Люди, истории Подкасты
CityDog.io
2

«Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах». Тут 11 фактаў пра жанчыну, якую ўлады гвалтам вярнулі ў Беларусь з-за мяжы. Але яе гісторыя вас натхніць

«Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах». Тут 11 фактаў пра жанчыну, якую ўлады гвалтам вярнулі ў Бел...
У панядзелак, 6 лютага 2023 года, Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне камісіі для працы з тымі беларусамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму пасля падзей 2020 года. Лукашэнка і прапагандысты называюць такіх людзей на манер блатной «фені» «збеглымі» і «злачынцамі». Але, маўляў, калі тыя пакаяцца і стануць ярымі ябацькамі, «мы даруем».

У панядзелак, 6 лютага 2023 года, Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне камісіі для працы з тымі беларусамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму пасля падзей 2020 года. Лукашэнка і прапагандысты называюць такіх людзей на манер блатной «фені» «збеглымі» і «злачынцамі». Але, маўляў, калі тыя пакаяцца і стануць ярымі ябацькамі, «мы даруем».

Цікава, што ў гісторыі Беларусі быў яскравы прыклад таго, як сістэма стараецца зламацць такіх людзей. І як людзі застаюцца пры сваіх перакананнях да смерці. Мы маем на ўвазе паэтку, пісьменніцу і грамадскую дзяячку Ларысу Геніюш. Вось 11 цікавых фактаў пра гэту жанчыну, якая стала гонарам і годнасцю свядомых беларусаў.

ВАЖНА: гэты тэкст ўпершыню быў апублікаваны ў лютым 2023 года. 30 сакавіка стала вядома, што пасля патрабаванняў прарасійсіх актывістаў і прапагандыстаў помнік Ларысе Геніюш тайна ўночы знік з тэрыторыі праваслаўнай Свята-Траецкай царквы ў Зэльве.

А ў жніўні 2023 года беларускія чыноўнікі назвалі зборнік твораў Ларысы Геніюш «экстрэмісцкім».

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

Спачатку пару слоў пра тое, хто такая Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтка, пісьменніца і грамадская дзяячка. Для беларускага руху яна стала сімвалам антысавецкага супраціву. Дзякуючы цвёрдым і самаахвярным перакананням яе называлі Нязломнай, Няскоранай – бо да канца свайго жыцця ні яна, ні яе муж Янка Геніюш так і не прынялі савецкага ладу, нягледзячы на ціск з боку ўладаў.

Ларыса паходзіла са старога шляхецкага праваслаўнага роду Міклашэвічаў. Лёс яе быў досыць складаны: 8 гадоў ёй з мужам давялося правесці ў лагеры, прайсці праз катаванні і допыты, і самае галоўнае – яе назаўжды разлучылі з сынам. Пасля выхаду на волю яна да канца жыцця знаходзілася пад пастаянным ціскам савецкіх спецслужб. Не дзіва, што дагэтуль (!) Геніюш не рэабілітавалі. Тым не менш у пасёлак Зэльва, дзе жыла спадарыня Ларыса, як у пілігрымку, і да сёння з’язджаюцца людзі з усёй Беларусі.

Першы паслялагерны зборнік паэзіі Геніюш рэдагаваў сам Уладзімір Караткевіч. Ён жа падштурхоўваў аўтарку і да напісання «Споведзі» – знакамітай кнігі ўспамінаў, якую тайна вывезлі з пасёлка і надрукавалі. Варта ўспомніць і радкі «Як жыць – дык жыць для Беларусі, а без яе зусім не жыць…» – яны сталі ўжо народнымі, але мала хто ведае, што іх напісала менавіта Ларыса Геніюш.

Ларыса Геніюш.

ВАЖНА: У артыкуле выкарыстаны цытаты з кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш «Споведзь» (аўтарскія правапіс і стылістыка захаваны). Вось тут можна пачытаць твор анлайн.

Вершы Ларысы Геніюш называлі «глюкоза»

Паэтка з дзяцінства была даволі рэлігійнай, таму ў яе былі ўсе шанцы з цягам часу зрабіцца матушкай пры праваслаўным святары. Але Ларыса выбрала для сябе іншы лёс – і ў найгоршыя часы стала «маці» для зняволеных беларусаў, якія заўсёды чакалі яе вершы як глыток свежага паветра і падтрымкі, якая дапамагае спраўляцца з цяжкімі жыццёвымі абставінамі.

За гэта вершы аўтаркі называлі яшчэ «глюкоза», бо для многіх яны былі асноўнай крыніцай энергіі ў зняволенні. Ды і сама паэтка адзначала, што пачала друкаваць свае творы дзеля таго, каб маральна падтрымліваць беларусаў.

«Трэба было бараніць душы людзей ад германізацыі і фашызацыі вартасьцямі народнай душы, культуры. Газэты за акупацыі былі гадкія, і толькі прабіваліся там іскры вершаў, з чаго і трэба было скарыстаць. Друкавалася я толькі ў “Раніцы” – газэце для беларусаў за межамі сваяго краю...»

Ларыса Геніюш у маладосці.

З мужам Янкам у іх быў даволі складаны і часам рызыкоўны перыяд заляцанняў

Да Ларысы сваталася шмат семінарыстаў, але яна выбрала студэнта медыцынскага факультэта Карлава ўніверсітэта. Тым не менш спадабаўся будучы муж паэтцы не адразу: «Ня мог спакойна прайсьці ля мяне й лапаў усё, ня толькі за рукі, аж я зазлавалася».

Але потым Янка змяніў сваю «тактыку». Вось як апісвала гэта аўтарка: «Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму – а быў ён у маім пакоі, – калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі. Уваходжу зь лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрай ночы. Такое джэнтэльмэнства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта – усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату».

Янка і Ларыса Геніюш з сынам Юркам.

Геніюш ледзь не стала на чале беларускай дзяржавы

У 1943 годзе памёр ад сухотаў старшыня Рады БНР Васіль Захарка. Перад смерцю ён казаў, што вельмі хацеў бы, каб яго месца заняла менавіта Ларыса Геніюш, але ў тыя часы на такія пасады не прызначалі жанчын.

Паэтка зрабілася генеральнай сакратаркай Урада БНР у эміграцыі. Яна захоўвала і парадкавала архіў БНР, дапамагала беларускім эмігрантам, палітычным уцекачам і ваеннапалонным. Найбольш каштоўную частку архіва Ларыса адправіла ў недаступнае для органаў НКУС і МДБ месца. Пазней за гэты архіў яе і будуць катаваць.

Яе «злілі» чэшскія ўлады – праз іх яна трапіла ў савецкі ГУЛАГ

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Ларыса і Янка, баючыся, што іх могуць арыштаваць і пакараць у сталінскім СССР, дабіваюцца чэшскага грамадзянства (на той момант сям’я жыла ў краіне ўжо 10 гадоў). Але пад савецкім прымусам сілавікі ўсё ж такі арыштоўваюць пару, пазбаўляюць грамадзянства, каб мець магчымасць выдаць Савецкаму Саюзу, і выдаюць.

У мінскай турме паэтку ўсімі спосабамі катавалі. Дапытваў яе і міністр дзяржбяспекі БССР крыважэрны Лаўрэнцій Цанава, які любым чынам намагаўся здабыць архівы БНР. Але пасля таго, як Ларыса адмовілася даваць паказанні на рускай ці чэшскай мовах, Цанава ледзь не звар’яцеў і загадаў дапытваць паэтку дзень і ноч. Следчыя пагражалі голай павесіць яе на вуліцах Мінска. «Усіх нас вам не перавешаць», – адказала Ларыса.

Суд прысудзіў Ларысе і Янку Геніюшам па 25 гадоў пазбаўлення волі – па артыкуле 58 «Дзяржаўныя злачынствы і контррэвалюцыйная дзейнасць». Асабістым нумарам паэткі ў «Мінлагу» (у пасёлку Інта ў Комі) быў 0-287.

Тая самая лагерная роба Геніюш захавалася ў Беларускай бібліятэцы-музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.

У мінскай турме яе наглядчыкам быў зямляк, якога Ларыса Геніюш ведала яшчэ з юнацтва

Як яна пісала ў сваіх мемуарах, «гэты тупы, цёмны чалавек нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне», а ў турме быў важнай асобай – «і зьдзекаваўся нада мной, як апошні садыст».

Па ўспамінах аўтаркі, гэты наглядчык прыходзіў да яе ў камеру і асабіста адводзіў яе ў лазню, прысутнічаў пры купанні, «паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас».

Помнік Геніюш каля зэльвенскай Траецкай царквы.

У ГУЛАГу яна не давярала беларускам, якіх лічыла «купленымі». Тым не менш дзякуючы ёй у лагерах утвараліся сем’і

Знаходзячыся ў лагеры, Ларыса Геніюш не давярала беларускам – думала, што «ўсіх іх запалохалі й купілі», таму «ніводнай нельга было верыць». Пры гэтым паэтка загадвала дзяўчынам перапісвацца з хлопцамі-беларусамі. Многія з пар, якія такім чынам утвараліся, браліся шлюбам: «Загадала ім пісаць сябрам, а хлопцам – апекавацца выбранымі. Многія з такіх “параў” пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы... адчувалі абавязкі адносна сваіх».

Пасля выхаду з турмы Ларыса так ніколі ў жыцці не бачыла свайго сына Юрку

Адной з самых вялікіх трагедый у жыцці паэткі стала расставанне з сынам Юркам. Малы нарадзіўся ў 1937 годзе, і ў 1947, калі Геніюшаў выдалі савецкім уладам, сына ўдалося пакінуць у Польшчы. Спачатку ён жыў у кума, потым у сваякоў – так Юрка стаў фактычна сіратой пры жывых бацьках.

