«Я нават дзверы пакідаю адчыненымі, каб ГУБОПiК не зламаў». Мінчанка расказвае, як стамілася ад страху рэпрэсій і як кардынальна змяніла сваё жыццё

«Я нават дзверы пакідаю адчыненымі, каб ГУБОПiК не зламаў». Мінчанка расказвае, як стамілася ад страху р...
CityDog.io выпускае серыю падкастаў «Мінск без голасу». Мы размаўляем з мінчукамі на розныя тэмы. У Беларусі масавыя рэпрэсіі, маўчаць зараз бяспечней, чым гаварыць, і таму людзі нібыта губляюць свой голас. Але ім важна выгаварыцца, каб распавесці пра сваё жыццё сёння, летам-восенню 2023 года.

CityDog.io выпускае серыю падкастаў «Мінск без голасу». Мы размаўляем з мінчукамі на розныя тэмы. У Беларусі масавыя рэпрэсіі, маўчаць зараз бяспечней, чым гаварыць, і таму людзі нібыта губляюць свой голас. Але ім важна выгаварыцца, каб распавесці пра сваё жыццё сёння, летам-восенню 2023 года.

Калі вам спадабаецца наш падкаст «Мінск без голасу», не забудзьцеся падпісацца на яго, каб слухаць новыя выпускі. І, натуральна, мы будзем удзячныя вам, калі вы пакінеце свой водгук на платформе, – гэта вельмі дапамагае нам у развіцці праекта.

Галі 38 год, у яе за плячыма муж, двое дзяцей, вышэйшая адукацыя, хатняя гаспадарка і незабыўны 2020 год, які не толькі не адпускае, але прымушае змяняць сваё жыццё. Нядаўна жанчына перайшла на беларускую мову. І вось што з гэтага атрымалася.

ВАЖНА: у мэтах бяспекі голасам галоўнай гераіні гаворыць прафесійная акторка.

Частка першая. Як Галіна перайшла на беларускую мову

– Я, дарэчы, вырашыла пачытаць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Я яго колькі разоў пачынала. Але ў мяне цяпер такі практычны інтарэс. Ёсць словы, якія я недасканала ведаю ці ўвогуле не ведаю, зараз буду з нататнікам і ручкай чытаць.

– Як даўно ты пачала пераходзіць на беларускую мову?

– На тым тыдні. Так неяк супала. Замоўцы ў мяне былі беларускамоўныя, потым сантэхнік гэты беларускамоўны.

Слухай, я ўжо, напэўна, 15 гадоў хачу размаўляць на мове! Мне даўно падабалася тарашкевіца. Ведаеш, як я зразумела, што перайшла на беларускую? Калі прачнулася ад таго, што ў мяне нейкае куранё захрасла і вішчыць – а я пра гэта падумала па-беларуску! Я такая радасная была!

– А страшна не было? У цябе ж ёсць суседзі, з якімі ты заўсёды размаўляла па-расейску, а зараз стала размаўляць па-беларуску.

– Я ўвечары сустрэла дзвюх суседак. Адна з іх – мая кліентка. Яна зрабіла круглыя вочы. А другая такая: «О, мае віншаванні! Малайчынка!» Яна з нашых людзей.

У Ракаве ў краме я пачала на белмове размаўляць, а там мужык нейкі як упаў у ступар і не разумеў мяне. Ад слова «пернікі» яго ўвогуле прыбіла. Я павінна была тыкаць пальцамі ў тое, што хацела набыць.

А другі, нейкі сабакавод, нядаўна кажа: «Я разумею беларускую, але вы на ўкраінскай размаўляеце». Смешны такі.

– А дзеці? Ты адна ў сямʼі на белмове размаўляеш?

– Не, з маёй Алай, якая ў Кракаве, мы ўжо даўно па-беларуску перапісваемся, але яна часам саскоквае. Бо жыве ў такім шматмоўі: сяброўкі з Кіева прынцыпова перайшлі на ўкраінскую, на працы – часцей за ўсё англійская. Карацей, я адчуваю, як яна намагаецца выціскаць з сябе беларускія словы, адсейваючы ўкраінскія і польскія, але ж на рускую не перайшла.

А Пашка наш яшчэ ў восьмым класе казаў: «Чаму мы не размаўляем на беларускай? Давайце пераходзіць». Мы пасмяяліся. А цяпер ён нешта сам ніяк не вырашыцца. Ну, хоць не здзекуецца.

– А муж здзекуецца?

– Так.

Я яму зранку на мове, а ён: «Ты сур’ёзна? Так зараз заўсёды будзе? Давай нармалёва размаўляй!» Ці яму тэлефаную: «У “Еўраопт” а пятай». – «А пятай?!»

Карацей, паскуднік такі. Прычым сам быў беларускамоўны. У мяне маці руская, бацька паляк – і частка яўрэйскай крыві. А ў яго ж маці з захаду, бацька з усходу. Чыстакроўныя беларусы! А ён, паскуднік, не хоча са мной размаўляць. У інстаграме падпісаны на ўсе магчымыя для вывучэння каналы і ўвесь час мяне папраўляе, бо я раблю памылкі, а ён дакладна ведае. Пераслухаў усе падкасты і аудыякнігі, якія існуюць у прыродзе. Я нават аўтараў такіх не ведаю.

Частка другая: пра 2020 год і расплюшчаныя вочы суседкі

– У мяне адна сяброўка ўвогуле не ў тэме была. Яна ўся ў сваёй працы, у дзецях. А калі ўжо ўсё пачалося, стала чытаць. І аднойчы мяне пытаецца: «А ты ведаеш, хто такі Навальны?» Я кажу: «Ты што, здзекуешся?» А яна нешта прачытала і, такая ўражаная, хацела мне расказаць, падзяліцца. Ну, кажу, гадоў дзесяць-пятнаццаць ужо ведаю, хто такі Навальны.

– І што зараз з сяброўкай? Засталася з расплюшчанымі вачыма ці зноў іх прыкрыла?

– Ну, чалавек працуе. Але погляды ў яе не змяніліся, вочы ж ужо расплюшчыліся.

– Слухай, ну ў многіх заплюшчыліся зноў. Тыпу больш бяспечна не мець наогул ніякіх поглядаў.

– Ну, мы з гэтай сяброўкай дакладна на некалькіх маршах былі. Наколькі ведаю, яна з кімсьці і без мяне хадзіла. Можа, ужо на самыя апошнія акцыі. Хаця насамрэч на апошніх ужо быў такі мандраж, што цяжка было сябе выцягнуць.

Працяг інтэрв’ю з Галяй слухайце ў нашым падкасце ніжэй.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Ілюстрацыі: CityDog.io.

#Беларусь #Минск
поделиться