Люди, истории Дзейныя
CityDog.io
9

«Варшавы і Берліна не было – а тут людзі гулялі ў шахматы». Гэты хлопец адкрыў уласны музей Менска – і ён вельмі круты!

«Варшавы і Берліна не было – а тут людзі гулялі ў шахматы». Гэты хлопец адкрыў уласны музей Менска – і ё...
Разам з кампаніяй «A1» мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Разам з кампаніяй «A1» мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Сёння дзейны – беларускамоўны журналіст, заснавальнік курсаў «Мова Нанова» і сапраўдны стваральнік.

Мы сустракаемся з Глебам Лабадзенкам каля метро «Малінаўка», каб разам дабрацца да вёскі Гарадзішча – менавіта там, на рацэ Менцы, пачынаўся Менск у Х стагоддзі. Ці выпадкова наш герой апынуўся ў гэтым месцы? Не, канечне!

З чаго ўсё пачыналася: «Я патэлефанаваў Рыгору Барадуліну і сказаў, што хачу на яго паглядзець»

– Калі я вучыўся ў сёмым класе, неяк знайшоў тэлефон Рыгора Барадуліна, патэлефанаваў і сказаў, што вучу ягоныя вершы ў школе і хачу на яго паглядзець. І ён сказаў: «Добра, я днямі буду на адной выставе, прыходзь, пазнаёмімся».

Пасля я зразумеў, наколькі мне пашанцавала, бо дзядзька Рыгор быў чалавекам з вельмі своеасаблівым характарам і далёка не кожнага падпускаў да сябе, – а мяне, такога нахабніка, ён цёпла прыняў, паставіўся як да ўнука, стаў вадзіць з сабой на вечарыны, дарыць кніжкі.

Па-беларуску Глеб размаўляе каля дваццаці гадоў: з падачы Барадуліна паступіў у Коласаўскі ліцэй, а далей усё пайшло-паехала. Менавіта дзякуючы Рыгору Барадуліну, мяркуе Глеб, ён і стаў займацца тым, што робіць зараз.

З уласнага жадання вырасла «Мова Нанова» – нефармальныя курсы па беларускай мове, якія Глеб заснаваў разам з Алесяй Літвіноўскай. Цяпер яны існуюць у васямнаццаці гарадах Беларусі.

– Калі пытаюцца, якая матывацыя размаўляць па-беларуску, адказваю паўжартам: самыя лепшыя людзі гэтай краіны гавораць па-беларуску! Але заўтрашнія беларускамоўныя людзі возьмуцца толькі з сённяшніх рускамоўных.

Наш народ такі, які ёсць. І іншага народа не будзе, трэба працаваць з гэтым, любіць гэты народ. Так ужо сталася, што многія людзі ў нас не ведаюць гісторыю, мову, нашу культуру. Але я схільны лічыць, што яны не да канца ў гэтым вінаваты. І трэба даваць ім просты і цікавы спосаб даведацца пра ўсё гэта.

Курсы «Мова Нанова» дзейнічаюць з 2014 года – за гэты час праз іх прайшлі тысячы людзей, а самі курсы разрасліся па ўсёй Беларусі. І самае важнае, што «Мова Нанова» павышае крытычную масу людзей, лаяльна настроеных да беларускай мовы.

Бо беларускамоўныя тусоўкі ў 2014-м былі сумнымі – прыходзіш на адну імпрэзу, іншую, а там адны і тыя ж людзі.

– У цэлым курсы і выраслі некалі з таго, што мне самому стала нудна хадзіць на малаколькасныя беларускія тусовачкі. Гэта вельмі ўтульна, цёпла, але гэта тупік. Бо вы тут седзіце, 20 чалавек на прэзентацыі кніжкі, а паралельна ёсць уся астатняя Беларусь, якая не здагадваецца пра ваша існаванне.

Сітуацыя паступова змяняецца: сёння беларускай мовай пачынае цікавіцца моладзь, айцішнікі, бізнес – карацей, вельмі многія людзі.

– Крута, калі беларускамоўныя, беларускаарыентаваныя людзі робяцца паспяховымі, багатымі, знакамітымі. Бо колькі можна ляпіць гэты вобраз з лапцямі і гнілой хатай! Я радуюся кожны раз, калі бачу беларускамоўнага чалавека, які дасягнуў поспеху!

Сам Глеб з рускамоўнай сям’і, але гэта не перашкодзіла яму размаўляць на беларускай мове, таму і адмазкі іншых людзей для яго неістотныя – усё толькі ў галаве.

А пры чым тут Гарадзішча? «Тут у Х стагоддзі пачынаўся Менск»

Пад’язджаем да Гарадзішча – і Глеб пачынае захапляльную экскурсію. Яшчэ пару гадоў таму тут былі проста гістарычныя валы, але стараннямі Глеба і яго аднадумцаў з’явіліся помнікі, інфармацыйныя стэнды, зручныя лесвіцы. І самае галоўнае: разуменне, што стаіць за гэтымі валамі.

– Мне было дужа крыўдна, што такое ўнікальнае месца практычна не ведаюць нават самі мінчане. Таму пачаў дзейнічаць. Першы помнік паставіў у 2017 годзе – з той пары тут з’явілася сем валуноў, крыжы, масточкі, пяць лесвіц на валы, стэнды. І як вынік узнік музей.

Пераходзім ручай Дунай – і апынаемся на тэрыторыі Менскага замчышча. Замак некалі меў тры ўваходы. Там, дзе самы высокі вал, была галоўная брама – яна і сёння выдатна чытаецца на мясцовасці.

Абарона замка была наладжана як мае быць: высокія сцены на грэбні вала, роў з вадой, другая лінія абароны – вастракол. Валы – толькі ўмацаваны цэнтр горада, каля 1,6 гектара. Тут жыў князь ці намеснік князя і ягоная адміністрацыя. А сам горад пачынаўся за вастраколам, займаў больш за 30 гектараў – мегаполіс па тым часе!..

Пакуль мы стаім на вяршыні замкавага вала і не можам адвесці вачэй ад прыгажосці краявіду, Глеб расказвае:

– А ўявіце, што тут яшчэ драўляная сцяна метры чатыры была. І адсюль вельмі добра чытаецца рэльеф: вось рэчышча Дуная, вось замкавы роў, вось селішча. З гэтай агляднай пляцоўкі мы фактычна аглядаем Менск Х стагоддзя. А з іншай – Менск ХХІ стагоддзя, бо адтуль відаць і ТЭЦ-4, і Малінаўку, і нават край Каменнай Горкі.

Ідзём да іншай пляцоўкі. І там – зручныя лесвіцы. Прызнацца, без іх пад’ёмы на валы былі б не такія захапляльнымі! Тут, на малым гарадзішчы, верагодней за ўсё, і была рэзідэнцыя Усяслава Чарадзея.

Вельмі незвычайнае адчуванне: ідзеш па дарозе, а па ёй тысячу гадоў таму праходзіў той самы князь-ваўкалак. Адна справа, калі ты пра яго ў падручніках чытаеш, а іншая – калі ідзеш па сцежцы, якой ён хадзіў.

У самым цэнтры валоў стаіць валун «Заснаванне Менска» з надпісам, узгодненым Акадэміяй навук: «Тут у Х стагоддзі пачынаўся Менск».

– Гэта калі казаць пра горад, – удакладняе Глеб. – Бо людзі, безумоўна, жылі тут і раней – пра гэта сведчыць і кераміка ІХ стагоддзя, якую людзі знаходзяць тут проста на сваіх агародах. І шматлікія дырхемы, знойдзеныя тут, датаваныя канцом ІХ стагоддзя.

У Х стагоддзі тут ужо дзвіжуха, як у Нью-Ёрку, была! Усе ехалі сюды – рамеснікі, гандляры, майстры – на заробкі, бо адсюль ішоў гандаль і ў Балтыйскае, і ў Чорнае мора.

Поруч з велічным валуном пасвяцца дзве каровы. Нас яны сустракаюць мычаннем, а Глеб падыходзіць да адной і пачынае гладзіць:

– Маладзец, прыгажуня! Дапамагаеш мне, каб менш касіць было!

– А вы самі ўсё косіце?

– Дык а хто за мяне касіць будзе? Добра, што мой сусед і паплечнік, гісторык Эдуард Канановіч, дапамагае!

Каля валуна Глеб кажа:

– Гісторыкі і археолагі сышліся на думцы, што Менск дакладна пачынаўся тут. І тут яго спалілі ў 1067 годзе, а пасля «пайшлі к Нямізе». Шматлікія раскопкі і тут, і на Нямізе паказалі галоўнае: там проста няма культурнага слоя Х стагоддзя, а тут такіх знаходак – тысячы. Менск быў перанесены туды пасля двух спаленняў – у канцы ХІ стагоддзя. Перанесены разам з ацалелай рэштай жыхароў і назвай.

У падножжа вала расце самая вялікая ў Беларусі белая таполя – акружнасць ствала складае 6,05 м. Калі Глеб агледзеў гэта, то звярнуўся ў Інстытут батанікі: яны абмералі таполю і ўнеслі ў спіс рэдкіх дрэваў Беларусі.

Пераносімся ў XVII стагоддзе: Менск ужо даўно на Нямізе, а сярод былога замчышча стаяць панскія сядзібы – з 1598-га мястэчка Гарадзішча належала шляхетнаму роду Пішчалаў. Мясцовыя старажылы памятаюць апошнюю пішчалаўскую сядзібу: цокаль мураваны, а сам дом драўляны. Побач былі два дамы для адміністрацыі, склеп, стайня.

Глеб зацікавіўся і гэтым часам, стаў распытваць старых жыхароў вёскі, што яны памятаюць пра паноў, бо ў кагосьці бацькі працавалі на іх, у кагосьці – дзед з бабай. І дзед, які запомніў руіны сядзібы, запомніў і іншую рэч: месца, дзе былі панскія магілы. Прывёў у кусты, да кучы смецця, і сказаў: «Тут».

За савецкім часам дырэктар мясцовай школы, які быў зацятым камуністам, загадаў кінуць надмагіллі ў яму і закідаць смеццем, каб пра «праклятых паноў» і памяці не было.

– Памятаю, як майстраваў плот Эдуард Канановіч, закасаўшы рукавы стаў гэта смецце разбіраць. Потым прыбягае да мяне і кажа: «Кідай свой плот, пабеглі». Я за рыдлёўку, бягу сюды – з зямлі надмагілле тырчыць пад смеццем, а на ім напісана: «Рудольф Пішчала, 1868»!

Так знайшлася магіла будаўніка Пішчалаўскага замка – сённяшняй турмы на Валадарскага – і ягонай жонкі Сафіі. Калі стала ясна, што апроч надмагілляў у яміне валяюцца і перамяшаныя са смеццем чарапы і косткі, было вырашана звярнуцца ў Акадэмію навук.

Прайшлі афіцыйныя раскопкі – археолаг Андрэй Вайцяховіч, які цяпер галоўны даследчык Менкі, пацвердзіў, што гэта могілкі XVIIІ-ХІХ стагоддзяў. Але, як выявілася, і тысячу гадоў таму роўна на гэтым месцы жылі людзі: проста сярод магіл знайшлі нож і частку замка ХІ стагоддзя.

Пакуль спускаемся з магіл Пішчалаў, запытваюся, як Глеб паспявае ўсё гэта рабіць. Адказ пачынаецца з жарта: «Працую круглыя суткі, уночы надзяваю на лоб шахцёрскі ліхтарык і працягваю працаваць». Але потым герой дадае больш сур’ёзна:

– Я кіруюся прынцыпам: калі можаш не праходзіць міма – не праходзь. Калі табе па сілах зрабіць нейкую справу – рабі. Радасна, што далучаюцца людзі, дапамагаюць: канечне, адзін бы я гэта ўсё не зрабіў.

І вынік ёсць: пяць гадоў таму тут нікога не было відаць, а цяпер кожныя выхадныя тут натоўпы людзей ходзяць. Прыязджаюць на машынах сем’ямі, турыстычныя аўтобусы – разумееш, што ў тваёй працы ёсць сэнс. І, канешне, прыемна, што гэта месца ажыло.

У цэнтры вёскі – той самы першы помнік, пастаўлены Глебам у 2017 годзе. Гэта два валуны з надпісам «Гарадзішча 1547», адкрытыя роўна на 470-годдзе вёскі. Бо Менск спыніў тут існаванне ў канцы ХІ стагоддзя, а ў сярэдзіне XVI-га пачалася новая гісторыя, гісторыя мястэчка Гарадзішча.

– Нам пашанцавала з гэтымі валунамі, бо хацелі ставіць адзін. А калі прыехалі выбіраць на кар’ер Чаркася, то скульптар Ігар Засімовіч кажа: а вось жа валун – гатовы дракар, які плыве па Менцы! Так і паплыў.

У музеі Менска: «Большасць манаршых дамоў Еўропы мае сваяцкія сувязі з Усяславам Чарадзеем»

Фінішам нашай экскурсіі становіцца сядзіба-музей «Стары Менск». Унізе тут – сам музей, наверсе – жылыя пакоі для людзей, якія хочуць правесці выхадныя ў «месцы з гісторыяй». І хаця галоўны экспанат – самі замкавыя валы, рэчы ў музеі захопліваюць не менш, бо жыва ўяўляеш, як і чым жылі мінчане тысячу гадоў таму.

Ідэя музея ўзнікала паступова: Глеб наводзіў парадак на валах, дзеці знаходзілі ў пясочніцы (без жартаў!) гаршчкі Х стагоддзя – і стала зразумела, што патрэбна месца, каб усё гэта паказваць людзям.

Канцэпцыю музея дапамог распрацаваць славуты гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў, які сам не аднойчы праводзіў раскопкі і на Менцы, і на Нямізе.

– Жыхары вёскі натхніліся і таксама сталі больш уважліва прыглядацца да сваіх участкаў. Суседка, Галіна Сцяпанаўна, неяк прынесла кавалак гаршчка – ляпная кераміка ІХ стагоддзя! Кажа, у цяпліцы адкапала. Вось такія ў Гарадзішчы жыхары-археолагі!

Каля ўваходу цытата – першая згадка Менска ў летапісах, калі Яраславічы пайшлі вайной на Усяслава Чарадзея «у год 6575 месяца сакавіка трэцяга дня». Але пачатак экспазіцыі нават не час Полацкага княства – на вітрыне каменная сякера, якой чатыры тысячы гадоў: яшчэ ў часы неаліту на тэрыторыі Беларусі масава жылі людзі.

Бутафорскія стрэлы можна займець у якасці сувеніра.

Фібула і завушніца фіна-уграў, радзіміцкія скроневыя кольцы Х стагоддзя.

Макет тыповай хаты Х стагоддзя: чатыры на чатыры метры, дзве лавы і печка.

Са з’яўленнем кола гаршчкі сталі масава ўпрыгожваць спіралямі, рысачкамі і арнаментамі.

Ключы і замкі Х–ХІІ стагоддзяў.

Дыяметр жорнаў на Беларусі з Х стагоддзя па сённяшні дзень застаецца 37 см.

Самы ўнікальны экспанат музея – найстарэйшая ва Усходняй Еўропе шахматная фігура, касцяны конь пачатку ХІ стагоддзя. Да знаходжання гэтага каня лічылася, што шахматы на Кіеўскай Русі з’явіліся ў ХІІ стагоддзі, таму ён стаў поўнай сенсацыяй, прызнанай у сусветнай навуковай супольнасці.

Шахматны конь пачатку ХІ стагоддзя.

– Масквы, Варшавы, Вільні, Рыгі і Берліна не было, пра Злучаныя Штаты Амерыкі маўчу – а тут на валах сядзелі і гулялі ў шахматы. І вушы чысцілі – бо тут жа знайшлі і капавушку, адмысловы дэвайс для чысткі вушэй і пазногцяў.

І вось гэты конь павінен перавярнуць нашу свядомасць, таму што нам гадамі ўбівалі ў галаву, што тут у 1917 годзе цывілізацыя пачалася, а да гэтага людзі ў лапцях хадзілі. Але нашы продкі яшчэ тысячу гадоў таму ў шахматы гулялі – гэта былі высокакультурныя, перадавыя еўрапейскія людзі.

Усяслаў Чарадзей сядзіць за кратамі.

Кручкі і блешня, якім тысяча гадоў.

Спражкі, заклёпкі, рэканструкцыя пояса.

Амулеты ў выглядзе рысікаў, лунніцы, крыжаўключаныя прывескі.

Гук жаночых бразготак для валасоў Х стагоддзя (аўдыё).

Макет Менскага замчышча ХІ стагоддзя.

Краўдфандынг: «Многія рэчы атрымліваецца рабіць талакой»

Пасля агляду музея Глеб кліча на кухню, заварвае гарбату, і размова працягваецца.

– Я стаў рабіць краўдфандынг, калі яшчэ такога слова не ведаў. Першы збор сродкаў быў у 2008 годзе ў дапамогу Рыгору Барадуліну. Народны паэт Беларусі жыў вельмі сціпла: спаў на ложку, дзе замест паламаных ножак былі падкладзены кніжкі. Часткова і таму, што ён быў далёкі ад усіх гэтых побытавых спраў. Але мне вельмі хацелася, каб мы аддзячылі нашаму найлепшаму паэту яшчэ пры жыцці.

Тады краўдфандынг выглядаў так: людзі атрымлівалі кніжку з аўтографам Барадуліна і проста кідалі ў скрыначку грошы. У першай акцыі паўдзельнічала 500 чалавек і было сабрана грошай «як на добрую машыну», а ў другой – 700 чалавек, якія сабралі грошай «як на новую машыну». За гэтыя грошы Барадуліну зрабілі рамонт: паставілі новыя вокны, купілі мэблю, сантэхніку. Апошнія гады паэт пражыў годна ў побытавым плане.

– Яшчэ тады прыйшло разуменне, што адзін я гэтага не змог зрабіць, але, калі ўсе разам сабраліся, атрымалася! Гэта важнае пачуццё, як шмат мы можам зрабіць разам, талакой.

Пасля Глеб пачаў выдаваць кнігі: першай дзякуючы дапамозе людзей выйшла бесцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы», а пасля – яшчэ амаль два дзясяткі кніг.

Іншая дзейнасць: «Калі можаш не праходзіць міма – не праходзь»

– Калі адчуваеш, што нейкая рэч табе па сілах, ты павінен узяць і зрабіць яе. Я магу арганізаваць выданне кнігі, усталяванне мемарыяльнай дошкі, помніка ці зрабіць музей? Магу.

На рахунку Глеба Лабадзенкі – помнікі на магіле Рыгора Барадуліна, першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку, мемарыяльныя дошкі Рыгору Барадуліну ў Мінску і Вушачах, дошка Васілю Быкаву ў Бычках, многае іншае.

Помнік на магіле Барадуліна ставілі верталётам – і ніхто не верыў, што атрымаецца. Бо ўжо быў распрацаваны праект іншага помніка з крыжамі – прыйшлося змагацца, каб паставіць на магіле вушацкі валун, як таго хацеў паэт.

Уратавала тое, што Міністэрства па надзвычайных сітуацыях бясплатна ўзялося паставіць помнік верталётам – гэта было асабістае рашэнне міністра па надзвычайных сітуацыях Вашчанкі. Інакш давялося б збіраць больш за $10 000.

– Для мяне гэта быў шчымлівы момант, бо калі глядзіш, як помнік апускаюць на магілу верталётам, то разумееш, што немагчымага няма. Вакол хапае добрых людзей, з якімі можна рабіць годныя справы.

З помнікам Касцюшкі была падобная сітуацыя.

– Скульптар Генік Лойка зрабіў геніяльны помнік – Касцюшка стаіць каля роднай хаты, у адной руцэ трымае шаблю, другой зняў капялюш і прытуліў да сэрца. У Варшаве, Вашынгтоне паказваюць заслужанага генерала, а тут ён стаіць каля роднай хаты, вецер трэпле ягоны плашч, развявае ягоныя валасы...

Матывацыя: «Гэтыя валы – гэта месца сілы»

Для Глеба валы Менскага замчышча – месца сілы, жывое сведчанне нашай вялікай гісторыі.

– Важна, што жонка гэта ўсё падтрымлівае, бо калі б яна не верыла ў мяне, то я, можа, і не ўвязваўся б у такія справы. Бо любая такая справа – гэта рызыка, у добрым сэнсе авантура.

Што да музея, то Глеб перакананы: чарга будзе стаяць да кальцавой.

– А дзе яшчэ вы ўбачыце такія ўнікальныя экспанаты, якім 1000 гадоў? А некаторыя яшчэ і патрымаеце ў руках! А за 150 метраў ад музея галоўны экспанат – замчышча Х стагоддзя! Я рабіў тут усё, задаючы сабе заўсёды адно пытанне: я сам паехаў бы такое паглядзець? Я б ахнуў, уразіўся? Адказ я разумею, калі сам да сярэдзіны ночы стаю тут і ў соты раз разглядаю гэтыя ўнікальныя экспанаты.

Слоўнік

Надмагілле – надгробие

Роспач – отчаяние

Натоўп – толпа

Скрынка – коробка

Смецце – мусор

Чарга – очередь

Нахабнік – нахал

Імпрэза – мероприятие

Пляцоўка – площадка

Стайня – конюшня

Зацяты – преданный чему-либо, рьяный; упёртый, настойчивый

Рыдлёўка – лопата

Бразготкі - бубенчики

Лунніца - бронзовое, серебряное, реже золотое украшение в виде полумесяца

Крыжаўключаныя прывескі - крестоподобные украшения

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by; Вікіпедыя.

ООО «Вундербай», УНП 192153894

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter