Люди, истории Дзейныя
CityDog.io
9

«Так, у мяне няшмат грошай, але я чалавек просты». Гісторыя перакладчыцы, якая выдае дзіцячыя кнігі на складаныя тэмы

«Так, у мяне няшмат грошай, але я чалавек просты». Гісторыя перакладчыцы, якая выдае дзіцячыя кнігі на с...
Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Наступная «Дзейная» – перакладчыца і выдаўца дзіцячых кніг на складаныя тэмы. Раней вы нават не маглі падумаць, як пра такое можна размаўляць з дзецьмі.

Кароткі змест артыкула:

Пра кнігу, якая зламала стэрэатыпы аб дзіцячай літаратуры па-беларуску: «Я хацела расказаць сыну пра ягоную незвычайную сястру»

– Хадзіць з Марынай у гандлёвыя цэнтры я не магу, бо там ёй проста зносіць дах. Марына пераўзбуджаецца, не разумее, што за гэта трэба заплаціць, што гэта можа паламацца ці разліцца. Мы спрабавалі, вядома, але атрымалі толькі стрэс. Андрэй Хадановіч трапна пераклаў нашу сітуацыю: «Хто ходзіць з Болачкай у краму, заўжды перажывае драму», – кажа пра сваю паўсядзённасць Надзея.

Марына – дачка перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай. У тры гады ў дзяўчынкі выявілі рэдкае храмасомнае захворванне: яна амаль не размаўляе. Асаблівасць Марыны падштурхнула Надзею перакласці «Суперкнігу пра Біла з Болаю», адну з самых наватарскіх кніг у беларускай дзіцячай літаратуры апошніх гадоў.

– Я шукала кнігу для дзяцей пра незвычайную дзяўчынку, – расказвае Надзея. – Знаёмая падказала мне «Біла з Болаю» шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм – тут цалкам паўтаралася мая гісторыя! Я пачала шукаць інтэрв’ю аўтаркі.

Аказалася, у яе самой асаблівая дачка. Кніга выйшла ў Швецыі ў 70-х, і такіх кніг не было. Гуніла напісала яе для сына і ягоных сяброў. А я пераклала тэкст, бо хацела расказаць свайму старэйшаму сыну Яну пра ягоную сястру.

Праўда, некалькі гадоў гісторыя незвычайнай дзяўчынкі Болы праляжала ў шуфлядзе: шведскі арыгінал мае рыфмаваную форму, а перакладчыцы Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і Алеся Башарымава зрабілі толькі падрадкоўнае тлумачэнне.

Завершаваць пераклад згадзіўся вядомы паэт Андрэй Хадановіч. Неўзабаве вынік пабачылі чытачы, і праект атрымаў нечаканы творчы працяг. Акцёры Купалаўскага тэатра Павал Харланчук і Ганна Хітрык агучылі кнігу, Ганна спецыяльна напісала яшчэ і музыку, а вядучыя вандроўнага тэатра «Лямцавая батлейка» Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова правялі дзясяткі прэзентацый у розных гарадах краіны.

– У кожнай аўдыторыі знаходзіліся хлопчык ці дзяўчынка, якія казалі, што маюць такога ж асаблівага брата ці сястрычку, суседа, знаёмага, – расказвае Надзея і дадае, што галоўны чытач адразу не ўспрыняў кніжку. – Мой Ян не хацеў чытаць. Мы чыталі разам літаральна па пары старонак і так адолелі. Для яго гэта сітуацыя занадта блізкая.

Я ўпэўнена, што складаныя тэмы з дзецьмі можна абмяркоўваць праз кнігі. Чытанне збліжае дзіця з бацькамі.

Асаблівая Бола – далёка не адзіны праект, важны для Надзеі асабіста. У мінулым годзе яна выдала пераклад шведскай пісьменніцы і мастачкі Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча»: гісторыя дзяўчынкі, якая марыць стаць мастачкай, але бацька не вітае яе схільнасцей да творчасці і рыхтуе дачку да будучыні хатняй гаспадыні.

Надзея прызнаецца, што апавяданне падтрымала яе падчас уласнага разводу з мужам і дапамагло зразумець сябе і свае жаданні. Цяпер у Надзі ў працы яшчэ адна прыгожая і кранальная гісторыя сяброўства гэтай жа аўтаркі, якая адбываецца ў сценах лякарні для псіхічна хворых. Пераклад ужо гатовы, Надзея чакае, калі вернуцца грошы з продажаў папярэдніх кніг, каб укласці іх у выданне наступнай.

Чаму Швецыя задае трэнд: «Астрыд першая ўзняла цяжкія пытанні: тыранія, смерць, хваробы»

Цікавасць Надзеі да Швецыі і шведскай літаратуры з’явілася ў глыбокім дзяцінстве: у бацькоўскім доме ў Браславе было шмат кніг і традыцыя чытаць разам.

– Бацькі нам шмат чыталі ўголас. Недзе з гадоў сямі я памятаю вясёлыя кніжкі пра Піпі Доўгую Панчоху і Карлсана. Мяне ўражвала Піпі – анархістка, у якой заўсёды прыгоды і якая можа ўсё! Хоць тады, вядома, не думалася пра наватарства Астрыд Ліндгрэн, пра Піпін вобраз феміністкі ці пра штосьці такое, – смяецца Надзея.

Наша гераіня пяць гадоў старанна вучыла англійскую і італьянскую ў Мінскім лінгвістычным ўніверсітэце, а пасля па ўласным жаданні выбрала яшчэ і шведскую. Хоць трэцяя мова была зусім не абавязковай.

У той час амбасадарам Швецыі ў Беларусі быў Стэфан Эрыксан, вядомы сваёй актыўнай падтрымкай беларускай культуры і яе стасункаў са Швецыяй. Так жыццё студэнткі з Браслава стала насычаным мерапрыемствамі шведскай амбасады, заняткамі ў майстэрні перакладу ў Шведскім цэнтры, якія, дарэчы, наведваў і Стэфан Эрыксан у якасці студэнта.

Аднойчы, калі Надзея заканчвала магістратуру і была ў першым дэкрэце, ёй пазваніў Стэфан: «Надзя, у цябе зараз куча часу – перакладзі кніжку “Малы мядзведзік” Юі Вісландзер».

На прэзентацыю беларускага перакладу прыехала аўтарка. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў гадоў 40, Надзея і Юя пасябравалі і дамовіліся, што мінчанка перакладзе серыю кніг Юі пра Маму Му і Крумкача, культавую ў яе на радзіме.

Пасля Надзея пераклала яшчэ адну вядомую ў Швецыі дзіцячую серыю пра Пэтсана і ягонага ката Фіндуса Свэна Нурдквіста, а потым «Віту Белую Крэску» Сары Лундберг, «Ёрдзіс» Юі Вісландэр і яшчэ шмат чаго.

– Швецыя задае трэнд усёй дзіцячай літаратуры ў свеце. Пасля ІІ Сусветнай вайны ў Швецыі змянілася стаўленне да дзяцей: гэта маленькі дарослы, да яго трэба адносіцца з павагай, нельга біць, трэба сур’ёзна ўспрымаць такім, які ён ёсць.

– Астрыд Ліндгрэн пачала залаты век, які працягваецца да сёння. Да яе шведская дзіцячая літаратура была вельмі педагагічнай. Астрыд першай паставіла дзяцей у цэнтр апавядання і ўзняла цяжкія пытанні: тыранія, смерць, хваробы, – тлумачыць Надзея сваю цікавасць да шведскай літаратуры.

Больш за 10 гадоў запар яна ездзіць на буйнейшы ў Скандынавіі кніжны кірмаш у Гётэборгу. За гэты час мінчанка перазнаёмілася з усімі выдавецтвамі, якія выпускаюць кнігі для дзяцей, і з мноствам пісьменнікаў.

Надзея жартуе, што ў Швецыю ёй нельга даваць многа грошай, бо яна абазкова патраціць ўсё на аўтарскія правы, каб выдаць пераклад у Беларусі.

Некалькі гадоў таму перакладчыца адкрыла сваё выдавецтва KOSKA, («КОСКА,»): назва ў гонар касічак, якія насіла яе любімая Піпі Доўгая Панчоха.

– У Швецыі штогод выходзіць 2000 найменняў дзіцячых кніг, без уліку перакладных. У мяне ў галаве не ўкладаецца, каб такое ж было ў Беларусі! – здзіўляецца Надзея.

У сярэднім дзіцячая кніжка выдавецтва KOSKA, каштуе 22 рублі. Перакладчыца тлумачыць, што гэта абгрунтаваны кошт: у яго уваходзяць аўтарскія правы, друк, ілюстрацыі.

Насуперак відавочным рызыкам кніжнага бізнесу: падатак на даданую вартасць на кнігу 20%, як на алкаголь (для параўнання – ў Швецыі 6%), праблемы з выхадам у рэгіянальныя бібліятэкі, маленькія тыражы, неабмежаваны паток расейскамоўнай літаратуры – наша гераіня радуецца, што з кожнай новай кнігай яе аўдыторыя павялічваецца, а самы прыемны фідбэк – ад пакупнікоў, якія кажуць, што яе пераклад – першая кніга, прачытаная іх дзіцём па-беларуску.

Працу Надзеі ацанілі і калегі ў Швецыі. У 2018 годзе яна стала першай замежніцай-уладальніцай прэстыжнай прэміі «Вогненная душа» ад Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі.

Як праводзіць час не ў гандлёвых цэнтрах, а з кнігай: «У плане патрэб я вельмі просты чалавек»

Рэалізаваць спрадвечную «беларускую мару» – разбагацець, займаючыся беларускай справай, – у нашай дзейнай гераіні ўсё ж не атрымалася.

– Так, у мяне няшмат грошай, але я чалавек просты ў плане патрэб. Мне дастаткова таго, што ёсць, а патрэбы дастасоўваюцца да магчымасцей, і ты гарманічна ў гэтым існуеш, – прызнаецца Надзея.

Са сваім узроўнем замежных моў і дасканалымі «софт скілз» яна магла б выбраць якую заўгодна прафесію. Аднак вакансіі ў высокапрыбытковых і модных нішах яе зусім не спакушаюць:

– Часам я хвалююся: што будзе, калі спатрэбіцца больш грошай? Як паказвае досвед, калі здараюцца такія сітуацыі, то заўсёды знаходзіцца той, хто дапаможа, альбо ты нечакана для самой сябе атрымаеш прэмію.

Мне вельмі камфортна – эмацыйна і нават фінансава – у тым, чым я займаюся. Калі я заўважу, што буду сыходзіць у мінус, мяне гэта стане прыгнятаць, не будзе нікому патрэбна, я што-небудзь перагледжу.

У сям’і Надзеі няма звычкі хадзіць у гандлёвыя цэнтры: наша гераіня робіць закупы праз інтэрнэт. У доме няма тэлевізара. Дзеці карыстаюцца планшэтамі, але абмежаваны час і пераважна ў школе.

Раніцай Надзея адвозіць Яна ў гімназію, Марыну – у спецшколу, а сама вяртаецца дадому. Трымаць дысцыпліну фрылансера ёй дапамагаюць адмысловыя рытуалы. Надзея не працуе ў хатняй вопратцы, але прыбіраецца, быццам у офіс.

Толькі ў сваім кабінеце перакладае і сядзіць за камп’ютарам, які выключае пасля шостай.

Вечар – час для дзяцей. Сям’я разам гатуе, ходзіць у лес, даглядае сад і, канечне, чытае. Марыне Надзея чытае ўслых, пакуль тая разглядае карцінкі. З 11-гадовым Янам зараз яны заканчваюць «Над пропастью во ржи» Сэлінджара, пасля возьмуцца за нарвежскую аўтарку Марыю Пар. А яшчэ ў іх пасёлку ў Яна ёсць шмат сяброў-аднагодкаў. Надзя кажа, што ўсе яны прачыталі «Біла з Болаю» і дзякуючы кнізе ахвотна бяруць Марыну ў свае гульні.

Слоўнік

Асаблівы – особенный

Лямцавы – войлочный

«Лямцавая батлейка» – маленький театр, где играют люди и куклы, свалянные из войлока

Панчоха – чулок

Рызыка – риск

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.

ООО «Вундербай», УНП 192153894

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter