Чаму менчукі адмовіліся разбураць сваю ратушу; чым Менск быў лепшы за Вільню і як прывід Валадковіча стане брэндам сталіцы – CityDog.by прагуляўся па галоўным будынку горада. І адкрыў для сябе шмат невядомага.
Штучны губернатар У дзвярах на нас насцярожана зірнуў ахоўнік у строгім касцюме, але ў холе з’явіўся малады супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска Рацібор Бягун: «Гэта да мяне, прэса». Для пачатку Рацібор правёў нас у прыгожую гардэробную, дзе і пачаў экскурсію. – Свабоднае наведванне ў нас толькі па суботах, з 12 да 15 гадзін. У астатні час трэба загадзя замаўляць экскурсію. Зараз школьнікі прыйдуць: ратуша ўключана ў спіс месцаў, абавязковых для наведвання. Самыя любімыя нашы экскурсанты – пенсіянеры, ім сапраўды цікава, яны слухаюць, задаюць пытанні, мне не трэба зрываць голас і махаць рукамі. Мы адразу планавалі, што ў ратушы будзе нейкі «жывы» гістарычны персанаж. Яго задача пасля ўсёй экскурсіі прывітаць школьнікаў, задаць пытанні па гісторыі Мінска, каб замацаваць матэрыял. З ім і фотачкі можна зрабіць. Канцэртная зала «Верхні горад» дала нам касцюм губернатара. Праўда, у адпаведнасці з гістарычнымі фактамі, губернатар не меў ніякага дачынення да ратушы. Думаю, мы зменім персанажа – гэта будзе войт, бургамістр ці гарадскі галава. Класны персанаж – Чапскі. Але ён быў гарадскім галавой пасля таго, як ратушу разбурылі. Тым больш, «ратуша = губернатар» – няправільная асацыяцыя. Ратуша – сімвал гарадскога самакіравання ў ВКЛ, губернатар – сімвал вярхоўнай улады ў Расійскай імперыі. Ратуша – гэта гарадское самакіраванне, гарадскі патрыятызм, клопат пра горад, мясцовыя выбары. А гэты губернатар можа быць прычынай недарэчнасці і нават памылкі: пойдзе школьнік на алімпіяду, а ў яго ў галаве захавалася: «Я быў у ратушы, там губернатар». Так можна чалавеку лёс зламаць. Зала №1: ратуша, магістрат і магдэбургскае права – Напачатку мы тлумачым турыстам, што такое ратуша і навошта яна была патрэбная. Ратуша – гэта будынак для магістрата. Самакіраванне надавалася гарадам праз прывілеі магдэбургскага права. Тут у нас змешчана копія прывілея на магдэбургскае права Менску. Выдаў яго ў 1499 годзе вялікі князь Аляксандр. Магістрат складаўся з дзвюх частак – лавы і рады. Лава – гэта суд па крымінальных справах. Рада – орган, які разглядаў адміністрацыйныя і гаспадарчыя справы. І арганізоўваў гарадское жыццё – ад гандлю да добраўпарадкавання Менска. У раду абіралі 12 гараджан, якія пражылі ў горадзе не менш за 5 год і былі старэйшыя за 25 год. Навошта было патрэбнае гарадское самакіраванне? У 15-16 стагоддзях у буйных гарадах ВКЛ правілі намеснікі вялікага князя. Часам яны злоўжывалі паўнамоцтвамі і не ведалі, чым жыве горад, што трэба рабіць для яго развіцця. Намеснік пастаянна канфліктаваў з менчукамі, якія пісалі лісты да вялікага князя: разбярыцеся, у нас пастаянна спрэчкі. Таму магдэбургскае права спрацавала. У 15-16 стагоддзях Менск быў у ТОП-15 самых вялікіх гарадоў ВКЛ. Галоўная катэгорыя насельніцтва – гэта рамеснікі і гандляры. Харугвы ў першай залі – гэта рэканструкцыі эмблем менскіх рамесных цэхаў. Першы механічны гадзіннік у Менску з’явіўся на ратушы ў 1600 годзе – гэта была вяршыня тэхналагічнага развіцця горада. Першага менскага гадзіннікавага майстра звалі Мікіта. Нельга сказаць дакладна, што Мікіта зрабіў гэты гадзіннік, але ён яго абслугоўваў – значыць, меў дастатковы тэхнічны досвед! Ён належаў да цэху майстроў васьмі рамёстваў, звязаных з металам. Наогул, цэхі аб’ядноўваліся па сыравіне: напрыклад, ганчарны цэх збіраў майстроў, якія выраблялі і будаўнічыя матэрыялы, і дзіцячыя цацкі з гліны. Зала №2: «Міні-Беларусь», новае менскае замчышча, ідэальны горад Тут у нас часовыя і пастаянныя выставы. Цяпер экспазіцыя, у якой ёсць даволі ўнікальныя графічныя творы, паштоўкі, фатаграфіі Мінска (дарэвалюцыйныя ў тым ліку). Першы паверх, на якім мы знаходзімся, у той, арыгінальнай ратушы выкарыстоўваўся як склад. Дзецям, зразумела, найбольш цікавы макет парка «Міні-Беларусь», які плануецца пабудаваць на Арлоўскай. Глядзіце, як выглядалі ратушы ў розных гарадах краіны: нумар 11 – віцебская, 15 – магілёўская, 17 – шклоўская, з гандлёвымі радамі, па цэнтры – менская. Кожная з гадзіннікам, звонам, гербам горада – гэта было правілам. А вось чалавек у чырвоным касцюме без галавы стаіць. А гэта – праект рэканструкцыі менскага замчышча, паводле якога плануецца ўзнаўленне забудовы 12 стагоддзя: аднаўленне часткі гарадскога вала, рова, уязной брамы, забудовы на тэрыторыі замка – драўляных дамкоў і маставых, храма. Бліжэй да Свіслачы, пад дахам з клумбамі і невялічкай эстрадай, будуць закансерваваныя археалагічныя раскопкі. Тут жа будзе музей. Плануецца будаўніцтва пешаходнага моста, будзе нешта накшталт рынка з крамкамі майстроў, помнік князю Глебу Менскаму. Гэтае месца, дзе Няміга злучалася са Свіслаччу, на працягу стагоддзяў было цэнтрам гарадскога жыцця. У 1547 годзе на замчышчы адбыўся страшэнны пажар, згарэла ўсё. У Вільні было прынята рашэнне перанесці цэнтр Менска на супрацьлеглы ўзгорак, дзе і знаходзіцца ратуша, – у Верхні горад. Часы Рэнесансу – гэта спробы рэалізаваць канцэпцыю ідэальнага горада. Паводле яе і быў забудаваны Верхні горад у Менску: у цэнтры – плошча, вакол – самыя прыгожыя храмы і манастыры. Далей у геаметрычным парадку разыходзяцца вуліцы горада. Не ва ўсіх гарадах Вялікага Княства была рэалізавана канцэпцыя ідэальнага горада. У Вільні, напрыклад, такога няма. На габелене – панарама Верхняга горада пачатку 19 стагоддзя. Злева Кафедральны сабор (раней гэта быў галоўны храм жаночага манаскага ордэна бернардынак). Справа – касцёл Святога Язэпа, галоўны храм мужчынскага ордэна бернардынцаў (яны займалі практычна цэлы квартал у горадзе). Злева ад ратушы і справа ад касцёла Святога Язэпа знаходзіўся ўніяцкі храм Святога Духа, базыльянцы. Гэта адноўлены будынак, цяпер там канцэртная зала «Верхні горад». Справа ад ратушы – дамініканскі касцёл Фамы Аквінскага, самы прыгожы храм у Менску. Там быў шыкоўны арган. Да ордэну дамініканцаў належала інквізіцыя. Справа ад яго – сучасны касцёл Панны Марыі і Кафедральны каталіцкі касцёл. Гэта быў галоўны храм ордэна езуітаў, якія былі вядомыя ў першую чаргу сваёй увагай да адукацыі, навукі. Езуіты былі аўтарамі другога менскага гадзінніка. Мець два гадзіннікі ў горадзе было вельмі прэстыжна. Падзямелле ратушы: турма, план падземных хадоў Зараз мы ў падземных памяшканнях. Раней на гэтым узроўні ратушы знаходзіліся гарадская турма, архіў, падсобныя памяшканні. Ратуша мае яшчэ другі паверх, там і засядаў магістрат, але туды нікога не пускаюць: гэта для ўрачыстых мерапрыемстваў Мінгарвыканкама, каб прымаць замежныя дэлегацыі. Тут, дзе падобная да арыгінальнай падлога, мы хочам зрабіць гістарычную рэканструкцыю – пакой пісара з працоўным месцам. Турысту можна будзе выпісаць грамату, заліць яе сургучом і пячатку паставіць. А з другога памяшкання хочам зрабіць турэмную камеру, вязніцу. Паспрабуем скарыстаць прывід Валадковіча: мы хочам з яго зрабіць брэнд ратушы. Калі ратушу зносілі, расійскія ўлады прапанавалі менчукам паўдзельнічаць у працэсе разборкі будынку. Гараджане адмовіліся, таргі праваліліся, давялося разбураць ратушу сіламі гарнізона і зняволеных Пішчалаўскага замка. І, як мы любім пафасна казаць, нават пасля сваёй смерці ратуша паслужыла гораду: з яе камення рабілі брукаванку, з драўляных частак – агароджы і масткі ў парках і скверах, а з металічнай бляхі – шыльды на дамы. Раней замест назвы вуліцы і нумару дома былі напісаныя прозвішчы ўладальнікаў. Кажуць, калі ратушу разабралі, гадзіннік выкупіў нейкі расійскі пан. Ён для гэтага ў сваім маёнтку адмыслова пабудаваў драўляную вежу. Калі пачалі ўсталёўваць гэты гадзіннік, вежа абрынулася і пахавала пад сабой і гадзіннік, і саміх будаўнікоў. Гэта такое паданне, але было б цікава адшукаць нейкія звесткі – насамрэч, куды ён падзеўся? Падчас раскопак знайшлі памяшканні, дзе была вязніца. Уся падлога ўнізе выкладзена кафляй. Акрамя аднаго пакою, у якім былі проста камяні. Мяркуецца, што менавіта там была турэмная камера. У зале «пад купалам» адбываюцца мерапрыемствы, выставы. Цяпер тут стэнды праектаў рэканструкцыі стадыёна «Дынама». Звычайна ўсе мінакі, турысты і самі мінчукі, зазіраючы праз шкляны купал, бачаць толькі пустыя крэслы ці людзей у касцюмах. Мы хочам, каб пад купалам былі ці археалагічныя экспанаты, ці нейкія макеты, каб прывабліваць людзей. На жаль, пакуль мы гэтага зрабіць не можам. Глобус, які падрыхтаваў Леў Раманавіч Казлоў, адлюстроўвае ўяўленні людзей 18 стагоддзя пра зямлю. Хачу звярнуць вашу ўвагу на кнігу-альбом Струкава. Сам Струкаў – даволі спрэчны мастак, але ён быў удзельнікам археалагічна-краязнаўчых экспедыцый у 1864-67 гадах. Фотаапаратаў не было – вазілі мастакоў. Дзмітрый замаляваў мноства архітэктурных помнікаў, рэліквій, самае цікавае – змясціў у сваім альбоме план Менска з указаннем падземных хадоў. Яны злучалі паміж сабой галоўныя касцёлы, і, калі вораг у горадзе прарываў лінію ўмацаванняў, касцёлы ператвараліся ў апошні прытулак, і сувязь паміж імі ажыццяўлялася пад зямлёй. Самі малюнкі Струкава захоўваюцца ў Вільні. За ратушай у часы Расійскай імперыі былі высаджаны пірамідальныя таполі, быў кветнік, на другім паверсе па выходных граў аркестр. Гараджане любілі прыходзіць і прагульвацца па «зялёным тэатры». Цяпер на Google maps ён так і пазначаны. Сабор – гэта Святадухаўка, цяпер філармонія «Верхні горад». Рускія перабудавалі яе ў сваім «прыгожанькім» стылі. Імператар Мікалай І бедаваў: як гэта, ратуша закрывае такі прыгожы храм! Знішчылі ратушу ў 1851 годзе. Некаторыя гісторыкі лічаць, што разбурылі яе праз любоў Мікалая І да вайсковых парадаў. Але многія ўпэўненыя: знеслі, каб пазбавіць менчукоў памяці пра часы вольнасці і самакіравання. Зала губернатара У зале, дзе з’яўляецца губернатар, цяпер праходзіць выстава, прысвечаная мінскаму транспарту. Пазней тут будзе картаграфічны кабінет – пакажам мапы, на якіх упершыню Менск абазначаны. Стол – гэта арыгінал, чалавек купіў у краме антыкварыяту, але згадзіўся, каб у нас стол пастаяў. Планы Музея Мінска Акрамя галоўнага будынка музея, які плануюць пабудаваць падчас аднаўлення мінскага замчышча, у нас шмат філіялаў. Гэта два паверхі ратушы, галерэя Савіцкага на плошчы Свабоды, галерэя Шчамялёва на Ракасоўскага, Лошыца, часткова была зроблена музеефікацыя ў філармоніі «Верхні горад». У гатэльным комплексе на Герцэна, вул. Кірылы і Мяфодзія, мы будзем працаваць над музеем Верхняга горада. І сядзіба ў Лошыцы хутка будзе рэканструяваная: нам здадуць яе ў канцы мая, а да 3 ліпеня мы павінны падрыхтаваць экспазіцыю. Ратуша працуе: серада-пятніца, 11:00 – 17:00. У будні трэба замаўляць экскурсію загадзя (па тэлефоне +375 17 321 24 30). Субота: 12:00 – 15:00 (экскурсіі замаўляць не трэба, яны пачынаюцца ў 12:10, 12:50, 13:40 і 14:20). Квіток: дарослы – 15 000 руб., ільготны – 4 000 руб. Экскурсія для групы менш за 10 чалавек – 20 000 руб. (так, 20 000 не за кожнага ўдзельніка, а за ўсю экскурсію цалкам). |
Фота Аляксей Літвінка, minsk-old-new.com.
Интерактива хоть отбавляй! И днем, и ночью по ним шастают и фоткаются, даже свадьбы снимают с их участием! :)