У часы СССР пра гэтыя войны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй маўчалі, называючы іх «барацьбой беларускага народа за ўз’яднанне з Расіяй». Але, падаецца, словазлучэнне «за ўз’яднанне» тут лішняе.
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле
- Як здарылася, што Маскоўскае княства стала мацнейшым за ВКЛ
- Лівонская вайна пачалася з-за грошай, пра якія ўспомнілі праз 210 гадоў
- Замак Ула ўзялі, калі маскоўцы святкавалі ратацыю
- Вайна з Масквой змусіла ВКЛ аб’яднацца з палякамі
- Вынікі Лівонскай вайны: Расія нічога не атрымала, Полаччына перажыла 15-гадовую акупацыю і зарасла лесам
- Як Рэч Паспалітая спрабавала далучыць Маскву
- Шляхта пайшла ў маскоўскі паход, каб нажыцца
- У Маскве ніхто не п’е
- Як Жыгімонт Ваза змарнаваў шанц дэмакратызаваць Маскву
- Вайну за Смаленск арганізаваў кардынал Рышэлье
- Чаму Масква рыхтавалася да вайны, а ВКЛ – не
- Маскоўскі ваявода знішчыў у Мсціславе 15 тысяч чалавек
- Што такое «жэстата маскоўская»
- Чаму палякі не любяць Януша Радзівіла
- Сяляне-партызаны ваявалі за ВКЛ і прымушалі шляхту
Як здарылася, што Маскоўскае княства стала мацнейшым за ВКЛ
Дзіўна, што дзве суседнія дзяржавы развіваліся так непадобна. ВКЛ (асабліва ў складзе Рэчы Паспалітай) ішло да аслаблення ўлады вялікага князя і шырэйшых правоў для грамадзян (нагадаем, што грамадзянамі лічылася толькі шляхта). Маскоўская дзяржава ішла ў бок дэспатызму, калі ў дзяржаве толькі адзін грамадзянін – цар – і ён мае ўсе правы. Таму ў Маскве без затрымак прымаліся рашэнні, хутчэй збіраліся падаткі, лепей слухалася войска. Маскоўская дзяржава была лепш падрыхтавана да войнаў. ВКЛ – да мірнага жыцця.
У канцы 15-га стагоддзя ВКЛ пачало слабець: каралі больш займаліся польскімі справамі, а магнаты – справамі сваіх маёнткаў. Ініцыятыву ў справе аб’яднання ўсходнеславянскіх, «рускіх» земляў перахапіла Масква – ёй патрэбны былі беларускія землі, бо праз іх ляжаў шлях да заходніх рынкаў.
Лівонская вайна была першай, няўдалай спробай Масковіі «ў Еўропу прасячы акно», захапіўшы ўзбярэжжа Балтыкі з партамі Рыгай і Рэвелем. Хоць, магчыма, гісторыкі спрабуюць надаць сучасную логіку дзеянням сярэднявечнага маскоўскага цара.
Лівонская вайна пачалася з-за грошай, пра якія ўспомнілі праз 210 гадоў
Лівонія – гэта тэрыторыя сучаснай Латвіі і Эстоніі. Іван IV доўга шукаў нагоду, каб яе заваяваць, і знайшоў. Ён абвінаваціў Лівонскае Дэрпцкае біскупства (цяпер – горад Тарту ў Эстоніі) у нясплаце даніны. Тыя грошы яно было вінна Пскову паводле дамовы 1343 года. Хоць пскавічы тады не былі яшчэ ніяк звязаны з Масквой, цар Іван IV Жахлівы запатрабаваў заплаціць яму па марцы з кожнага жыхара і нядоімку за 210 гадоў. Лівонцы спрабавалі зацягнуць справу, абяцаючы «разгледзець магчымасці». Тады Іван Жахлівы ў 1558 г. увёў у Лівонію войскі.
Гісторык Аляксандр Філюшкін лічыць, што цар сам не разлічваў, што краіна так загрузне ў той вайне, і збіраўся толькі пакараць лівонцаў за непаслушэнства і ранейшыя «крыўды». А войска тады больш было патрэбна супраць татараў Крыма.
А пры чым тут нашы? У Вялікага Княства Літоўскага з Лівоніяй была дамова пра вайсковы саюз. Калі маскоўскія войскі падышлі да Рыгі, лівонцы пагадзіліся стаць часткай ВКЛ.
Рыгу ўдалося адбіць. Тады Масква пераключылася на ВКЛ – усё роўна гэта бліжэй, чым вяртацца дамоў. Цар назваў «літоўскую зямлю» сваёй «вотчынай» і ў 1563 г. павёў на Вільню ўсё сваё войска. На шляху да сталіцы ляжаў Полацк, і царскія войскі ўзялі яго за два тыдні.
Але больш нічога не здолелі.
Замак Ула ўзялі, калі маскоўцы святкавалі ратацыю
Узімку 1564 года гетманы ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды, Раман Сангушка і Рыгор Хадкевіч разбілі вялікае маскоўскае войска на Уле, а яго авангард пад камандай князя Сярэбранага разбіў каля свайго горада аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі. Наступ на беларускія землі сарваўся. Але і ВКЛ не здолела адбіць Полацк.
У наступныя 1566–1569 гады маскавіты будавалі на Полаччыне крэпасці: Сокал, Ула, Коп’е, Сітна… Драўляны замак яны ўмелі паставіць за некалькі тыдняў – бярвенне нарыхтоўвалі і часалі, потым, пазначыўшы, сплаўлялі ў патрэбнае месца і збіралі як канструктар.
Ліцвіны супрацьдзейнічалі – узялі Сітна, разбілі на возеры Сушы 8-тысячны атрад. Замак Ула ўдалося захапіць, калі ў маскавітаў адбылася ратацыя: частка гарнізона сышла, а на яе месца прыйшлі свежыя сілы. І з нагоды сустрэчы жаўнеры паўпіваліся.
Але вялікіх поспехаў не меў ніводзін бок.
Вайна з Масквой змусіла ВКЛ аб’яднацца з палякамі
Нягоды Лівонскай вайны прывялі ВКЛ і Маскоўскае царства да глабальных змяненняў. Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, ківаючы на маскоўскую пагрозу, усё больш настойліва схіляў магнатаў ВКЛ да аб’яднання з Польскім каралеўствам. А каб падштурхнуць, аддаў Польшчы ўкраінскія землі, аслабляючы Вялікае Княства. На гэтым фоне ў 1569 годзе адбылася Люблінская унія: ВКЛ аб’ядналася з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую.
Іван Жахлівы ў адказ на незадаволенасць баяр, якія хацелі міру, абвясціў апрычніну. У Масковіі запанаваў крывавы дэспатызм: вернае цару «апрычнае войска», вышукваючы «здраду», тэрарызавала і забівала людзей.
Дадалася чумная пошасць, якая спусташала і беларускія землі ВКЛ, і Масковію. Пачаўся голад.
У 1570 годзе Масква і ВКЛ замірыліся на тры гады і дамовіліся не абмяркоўваць пакуль пытанні межаў. Гэта не перашкаджала Івану Жахліваму смяяцца з паслоў Рэчы Паспалітай і вінаваціць іх у баязліўстве.
Вынікі Лівонскай вайны: Расія нічога не атрымала, Полаччына перажыла 15-гадовую акупацыю і зарасла лесам
Пасля памёр Жыгімонт Аўгуст, і ў навастворанай Рэчы Паспалітай пачаўся доўгі перыяд «бескаралеўя» (расійскі цар таксама выстаўляў сваю кандыдатуру на выбарах).
Вайна аднавілася ў 1579 г. пры новым вялікім князю і каралю – Стэфане Баторыі. Ворагі абменьваліся вострымі лістамі: Баторый называў Івана IV тыранам, баязліўцам і выклікаў на двубой. У адрозненне ад Жыгімонта Аўгуста, якога называлі «кароль паслязаўтра», Стэфан Баторый быў энергічны і заангажаваны ў вайсковыя справы.
Аб’яднанае войска ВКЛ і Польшчы пасля трох тыдняў аблогі адбіла Полацк, які прабыў пад акупацыяй 15 гадоў, а пасля Вялікія Лукі. Баторый рыхтаваўся да паходу на Пскоў, аднак перашкодзіў рэйд маскоўскага войска па ўсходзе Беларусі, ад Оршы да Магілёва. (У тым паходзе, дарэчы, удзельнічаў і будучы заваёўнік Сібіры Ярмак Цімафеевіч.) Пад Пскоў Баторый прыйшоў толькі пад восень, аблога зацягнулася, давялося мірыцца.
Паводле ўмоў Ям-Запольскага міру Масковія страціла ўсё, што заваявала, – і ўсход Беларусі, і частку Лівоніі, і нават выхад да мора ў Нарве, якую забралі шведы.
Гаспадарка Расіі была разбурана, да 90% палёў не абраблялася, падаткі выраслі ў чатыры разы, панаваў голад. Для ВКЛ вынікі былі супярэчлівыя. Па-першае, ліцвіны і палякі на стагоддзі аб’ядналіся ў адну дзяржаву. Па-другое, войска пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя паверыла ў сваю сілу.
Па-трэцяе, Полацк – адзін з самых багатых гарадоў ВКЛ – страціў свой статус, больш ён не адрадзіўся ў былой велічы. Насельніцтва разбеглася, вымерла ад голаду і эпідэмій, было выведзена ў палон. У час расійскай акупацыі Полаччына зарасла непраходным лесам – так маскоўцы ўмацоўвалі межы.
Як Рэч Паспалітая спрабавала далучыць Маскву
Руйнаванне гаспадаркі, смерць Івана Жахлівага, а следам і яго сына, цара Фёдара, занурыла Расію ў Смуту – грамадзянскую вайну. Групоўкі змагаліся за ўладу, выбухалі народныя бунты, з’яўляліся самазванцы.
Улады Рэчы Паспалітай пабачылі шанц назаўсёды зняць маскоўскае пытанне.
Кароль Жыгімонт Ваза падтрымаў самазванца Лжэдзмітрыя. Той, выдаючы сябе за «цудам уратаванага» сына Івана Жахлівага, збіраўся ісці на Маскву і скідаць новага цара Барыса Гадунова, былога апрычніка. (Сапраўдны Дзмітрый загінуў ва Углічы ў 1591 г. пры няясных абставінах – і ў яго смерці вінавацілі Гадунова.)
У Рэчы Паспалітай Лжэдзмітрыя падтрымалі магнаты Адам Вішнявецкі і Ежы Мнішак – апошні гатовы быў нават аддаць за яго замуж дачку Марыну, пры ўмове, што ёй пасля адпішуць Ноўгарад. Рэчы Паспалітай Лжэдзмітрый (якога на самай справе звалі Рыгор Атрэп’еў) абяцаў аддаць Смаленск і северскія землі, страчаныя яшчэ ў часы Казіміра Ягайлавіча.
Кароль дазволіў шляхце і казакам запісвацца ў войска Лжэдзмітрыя. Той здабыў уладу ў Маскве, пачаў рэформы, але менш чым праз год быў забіты маскоўскім людам на ўласным вяселлі з Марынай Мнішак – паўстанцы перабілі і шляхту, якая была ў свіце маладой, і таксама пасольства Рэчы Паспалітай – загінулі сотні гасцей. Парэшткамі Лжэдзмітрыя стрэлілі з гарматы ў бок ВКЛ.
Царом абвясціў сябе баярын Васіль Шуйскі, але і супраць яго выбухнула паўстанне – на чале стаяў Іван Балотнікаў, просты чалавек, які вяртаўся дадому з турэцкага палону праз Рэч Паспалітую і атрымаў там мандат ваяводы ад хаўруснікаў Лжэдзмітрыя І.
Адначасова непадалёк ад Масквы з’явіўся Лжэдзмітрый ІІ, аб’яднаўшы вакол сябе прыхільнікаў свайго папярэдніка.
Шляхта пайшла ў маскоўскі паход, каб нажыцца
Жыгімонт Ваза вырашыў, што надышоў зручны момант вярнуць Смаленск. Магнаты ВКЛ не хацелі гэтага паходу – ужо дзесяць гадоў ішла цяжкая вайна са Швецыяй. Але шляхта, пабачыўшы перспектыву нажыцца, масава запісвалася на маскоўскую вайну.
Норавы шляхты «спазналі на сабе літоўскія краі і Белая Русь, дзе яны прычынілі вялікую шкоду; спазнала і найманае войска, якое скора пачало галадаць, бо захопленае быдла часта і вялікімі статкамі шляхта пераганяла праз мяжу. Спазнаў і сам кароль, якога яны пакінулі з адным найманым войскам і з вялікім палонам і здабычай вярнуліся назад», – так апісвае смаленскую аблогу ў сваім «Дыярыушы» шляхціц з-пад Карэліч Самуэль Маскевіч.
Смаленск удалося вярнуць амаль пасля двух гадоў аблогі.
У Маскве ніхто не п’е
Тым часам група баяр («Сямібаяршчына») пазбавіла ўлады цара Шуйскага і паклікала на маскоўскі пасад «каралевіча Уладзіслава» – сына Жыгімонта Вазы.
Гэта быў шанц аб’яднаць пад адной дынастыяй усю Усходнюю Еўропу. Новая дзяржава з лёгкасцю адолела б Швецыю і запанавала б на Балтыцы. Праявіўшы мудрасць і прышчапіўшы багатай рэсурсамі Масковіі традыцыю дэмакратыі ды талерантнасці, можна было вычарпаць канфлікт, які некалькі стагоддзяў вымотваў цэлы рэгіён.
«Сямібаяршчына», баючыся, каб Маскву не захапіў Лжэдзмітрый ІІ, папрасіла войска Рэчы Паспалітай увайсці ў сталіцу. Уваходзілі, як піша Маскевіч, не строем, а «ў беспарадку, каб маскоўцы не даведаліся пра нешматлікасць нашага войска».
Ён апісвае звычаі маскоўцаў. Насуперак уяўленням, у Маскве не пілі.
«П’янства забаронена, таму па ўсёй Масковіі няма корчмаў (ix мовай – кабаков), нідзе не прадаецца ні піва, ні гарэлка. <…> A каго ўгледзяць п’янага, таго адразу кідаюць у бражную турму. Паўторна заўважанага ў тым самым каты, бязлітасна лупцуючы бізунамі, праводзяць па вуліцах i адпускаюць. <…> Бывае й да дзесяці разоў выводзяць ды б’юць, каб адчуў нарэшце да п’янства агіду». Моцна адрозніваліся і погляды на ўладу і асабістую свабоду.
«У гутарках з імі нашы ўслаўлялі волю, [раілі] дамагацца яе, з’яднаўшыся з намі. Але яны адказвалі проста: “Вам добрая ваша воля, a нам наша няволя”. Яны ўпэўненыя, што няма пад сонцам больш вялікага манарха, чым ix цар, якога ніхто i ніколі не адолее, i таму называюць яго солнце праведное, светило руское».
Як Жыгімонт Ваза змарнаваў шанц дэмакратызаваць Маскву
Частка маскавітаў на чале з патрыярхам была незадаволена. Яны прысягалі Лжэдзмітрыю ІІ, але ён неўзабаве быў забіты ўласнай аховай падчас палявання на зайца. У Маскве пачаліся канфлікты, а пасля і баі са шляхтай пасля таго, як яна на нервах выразала некалькі тысяч чалавек на маскоўскім рынку, баючыся бунту. Урэшце шляхту абклалі ў Крамлі. Гетман Хадкевіч з абозам правіянту не здолеў прабіцца да іх. Даведзены голадам да канібалізму, атрад мусіў здацца.
У той час Жыгімонт Ваза чамусьці вырашыў заняць маскоўскі трон сам. Калі на Уладзіслава пагаджалася хаця б частка маскоўскай эліты, дык яго бацька – фанатычны каталік – быў непрымальны. У Маскве абралі царом сына патрыярха, Міхаіла Раманава.
Апошнімі актамі той вайны быў рэйд дзвюх тысяч «лісоўчыкаў» – атрадаў добраахвотнікаў з Рэчы Паспалітай пад загадам Аляксандра Юзафа Лісоўскага – вакол Масквы і яе аблога войскамі Уладзіслава Вазы ў 1618 годзе.
Але сітуацыі яны не змянілі. Бакі замірыліся ў Дэўліне; Рэч Паспалітая, як і хацела, атрымала Смаленск, Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі, але дэ-факта вызнала Раманава маскоўскім царом.
Вайну за Смаленск арганізаваў кардынал Рышэлье
Але ўжо ў 1632-м маскоўскае войска зноў стаяла пад Смаленскам. Цікава, што ініцыятарам той вайны быў французскі кардынал Рышэлье. Яму трэба было, каб шведскі кароль Густаў ІІ Адольф, які ваяваў тады з Рэччу Паспалітай, «пераключыўся» на змаганне з аўстрыйцамі і іспанцамі ў Нідэрландах.
Рышэлье адправіў пасольства ў Варшаву, каб дамовіцца пра замірэнне. А каб надзейна забяспечыць Швецыі мір з гэтага боку, Рышэлье адправіў (пад выглядам гандлёвай місіі) пасольства да маскоўскага цара Міхаіла Фёдаравіча і ўгаварыў напасці на Рэч Паспалітую… Малады кароль Уладзіслаў Ваза адагнаў маскоўскае войска ад Смаленска. І, паводле ўмоў новага міру, адмовіўся нарэшце ад тытула маскоўскага ўладара.
Чаму Масква рыхтавалася да вайны, а ВКЛ – не
Прайшло дваццаць гадоў. І ўжо Рэч Паспалітая аказалася ў крызісе. Яе страсалі казацкія войны – украінскія казакі хацелі стаць «трэцім народам», у дадатак да ліцвінскай і польскай шляхты. Падужэлая Масква іграла на гэтым. У 1653 годзе пасольства цара Аляксея Міхайлавіча заявіла новаму каралю Яну Казіміру, што ён мусіць памірыцца з казакамі і прыняць іх умовы. Таксама расіяне выставілі абсурднае патрабаванне – караць смерцю тых, хто памыліўся ў напісанні царскага тытула. Яны шукалі нагоды для нападу.
Адначасова, піша Генадзь Сагановіч, на памежных тэрыторыях ішоў збор разведдадзеных пра стан замкаў. У Маскву сцягвалі войска, боепрыпасы, транспарт, за мяжой наймалі палкі «іншаземнага строю», закуплялі зброю. Рыхтаваліся.
У Рэчы Паспалітай пра ўсё гэта ведалі, але ні сабраць войска, ні адрамантаваць замкі, ні нават выбраць гетмана не ўдавалася: усё трэба было многа месяцаў узгадняць на сойме.
Маскоўскі ваявода знішчыў у Мсціславе 15 тысяч чалавек
Ударная групоўка, якую вёў на Смаленск сам цар, налічвала 40 тысяч чалавек, Багдан Хмяльніцкі даслаў у дапамогу 20 тысяч казакоў. У ліпені 1654 г., калі маскавіты ўжо стаялі пад Смаленскам, гетман ВКЛ Януш Радзівіл меў усяго 11 261 чалавека, з якіх, як пісаў ён каралю, баяздольных было пару тысяч, а астатнія маглі хіба крыкам дапамагаць.
Войска ВКЛ рабіла смелыя вылазкі, удары па асобных палках. Маскавіты знішчалі цэлыя гарады – ваявода Трубяцкі дазвання разбурыў Мсціслаў, загінула 15 тысяч жыхароў.
«Як справіцца з няроўнай і такой вялізнай сілай? – пісаў Януш Радзівіл. – Няма нікога ні з паноў, ні з мясцовае шляхты, якая раней лічылася тысячамі... Адзін толькі я, пазбаўлены ўсялякай дапамогі, <...> стрымліваю на сваіх плячах такога моцнага непрыяцеля з боку Полацка, Віцебска, Смаленска, Мсціслава, трывожачы яго і замінаючы ягоным планам, аднак біць і разбіваць яго не магу».
Пад Шапялевічамі войска ВКЛ было расціснута, самога гетмана, параненага, вывеў праз балота мясцовы селянін.
Што такое «жэстата маскоўская»
Смаленскія ўмацаванні былі нерамантаваны 20 гадоў, залога нешматлікая. Усходні фарпост ВКЛ узялі за пару месяцаў. Аляксей Міхайлавіч адпусціў тых, хто хацеў сысці, зладзіў пір для тых, хто перайшоў на яго бок, а мясцовых яўрэяў – як некалі Іван Жахлівы ў Полацку – сагнаў і загадаў хрысціцца. Тых, хто не пагадзіўся, спалілі жыўцом.
Да канца восені маскавіты занялі 33 беларускія гарады ў Падняпроўі і Падзвінні. Не здаўся толькі Стары Быхаў. Нават на тэрыторыях, якія «цалавалі крыж» (прысягнулі на вернасць) цару, рабавалі, гвалцілі і вывозілі ў рабства. Сяляне хаваліся па лясах.
Салдаты чынілі зверствы ў вёсках Падняпроўя: у Сядлуках «осмнатцать человек ножами порезали, четырех жонок жгли и замучили насмерть, дву девок в недорослых летах изнасиловали», у Бярозаўцы «дву человек срубили, дву мучили», у Алешне «шесть человек срубили на смерть», у Палянікавічах «четыре человека мужиков срубили, а трох замучили», у Жаралах «тры человека мужиков до смерти сожгли», у Перагоне «мужиков семи человек срубили и четырох жонок сожгли», – такіх данясенняў мноства. Адзначалася, што ў гэтых месцах наогул па вёсках «никакова мужеска полу не узришь для жестоты московской».
Чаму палякі не любяць Януша Радзівіла
У 1655 годзе на Рэч Паспалітую напаў шведскі кароль Карл Х Густаў. Ён разлічваў нарэшце паставіць кропку ў даўнім змаганні за Балтыку. Януш Радзівіл вырашыў зладзіць унію са Швецыяй, разарваўшы Люблінскую, каб мець дапамогу супраць маскоўцаў. Новая унія прадугледжвала, што народы ВКЛ і Швецыі будуць мець роўныя правы ў новай дзяржаве. Шведскі кароль абавязваўся выгнаць варожае войска. На справе шведы больш рабавалі, чым дапамагалі.
Маскавіты тым часам пасоўваліся ўглыб ВКЛ. Пасля бітвы 3 ліпеня пад Менскам яны ўвайшлі ў пусты горад, з якога паўцякалі ўсе жыхары – засталіся толькі «войт Івашка Жыдовіч з таварышы паўтараста чалавек». Радзівілаўскія Слуцк і Нясвіж абараняліся да канца вайны. На поўдні маскоўскія войскі дайшлі да Львова і Любліна.
Маскоўскае войска заняло і Вільню – на цэлых шэсць гадоў. Пасля захопу яна гарэла 17 дзён, загінула каля 8 тысяч чалавек.
Але далей цар ужо не пайшоў: не хацеў канфлікту са шведамі. Аляксей Міхайлавіч спадзяваўся, што яго абяруць каралём Рэчы Паспалітай і можна будзе легальна авалодаць рэштай дзяржавы. А ўкраінскія казакі працягвалі вайну – і тады пачаліся баі паміж маскавітамі і казакамі.
Адначасова на беларускія землі прыйшлі эпідэміі і голад. «Катоў, сабак, здыхляціну ўсялякую елі, а на астатак людзей рэзалі і целы людзкія елі і памерлым трупам людзкім у дамавіне выляжацца не давалі», – пісаў слуцкі шляхціч Ян Цадроўскі.
Край бязлюдзеў яшчэ і таму, што маскоўскія ўлады выводзілі людзей у палон дзясяткамі тысяч. Асабліва цаніліся рамеснікі, майстры і дойліды.
Сяляне-партызаны ваявалі за ВКЛ і прымушалі шляхту
У адказ на зверствы і падманутыя чаканні ў ВКЛ пачаўся партызанскі рух. Партызан падтрымлівалі нават праваслаўныя святары. У Менскім і Наваградскім ваяводствах дзейнічала «войска» атамана Дзяніса Мурашкі – ладзілі засады на маскоўцаў, тэрарызавалі шляхту, якая прысягнула цару. Так, пад Ашмянамі шляхта з-за гэтага была гатова вярнуцца на бок ВКЛ.
Шляхта Рэчы Паспалітай, пабачыўшы, што ні ад шведаў, ні ад Масквы не выпадае чакаць лепшага, пачала гуртавацца вакол сваіх гетманаў.
У 1660-м маскоўскія войскі былі разбіты пад Ляхавічамі, пасля пад Палонкай гетманы Павел Сапега і Стэфан Чарнецкі перамаглі войска ваяводы Хаванскага, вызвалілі Менск і пагналі акупантаў да Бярэзіны.
У лютым 1661 года магілёўскія мяшчане на чале з бурмістрам з крыкам «Пара!» знішчылі маскоўскі гарнізон. Следам успыхнулі паўстанні ў Дзісне і Гомелі, маскоўскія войскі былі разбіты каля вёскі Кушлікі пад Полацкам і каля Глыбокага.
Партызанскія аддзелы з сялян хадзілі ў рэйды пад Апочку і Пустаржэў – вайна пераносілася на тэрыторыю маскоўскай дзяржавы.
У снежні войскі ВКЛ увайшлі ў Вільню. Камендант маскоўскага гарнізона ўзамен за капітуляцыю запатрабаваў трыста вазоў, каб вывезці маёмасць. Тады падначаленыя звязалі яго і здаліся. Кароль Ян Казімір загадаў адсекчы каменданту галаву, бо той «дапусціўся ў адносінах да шляхты i мяшчанства празмерна жорсткіх учынкаў». Каб дамовіцца пра мір, спатрэбіўся 31 раўнд перамоў. Яго падпісалі ў Андрусаве 30 студзеня 1667 года. Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы і ўся Украіна па ўсход ад Дняпра адыходзіла Расіі. Кіеў таксама пераходзіў на два гады – але Масква больш яго не аддала. ВКЛ вярнулі Полаччыну і Віцебшчыну. «Многія сот тысячы» палонных, выведзеных з беларускіх земляў, пастанавілі «пакінуць у Іх Царскай Вялікасці Расійскім Царствіі навечна».
Вайна нібыта надламіла дзяржаву. Шанцаў выжыць у краіны не было, але цудам і збегам абставін яе здолелі ўратаваць. Шляхта паверыла ў бессмяротнасць Рэчы Паспалітай, ва ўласную непераможнасць.
І ў наступным стагоддзі яна ўпусціла момант, калі стала цацкай у руках усходняга суседа. І ўжо цар Пётр І вымушаў магнатаў выбіраць патрэбнага яму караля і карміць царскія войскі. Краіна ўсё глыбей зануралася ў крызіс, які праз сто гадоў давёў яе да бясслаўнай гібелі.