Гардэроб: як спалучаць незвычайныя рэчы, каб выглядала стыльна – расказвае актывістка

Гардэроб: як спалучаць незвычайныя рэчы, каб выглядала стыльна – расказвае актывістка
Сёння CityDog.io паглядзеў гардэроб актывісткі Сашы. Дзяўчына выкарыстоўвае адзенне, каб перадаць свой настрой, выказаць эмоцыі і падкрэсліць уласную індывідуальнасць. Глядзіце і натхняйцеся.

Сёння CityDog.io паглядзеў гардэроб актывісткі Сашы. Дзяўчына выкарыстоўвае адзенне, каб перадаць свой настрой, выказаць эмоцыі і падкрэсліць уласную індывідуальнасць. Глядзіце і натхняйцеся.

Саша, актывістка

– Я ўжо некалькі гадоў дакладна магу сказаць пра сябе, што я актывістка. Тут я ні на каго не працую, гэта мая ўласная ідэя, якая жыве са мной даўно. І яна не змяняецца ў маім жыцці. Я проста транслюю тое, што мне важна, і стараюся валанцёрыць там, дзе ў мяне ёсць цікавасць.

Гэта і навакольна-палітычныя тэмы, і фемінізм, і ментальнае здароўе. Часам — крыху экалогіі. Гэта ўсё ўплывае на тое, як я адчуваю сябе, які ў мяне стыль, што для мяне важна. Але пры гэтым у мяне быў самы розны досвед: я вучылася на перакладчыцу, працавала барысткай, была і бармэнкай.

Мяне часта пытаюцца, як экалогія ўплывае на тое, як я апранаюся. Для мяне вельмі важна несці адказнасць там, дзе я магу гэта рабіць. І кантраляваць тое, што асабіста падуладна мне. Я ведаю, у якім стане знаходзіцца наша планета, і як моцна прамысловасць на ўсё гэта ўплывае. Таму я стараюся не спажываць больш, чым мне сапраўды патрэбна.

Я вельмі рэдка набываю новыя рэчы. Часцей я пераасэнсоўваю тое, што ўжо маю. Умоўна можна сказаць, што ў мяне ёсць чатыры шляхі, адкуль з’яўляюцца новыя рэчы. Першае – сэканд. Другое – калі я нешта згубіла і даводзіцца замяняць. Трэцяе – калі мне нехта падарыў ці аддаў на час. І чацвёртае – калі рэч зробленая для мяне асабіста.

Напрыклад, мая бабуля яшчэ з дзяцінства шмат мне шыла. Цяпер яна вяжа для мяне. І часам, калі на дзень народзінаў мяне пытаюць, што падарыць, я адказваю, што мне будзе вельмі прыемна атрымаць тое, што зроблена рукамі. Ці тое, што зрабілі вашы сябры, але вам не падыходзіць.

Для мяне гэта вельмі каштоўна – ведаць, што чалавек уклаў у падарунак свой час, сваю душу. Я захоўваю такія рэчы ўсё жыццё. І, калі шчыра, мне здаецца, што лепшага падарунку проста не існуе.

Зверху – карсэт Wychad і вінтажная кашулька, знойдзеная на garage sale у Варшаве.

Знізу – штаны майго хлопца і лідскія кеды. Торба – Noirvere.

Для мяне вельмі важна ствараць настрой праз тое, як я выглядаю. Калі я думаю, куды іду і як хачу сябе адчуваць, то абіраю вопратку згодна з гэтым. Я лічу, што адзенне не заўсёды павінна быць суперзручным, але калі трэба шмат хадзіць, то лепш, каб было камфортна. Абставіны важныя, але не менш важна – перадаць свой настрой і эмоцыі.

Можа, у мяне гэта ад мамы, бо яна актрыса. І для мяне заўсёды было натуральна задавацца пытаннем: якая я сёння гераіня? Што я раблю, як сябе адчуваю? І ўжо потым у галаве нараджаецца вобраз: пэўныя колеры, рэчы. Напрыклад, я ўяўляю шыкоўную прыгожую спадніцу, або, наадварот, нешта больш простае і паўсядзённае.

Часам усё пачынаецца з эмоцыі, якую хачу перадаць. І тады вакол яе ствараецца ўвесь вобраз. Бывае, што гэта ідзе ад макіяжу. Рэдка, але здараецца: напрыклад, я вельмі люблю хадзіць без макіяжу, альбо проста з памадай. Але часам хочацца падкрэсліць вочы – зрабіць сінія стрэлкі або намаляваць цёмна-карычневую памаду.

Напрыклад, калі я камбіную сіні і карычневы, гэта для мяне вельмі прыгожа, але разам з тым трошкі «занадта». Гэта значыць, што сёння я, можа, злосная ці хачу паказаць, што гатовая «пазмагацца са светам». Тады я шукаю гэта і ў адзенні: нешта цёмнае – спадніцу ці штаны, але ў стылі, каб адчуваць сябе ўпэўнена. Гэта такі вобраз: «я іду на вайну». Я не вельмі дружалюбная сёння, але замест таго каб шмат гаварыць пра гэта, я выказваюся праз выгляд.

Часам, калі мне сумна або ў жыцці нешта адбываецца, я проста бяру глітэр і малюю сабе «слязінкі». Гэта спосаб сказаць: «Так, мне зараз цяжка, але я раблю гэта прыгожа». Гэта нават не для таго, каб іншыя заўважылі, а каб я сама адчула, што выказалася. І вось я гляджу ў люстэрка і думаю: «Так, у мяне сёння слязінкі, але яны блішчаць».

Людзі па-рознаму счытваюць такія рэчы. Часцей за ўсё проста кажуць, што у мяне класны вобраз, нават не задумваючыся, што за ім нешта стаіць. Але бываюць і тыя, хто разумеюць усе.

Тут у вобразе – вінтажная спадніца, кашулька па тыпу кітайскай традыцыйнай сукенкі і плашч беларускага брэнда.

З абутку – туфлі Giorgio Armani.

Мой стыль фарміраваўся паступова. Быў перыяд, калі я насіла амаль толькі ружовае. Барбі была маёй любімай лялькай, і для мяне ўсё павінна было быць у ружовым: сукенкі, цацкі, увесь свет. Мне хацелася, каб усё вакол было салодкім і добрым.

Падлеткам я раптам перайшла ў чорнае. Для бацькоў гэта было дзіўна, а для мяне – адзіны спосаб выказаць сябе. Я перажывала цяжкі час, не ўмела гаварыць пра свае эмоцыі. І таму – чорныя вочы, цёмныя памады, строгія кашулі, а яшчэ абцасы. Я знайшла сваю першую пару ў 15 гадоў і зразумела: у іх я выглядаю так, што лепш мяне не чапаць.

Вялікі ўплыў мелі пастаянныя сваркі бацькоў і цяжкія падзеі. Мой свет нібы падзяліўся: ёсць нешта добрае і нешта вельмі цёмнае. Я выяўляла гэта праз сумную музыку і недружалюбныя вобразы.

Але калі скончыла школу, прыйшло разуменне: чорнае і сумнае – гэта не ўсё. Мой ружовы таксама меў сэнс. Бліскучае і лёгкае можа існаваць побач з цёмным. І тады я пачала ствараць вобразы, у якіх усё змешваецца.

Штаны мне аддалі як дапамогу пры рэлакацыі.

Кашулька – вінтаж. Кафтан – адзін з забытых рэчаў у бары, дзе я калісьці працавала. Хустачку звязала бабуля.

З абутку – тыя самыя лідскія кеды.

Мне здаецца трансфармацыя майго стылю працягваецца да гэтага часу. Напрыклад, з кожным годам у маім жыцці з’яўляецца ўсё больш светлых рэчаў. Вось нядаўна я ўпершыню купіла сабе дзве белыя сукенкі, белую спадніцу і некалькі кашулек. Я зразумела, што магу дадаваць колеры ў паўсядзённасць, і гэта ўплывае і на настрой, і на тое, як я бачу свет. Гэта пра тое, каб не баяцца спрабаваць новае.

Таксама, я ўпэўнена, што любую рэч можна стылізаваць так, каб яна глядзелася класна. Нават простая цяльняшка можа стаць асновай прыгожага вобраза, калі падысці з крэатывам. Адзін элемент сам па сабе нічога не кажа – ён толькі сімвал. Але я магу надаць яму свой сэнс.

Напрыклад, дадаць завушніцы з ракушкамі, залатыя дэталі, ці абраць крутыя боты, калі збіраюся на канцэрт, абцасы – калі іду на каву з сяброўкамі. І адразу звычайны лук робіцца цікавым.

Галоўнае – не спыняцца на адным варыянце, а дазваляць сабе гуляць, быць творчай.

Аснова вобраза – белая вінтажная кашулька. Знізу – шорты Pull&Bear.

На нагах – чырвоныя чаравічкі Vivaia з леапардамі і белыя шкарпэткі з рушамі.

Калі я выбіраю рэчы, для мяне важныя некалькі крытэрыяў. Па-першае, гэта дотык: як адзенне адчуваецца на скуры. Па-другое, склад тканіны. Я заўсёды гляджу на бірку. Калі бачу «шэрсць» – бяру. Бавоўна, лён – таксама. А вось поліэстр – гэта адразу «да пабачэння». Хоць у мяне ёсць некалькі поліэстравых рэчаў, бо празрыстыя сукенкі і кофты часта шыюць толькі з яго. І мне яны ўсё роўна падабаюцца, бо вельмі лёгкія, дыхаюць. Гэта, напэўна, адзінае выключэнне.

Трыкатаж таксама не люблю: мне не падабаецца, як ён сядзіць на целе, і тое, што ён хутка скочваецца.

Мне вельмі падабаюцца яркія і ўнікальныя рэчы. Тыя, што сапраўды немагчыма пераблытаць з чымсьці іншым. Калі рэч «мая», я дакладна буду яе насіць – яна не будзе пыліцца ў шафе.

Люблю цікавыя прынты, тканіны з узорамі, дзе ёсць нейкая гісторыя, нават калі гэта дзіка і нестандартна. Напрыклад, у «Калі Ласка» ў Мінску аднойчы я знайшла сарафан Dolce&Gabbana за дзесяць рублёў з неверагодным прынтам. І кожны раз, калі я яго апранаю, людзі робяць кампліменты. Мне не страшна выдзяляцца.

Сукенку сшыла сама. З абутку – туфлі Koi Footwear.

Накідка Couture. З ёй звязана цікавая гісторыя. У 2022 годзе я жыла ў Кіеве, яшчэ перад вайной. Памятаю, што ў адзін момант стала нервова думаць, што рабіць, калі давядзецца эвакуявацца. Бо у мяне нават няма заплечніка. За некалькі дзён падчас працы я папрасіла каляжанку дапамагчы і пайшла ў сэканд, які быў недалёка.

Прыйшла ў краму, знайшла заплечнік Adidas і ўжо рухалася да касы, як раптам заўважыла накідку з пёрамі, уся ў блясках. Яна каштавала шмат, але я ўсё роўна яе набыла. Падумала, калі паміраць, дык прыгожа.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фота: архіў гераіні.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter