У рубрыцы Grass Roots мы распавядаем пра мінчукоў, якія бяруць ініцыятыву ў свае рукі і змяняюць жыццё горада да лепшага. Сёння Міхась ды Святлана з грамадскага аб’яднання “Фаланстэр” расказалі, як заахвоціць айцішнікаў працаваць без грошай і чаму аўтарскае права – гэта зло.
“КАЛІ ЯШЧЭ НЕ БЫЛО ДЫНАЗАЎРАЎ”
Са стваральнікамі грамадскага аб’яднання “Фаланстэр” Міхасём і Святланай мы сустракаемся ў штаб-кватэры – гэта былы падвал звычайнага жылога дома. Яркая налепка на металічных дзвярах кажа пра тое, што мы прыйшлі па адрасе.
“Фаланстэру” ўжо пяць гадоў, і для грамадскай арганізацыі гэта сур’ёзны ўзрост. У аб'яднання тры асноўныя кірункі дзейнасці. У “Лічбавай майстэрні” айцішнікі-валанцёры дапамагаюць грамадскім ініцыятывам – напрыклад, ствараюць і “рамантуюць” ім сайты. А яшчэ “Фаланстэр” займаецца развіццём беларускай “Вікіпедыі” і пытаннямі аўтарскіх правоў.
Але гісторыя “Фаланстэра” пачалася значна раней за пяць гадоў. Міхась – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў:
– “Фаланстэр” утварыўся, калі яшчэ дыназаўраў не было. Тады мы яшчэ займаліся урбаністычнымі праектамі, як гэта модна цяпер называць. Мы ж самі тады гэта ніяк не называлі, проста рабілі.
Прабацькам “Фаланстэра” быў спартыўны праект “Забей”, які існаваў з сярэдзіны 2000-х. Па словах Міхася, гэта быў ледзь не першы прыклад гарадскога дзвіжу – дваровы футбольны турнір. Каманды з 18 гарадоў краіны прыязджалі, каб пазмагацца за тытул чэмпіёна. Фінальнае спаборніцтва праходзіла ў Мінску.
Ініцыятыва сабрала разам “сацыяльных гікаў”, якія хацелі рабіць літаральна ўсё, што бачаць, лепшым. Ніхто нават і не задумваўся спачатку, што трэба афармляць нешта афіцыйна – усё рабілася неяк па-гікаўску, андэграўндна.
– Бачыце, мы і цяпер у падвале, – кажа Міхась. – Працягваем традыцыю, застаёмся андэграўндам. Але мы ведалі, што трэба неяк фармалізавацца і самарэалізавацца. Таму нам спатрэбілася зарэгістраваная форма, хоць і без яе мы ўсё роўна рабілі ўсё тое, што хацелі.
Актывісты пачалі выпускаць уласны зін пад назвай Zabej – часопіс-самвыдат грамадска-палітычнай тэматыкі. Аўтары выдання амаль заўсёды падпісваліся нікамі, только адно ці два прозвішчы на старонках былі сапраўдныя. На старонках часопіса ўздымаліся як глабальныя пытанні кшталту гендарнай і расавай роўнасці, талерантнасці, так і праблемы мясцовага значэння – напрыклад, размеркаванне пасля ўніверсітэта.
Адзін з нумароў Zabej у 2009 годзе трапіў у рукі Святлане:
– Я прачытала гэты нумар і не зразумела нічога з таго, што было ў ім напісана. Быў настолькі высокі ўзровень, што чытач павінен быў быць падрыхтаваным. Я нават не чакала такой рэфлексіі ад людзей, якія стваралі гэты зін. І я адчула, што хачу мець да гэтага дачыненне.
“Зін” праіснаваў да 2011 года. Адразу пасля яго з’явілася моладзевае грамадскае аб’яднанне “Фаланстэр”.
ЛІЧБАВАЯ МАЙСТЭРНЯ: “МЫ Б ХАЦЕЛІ ДАПАМАГАЦЬ УСІМ, КАГО ЛІЧЫМ КЛАСНЫМІ”
“Фаланстэр” – адно з першых беларускіх аб’яднанняў, якое пачало прыцягваць айцішнікаў да валанцёрства. Праект прыцягвае спецыялістаў, якія гатовыя “за проста так” адрамантаваць сайт, намаляваць дызайн ці нават пераставіць аперацыйную сістэму.
“Фаланстэр” дапамог многім ініцыятывам атрымаць уласныя сайты. Напрыклад, адным з праектаў-гонараў аб’яднання з’яўляецца сайт гістарычных могілак. Дзякуючы “Фаланстэру” з’явіўся і сайт братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання.
– Мы адчулі, што патрэбныя, што да нас звяртаюцца, але, канечне, нас на ўсіх не хопіць, – разважае Святлана. – Мы ведалі, што нас не так шмат, але спадзяваліся, што ёсць іншыя людзі, якія таксама захочуць дапамагаць.
“Лічбавая майстэрня” пачала выконваць ролю мабілізатара, які звязвае спецыялістаў-валанцёраў і ініцыятывы, якім патрэбная дапамога. Калі з’явілася патрэба у айцішным валанцёрстве, паўстала пытанне: як матываваць спецыялістаў прыходзіць і працаваць, не чакаючы нават невысокіх заробкаў?
– Асноўная ідэя – гэта ўзаемадапамога адных іншым, – тлумачыць Міхась. – Грамадскія арганізацыі самі па сабе даволі цікавыя: у іх ёсць сацыяльны капітал і шмат тых ведаў, якія не выкладаюць ва ўніверсітэце, якім не вучаць у школах. Але гэта матывацыя хутчэй для адмысловых спецыялістаў. А пачаткоўцам патрэбныя праекты для таго, каб паказаць працадаўцу. Напрыклад, для партфоліа трэба зрабіць некалькі карысных рэальных праектаў. Дзе пачаткоўцу іх узяць? У нас – гэта ж суперунікальная магчымасць.
Міхась тлумачыць, што айцішнікі-пачаткоўцы прыходзяць у “Фаланстэр” не толькі за досведам, але і за карыснымі сувязямі і знаёмствамі. Матываваць айцішнікаў стаць валанцёрамі няцяжка, а вось заахвоціць іх заставацца надоўга – іншая справа.
– Часам да нас звяртаюцца ініцыятывы, якія нават не ведаюць, як сфармуляваць свае запыты, – кажа Святлана. – Прыходзяць і просяць зрабіць ім сайт, не разумеючы, які менавіта ім патрэбны. Але галоўнае тое, што яны адчулі патрэбу і пачалі ўвогуле яе фармуляваць. Мы б хацелі, канечне, дапамагаць усім, каго лічым класным і годным. Але гэта атрымалася б, толькі калі б мы зусім нічым больш не займаліся.
Нашы героі кажуць, што часам ім даводзіцца выконваць абавязкі бізнес-аналітыкаў. Таму што прадстаўнікі ініцыятыў, здараецца, самі не да канца разумеюць, што трэба зрабіць, каб сайт “спрацаваў”.
– Мы спрабуем матываваць ініцыятывы, каб яны таксама самаадукоўваліся, – тлумачыць Міхась. – Не так лёгка прывесці актывіста да таго, каб ён сам зразумеў, навошта яму сайт з чатырох старонак, а не вялізны рэсурс. І на гэта асэнсаванне патрэбны пэўны час. На працягу года ініцыятывы могуць прыходзіць на перамовы – і не прыходзіць ні да чаго.
“У ВАЛАНЦЁРАЎ СЭРЦЫ СКЛАДАНЫЯ”
На жаль, у “Фаланстэра” цяпер ёсць далёка не ўсе патрэбныя спецыялісты. Напрыклад, не хапае дызайнераў, якія маглі б узяць на сябе стварэнне білбордаў ці нейкіх буклетаў.
– У валанцёраў сэрцы складаныя, – з усмешкай працягвае Міхась. – Мы ж не кадравае агенцтва, якое сайты на замову піша. Валанцёры таксама бываюць розныя: вырашыў задачу – класна, не вырашыў – на жаль. У іх няма працоўных кантрактаў, няма абавязкаў.
Грамадскія арганізацыі ў Беларусі часам пераймаюць заходнія прыёмы. Але, на думку Міхася, валанцёрства ў Беларусі ўсё яшчэ мае савецкую афарбоўку: калі грамадская актыўнасць асацыіравалася з піянерствам.
