Гайды, разборы Гісторыя
CityDog.io

Кароткі гайд па беларускіх мясцінах Варшавы: шукаем знакавыя для беларусаў месцы ў сталіцы Польшчы

Кароткі гайд па беларускіх мясцінах Варшавы: шукаем знакавыя для беларусаў месцы ў сталіцы Польшчы
У былой сталіцы Рэчы Паспалітай абодвух народаў знаходзіцца нямала знакавых для беларусаў месцаў. Шмат хто з гістарычных асоб, адзначаных у Варшаве, мелі беларускія карані, тут захаваліся іх сядзібы і нават палацы. То прапануем прайсціся і «злавіць» крыху беларушчыны.

У былой сталіцы Рэчы Паспалітай абодвух народаў знаходзіцца нямала знакавых для беларусаў месцаў. Шмат хто з гістарычных асоб, адзначаных у Варшаве, мелі беларускія карані, тут захаваліся іх сядзібы і нават палацы. То прапануем прайсціся і «злавіць» крыху беларушчыны.

Рэзідэнцыі апошняга караля з Берасцейшчыны

З Варшаўскім замкам было звязана шмат асоб з падручнікаў па гісторыі Беларусі: Ягайла, Жыгімонт Стары, Бона Сфорца, якая пераехала сюды з кракаўскай каралеўскай рэзідэнцыі. А пасля ад’езду маці і яе сын, кароль Жыгімонт Аўгуст (усе ж помняць гісторыю пра меркаванае атручванне яго літвінскай жонкі Барбары Радзівіл?), пачаў наведваць Варшаву і склікаць тут пасяджэнні Сейма.

Варшаўскі каралеўскі замак стаў галоўным месцам правядзення Сеймаў аб’яднанай дзяржавы Рэчы Паспалітай пасля 1569 года.

Але менавіта Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ініцыяваў поўнамаштабнае абнаўленне спарахнелага да таго часу будынка замка. Тут Станіслаў Аўгуст меў сваю рэзідэнцыю, з якой кіраваў у тым ліку і беларускімі землямі: з 1764 да 1795 года. Адноўлены ў 1971-м замак будаваўся на аснове перабудоў караля, які нарадзіўся ў Воўчыне, цяпер гэта Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.

Пра свае карані Панятоўскі добра памятаў. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што ў Нясвіжы, як прыгадвалі мемуарысты, кароль меў ласку прачытаць прысутным невялічкі верш уласнага сачынення на тагачаснай беларускай мове.

Менавіта ў гэтым замку 3 мая 1791 г. была прынята першая еўрапейская канстытуцыя, другая ў свеце. Карціна Яна Матэйкі «Канстытуцыя 3 мая 1791 г.»

Падчас праўлення Панятоўскага Варшава пачала набываць свае адметныя класічныя рысы. Ён быў ініцыятарам перабудовы палацаў і касцёлаў, стварэння новых гарадскіх абшараў.

Менавіта ў часы Панятоўскага з’явіўся маляўнічы палацава-паркавы комплекс у Лазенках, які быў улюбёнай летняй рэзідэнцыяй караля.

Карціны ў Нацыянальным музеі, якія абудзяць у вас патрыятызм (адрас: Al. Jerozolimskie, 3)

Што і казаць, безліч прадметаў мастацтва, звязаных з Беларуссю, знаходзяцца за яе межамі ў калекцыях іншых музеяў. Чаго вартая толькі батальная карціна «Бітва пад Оршай» невядомага аўтара.

Выяву гетмана Канстанціна Астрожскага на ёй можна знайсці ажно тройчы. Гэта звязана з тым, што мастак паказаў з вышыні птушынага палёту розныя этапы бітвы, таму адны і тыя ж постаці з’яўляюцца ў розных месцах палатна.

Тут жа знаходзіцца выява яшчэ адной знакавай бітвы – Грунвальдскай – пяра Яна Матэйкі. Амаль 10-метровая карціна дэманструе пераломны момант у разгортванні гераічнай бітвы, а ў цэнтры кампазіцыі – усеагульны краш Вітаўт.

Тут жа можна паглядзець і на іншых літвінаў-беларусаў і іх працы: карціну Валенція Ваньковіча «Адам Міцкевіч на скале Аюдаг», выяву смерці Барбары Радзівіл і шмат іншых знакавых твораў, у тым ліку і «сімвал Беларусі ХХ стагоддзя» Рушчыца.

Фердынанд Рушчыц, «Зямля».

Акрамя таго, шмат скарбаў знаходзіцца ў Музеі Войска Польскага (al. Jerozolimskie, 3). Тут захоўваюцца шаблі Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама трафеі Грунвальдскай бітвы, капялюш і шматлікія асабістыя рэчы Тадэвуша Касцюшкі, з паўтузіна гармат з нясвіжскай людвісарні часоў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

Палацы магнатэрыі

У сувязі з правядзеннем у Варшаве соймаў у Старым горадзе Варшавы (на Каралеўскім тракце) прадстаўнікамі вядомых родаў Вялікага княства Літоўскага была пабудавана вялікая колькасць палацаў.

Адзін з самых заможных і ўплывовых магнацкіх родаў у Вялікім княстве Літоўскім – Сапегі. Іх палац знаходзіцца па адрасе Zakroczymska, 6.

Палац быў пабудаваны ў 1731–1746 гадах у стылі барока па праекце Яна Зыгмунта Дэйбеля для кашталяна Троцкага, а пазней вялікага канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі. Менавіта па яго ініцыятыве была створана Кодзенская галерэя партрэтаў Сапегаў з 70 партрэтаў. Ён жа быў аўтарам шэрагу твораў: «Гісторыя шляхецкага жывапісу Кодзеня», «Гістарычныя анатацыі» і інш.

Дарэчы, ягонай жонкай была сястра Міхала Радзівіла «Рыбанькі» Канстанцыя.

Радзівілаўскі (цяпер Прэзідэнцкі) палац стаіць па адрасе plac Zamkowy, 4.

Магнацкі палац на гэтым месцы вядомы з 1643 года. З сярэдзіны XVII ст. і ажно да 1818 года належаў прадстаўнікам нясвіжскай галіны Радзівілаў. Адзін з найвядомейшых прадстаўнікоў сям’і Караль Радзівіл «Пане Каханку» ладзіў тут свае ўлюбёныя пышныя балі і банкеты. Але пасля сваркі з Чартарыйскімі і каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім перастаў наведваць сталіцу і здаваў палац у арэнду тэатру, што прыносіла нямалы прыбытак.

Аднойчы Караль Радзівіл знянацку вярнуўся ў Варшаву, і акцёры, пратэстуючы супраць нечаканага высялення, забарыкадаваліся ў будынку. Выганяць іх прыйшлося ажно маршальскай варце.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і смерці апошняга нашчадка Радзівілаў па мужчынскай лініі палац купіў урад Польскага каралеўства пад рэзідэнцыю губернатара, а таксама для офісаў і кватэр некаторых чыноўнікаў.

Радзівілам належаў яшчэ адзін палац, які ў 1733-м набыла сям’я Чапскіх (адрас Krakowskie Przedmieście, 5).

Далей палац неаднаразова мяняў уладальнікаў, а з падзеламі Рэчы Паспалітай ён ператварыўся ў адзін з цэнтраў культурнага жыцця Варшавы. У 1844 г. расійскія ўлады заснавалі тут Школу прыгожых мастацтваў, чые вучні прымалі актыўны ўдзел у патрыятычных выступах 1860-1861 гг. і ў паўстанні 1863-1864 гг.

Пасля адраджэння школы ў 1904 годзе адным з яе прафесараў стаў мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, ураджэнец сядзібы Багданава (цяпер Валожынскі раён) Фердынанд Рушчыц.

Палац Астрожскіх (Tamka, 41) пачаў будаваць унук Канстанціна Януш Астрожскі.

Пазней замак і палац неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. У 18-м стагоддзі належалі дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага, графу ў Шклове і Новай Мышы Яну Мікалаю Хадкевічу. У 1858-м палац стаў рэзідэнцыяй Варшаўскага музычнага інстытута. Тут адзначыўся ўраджэнец Міншчыны, кампазітар і стваральнік польскай і беларускай оперы Станіслаў Манюшка. Ён чытаў лекцыі па гармоніі, кантрапункце і кампазіцыі, а таксама кіраваў хорам.

Помнік Манюшку, які быў дырэктарам варшаўскага опернага тэатра (plac Teatralny, 1).

Месца, якое аб’яднала Касцюшку і Карскага (Krakowskie Przedmieście, 26/28)

Яшчэ адзін былы палац, Казміраўскі, сёння з’яўляецца Варшаўскім універсітэтам. У часы Станіслава Панятоўскага ў палацы была створана Рыцарская кадэцкая школа. Задачай Школы была падрыхтоўка моладзі да вайсковай службы і грамадскіх задач. Адным з найвядомейшых выпускнікоў Рыцарскай школы быў славуты ўраджэнец Берасцейшчыны Тадэвуш Касцюшка, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Францыі. Паўстанне 1794 г., якое той узначаліў, стала прычынай закрыцця навучальнай установы.

Помнік Касцюшку ўсталяваны па адрасе plac Żelaznej Bramy. Гэта дакладная копія помніка, усталяванага ў Вашынгтоне ў 1910 годзе.

У 1816 г. тут размясціўся Варшаўскі ўніверсітэт, дзе 22 гады працаваў мовазнавец, этнолаг, фалькларыст і грамадскі дзеяч Яўхім Карскі. З 1902-га ён узначальваў тутэйшы гісторыка-філалагічны факультэт, а пазней двойчы выбіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта.

Унёсак Карскага ў вывучэнне гісторыі беларускай мовы цяжка перабольшыць.

Карскі ў 1893 годзе паспяхова абараніў першую ў гісторыі дысертацыю па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі». Галоўная заслуга Яўхіма Карскага ў тым, што ён навукова абгрунтаваў самастойнасць беларускай мовы і права беларускай нацыі на існаванне. Пра гэта сведчыць галоўная праца яго жыцця – трохтомная манаграфія «Беларусы».

Карта рассялення беларусаў па даследаванні Карскага.

Апошні спачын для беларусаў

Вялікая колькасць нашых дзеячаў знайшла вечны супакой на самым старым і вядомым некропалі Варшавы Старыя Павонзкі.

Сёння тут спачываюць такія значныя для Беларусі асобы, як дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ўладар Слоніма Міхаіл Казімір Агінскі, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, кампазітар Станіслаў Манюшка, каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, якой прысвечаны верш «Марыська чарнаброва, галубка мая», пісьменнік Адам Плуг, рок-музыка з вёскі Старыя Васілішкі Чэслаў Немэн, вядомы фатограф Ян Булгак, фалькларыст, этнограф, археолаг Міхаіл Федароўскі, паэт, меркаваны суаўтар паэмы «Тарас на Парнасе» і паўстанец Ялегі Пранціш Вуль і шмат хто яшчэ.

А на Каменкаўскіх могілках сярод іншых апошніх абаронцаў варшаўскай Прагі 1794 г. знайшоў вечны спачын Якуб Ясінскі, «правая рука» Каліноўскага.

Каб падбадзёрыць мясцовае насельніцтва на паўстанне, Якуб пісаў вершы на беларускай мове кшталту вось гэтага:

Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Няхай маскаль уступае,
Няхай беларусаў знае!

 

#Беларусь #Варшава #Польша
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter