Поговорили с минчанами, которым в детстве пришлось похоронить друзей.
Костя, потерял друга в 12 лет: «Яго адкінула ў бок лесу, а матацыкл адкінула ў калгаснае поле»
– Сам выпадак адбыўся ўначы, яго знайшлі раніцай на наступны дзень і потым сказалі маці, што бачылі Дзяніса недзе ў лесе на дарозе. Ён пасля працы падвозіў нейкага сябра, і той, каб аддзячыць, запрасіў у хату пасядзець, яны выпілі трошкі, – рассказывает Костя. – Потым Дзяніс паехаў да сваёй дзяўчыны, прапанаваў катацца – тая адмовіла, і ён на эмоцыях даў па газе.
І, калі ехаў, зачапіў маторам матацыкла галінку на дарозе, спінай ударыўся аб дуб і ад гэтага ўдару памёр. Яго адкінула ў бок лесу, а матацыкл адкінула ў калгаснае поле.
Ён быў для мяне блізкім сябрам – ён сам з вёскі, а я ў дзяцінстве кожнае лета туды ездзіў, пакуль бабуля была жывая. А сям’я Дзяніса пераехала ў тую вёску з Капыля.
Мы сябравалі дастаткова доўга, прыкладна чатыры гады, бачыліся кожнае лета, калі я прыязджаў у вёску. Гэта быў старэйшы сябар, да якога я мог заўсёды звярнуцца па параду ці дапамогу, які мог падтрымаць. Ён мяне пару разоў на матацыкле катаў, памятаю, як разам па рыбу ездзілі.
«Вельмі страшна было глядзець, лепей такога не бачыць – і не толькі дзіцёнку, а ўвогуле»
Пра тое, што ён памёр, я даведаўся на наступны дзень ад бабулі – у мяне быў шок, бо я быў апошнім чалавекам, які з ім гутарыў. Мы сядзелі на лаўцы вечарам і потым, калі па хатах разыходзіліся, дамовілся на наступны дзень сустрэцца.
Было цяжка асэнсоўваць, што ты бачыш чалавека, вы толькі ўвечары сядзелі і гутарылі, а на наступны дзень табе расказваюць, што яго няма.
Шок быў, было жудасна глядзець на месца, дзе ўсё адбылося, – калі даведаўся, што Дзяніс памёр, то палічыў неабходным паехаць і паглядзець. Быў лес, вясковая дарога, на адным баку калгаснае поле. Адзіны след – разбіты матацыкл, само цела ўбачылі на адвaротным бoку дарогі ў крапіве. Вельмі страшна было глядзець, лепей такога не бачыць – і не толькі дзіцёнку, а ўвогуле.
На пахаванні было цяжка асэнсоўваць, больш за ўсё эмоцый было тады. Складана было змірыцца з думкай, што яго больш няма і гэта апошні момант, калі ты бачыш чалавека, у труне. Разумееш, што ў тваім жыцці гэтага чалавека больш не будзе, – гэта цяжка асэнсоўваць, і псіхалагічна гняла тая думка, што я быў апошнім, хто фактычна яго бачыў пры жыцці.
«Бацькі ніколі не павінны хаваць дзяцей»
Было вельмі шкада бацькоў, бо бацькі ніколі не павінны хаваць дзяцей. Адна справа, калі дзеці хаваюць бацькоў, але калі бацькі дзяцей – гэта яшчэ цяжэй успрымаецца. І было кашмарна глядзець, у якім стане была маці Дзяніса, калі даведалася, што ён памёр, – у яе была жудасная істэрыка, калі яго ў труне прынеслі да хаты, а калі заносілі ўнутр, яна галасіла на ўсю вёску.
Сам я на пахаванні быў знешне спакойны – вельмі перажываў, але стараўся не паказваць эмоцыі, схаваць іх унутры сябе, бо ўсё роўна нічога не зменіш, чалавека няма.
Першыя дні пасля пахавання і ўвесь першы год было адчуванне, што вось-вось ён выйдзе на вуліцу, ты проста глядзіш у бок хаты і бачыш яго.
«Дзяніса вельмі не хапала як сябра»
Каб дастаткова асэнсаваць усё і прыйсці ў больш-менш нармальны стан, спатрэбілася дзесьці гады тры. Дзяніса вельмі не хапала як сябра, бо ён разумны быў хлопец, старэйшы за мяне, і часам вельмі не хапала парады ад старэйшых.
Паступова, калі ты з іншымі падтрымліваеш сяброўства, наладжваюцца сувязі, менш абвострана рэагуеш на смерць сябра. Супакаенне прыйшло паступова само сабой, з цягам часу да гэтага прызвычайваешся, разумееш, што чалавека не вернеш і трэба жыць далей. Дапамагала, што былі агульныя сябры, было з кім пагутарыць: табе балюча, але ты дзелішся з сябрамі, вы падтрымліваеце адзін аднаго хаця б словамі. І ты разумееш, што ім настолькі ж цяжка гэта перажываць, як і табе.
Пасля такіх выпадкаў стараешся з большай павагай ставіцца да сяброў, бо разумееш: «А раптам гэтага чалавека ў тваім жыцці больш не будзе?» Такія выпадкі даюць падставу задумацца і больш цаніць тых людзей, з якімі ў цябе сяброўскія адносіны, разумець, што іх важна захоўваць, бо можа так аказацца, што гэтых людзей больш не будзе ў тваім жыцці.
Анна, потеряла двоих друзей в 14 и 15 лет: «Яна проста зрабіла крок уніз, і яе не стала»
– Я нядаўна адкрывала школьны альбом, там былі фота пасля чацвёртага класа і пасля дзявятага – і да дзявятага ўжо двое аднакласнікаў не дажыло.
Мне было чатырнаццаць, калі я даведалася, што Воля (імя зменена па просьбе гераіні. – Рэд.) пакончыла з сабой. Гэта дзяўчына была тады эма, яна рана пачала курыць і сустракацца са старшакласнікамі.
Мяне аднакласнікі ў школе гнабілі, называлі каняшкай, лашадкай, кабылай і ўвогуле лічылі ідыёткай, і гэта насіла масавы характар: ад аднаго-двух чалавек агідныя жарты, а ўсе астатнія смяюцца. А Воля ніколі не смяялася – наадварот, садзілася са мной за парту, а аднойчы, калі займаліся фізкультурай, яна апранула цішотку з канём.
Воля і яшчэ адзін сябар былі адзінымі, хто не выказвалі да мяне агіды і падтрымлівалі. Тады яна ўвогуле ні з кім блізка не сябравала, але ўсе яе паважалі, бо яна лічылася крутой у нашых колах, таму што яна ўжо пачала курыць, піць, тусавацца са старшакласнікамі, сустракацца з хлопчакамі, і гэта быў узровень крутасці шаснаццацігадовай дзяўчыны. Яна яшчэ была худзенькай бландзінкай, вельмі прыгожай, як Аўрыл Лавін.
У яе бацькі былі ў разводзе, і ў той вечар яна выпіла з сябрамі ў кампаніі, прыйшла да матулі, а тая сказала, што Воля тут такая п’яная не патрэбна, няхай ідзе да бацькі. А бацька быў з палюбоўніцай, і там Воля таксама перашкаджала.
Тады яна вельмі моцна напілася, сядзела адна на даху дзевяціпавярховіка – гэта дом на скрыжаванні Прытыцкага і Берута, там якраз Кальварыйскія могілкі праз дарогу. І яна проста зрабіла крок уніз, і яе не стала.
«Проста перастаць змагацца і пакончыць з сабою – гэта слаба ці моцна?»
Калі мне пра гэта паведамілі, былі заняткі – я прама ў класе спаўзла па сценцы, адпрасілася дадому. Не памятаю, ці плакала, бо мы не былі настолькі блізкімі сяброўкамі, але гэта быў чалавек, які мне быў прыемны і не ганьбіў мяне перад аднакласнікамі, – для мяне гэта было вельмі важна.
Мне было кепска, і, калі потым я сустракалася з былымі аднакласніцамі, адна дзяўчына сказала, што Воля зрабіла такі смелы ўчынак, змагла скончыць жыццё самагубствам. А я тады думала, што, можа быць, наадварот, жыць у такім становішчы яшчэ больш складана, чым памерці? Проста перастаць змагацца і пакончыць з сабою – гэта слаба ці моцна?
Я жыву каля Кальварыйскіх могілак, люблю па іх шпацыраваць у навушніках, слухаць дэпрэсіўную музыку. І тады ўспамінаю пра Волю, гляджу на гэты дом і гэты дах, уяўляю, як яна магла ляжаць унізе.
Кожны дзень праходжу міма яе дома і кожны раз згадваю пра яе. Дом спачатку быў ружовенькі, зараз абнавілі тынкоўку, ён жоўценькі – такі вясёлы, яскравы, людзі праходзяць міма і не ведаюць, што тут ляжаў чалавек.
«У яе ўвогуле былі фантастычныя амбіцыі»
На пахаванні Волі нікога з аднакласнікаў не запрашалі, я ўвогуле не ведаю, як бацькі справіліся, не ведаю, як гэта перажыла наша класная кіраўніца.
Я шкадавала, што не так добра сябравала з ёй, бо, магчыма, тады б гэтага не здарылася – у яе таксама быў няпросты лёс, і, магчыма, мы б маглі падтрымаць адна адну. Яно мне зараз не баліць, але я згадваю пра яе, і, хутчэй за ўсё, гэта ўспаміны на ўсё жыццё.
Памятаю, што Воля вельмі класна апраналася, і, калі цяпер бачу на вуліцы эма, згадваю яе і думаю, што яна лепей апраналася. У яе ўвогуле былі фантастычныя амбіцыі, яна была разумная, вясёлая, і я не ведаю, кім бы яна магла быць зараз.
«Падалося, што на руках вісяць гумовыя пальчаткі, – але гэта была ягоная скура»
Быў іншы аднакласнік, з якім мы таксама сябравалі, – Ваня (імя зменена па просьбе гераіні. – Рэд.). Калі я перайшла ў іншую школу, ён час ад часу прасіў яго адмазаць ад класнай кіраўніцы: я прыходзіла да яго дадому, тэліла з хатняга тэлефона і казала, што ён не быў у школе, таму што захварэў.
І аднойчы ён таксама так патэлефанаваў мне і папрасіў вельмі хутка прыехаць – я блізка жыву, прыехала праз хвілін пятнаццаць. Ваня адчыняе дзверы, высоўваецца толькі адна галава. Чамусьці я тады падумала: «Толькі б ты быў не голы», таму што я яму трошкі падабалася і падумала, а раптам ён хоча мяне спакусіць.
Ён мяне ўпускае ў кватэру – стаіць цалкам голы, у ранах і крыві, і падалося, што на руках вісяць гумовыя пальчаткі, – але гэта была ягоная скура.
Ён жыў на першым паверсе, і на балконе быў люк, які вёў у падвал. Там Ваня пераліваў штосьці гаручае, а сам быў у сінтэтычнай вопратцы, яна ўспыхнула, і ён загарэўся. Не ведаю, як ён выклікаў мяне, але, калі я прыйшла, спакойна папрасіў патэлефанаваць ягонай матулі і выклікаць усе службы, а сам пайшоў у душ. Прычым ён размаўляў са мной абсалютна адэкватна, спакойна – ён быў у стане шоку і менавіта таму быў такі.
Першай прыехала «хуткая», мы яго паклалі ў машыну, пасля прыехалі МНС і маці. Я ёй адчыняла дзверы, і гэта было самае немажлівае, калі яна глядзела ў мае вочы і запытвала, што здарылася. Я расказала ўсё як было, мяне адпусцілі.
Наступныя два дні я сядзела на тэлефоне і пільнавала званок, не тэлефанавала сама ягонай матулі, каб не турбаваць лішні раз. Але я ведала, што калі ў чалавека больш за 50% скуры апалена, то ён ужо не жылец, а тут было 70%, і я разумела, што, хутчэй за ўсё, Вані не стане. Ён быў у непрытомнасці, і думаю, што ён не адчуваў, як паміраў.
Мяне запрашалі на пахаванне, але мае бацькі сказалі: «Калі хочаш, ідзі, але ты яшчэ гэтага набачышся ў жыцці». Тады вырашылі, што я не пайду, але яго матуля мне вельмі дзячыла, што я так хутка прыехала, усіх выклікала. Вельмі моцна падтрымлівалі мае бацькі, я не памятаю іх словы, але матуля вельмі шмат для мяне рабіла, бо яна бачыла, што я месца сабе не знаходзіла.
Пасля я цэлае лета заганялася, перажывала, хацела прыехаць на могілкі, але мяне засунулі да бабулі на канікулы, і адтуль было вельмі далёка ехаць, таму я проста перажывала. Я разумела, што ў той момант ніяк не магла дапамагчы Ваню, і, можа, таму я так гэта і адпусціла, бо, калі б нейкае маё бяздзеянне паўплывала на ягоную смерць, я б тады перажывала мацней. Але ўсё роўна было кепска, я плакала, было шмат эмоцый, балела вельмі моцна.
«Пару гадоў таму я ўбачыла, што Ваня быў анлайн»
Яго старонка ў ВК дагэтуль не выдалена, і пару гадоў таму я ўбачыла, што Ваня быў анлайн. Я разумела, што яго ўзламалі, але, калі ты ніколі ўжо не чакаеш, што гэты чалавек будзе анлайн, вельмі дзіўнае пачуццё.
Калі зараз праходжу міма дома Вані, я заганяю боль унутр і стараюся хутчэй прайсці, бо адразу ўспаміны нахлынаюць – гэта быў вельмі вялікі сум.
«Мы б маглі цяпер выйсці на бутэлечку піва і пагутарыць»
Цяпер разумею, што сяброў трэба моцна цаніць і падтрымліваць. Я ніколі не кіну чалавека ў бядзе, стараюся вельмі акуратна з людзьмі размаўляць, бо, калі чалавек просіць дапамогі, гэта не проста так. Кажуць, што я даволі эмпатычны чалавек, я стала больш цаніць людзей пасля смерці двух сяброў. І мне вельмі не хочацца рабіць камусьці балюча, таму, нават калі я вельмі занятая, я заўсёды адказваю людзям.
Яшчэ я разумею, што мне падабаецца гэта драма, я адчуваю сябе ў стане болю як у стане камфорту. Я нават не ведаю, як сябе паводзіць, калі ўсё добра, а калі нейкі трындзец – тады ведаю, што рабіць. І ўвогуле ўсё, што нам сустракаецца, робіць нас людзьмі са стрыжнем, з нейкім фундаментам. Гэты боль – тое, дзякуючы чаму я ведаю, што я жывая, менавіта ён зрабіў мяне такой.
Па Волі быў вельмі вялікі сум, што не стала такога цудоўнага чалавека: яна была вельмі прыгожая, цудоўная, рамантычная. А наконт Вані перажывала, бо страціла блізкага сябра. Мне сапраўды яго не хапае нават зараз, бо, калі б ён жыў, мы б маглі цяпер выйсці на бутэлечку піва і пагутарыць. Мы былі сябрамі, і больш такога ніколі не будзе.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.