– У нас пад валанцёрствам разумеюць: “прыйшоў, памахаў лапатай, пасадзіў дрэўца – і свабодны”, – кажа Міхась. – З Захаду да нас прыходзіць ідэя, што валанцёрства – гэта справа працяглая: месяц, два, тры. Кожны актывіст працуе на роўных з камандай проста за хлеб і дах над галавой. І так па 30 гадзін на тыдзень. Але ёсць яшчэ адзін від валанцёрства, які таксама прыходзіць з Захаду: калі валанцёры прыходзяць, каб атрымаць рэкамендацыйны ліст для працадаўцы. Нашы гэта падхапілі, але ўспрыняцце валанцёрства засталося савецкім. І вось мы маем: “я памахаў лапатай дзве гадзіны, дайце мне рэкамендацыю ў Белы дом”.
На думку Міхася, грамадскія арганізацыі пачалі балаваць валанцёраў. Асаблівая барацьба ідзе за айцішнікаў – іх час каштуе больш. Вялікія кампаніі разумеюць, што захапіць вольны час супрацоўнікаў – гэта карысна. Таму з’яўляецца ўнутрыкарпаратыўнае валанцёрства, для якога карпарацыі ствараюць усе ўмовы.
“Фаланстэр” шукае IT-валанцёраў на розных тэматычных мерапрыемствах, а таксама супрацоўнічае з рэсурсам “Компьютерные вести”, каб заклікаць да сябе новых ахвотнікаў. Асобныя зборы ладзяць і самі.
– Айцішнікі – гэта такая мясная лаўка ў нашай краіне, – тлумачыць Міхась. – Мы імкнёмся разбураць міф пра тое, што IT – гэта складана. Нават не супергеній можа разабрацца амаль ва ўсім. Наша мэта – гэта будаўніцтва маста для трансферу ведаў: тэхнічных – у сацыяльную сферу і сацыяльных – у тэхнічную. Такім чынам узрастае аўтаномія грамадскіх арганізацый і айцішнікі перастаюць быць таварам, якім яны цяпер з’яўляюцца, працуючы на аўтсорсе ў вялікіх кампаніях. У капіталізме, які пануе ў IT-сферы, мы плануем заваяваць месца і для грамадскага. Але гэта суперглабальны сэнс нашай “Лічбавай майстэрні”.
“ВІКІПЕДЫЯ – ГЭТА ЎТОПІЯ, ЯКАЯ ПРАЦУЕ”
Яшчэ адзін паспяховы праект “Фаланстэра” – вікіфікацыя. Ён накіраваны на развіццё вікі-супольнасці і прасоўванне вікі-тэхналогій. Калі прасцей, людзей вучаць карыстацца “Вікіпедыяй” і прыцягваюць да яе пашырэння і развіцця.
– “Вікіпедыя” – гэта самы знакаміты праект, які паказвае супрацу сотняў тысяч людзей дзеля стварэння чагосьці агульнага на планеце, – распавядае Міхась. – І самае лепшае, што прыкласці руку можа кожны: школьнік на перапынку, працоўны ў вольную хвіліну ці нават пенсіянерка, якая валодае камп’ютарам.
“Фаланстэр” актыўна працуе над развіццём беларускамоўнай “Вікіпедыі”. Кожны дзень з’яўляюцца дзясяткі новых артыкулаў, але шмат тэм яшчэ не распрацавана. Некаторыя валанцёры прысвяцілі дзесяцігоддзі, каб беларуская “Вікіпедыя” пашыралася.
Адной з мэт “Фаланстэра” было вучыць людзей не толькі чытаць “Вікіпедыю”, але і заўважаць яе шматлікія магчымасці. Галоўная думка: “Вікіпедыя” – гэта не проста энцыклапедыя, гэта супольнасць і валанцёрская справа.
– “Вікіпедыя” добра рэалізуе прынцып ідэакратыі: хто прапануе і ўдзельнічае, той і прымае рашэнні. Яна таксама з’яўляецца прыкладам празрыстасці і дасціпнасці – кожны карыстальнік можа стаць яе часткай і зрабіць свой унёсак. Усе рашэнні прымаюцца адкрытым галасаваннем. Можна адсачыць усё, што зроблена з першага слова артыкула.
