Гайды, разборы
CityDog.io

«Да канца 90-х каля ўваходаў у метро пасвіліся каровы». Вось 11 крутых месцаў мікрараёна Усход-1, пра якія вы, напэўна, нічога не ведалі. Плюс шмат фота

«Да канца 90-х каля ўваходаў у метро пасвіліся каровы». Вось 11 крутых месцаў мікрараёна Усход-1, пра як...
Мы распачынаем новую рубрыку «Арыштаваныя экскурсаводы», дзе беларускія экскурсаводы і экскурсаводкі, якія вымушана з’ехалі з краіны, будуць дзяліцца з намі сваімі мінскімі маршрутамі.

Мы распачынаем новую рубрыку «Арыштаваныя экскурсаводы», дзе беларускія экскурсаводы і экскурсаводкі, якія вымушана з’ехалі з краіны, будуць дзяліцца з намі сваімі мінскімі маршрутамі.

Калі вы ў Мінску, можаце браць гэты матэрыял за аснову і ісці гуляць па маршруце

Так вы зможаце лепш разгледзець месцы і элементы, пра якія вядзецца ў артыкуле. А калі вы за мяжой ці проста ў іншых гарадах Беларусі, чытайце матэрыял і глядзіце карцінкі – гарантуем, што таксама даведаецеся шмат цікавага.

Наша экскурсаводка – Вольга (46). Па першай прафесіі яна тэхнар, у свой час скончыла БДУІР. Але разам з тым Вольга вельмі любіць вандроўкі, шмат ездзіла па Беларусі і ўдзельнічала ў краязнаўчых праектах як IT-валанцёрка. У 2020 годзе жанчына вырашыла зрабіць хобі сваёй другой прафесіяй і атэставалася на экскурсаводку.

– Мае любімыя кірункі – гэта Палессе і родны Мінск. Канешне ж, я вадзіла аглядныя экскурсіі, але і больш падрабязна вывучала гісторыю раёнаў, дзе сама жыла: Усход-1, вуліца Чырвонаармейская і парк Горкага.

Зараз Вольга жыве ў Вільнюсе, куды вымушана была з’ехаць пасля пратэстаў 2020 года. Кажа, што пакуль што «напаўняецца горадам», ходзіць і няспешна глядзіць на матэрыяльныя сведчанні з той гісторыі, пра якую раней толькі чула: «Але і расказвала ўжо сябрам пра беларускія мясціны Вільнюса, ім спадабалася».

1Дамы з мазаікамі на праспекце Незалежнасці

Візітоўка мікрараёна – гэта чатыры вялізныя мазаікі на дамах на праспекце Незалежнасці. Яны маюць назвы «Горад-герой», «Горад навукі», «Горад-будаўнік», «Горад мастацтваў» і у алегарычнай форме паказваюць розныя бакі жыцця Мінска. У цэнтры ўсіх чатырох мазаік – постаць жанчыны з сынам-падлеткам. Пра тое, хто гэта такія, мы можам толькі здагадвацца.

Можа, гэта абстрактны вобраз Маці-Радзімы? А можа, адсылка да герба Мінска? Бо кампазіцыйна разам з фігурамі злева і справа гэты вобраз вельмі падобны на Божую маці з анёламі і херувімамі, якія месцяцца на мінскім гербе. А можа, гэта Рагнеда і Ізяслаў? Хлопец затуляе сабой маці, як бы абараняючы яе, і трымае ў руках кнігу – а Ізяслава ж і звалі князем-кніжнікам. Да таго ж мазаікі ствараліся ў 1976–1979 гадах, за некалькі гадоў да святкавання тысячагоддзя Заслаўя.

На мазаіцы «Горад навукі» нас сустракае Францішак Скарына – пачынальнік беларускай навукі. Наверсе – здалёк бачная галава касманаўта, бо палёты ў космас былі сапраўды самым яскравым дасягненнем навукі 70-х гадоў. А побач – уваход на станцыю метро «Усход», аздабленне якой падобнае на касмічны карабель. Калі ўважліва прыгледзецца да гэтай мазаікі, то можна пабачыць адсылкі да сусветнага мастацтва: да твораў Леанарда да Вінчы і Радэна.

Застаецца толькі дадаць, што аўтарам мазаік з’яўляецца Аляксандр Кішчанка – той самы, для чыйго «Габелена века» не знайшлося ў Беларусі залі дастатковай вышыні. Гэтыя ж мазаікі яшчэ больш агромныя – на 14 паверхаў.

2Памятная шыльда Віктару Тураву (пр-т Незалежнасці, 145)

У гэтым доме на праспекце Незалежнасці, 145 на працягу 21 года жыў рэжысёр Віктар Тураў – адзін з тых творцаў, дзякуючы якім кінастудыю «Беларусьфільм» жартам называлі «Партызанфільмам». Для самога рэжысёра выбар ваеннай тэматыкі не быў выпадковым: у вайну яго бацька быў расстраляны як партызан, а сам Віктар з маці і сястрой былі вязнямі нямецкага канцлагера.

Але экранізаваў Тураў і беларускую класіку: «Людзі на балоце» Івана Мележа і «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Дарэчы, «Шляхціц Завальня» стаў апошнім фільмам рэжысёра. Яго здымалі ў 1994 годзе – і гэта быў такі дзіўны час, калі не хапала грошай на кіно, але быў вялікі ўздым нацыянальнай культуры, цікавасць да сваіх каранёў.

Цікава, што ў падзяках да фільма «Шляхціц Завальня» стаіць «Беларуськалій» (менавіта ў шахтах здымалі пекла) і ўсе знакамітыя замкі Беларусі: Мірскі, Нясвіжскі і Косаўскі. У фільме можна ўбачыць стан Косаўскага замка да рэстаўрацыі, у якім ён прастаяў ад Другой сусветнай вайны да 90-х гадоў.

3Цырульня «Фантазія» ўнутры (пр-т Незалежнасці, 131/1)

Уваход у цырульню «Фантазія» – белыя кафляныя хвалі і жоўтыя мазаічныя палосы. А ўнутры захавалася цікавая дэталь, зробленая ў 70-80-я гады: вялікае шкляное пано над лесвіцай, на якім прадстаўлены стылізаваныя віды бытавых паслуг. Калі Усход-1 будаваўся, для ўсіх аб’ектаў сацкультбыта замовілі вялікія творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – у той час гэта было модна. Але захаваўся толькі гэты, прычым ён так прыхаваны, што нават з мясцовых жыхароў далёка не ўсе пра яго ведаюць.

4Нацыянальная бібліятэка і помнік Францыску Скарыне

Нацыянальная бібліятэка – архітэктурная дамінанта мікрараёна, зробленая ў форме геаметрычнай фігуры, якая называецца ромбакубаактаэдр. Вышыня бібліятэкі – больш за 70 метраў, а ўнутры захоўваецца каля 10 мільёнаў кніг.

Яшчэ ў канцы 90-х гадоў на месцы бібліятэкі былі вясковыя пейзажы: яблыневы сад, апошнія дамы вёскі Вялікая Слепня, а проста каля ўваходаў у метро пасвіліся каровы.

Вёска Вялікая Слепня вядомая з 1582 года як уласнасць самага знакамітага магнацкага роду Беларусі Радзівілаў. З сярэдзіны XVIII стагоддзя яна належала роду Ваньковічаў, з якога паходзіць знакаміты мастак Валенцій Ваньковіч.

5Сляпянская водная сістэма

Вілейска-Мінскую водную сістэму называюць водна-зялёным дыяметрам Мінска. А Сляпянская сістэма – гэта яшчэ дадатковае паўкола ад Цнянскага да Чыжоўскага вадасховішча, у тым ліку невялікая рэчка Сляпянка.

Гэтыя штучныя водныя сістэмы – самы маштабны праект ландшафтнага дызайну ў былым СССР. У 1989 годзе аўтарскі калектыў на чале з Мікалаем Жлобам атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне архітэктуры за «Архітэктурна-ландшафтныя комплексы ўсходніх раёнаў горада Мінска».

Спачатку гэта водная сістэма мела толькі практычную функцыю – забеспячэнне вадой мінскіх прадпрыемстваў. Аднак пры праектаванні дадалася і рэкрэацыйная функцыя, і цяпер мінчукі маюць прыгожыя месцы для адпачынку з паркамі, скверамі, фантанамі і штучнымі вадаспадамі.

6Алея арт-лавак і «бульвар Ціханоўскіх»

Алея арт-лавак з’явілася дзякуючы таму, што некалькі гадоў таму на безыменным бульвары мікрараёна зрабілі выставу лавачак ад прадпрыемстваў і ўстаноў Першамайскага раёна. Сярод іх ёсць вельмі фантазійныя – як, напрыклад, лаўка газавай службы, звараная з балонаў і труб. Таксама ёсць і высокамастацкія, і мінімалістычныя.

Цікава, што ў 2020 годзе гэты бульвар мясцовыя жыхары назвалі бульварам Ціханоўскіх – бо дом, у якім жылі Святлана і Сяргей з дзецьмі, стаіць менавіта ў гэтым месцы.

7Школа нумар 137 і маманты

Гэтыя мілыя скульптуры мамантаў з’яўляюцца нефармальным сімвалам мікрараёна Усход-1. Спытаеце, чаму менавіта маманты? А ўсё проста: падчас будаўніцтва тут знайшлі косткі гэтых гіганцкіх дагістарычных жывёлаў.

Зуб маманта з’яўляецца экспанатам у музеі школы №137. А сама школа была пабудавана разам з мікрараёнам і адкрыта ў 1976 годзе.

Цікава, што будавалася яна па эксперыментальным праекце. Асобны корпус для малодшых класаў, асобны – для старэйшых; свой басейн. Курыраваў будаўніцтва тагачасны кіраўнік БССР – першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Школа названа ў ягоны гонар, а ў школьным музеі ёсць прысвечаныя яму экспанаты.

Від на Сляпянскую водную сістэму ад школы.

8Паляна з творчасцю мясцовага цесляра, або ЖЭС-арт здаровага чалавека

Усходу-1 пашанцавала на свайго добрага анёла, які робіць яго двары адметнымі. Вось, напрыклад, россып драўляных скульптур. Іх робіць вельмі крэатыўны чалавек Сяргей Астапенка, які працуе цесляром у мясцовым ЖЭСе. Як вы можаце пабачыць, тут і ўсходнія матывы, і рыцары, і хатка Бабы Ягі, і шмат што яшчэ.

Мясцовыя жыхары прыносяць Сяргею непатрэбныя ім рэчы, а ён робіць вось такія цікавыя і часам іранічныя штукі. Дарэчы, на многіх скульптурах пазначаны тэлефон Сяргея – ён адкрыты да замоваў. Таксама можна аддаць яму непатрэбную палічку ці люстэрка – усё пойдзе на добрую справу.

А яшчэ з савецкіх часоў і да 1999 года ў раёна была і іншая цікавостка: проста на гэтым месцы стаяў чатырохматорны самалёт АН-12. У ім у розныя часы былі пнеўматычны цір і відэасалон. З выхаду спускалася горка, а побач была дзіцячая кавярня.

9«Максімава горка» – самы высокі пункт мікрараёна, дзе кампактна стаяць тры высоткі

Узвышша, якое цягнецца ад мамантаў і дасюль, мае мясцовую назву «Максімава горка», ці «Максімава гара».

Ёсць легенда пра волата Максіма. Спрадвеку ў наваколлі Вялікай Слепні былі вытокі рэчкі Сляпянкі, з вялікай колькасці крыніц і крынічак збірала яна сваю ваду. Кавалак зямлі тут атрымаў ад пана Максім – дужы хлопец, добры гаспадар.

І вось увесну рака разлілася, разбурыла дом, пашкодзіла ўсю Максімаву маёмасць. Узяўся хлопец закідваць крыніцы – а гэта спрадвеку лічыцца нядобрай справай, – насыпаў цэлую гару. Старыя адгаворвалі хлопца, пужалі вадзянікамі і крынічнымі духамі, але Максім упарціўся. Як згінуў хлопец, ніхто і не ведае. Але памяццю пра яго стала тая самая горка, якую ён насыпаў.

Што ж да саміх высотак, то гэта 16-, 18- і 20-павярховыя дамы, пабудаваныя па перадавой на той час маналітнай тэхналогіі. Дваццаціпавярховік быў самым высокім домам Мінска. Не дзіўна, што гэтыя будынкі любілі здымаць для фотаальбомаў і паштовак. І менавіта ў гэтым 20-павярховым доме жылі героі папулярнай у 80-я гады дзіцячай кнігі і аднайменнага фільма «Как я был вундеркиндом». У канцы ёсць эпізод, калі хлопчыкі з 20-га паверха разглядалі ў бінокль штыкі на Кургане Славы.

10Спартовы цэнтр «Працоўныя рэзервы»

Менавіта з гэтым спарткомплексам звязана самае маштабнае здарэнне ў раёне. 24 лютага 1985 года, у дзень выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы, загарэўся лёгкаатлетычны манеж. Пажарныя прыехалі праз 8 хвілін пасля выкліку, але полымя было такім моцным, што нічога ўжо зрабіць было немагчыма. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

«Дыверсія», – папаўзлі чуткі па горадзе. Але, як высветлілася пазней, падлеткі-лучнікі, якія трэніраваліся ў манежы, падсмальвалі стрэлы і не заўважылі, як запалка трапіла паміж матамі. Потым, спалохаўшыся, паспрабавалі затушыць полымя самі, а калі ўсё ж выклікалі пажарных, было занадта позна. Аднавілі манеж толькі праз 10 гадоў.

11Усіхсвяцкая царква

Усіхсвяцкая царква будавалася з 1996 да 2018 года – і гэта адзіны будынак на Усіхсвяцкай вуліцы. Так атрымалася з-за таго, што чалавек, які першапачаткова ахвяраваў грошы на пабудову царквы, вырашыў, што неяк няёмка, калі царква будзе стаяць на вуліцы нібыта «польскага паўстанца». Нават стаяла пытанне аб перайменаванні вуліцы Каліноўскага. На шчасце, наш Кастусь з намі, а наконт адраса царквы было прынята кампраміснае рашэнне: безыменны праезд, які злучаў вуліцу Каліноўскага з МКАД, зрабіўся Усіхсвяцкай вуліцай.

Гэта самы высокі храм Беларусі. Ён адносіцца да беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы і пабудаваны ў рускіх традыцыях шатровых храмаў. Але можна ў ім знайсці некаторыя рысы і беларускага дойлідства: напрыклад, звонку ёсць выявы святых, быццам бы вонкавы іканастас – а такая рыса характэрна для магілёўскай школы дойлідства.

Унутры храма, у трапезнай, на сценах і на столі змешчаны выявы старых цэркваў Беларусі і святых.

У храме ёсць крыпта, трапіць у якую можна абышоўшы будынак з тыльнага боку. Ідэя крыпты ў тым, каб захоўваць памяць пра найвялікшыя трагедыі ў гісторыі беларускага народа: войны, тэхнагенныя катастрофы, масавыя рэпрэсіі. Дзверы крыпты носяць назву «Слёзы Беларусі», на іх вы знойдзеце выявы шасці месцаў памяці: Грунвальдская бітва, Чарнобыль, Хатынь, Трасцянец, Смаргонь (дзе ў Першую сусветную вайну фронт стаяў больш за 2 гады і загінула шмат людзей) і Салаўкі (сімвал памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій).

У 2010 годзе ў крыпце былі пахаваны парэшткі трох салдат: вайны 1812 года, Першай і Другой сусветнай. Таксама там ёсць 504 нішы, якія паступова запаўняюцца капсуламі з зямлёй з брацкіх магіл, з месцаў гістарычных бітваў і гібелі мірных беларусаў. Там жа захоўваецца зямля з магілы Максіма Багдановіча. І там жа гарыць нязгасны зніч, запалены ад жыватворнага агню ў Іерусаліме. Кожны можа запаліць свечку ад яго ў памяць аб ахвярах.

Побач з царквой знаходзіцца яшчэ адно месца памяці – Усходнія (Маскоўскія) могілкі. Яны сталіся пантэонам славутых суайчыннікаў, пачынаючы з 1960-х гадоў. Тут пахаваны Пётр Машэраў, шэраг партыйных і дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, ваенных, артыстаў і пісьменнікаў. Тут жа знайшлі апошні спачын Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Стэфанія Станюта, Уладзімір Мулявін і іншыя.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.io.

#Беларусь #Минск
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter