Сергей Плыткевич – без преувеличения легенда белорусской фотографии. Политический обозреватель и фотожурналист, который снимал репортажи из горячих точек в 90-е, сейчас известен своими фотоальбомами природы Беларуси. Мы поговорил с основателем ресурса «Планета Беларусь».
– Два чалавекі нясуць загінулага і кладуць у труну. Але ён скурчаны: два ці тры дні праляжаў пад заваламі. Гэтыя людзі спрабуюць выраўнаваць яго скурчаныя ногі, а яны не раўняюцца. Я падскокваю і здымаю, і тут чалавек, які раўняе ногі, паварочваецца і крычыць: “Што ты робіш?” Матам, канешне», – узгадвае спадар Сяргей. – Але ў той момант я назаўсёды ўсвядоміў, што ў працы журналіста галоўнае – зафіксаваць самы цікавы момант. Зразумела, гэта робіш інтуітыўна, і чым далей працуеш, тым больш вопыта з’яўляецца. Але галоўная задача – у самы важны момант націснуць на кнопачку.
Як пачаў фатаграфаваць: «Калі я быў у сёмым класе, маці набыла фотаапарат “Вілія”»
– У мяне з дзяцінства была прага да падарожжаў і фотаздымкаў. Яшчэ ў школе з’явілася жаданне дапамагаць беларускай прыродзе. Я арганізаваў зялёны патруль: агароджвалі мурашнікі, прарубалі лункі, каб рыба перазімавала. Спрабаваў нават стварыць школьнае лясніцтва.
Другое захапленне – фотаздымкі. Калі я быў у сёмым класе, маці на трынаццатую зарплату набыла фотаапарат «Вілія», павелічальнік «УПА-5М» і астатнія прылады, каб можна было рабіць здымкі. З 1977 года пачаў фатаграфаваць.
Я з вёскі Ванюжычы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці – гэта глыбінка Палесся. Сярод першых здымкаў – наш палескі быт. На гэтых фота маці сядзіць ля хаты і варыць варэнне на вогнішчы, дзве мае сястры, бацька, бабуля.
У нашай вёсцы была васьмігодка. Каб скончыць дзесяцігодку, трэба было хадзіць за чатыры кіламетры ў Навасёлкі. І хлопцы, якія туды адпраўлялiся кожную ранiцу, часта не даходзілі. Маці сказала: «Вы там сап’яцеся».
Зрабіла выснову, што пасля восьмага класа трэба некуды паступаць. Паколькі мяне цікавілі прырода і фота, з’явілася дылема: куды паступаць? Можна было пайсці ў вучылішча, на фатографа. Але ў той час гэта не здавалася творчай працай: здымай у майстэрні партрэты і гэтак далей. Хацелася нечага больш рамантычнага, і я выбраў лясны тэхнікум у Полацку.
Вучоба ў лясным тэхнікуме: «На паперцы было напісана: “Хлопцы, у гэтым квадраце ў вас гарыць лес, давайце хутчэй тушыце!”»
Ужо ў тэхнікуме зразумеў, што ў мяне з самага пачатку быў свой погляд. Гэта заўважна яшчэ на школьных здымках, хаця мяне фатаграфіі ніхто не вучыў.
Зараз я фармулюю гэта так: «Добрая фатаграфія – гэта той здымак, на якім не спыняецца жыццё, на якім ты бачыш, што яно працягваецца». Калі гэта партрэт, то ён павінен перадаваць характар чалавека. Калі гэта рух, то ён павінен быць не спынены.
Добрая фатаграфія – гэта нібы ты глядзіш кавалачак кіно.
На гэтым здымку партрэт нашага настаўніка Георгія Васільевіча Чабатара.
Вучоба ў лясным тэхнікуме адназначна паўплывала на мой творчы шлях. Дзякуючы ёй я змог зрабіць альбом «Нечаканая Беларусь», дзе наша краіна знята з самалёта і верталёта. Дзіўна, але ў нашым тэхнікуме была спецыялізацыя «Лётчык-назіральнік». Што гэта такое? Гэта не пілот, які кіруе самалётам, а чалавек, які сядзіць побач з ім і фіксуе пажары.
Зараз усё інакш: ты паднімаеш квадракоптар ці паведамляеш па мабільным, што ў нейкім месцы гарыць лес, трэба тушыць. А раней лятаў самалёт-«кукурузнік», там сядзеў лётчык-назіральнік, які фіксаваў гэтыя пажары. Потым праляталі над лясніцтвам, кідалі пакет з грузікам і паперкай, на якой было напісана: «Хлопцы, у гэтым квадраце ў вас гарыць лес, давайце хутчэй тушыце!» У свой час гэта служба была вельмі развітая.
Выпускнікі майго тэхнікума якраз працавалі лётчыкамі-назіральнікамі. Назіральныя кропкі былі раскінуты па ўсёй Беларусі і фактычна пакрывалі ўсе лясныя масівы. Калі ў мяне нарадзілася ідэя зрабіць альбом «Нечаканая Беларусь», прыходзіў да выпускнікоў тэхнікума і прасіў: «Хлопцы, вазьміце мяне з сабой». Зразумела, што было шмат абмежаванняў. Ляцеў не туды, куды хацеў, а туды, дзе здаралiся пажары. Але былі і прыгожыя мясціны! Дзякуючы нашаму сяброўству і з’явілася гэта кніга.
Пасля Палесся я паехаў у Полацк – месца, дзе пачалася гісторыя нашай краіны. Мы жылі на тэрыторыі Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра.
У той час мы спрабавалі займацца фотапаляваннем. Але зразумела, што без спецыяльнай тэхнікі гэта вельмі складана, таму знялі няшмат. Але імпэт і жаданне, з якім мы гэта рабілі, засталiся на ўсё жыццё.
На здымку я з бусоллю для вымярэння і стварэння карт на практыцы.
Журфак БДУ: «Тут паўстаў выбар: фатаграфаваць альбо пісаць»
У мяне быў чырвоны дыплом, і я мог паступаць у любую вышэйшую навучальную ўстанову. Спачатку думаў пайсці ў тэхналагічны інстытут, але потым вырашыў паступаць на факультэт журналістыкі БДУ.
На журфаку паўстаў выбар: фатаграфаваць альбо пісаць. Калі спачатку супрацоўнічаў, а потым працаваў у «Чырвонай змене», Маргарыта Канстанцінаўна Старых гаварыла: «Плыткевіч, ты павінен пісаць, у цябе добра атрымліваецца». А Галіна Барысаўна Пшонік казала: «Не, ты павінен фатаграфаваць, у цябе гэта лепш атрымліваецца».
А я лічыў, што журналіст можа і пісаць, і фатаграфаваць, гэта нашмат павышае магчымасці. Па-першае, гэта эканомія камандзiровачных. А па-другое, праца ідзе больш аператыўна: убачыў – напісаў, не трэба нікога чакаць. У тыя часы не было смартфонаў і сучаснай апаратуры. Зараз кожны журналіст можа быць фатографам. У нейкай ступені адбылася дэвальвацыя прафесіі фотажурналіста, але яна яшчэ жывая.
Працаваў спачатку ў «Чырвонай змене», потым у «Працы», далей у «Народнай газеце». У мяне сфарміраваўся вялікі архіў фотаздымкаў.
Для CityDog.by я зрабіў падборку на розныя тэмы, якія маюць грамадскае значэнне і ўжо сталі гістарычнымі
Чарнобыль, эвакуацыя з зоны (1986): «Цывільнаму журналісту трапіць туды ў прынцыпе было немагчыма»
Мяне вельмі цікавіла чарнобыльская тэма. Я адслужыў ў арміі, і якраз здарылася гэтая трагедыя. Вырашыў паехаць і ўсё зафіксаваць.
А цывільнаму журналісту трапіць туды ў прынцыпе было немагчыма. У той час мой аднакурснік Вадзім Грамовіч быў адказным сакратаром міліцэйскай газеты «На страже Октября». Я атрымаў камандзіровачнае пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта і мог ездзіць здымаць, як працуе міліцыя. У мяне ёсць цэлая серыя здымкаў «Чарнобыльская зона» – за 1986-ы, 1987-ы, 1989-ы.
Зразумела, я ведаў, што гэта небяспечна, але тады асабліва пра гэта не думаў. Памятаю, як мы паводзілі сябе ў Нароўлі. Я паехаў у камандзiроўку як журналіст «На страже Октября», а мае аднакурснікі – Міша Талочка і Іра Дзяргач – былі там студэнтамі-практыкантамі. Тады ж якраз у верасні журналістаў раёнак адправілі на адпачынак, а на іх месцы на практыку слалi студэнтаў журфака. Так паехалі Міша, Іра і яшчэ адна журналістка.
Усе ліквідатары казалі: «Чым больш вып’еш кабернэ, тым лепш. Кабернэ папіў – і ўсё нармальна». Як зараз памятаю, мы сядзім кампаніяй у парку і п’ем віно. Думалі: і здароўе будзе, і дзяўчын напоім.
Калі ехаў у Чарнобыльскую зону праз Васілевічы, хацелася адчуць радыяцыю: пах ці нешта яшчэ. А нічога не мянялася. Прыязджаеш, а тут машыны, нагружаныя скарбам, вязуць рэчы і людзей. Праносяцца цэлыя калоны аўто. Дэзактывацыя – гэта проста смех! Стаіць машына з вадой і крыху абмывае аўто, якія выязджаюць з забруджанай тэрыторыі. Тады здавалася, што гэта нармальна.
А гэта «Песняры» выступаюць у Хойніках, 1986 год. Музыканты таксама ехалі падтрымаць людзей, якія аказаліся ў складанай сітуацыі. Ні мы, ні ліквідатары, ні добраахвотнікі не думалі пра наступствы, бо былі так выхаваны.
У Чарнобыльскай зоне за апошнія гады быў, можа, разоў пяцьдзясят. Падрыхтаваў кнігу, але дагэтуль не выдаў.
Псіханеўралагічны дыспансер у Гомельскім раёне (1990): «Шчаслівым можна быць нават у такім страшным месцы»
Я хацеў паказаць, у якіх умовах жылі людзі. У гэтай серыі ёсць вельмі сімвалічны здымак маладой сям’і. Ім выдзелілі кавалачак пакойчыка: паставілі побач два панцырных ложкі. На фота яны цалуюцца і вельмі шчаслівыя.
Гэты кадр пацвярджае, што шчаслівым можна быць нават у такім страшным месцы. Чалавек – цікавая істота: можна быць багатым, здаровым і нешчаслівым. А можна быць хворым, але нешта мець такое ўнутры і адчуваць сябе нармальна.
Рэпартаж пра сельскагаспадарчае свята ў Шчучыне (1990)
Людзі купляюць курэй, хапаюць грэчку – такое у нас было жыццё чвэрць стагоддзя таму.
Рэпартаж з Вільнюса, калі савецкія войскі ўвайшлі ў горад (1991)
Ноччу пачуў пра гэта, раніцай ужо быў там. Зрабіў здымкі, як ля тэлебашні стаяць танкі і салдаты, а з іншага боку – абаронцы парламента, як праходзяць пахаванні.
Тады атрымаў у «Народнай газеце» першую прэмію. 30 рублёў, як зараз памятаю. Заробак тады быў рублёў 200.
Паказваючы свае архіўныя здымкі, я хачу акцэнтаваць увагу моладзі: важна захоўваць архівы. З часам многія здымкі могуць стаць гістарычнымі. Зразумела, што шмат залежыць ад таленавітасці аўтара, але яшчэ больш залежыць ад сітуацыі, якую здымаеш. Таму што звычайны чалавек можа апынуцца ў такім месцы, дзе адбываюцца гістарычныя падзеі. І важна іх зафіксаваць.
На жаль, частка майго архіва згубілася: штосьці «пазычылі», штосьці так прапала.
Землятрус у Арменіі (1988)
Журналісту з Беларусі трапіць туды было немагчыма. Я працаваў у «Чырвонай змене», даведаўся, што з юрфака БГУ у Арменію адпраўляюць будатрад. Пайшоў у ЦК ЛКСМБ, сказаў, што магу працаваць і яшчэ рэпартаж зраблю.
Мы паехалі ў Ленінакан. Там і зрабіў той здымак, як два чалавекі нясуць загінулага і кладуць у труну.
