На экскурсiю гiсторыка Сяргея Харэўскага па Ракаўскім прадмесці прыйшло так шмат людзей, што здзiвiўся нават сам экскурсавод. Хаця прадмесце невялiчкае, амаль кожны будынак тут мае сваю загадкавую гісторыю. CityDog.by занатаваў самыя-самыя.
Часткі туалета Кацярыны Пачалася экскурсія ад сабора Святых Пятра i Паўла – гэта найстарэйшы мураваны храм у Мінску. У 1611 годзе княгiня Аўдоцця Друцкая-Горская ахвяравала для яго пляц на вулiцы Юр’еўскай. У сваiм тастаменце княгiня напісала, што хоча, каб брацтвам святых Пятра i Паўла апекаваліся шляхціцы-кальвіністы Януш Радзiвiл, Ян Агiнскi ды Марцiн Валадковiч. Такім, якім мы бачым храм сёння, ён быў і ў 1630 годзе. Праўда, вярнулі сённяшні выгляд падчас рэстаўрацыi 1979-1984 гг. Дарэчы, унутры будынка знайшлі падмуркi дзвюх вежаў, па якіх можна меркаваць, што тут мусiлi будаваць храм-крэпасць. Не дзіва: напрыклад, напрыканцы 9-месячнага стаяння ў Менску гетмана Мазепы казакі рабавалі храм. Але менчукі розных веравызнанняў выратавалі царкву. Ці вось вам праявы мясцовага патрыятызму: у 1735 годзе п’яная шляхта прыляцела на конях і страляла па абразах храма. Драматычнасці гэтаму брутальнаму выпадку надае той факт, што на чале хеўры стаяў нейкi Адам Стацкевіч – прапрапраўнук аднаго з фундатараў храма. Падчас рэстаўрацыi была надзея, што на храме атрымаецца аднавiць вонкавыя фрэскi. Іх ў старажытным Менску рабiлi па запазычанай з Балканаў традыцыі распісваць фасады цэркваў у выглядзе вынесенага вонкi iканастаса. Але пажары i пашкоджаннi амаль незваротна знiшчылi гэты жывапiс. А гэта – інтэр;ерныя роспісы ў царкве. Фота К. Шастоўскага. На момант далучэння да Расiйскай iмперыi гэта быў адзiны праваслаўны храм у Менску i Менскім павеце, а ў брацтве было ўсяго пяць манахаў. Імператрыца Кацярына, дазнаўшыся «про бедственное положение православных», надала храму званне сабора і падаравала «часть своего туалета» (што мелася на ўвазе, не ўдакладняецца), а таксама тры падсвечнікі. Двухпавярховы будыначак за храмам злева i агароджа – гэта тое, што засталося ад храма 1870 года. Пасля паўстання Калiноўскага губернатар Мураўёў-вешальнiк вырашыў дадаць сабору рускасцi, і храм набыў рысы яраслаўска-суздальскага дойлідства. У такiм выглядзе царква заставалася да Другой сусветнай вайны. З прыходам у горад нацыстаў у царкве аднавiліся службы і працягваліся да 1945 года. У 1979 годзе пачалiся рэстаўрацыйныя работы. Дома побач яшчэ не было – першая секцыя з’явiлася толькi ў 1984 годзе. «Я яшчэ хадзiў мiма гэтага храма, страшнага, аблупленага, з адной вежай, але ж тады ён здаваўся проста гiганцкiм: вакол былi домiкi на адзiн-два паверхi, i далёка было вiдаць з узбярэжжа, з Верхняга горада, як узносiцца агромністая гэтая вежа».
Вуліца-прывід і невядомы касцёл Ідзем угару, цяпер гэта прывiд былой Новафранцiшканскай вулачкі – брукаваная сцежка да аркi. Сяргей пачынае распавядаць пра прыгоды францiшканскага манастыра. Амаль на месцы, дзе заканчваецца сучасная лесвiца пад аркай, стаяў кармелiцкi кляштар, фундаваны ў 1703 годзе Тэадорам Ванькавічам. Дарэчы, два паверхi трохпавярховага будыначка, які можна бачыць i зараз (правы будынак на фота ўнізе) – гэта рэшткi колiшняга кармелiцкага кляштара. Адзiн з найстарэйшых будынкаў, якiя захавалiся ў сучасным Мінску, – ён стаіць тут з 1765 года. У гэтым жа годзе пабудавалі вялікі прыгожы касцёл Маці Божай Шкаплернай. Позняе барока, мудрагелiсты франтон, 9 алтароў, крыпта. Але цягам XVIII стагоддзя яго нават не паспелi атынкаваць, а тым часам само брацтва кармелiтаў выгналі з Менску i ўвогуле з Расійскай iмперыi. Кляштар з касцёлам перадалі францiшканам. Самi францiшканы, якiя на той час сядзелi на вулiцы Францiшканскай (цяпер – Ленiна), пераехалi сюды. Іх драўляны касцёл перанеслі на Кальварыю. I ў вынiку гэтых пертурбацыяў вулiца стала звацца Новафранцiшканскай, а цяперашняя Ленiна – Старафранцiшканскай. Напрыканцы 1960-х гадоў касцёл быў цалкам зруйнаваны.
Манмартр, падзямеллі і габрэйскі ЗАГС Ідзем далей па вуліцы Ракаўскай. У 1970-я гады гэты раён быў своеасаблiвым мінскiм Манмартрам: тут было шмат майстэрняў мастакоў. Увогуле ў старых дамах захавалася шмат дэталяў: цiкавыя кафляныя печы, антыкварная мэбля, каваныя гаўбцы i брамы, якiя стваралi непаўторны малюнак вулiцы i асаблiвую атмасферу. У Ракаўскiм прадмесцi здымалася шмат фiльмаў : «Руины стреляют в упор», «Освобождение», «Чужая бацькаўшчына». Так, у ружовым дамку месцiлася майстэрня Міхася Раманюка, славутага мастацтвазнаўцы. А наступны, найстарэйшы на гэтай вулiцы будынак канца XVIII ст. пабудаваны габрэйскай грамадой для вяселляў – такi правобраз сучаснага ЗАГСа (жоўценькі дом на фота ўнізе). У XX ст. там з’явiўся першы мінскi кiнатэатр. Другiм будынкам такога тыпу быў той, дзе зараз знаходзiцца рэстаран «Ракаўскi бровар». Апроч таго, з пачатку XX ст. і да 1924 г. у будынку «Ракаўскага бровару» змяшчалася габрэйская мужчынская духоўная школа. Хлопцам наш экскурсавод, якi жыў тут i вучыўся ў школе №26, аблазiў усе склады, скляпеннi i дрывотнi, iх было досыць навокал: «Аднойчы правалiлiся праз макулатуру, заскладаваную тут, i апынулiся аж на Замкавай». Усе пагоркi, перапады рэльефу на Ракаўскiм прадмесцi, як кратовымi норамi, наскрозь парэзаны старымі скляпеннямi i падваламi.
Тайны хлебазавода Напрыканцы XIX ст. гэты квартал амаль цалкам быў нежылым, тут месцiлiся розныя прадпрыемствы. Ажно 7 вытворчасцяў шпалераў! Прычым менскiя шпалеры лiчылiся найлепшымi ў Расійская iмперыi i атрымлiвалi медалi ў Берлiне, Празе, Варшаве. У гэтай краме рамантавалi абутак, мусiць, гадоў сто таму. Харэўскi: «Я ўдзячны новым уласнiкам, якiя парупiлiся i ўсе ж такi аднавiлi яе». Будынак хлебазавода стаў такiм толькi ў 20-я гады, з 1923 года тут пачалі вырабляць хлеб. «Там унiз iдуць два, а недзе i тры паверхi, там каласальныя падвалы, сутарэннi, гэткi горад у горадзе». Па ўсёй вулiцы аж да 80-х гадоў пахла драўляным дымам i хлебам…. Карычневы дом пад новым дахам – 1878 года: да рэвалюцыi там было духоўнае габрэйскае вучылiшча, дзе вывучалi Тору. А ў 1920-я гады там стварылi габрэйскi педагагiчны тэхнiкум – так званы «гехтытут». Да нядаўняга часу там на фасадзе захоўваліся каваныя кранштэйны з датай 1927 i лiтарамi ЯПТ. Усе хадзiлi i разважалi, што б гэта магло значыць. На жаль, кажуць, што будынак хлебазавода ўжо прададзены iнвестару i пойдзе пад знос. Як i дзiцячая пляцоўка ў глыбiнi двароў, разам з двума даваеннымi дамкамi, якiя зусiм няблага захавалiся дагэтуль.
Старажытны крыж, Тора і флюгер Сяргей звяртае нашу ўвагу на два будынкi на другiм баку вулiцы. Першы – вiдавочна стары цагляны: там захавалася мезуза – пенал пры ўваходзе ў габрэйскi дом, дзе месцiўся рукапiсны скрутак Торы. А насупраць – пабудаванае ў 1982 г. (яшчэ да перабудовы!) епархiяльнае ўпраўленне з саборам Святых Пакутнiкаў на першым паверсе i флюгерам са святым Георгiем. Ва ўнутраным дворыку яшчэ адзiн цуд – каменны крыж, якi быў перанесены сюды з пагосту Васкрасенскай царквы. Сама царква, на жаль, не захавалася, i нават ейнага следу на картах дакладна не пазначана. Пра тое, што яна стаяла тут, недалёка ад скрыжавання Ракаўскай i Замкавай вулiц, стала вядома з трох старых планаў горада.
Архiтэктурныя забаўкi Далей па Ракаўскай можна пабачыць, як выкручвалiся менчукi з нагоды дарагавiзны зямлi. Невялiчкi жоўценькi дом, калi прыглядзецца, мае пяць кутоў: трэба было i дом паставiць, i пажарную бяспеку захаваць. Наступны чатырохпавярховы – адзiн з першых жылых дамоў, пабудаваных ў 20-х гг. XX ст.
З пляцоўкi за iм добра вiдаць дзiўны шэра-чорны будынак, якi прызначаўся iракскаму пасольству. Сяргей Харэўскi зазначае, што пры будаўнiцтве былi вiдаць два цi тры паверхi, якiя сыходзiлi пад зямлю. «Хто там зараз – нiхто не ведае…» Натоўп iдзе да кiнатэатра «Беларусь» – да 60-х гадоў тут быў Юбiлейны кiрмаш. А зараз стаiць першы мінскi хмарачос. Як яго толькi не называлi! I «флакон», i «треуголка»! Будынак, якi спраектаваў Пётр Кракалёў, мае 102 метры ў вышыню, i паколькi стаiць на адным з самых высокiх месцаў Мінска, наўрад цi хутка страцiць свой статус самага высокага будынка горада. Архiтэктар задумваў наверсе публiчную аглядальную пляцоўку, аднак зараз на верхнiх паверхах арэндуе памяшканнi прадстаўнiцтва Краснадарскага краю, i доступу няма. А шкада: вiдарыс цудоўны, бачны ўвесь горад! Гэтае месца – самы цэнтр мінскага гета, пра што нагадвае мемарыяльны знак на рагу сквера. Ракаўскае прадмесце заканчваецца вулiцай Сухой (гэта было самае высокае і сухое месца ва ўсiм горадзе) i габрэйскiмi могiлкамi, куды ў час вайны нацысты звозiлi хаваць габрэйскiх дзяцей з усёй Еўропы. Браму гэтых старажытных могiлак зруйнавалi толькi ў 1950-я. На шчасце, 20 год таму пытанне мемарыялiзацыi было ўзнятае, i нямецкiя габрэi, чые родныя былi закатаваныя тут, змаглi паставiць памятныя знакi. Адсюль, з краю горада, пачыналася Кальварыйская дарога, абсаджаная прысадамi з бярозы, якую цудоўна апiсваў Павел Шпiлеўскi. |
Фота Аляксей Літвінка, oldmensk.net, radzima.org.
PS Организаторам, кстати, большое спасибо!
Спасибо огромное организаторам. Мой любимый Минск