З 25 па 29 сакавіка ў кінатэатры «Піянер» сёмы раз будзе праходзіць фестываль амерыканскай дакументалістыкі. Добрае і актуальнае кіно ў Мінску паказваюць не так шмат, таму адшкадуйце час і абавязкова схадзіце.
Якая тэма фэсту сёлета?
Фестываль прысвечаны Месяцу жаночай гісторыі ў ЗША і ролі жанчын у амерыканскім грамадстве.
І што пакажуць на гэты раз?
Цягам пяці дзён пакажуць 6 стужак, якія заваявалі прызнанне аўдыторыі і кінакрытыкаў па ўсім свеце.
25 сакавіка (панядзелак): «Гаджэт-дзяўчаты»
Пра што: у летніку GADgET дзяўчынкі знаёмяцца з асновамі тэхнічнай творчасці і прымяненнем на практыцы дакладных і прыродазнаўчых навук. Фільм яскрава паказвае, з якімі складанасцямі сутыкаюцца жанчыны пры выбары больш традыцыйных для мужчын сфер дзейнасці.
Чаму варта глядзець: фільм дэманструе, чаму жанчынам складана ў «традыцыйна мужчынскіх» прафесіях. Да таго ж на паказе будзе прысутнічаць рэжысёрка фільма Рызэ Сандэрс-Вайр, якая з задавальненнем адкажа на пытанні гледачоў пасля сеансу.
25 сакавіка (панядзелак): «Гераін(я)»
Пра што: у горадзе Ханцінгтан, што ў Заходняй Вірджыніі, традыцыйна ўжываюць шмат наркотыкаў. Мясцовыя ўлады падлічылі: перадазіровак тут у 10 разоў больш, чым ва ўсіх ЗША. Галеча, бяспраўе, нарката. І толькі тры жанчыны, якія стараюцца супрацьстаяць гэтай згубнай трыядзе.
Чаму варта глядзець: тэма наркаманіі і пакарання за яе ў Беларусі набыла такія катастрафічныя маштабы, што ледзь не кожны з нас можа расказаць страшную гісторыю пра сваіх сяброў і знаёмых. Тым больш цікавы вопыт барацьбы з наркотыкамі.
26 сакавіка (аўторак): «Я – Джэйн Доў»
Пра што: пра аб’яднаную барацьбу маці дзяўчынак, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі для камерцыйнага сэксу на сайце аб’яў Backpage.com.
Чаму варта глядзець: пасля паказу фільма ў ЗША ўзнялася хваля пратэстаў, якая ў выніку прывяла да крымінальнага пераследу дзейнасці кіраўнікоў інтэрнет-імперыі Backpage.
27 сакавіка (серада): «Балансіроўка шаляў»
Пра што: гэта праніклівы погляд на гісторыю жанчын-юрыстак у Амерыцы і іх ролю ў станаўленні раўнапраўя паміж жанчынамі і мужчынамі.
Чаму варта глядзець: гэта гісторыя без хэпі-энду. Аказалася, што за тыя дзесяцігоддзі, што жанчыны прыйшлі ў юрыспрудэнцыю, іх дыскрымінацыя стала больш вытанчанай. У выніку сёння маладыя жанчыны масава пакідаюць прафесію.
28 сакавіка (чацвер): «Эла Брэнан, галоўная на кухні»
Пра што: Эла Брэнан – легендарнае імя ў рэстараннай індустрыі. Яна добра вядомая на радзіме ў якасці матрыярха наваарлеанскага рэстараннага бізнесу і рэвалюцыянеркі крэольскай кухні.
Чаму варта глядзець: каб паглядзець, як адна жанчына можа змяніць цэлую індустрыю.
29 сакавіка (пятніца): «Бомба: гісторыя Хедзі Ламар»
Пра што: пра жыццё і кар’еру галівудскай зоркі і недаацэненай геніяльнай вынаходніцы Хедзі Ламар.
Чаму варта глядзець: выдатная гісторыя, якая была ацэнена журы і гледачамі шматлікіх кінафестываляў.
Калі пачынаюцца сеансы? І колькі каштуе квіток?
Пачатак сеансаў у 18:30. Уваход вольны. Квіткі можна атрымаць у дзень паказу з 12:00 у фае кінатэатра.