Калі ты будзеш думаць, можна, ці нельга здымаць, ты ніколі не ўгадаеш, калі націснуць на кнопку. Трэба працаваць, а потым ужо думаць, якія могуць быць наступствы. Зразумела, што зараз сітуацыя іншая, асабліва ў Еўропе. Напрыклад, ты не маеш права размясціць фатаграфію чалавека без яго дазволу. Трэба, безумоўна, улічваць такія нюансы.
Калі мы рабілі даведнiк па Навагрудскім раёне, наведалі месца ў лесе, дзе немцы ў вайну забілі сясцёр-назарыцянак. Прыехалі здымаць памятны крыж і бачым, што там адна манахіня моліцца, а другая стаіць побач з ёй. І свет падае проста казачны! Разумею, што, калі падыйду і спытаю, ці можна вас сфатаграфаваць, нават калі яна дасць згоду, ужо не будзе такога рамантызму. Таму шчоўкаю фотаапаратам і потым ужо пытаюся дазволу. У мяне захаваўся кадр, і на ім жыццё, якое не спынілася.
Часта запытваюцца: «Як зрабіць добры здымак?» Элементарна! Трэба толькі не ўмешвацца ў жыццё, а заўважаць тое, што адбываецца, і фіксаваць яркія моманты. Чым больш мы жывём, тым больш вопыту і магчымасцей. Але пачынаецца ўсё з таго, што ты павінен зафіксаваць самы галоўны момант падзеі.
Калі вярнуўся з Нагорнага Карабаха, у мяне было 11 адснятых плёнак. У лабараторыі здарылася трагедыя: быў стомлены і ў тры бачкі замест праявіцеля заліў замацавальнік. Жыццё праходзіць, а я аніяк не магу супакоіцца. Знішчыў шэсць стужак з адзінаццаці! Тое, што зняў у гарачай кропцы. Там былі цікавыя здымкі!
Вайна ў Нагорным Карабаху (1990)
Серыя «Чарнобыльскі сон» (1989)
Яшчэ адзін момант – мяжа паміж журналістыкай і творчасцю, мастацтвам. Трэба зразумець, ты журналіст ці фотамастак. Тое, што я не фотамастак, высветлілася ў 1989 годзе.
Пасля вяртання з Чарнобыльскай зоны праявіў пленкі, але не надрукаваў здымкі, бо не было гарачай вады. Лабараторыя ў падвале. Прыходжу на наступны дзень і не магу адчыніць дзверы. Чую шум вадаспада. Аказалася, што я не закрыў кран з гарачай вадой! У лабараторыі была «залева», стаяла пара. Зайшоў у пакой: вады па костачкі, зачыніў дзверы знутры. Націскаю на выключальнік – узрываюцца лямпачкі. Ледзь не загінуў!
Трэба было выратоўваць памяшканне. Вычарпаў ваду – паркет пачаў уздымацца. Пасунуў сейф, стол на цэнтр, каб яго прыціснуць. Потым гляджу: плёнкі расплавіліся і склеіліся. Выкінуў іх у сметнік. Але ноччу не спіцца, думаю: можа, што-небудзь захавалася?
На наступны дзень дастаю гэтыя плёнкі, пачынаю іх раздзіраць і бачу, што па краях яны расплавіліся, але штосьці захавалася. Думаю: «Гэта ж ноў-хаў! Радыяцыя раз’ядае наша жыццё…»
Расплаўленыя плёнкі – гэта выдатны мастацкі ход! Пасля гэтага браў плёнкі, клаў на чайнік і кіпяціў. Гэта быў 1989 год. І ёсць цэлая серыя здымкаў, якія я накіпяціў.
Калі б быў мастаком, выстаўляў бы іх на розных выставах. Казаў бы: які я геній! Але ў 1989-м, 1990-м, 1991-м нас хвалявала зусім іншае.
Мы думалі пра Беларусь, пра незалежнасць, пра светлую будучыню. Гэтыя плёнкі я адклаў і зноў займаўся журналістыкай, бо на той момант мне здавалася, што гэтай працай карысці прынясу больш.
Вяртанне да веры (1990)
У 1990-я людзі вярталіся да веры. У мяне ёсць здымкі з першай службы Тадэвуша Кандрусевіча. На здымку на другім плане за Кандрусевічам малады Уладзіслаў Завальнюк.
Жанчыны працуюць над аднаўленнем Чырвонага касцёла. Дзядзька залез на крышу, каб дарабіць крыж. Ззаду бачны Дом ураду – вельмі сімвалічна.
Урочышча Курапаты (1992): «Я знайшоў чалавека, які ўзначальваў расстрэльную “тройку”: ён пераконваў мяне, што прысуды былі справядлівыя»
Гэта Курапаты, вандалы раскапалі магілы, паўсюль ляжаць чарапы, стаіць Зянон Пазняк і закрывае нос – пах быў вельмі моцны.
На першым мітынгу у Курапатах быў як журналіст. Мастака Міколу Купаву па дарозе схапілі і загрузілі ў машыну. Як зараз памятаю, гэта была «Волга». І мы з таварышамі (чалавекі чатыры нас было) паднялі яе ззаду. Колы круціліся, а «Волга» не магла паехаць. Хвілін пяць так трымалі. Але потым машына ўсё ж паехала. У той дзень я зрабіў сапраўды гістарычныя здымкі. Але адзін журналіст папрасіў негатывы для маскоўскага часопіса – і яны прапалі.
Тады я супрацоўнічаў з расійскай газетай «Собеседник» – першай каляровай газетай у Савецкім Саюзе. Гэта быў дадатак да «Комсомольской правды». У той час «Собеседник» быў самым крутым месцам для фотарэпарцёраў. Там быў надрукаваны мой рэпартаж 1989 года пра Курапаты, там было інтэрв’ю з Пазняком. І я знайшоў чалавека, які ўзначальваў тую самую «тройку», якая судзіла людзей падчас рэпрэсiй. Адна частка матэрыялу была інтэрв’ю з Пазняком, другая – з чалавекам, які узначальваў гэту расстрэльную «тройку». І вось гэты таварыш пераконваў мяне, што яны выносілі прысуды справядліва.
Рэпартаж з Босніі і Герцагавіны (1992): «У хлопцаў ногі адарваныя супрацьпехотнымі мінамі. На здымку яны ўсміхаюцца»
У нас была інфармацыя, што там ваююць беларускія наёмнікі, і я вырашыў з’ездзіць, паглядзець. Але высветлілася, што ў гэтым атрадзе беларусаў не было – толькі рускія і ўкраінцы.
У «Народнай газеце» выйшла серыя матэрыялаў. Сярод іх – інтэрв’ю з Радаванам Караджычам, які ў той час быў кіраўніком Рэспублікі Сербскай.
На першым здымку – атрад «Царскія ваўкі». Другі здымак зроблены ў шпіталі. У хлопцаў ногі адарваныя супрацьпехотнымі мінамі. На здымку яны ўсміхаюцца, але, думаю, праз нейкі час, калі яны стануць старэйшымі, будуць успамінаць пра вайну з сумам.
Новы этап жыцця: «У рэшце рэшт уласная газета перамагла»
У 1994 годзе мы стварылі газету «Туризм и отдых». Тады я працаваў палітычным аглядальнікам у «Народнай газеце», але быў вельмі актыўным турыстам, удзельнічаў у паходах другой, трэцяй і пятай катэгорыі складанасці.
У рэшце рэшт уласная газета перамагла, я пакінуў палітычную журналістыку і стаў заснавальнікам і рэдактарам турыстычнага выдання.
Быў рамантызм – паўсюль паездзіць, паглядзець. У другой палове дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя выкарыстоўваў любую магчымасць выправіцца куды-небудзь: Кітай, Куба, Тайланд і гэтак далей.
А потым мне гэта стала менш цікава. Убачыў, што іншыя краіны могуць зняць і замежныя журналісты, а пра цікавосткі Беларусі ў тыя часы амаль ніхто не расказваў. І пачынаючы з 1995 года я пачаў ездзіць і здымаць сваё.
Спачатку ў газеце ўсё больш месца выдзялялі для матэрыялаў пра Беларусь. Потым узнікла жаданне выдаваць альбомы і даведнікі, я заснаваў краязнаўчае выдавецтва. Далей мы зрабілі інтэрнэт-рэсурс «Планета Беларусь». На ім ужо зараз прадстаўлены амаль усе цікавосткі нашай краіны. Але гэта ўжо iншы этап жыцця, пра які трэба расказваць асобна.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: уласны архіў Сяргея Плыткевіча.