Самые цікавыя блогі пра роднае – падпішыцеся і не забывайце культуры сваёй.
Veha – гісторыя беларускай штодзённасці ў аматарскіх фатаграфіях
Ініцыятыва VEHA была створана, каб натхніць беларусаў на сканіраванне сямейных фотаархіваў і такім чынам захаваць гісторыю штодзённасці. У стварэнні гэтага жывога архіва прынялі ўдзел 457 чалавек, 5 калекцыянераў, 4 незалежныя ініцыятывы і 18 дзяржаўных музеяў. Тры калекцыі захоўваюць больш за 1300 фотаздымкаў. Стваральнікі праекта робяць выставы, друкуюць кнігі і ініцыююць даследаванні.
Што пачытаць пра Veha: «Это свадебное платье купили в комиссионке, оно выглядело очень просто. Никакой радости». Минчане показывают фото со свадеб и похорон
WIR.BY – беларуская культура ў кантэксце сусветнай
Тут ёсць вельмі крутая рубрыка – што ў гэты дзень Уладзімір Караткевіч занатаваў у сваім дзённіку.
Вось, напрыклад, 26 мая 1982 года: «+21,5. З раніцы сонейка, ясна. Цяпер, у 18 гадзін, набіраюцца хмаркі і ці не зноў на дождж. Але мне цяпер усё адно. Боль адпусціў, а тое ж грыз, як тысячы звяроў. А дождж хай лье, ён пакуль што яшчэ нават карысны».
Акрамя таго, на wir.by вы знойдзеце лекцыі навукоўцаў і даследчыкаў у відэа і аўдыя, артыкулы, гульні, тэсты і спецпраекты пра гісторыю, лінгвістыку, літаратуру, мастацтва і міфалогію.
«Набліжэнне» – экскурсіі па Мінску
Фэст экскурсаводаў апошнімі гадамі ў Мінску не рабілі, але Цімафей Акудовіч шпацыруе па горадзе з экскурсіямі па некалькі разоў на тыдзень, а яшчэ запрашае ў свой праект экспертаў – на анлайн-эфіры.
У Telegram-канале можна знайсці больш карыснай інфармацыі, а праект «Годна» ладзіць з Цімохам экспрэс-экскурсіі.
«Сямейны альбом» і «Нулевой кадр» – два партнёрскія праекты
Тут прыкладна тая ж гісторыя, што з VЕНА: Кацярына, аўтарка праекта, збірае сведчанні беларускай штодзённасці – у профілі @nulevoi_cadr можна пабачыць рушнікі і іншую вышыўку, крыжы, іконы, ліштвы, а @bel.family.album прысвечаны фатаграфіі.
Ёсць і сайт docmemory.by, дзе публікуюць матэрыялы аб мірных жыхарах Гомельшчыны, пацярпелых у гады Другой сусветнай вайны.
Past Perfect – мастачка Маша Мароз пра беларускае Палессе
І яшчэ крыху традыцыйнай культуры – палескія строі, драўляныя цэрквы, маляваныя шафы, чоўны, батлейкі, лапці, афармленне надмагільных дрэваў – магічны мір, сувязь з якім мы губляем.
Акрамя таго, рэкамендуем вам пачытаць пра матывацыю Машы Мароз, аўтаркі праекта. І падпісаць петыцыю аб захаванні Палесся.
Два профілі пра Беларусь у 1990-х і 2000-х
Гэта будзе сапраўды настальгічна: Цэслер у вобразе байкера, гурт «Кароль і Шут», міліцыя з «Пагонямі» і Клінтан з БЧБ, «зайчыкі», Люся Лушчык, Барадулін сустракаецца з Папай Рымскім, Міхалок святкуе 25-годдзе, а «Крама» хаваецца ў кустах на піўзаводзе «Крыніца». Адчуйце сябе людзьмі сталага веку!
Вандроўнікі – Сяргей Краўчанка і Максім Хлябец
Калі вам падабаецца наша рубрыка «Как это любить» і вы хацелі б загадзя ведаць, пра што будзе наступны выпуск, то падпісвайцеся на яе аўтара і ўдзельніка гурта PortMone Сяргея Краўчанку.
Круты праект часопіса «Нататнік» прысвечаны апошнім жыхарам паміраючых вёсак Брэстчыны – анонсы шукайце ў інсце Максіма Хлябца.
«Мінск на старых фота» і «Мінскі бруталізм» – грубая эстэтыка сталіцы
Калі вы чытаеце гэта, то з амаль 100% упэўненасцю мы можам сказаць, што вам падабаюцца рэтра-фоткі Мінска (а можа, і не толькі рэтра), – спадабаюцца і гэтыя блогі.
«Годна» і «Будзьма» – важныя грамадскія кампаніі
«Годна» робіць безліч крутых відэа пра гісторыю і цікавосткі сучаснай беларускай культуры (таму ёсць сэнс падпісацца на іх у TikTok ці YouТube).
«Будзьма» вельмі падобная на іх па кантэнце (але тут яшчэ ёсць цікавыя тэсты і коміксы).
Пра сучаснае – Вольга Мжэльская і журнал Dadalog
Вольга Мжэльская – даволі вядомая ў Мінску арт-менеджарка: у сваім асабістым профілі яна піша агляды на бягучыя выставы, але, калі хочацца больш, можна яшчэ падпісацца на яе праект @artonist_org – там і лекцыі, і экскурсіі па майстэрнях.
@dadalog_ – гэта круты часопіс пра беларускую культуру (ёсць і ў друку): падпішыцеся, каб пабачыць анонсы падкастаў, афішу і, можа, нават купіць артовы мерч.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.