На шчасце, сын пазбег лагераў, але пасля вызвалення бацькоў ён так і не змог з імі сустрэцца. У 1979 годзе памёр Янка, а паэтцы не дазвалялі паехаць да сына, які жыў па іншы бок савецка-польскай мяжы – у Беластоку.

Пра сваю віну перад сынам паэтка пісала так: «Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын... Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, – Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату...»

Такія лісты з казкамі паэтка дасылала сваім унукам.

Да канца жыцця Ларыса Геніюш адмаўлялася прымаць грамадзянства СССР

Да канца жыцця Ларыса Геніюш знаходзілася «пад каўпаком» савецкіх спецслужбаў, якія патрабавалі ад яе прыняцця савецкага грамадзянства. Але для паэткі гэта азначала паразу, здраду найважнейшаму ў самой сабе і ў сваёй беларускасці. У яе пашпарце стаяў штамп «Без грамадзянства» з прыпіскай ад рукі: «Былая грамадзянка Чэхаславацкай рэспублікі».

Вось як пісала паэтка ў адным з лістоў знакамітаму беларускаму літаратуразнаўцу Адаму Мальдзісу ў 1968 годзе: «Візыт Аляксея Карпюка і патрабаваньне грамадзянства без рэабілітацыі даканалі мяне канчаткова. Аб грамадзянстве думаю, але бярэ мяне жах, калі ўспомню свае мучэньні і тое, што палічылі іх заслужанымі. Кінга зрабіла чалавекам не ягонае амэрыканскае грамадзянства, а змаганьне за волю суайчыньнікаў. Калі вазьму грамадзянства, яны мяне даканаюць. Яны мяне пераніцуюць, як старую вопратку на новы манер, а мне ўсё гэта нецікава».

З-за кепскай беларускай мовы акцёраў Геніюш расчаравалася ў Купалаўскім тэатры

Пасля прагляду пастаноўкі купалаўцаў у Маладзечне аўтарка пісала, што вельмі нервавалася, асабліва слухаючы галоўнага рэжысёра Раеўскага.

«Божа мой, як знэрваваліся мы ўчора, гледзячы на купалаўцаў у Маладзечне. Галоўнае – слухаючы галоўнага рэжысэра Раеўскага! Што гэта – творыцца новая беларуская мова? Каму ж яе несьці як узор, як не купалаўцам? Адзіны тэатар і на такой “вышыні”! А гэтыя выйгрышныя сцэнкі з Шукшына? Такое трэба пакідаць для “Тэатру сатыры”. Ды і ў “Паўлінцы” шаржыравалі – а гэта віна рэжысуры! Такія танныя эфэкты і такі ўстыд!»

Беларускія ўлады дагэтуль не хочуць рэабілітаваць Ларысу Геніюш

Пасля смерці Сталіна Геніюшаў адпусцілі з лагера, але поўнай іх рэабілітацыі дагэтуль не адбылося. Адпаведныя органы перагледзелі справу вязняў і прызналі іх вінаватымі роўна на столькі, колькі яны паспелі ўжо адседзець, – 8 гадоў. То бок Ларысу і Янку хоць і выпусцілі, але абвінавачванняў не знялі.

У 1999 годзе Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь з хадайніцтвам аб адмене выраку Геніюшам. Але пракуратура пераадрасавала зварот у Вярхоўны суд, адкуль прыйшла адмова: паэтка «абгрунтавана не падлягае рэабілітацыі», а прычыны адмовы «могуць быць паведамленыя толькі самай рэпрэсаванай» (пры тым, што пісьменніца памерла ў 1983 годзе).

Падобны адказ быў атрыманы ў 2017 годзе актывістамі моладзевага крыла БНФ.

Гімназістка Ларыса.

…і на дом, дзе жыла паэтка, дагэтуль не дазваляюць павесіць мемарыяльную шыльду

У Зэльве побач з царквой і цяпер стаіць драўляная хата, у якой Ларыса Геніюш пражыла 27 гадоў – спачатку з мужам, а пасля яго смерці адна, на невялікую пенсію, якую налічвалі ёй улады. У 2007 годзе на дом Геніюшаў павесілі мемарыяльную шыльду, але міліцыянты знялі яе амаль адразу пасля ўсталявання (атрымліваецца, што аўтарку баяцца яшчэ і дагэтуль?).

У зэльвенскі перыяд сваёй біяграфіі Геніюш была адной з актыўных прыхаджанак мясцовага храма, таму за заслугі перад праваслаўнай царквой ёй паставілі помнік на цвінтары каля зэльвенскай Траецкай царквы – і гэта адзіны такі выпадак на ўсю Беларусь.

Дом Геніюшаў у Зэльве.

А ў лістападзе 2022 года блогерка-прапагандыстка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» – і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Planetabelarus.by, адкрытыя інтэрнэт-крыніцы.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter