоў статыстыкай або медыцынскімі тэрмінамі, а проста распавяла пра свой вопыт сутыкнення з гэтай праблемай».
«На гістарычным фільме “Лютар” выступаў супрацоўнік Акадэміі навук…
...а на паказе стужкі пра пажарнага “Вогнетрывалы” – дзеючы выратавальнік. Мы хочам, каб па ўзроўні напружання гэта больш нагадвала тэатр».
Дзе паглядзець: 17 снежня (субота) у 17:00 і 19:00, 18 снежня (нядзеля) у 17:00 і 19:00, кінатэатр “Перамога”, сямейны фільм “Падынгтан”.
Материал создан в рамках совместной инициативы Офиса европейской экспертизы и коммуникаций, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by и онлайн-журнала «Имена».
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Просветительское учреждение «Офис европейской экспертизы и коммуникаций», УНП 191694433
Наконт арт-хаўснасці я сказаў агулам. Сярод "любы(х) з 20 фільмаў, які мы агучылі" (дарэчы, можна дзе-небудзь падрабязны спіс іх? бо знаходзяцца праз Сеціва далёка не 20, а значна менш) не было ніводнага фільму, які бы з'явіўся з дубляжом своечасова (я не кажу дзень у дзень з прэм'ерай - у бягучых умовах для КК (і не толькі для іх) гэта немагчыма - але нават праз паўгады). Самі разумееце, што чакаць, што нейкага выхлапу апроч як з фэнаў і заўзятых (гэтакая ўмоўная "артхаўзнасць") не будзе. Не будзе ані прыбытку, ані самаакупляльнасці, і на чарговы дубляж зноў будуць збірацца грошы ў працягнуты капялюш.
Праблема сучаснага беларускамоўнай квазі-кінадубляжнай вытворчасці аналагічная праблеме сучаснага беларускаймоўнага кнігадруку - не могуць (ці не хочуць?) выпускаць навінкі на беларускай своечасова (ці наагул выпускаць іх), але плакаць пра адсутнасць грошай і попыту могуць. Контр-прыклад - украінцы: на маёй памяці яны прынамсі двойчы абскакалі ўкраінамоўнымі рэлізамі нават маскалёў (я пра ўкраінскія пераклады апошняй кнігі Толкіна "Дзеці Гурына" і чарговай (нумар не памятаю) кнігі Патэрыяды). Захацелі - зрабілі - сарвалі куш і змаглі рухацца і працаваць далей. Байкі пра тое, што, маўляў, "украінцы малайцы, шмат выдаюць, бо саміх украінцаў шмат бла-бла-бла" кіньце сабаку пад плот - на той час і колькасць украінскамоўных выдавецтв, і памер накладаў, і ўсё астатняе было куды меншая за сённяшні час.