Міхась і Святлана шмат ездзяць па гарадах Беларусі, каб перадаваць веды пра “Вікіпедыю” і спрыяць яе развіццю. Па іх назіраннях, прасцей за ўсё падхопліваюць справы школьнікі старэйшых класаў, але знаходзяцца і таленавітыя шасцікласнікі, якія лёгка засвойваюць новае.
– “Вікіпедыя” – гэта віртуальная дзяржава, якая аб’ядноўвае ўвесь свет. І гэта ўтопія, якая працуе. Многія яшчэ проста яе не асэнсавалі. Яе досвед можна лёгка праецыраваць на іншыя сферы, дзе закранаецца самакіраванне, павышэнне якасці кантэнту.
“Вікіпедыя” актыўна развіваецца ва ўсім свеце, але ж тлумачыць, наколькі яна маштабная, усё роўна даводзіцца. Калі ёсць вялікі герой, павінен быць і той, хто будзе апяваць гэтага героя, – інакш пра яго ніхто не даведаецца. Менавіта гэту ролю ўзяў на сябе “Фаланстэр”.
“ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ ЎЛАСНАСЦЬ – ГЭТА БІЧ ХХІ СТАГОДДЗЯ”
Праект “Смачная творчасць” закліканы прасоўваць у грамадстве прынцып Creative Commons. Па сутнасці, актывісты ствараюць гайды для грамадскіх арганізацый, блогераў ды ўсіх зацікаўленых, каб пераводзіць рэсурсы на “свабодны кантэнт”.
– Інтэлектуальная ўласнасць – гэта біч ХХІ стагоддзя, – упэўнены Міхась. – Яна будуецца на манаполіі. А манаполія – зло, якое затарможвае значныя працэсы ў грамадстве. Сёння ўжо пачынаецца замена паняцця “інфармацыя” словам “кантэнт”. А кантэнт – гэта прыватная ўласнасць. І можна забараніць ёй карыстацца.
На думку Міхася, з’яўленне кантэнту спрыяе развіццю цэнзуры: інфармацыйныя сюжэты, навіны і нататкі становяцца аб’ектамі аўтарскага права. А з-за цэнзуры запавольваецца цыркуляцыя інфармацыі ў грамадстве.
– Аўтарскае права, патэнты, інтэлектуальная ўласнасць, таварныя маркі – гэта ўсё інструменты ў руках вялікіх карпарацый. На іх падставе ствараецца манаполія і міф пра тое, што аўтарскае права заклікана абараніць аўтара. Гэта падман стагоддзя, топавы развод апошніх дзесяцігоддзяў.
“Фаланстэр” працуе над тым, каб людзі добраахвотна распаўсюджвалі і дзяліліся сваёй творчасцю. Гэта значыць не проста аддаць, але вырашыць, якім чынам іншыя могуць выкарыстоўваць тое, што ўжо зроблена.
Ідэя Creative Commons заключана ў тым, каб людзі стваралі штосьці не для сябе, а для сваёй супольнасці.
– Аўтарскае права абараняе твор з моманту яго з’яўлення. Я як аўтар магу ім дзяліцца, дасылаць у сацсеткі, посціць паўсюль. А назаўтра, напрыклад, я прачынаюся не з той нагі і кажу, што нельга нікому яго перасылаць. Закон абараняе толькі адзін бок – праваўладальніка. Пакуль няма такой функцыі, каб закон працаваў і на карыстальніка ў тым ліку. Баланс парушаны.
У “Фаланстэры” разумеюць, што змяніць сітуацыю адразу не атрымаецца. Але Creative Commons – гэта адна з практык, якія спрыяюць зменам. Таму юрысты арганізацыі расказваюць аўтарам, як можна дзяліцца сваёй творчасцю.
Материал создан в рамках совместной инициативы Офиса европейской экспертизы и коммуникаций, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by и онлайн-журнала «Имена».
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: CityDog.by.
Просветительское учреждение “Офис европейской экспертизы и коммуникаций”, УНП 191694433
... але ужо былi бясплатныя дызайнеры - прадстаунiкi сапрауднай найстаражытнейшай прафесii