Люди, истории Дзейныя
CityDog.io
1

«На другую песню мяне натхніў хейт у Instagram». Вось на што мінчанка патраціла 4000$, каб паказаць, што беларуская мова класная

«На другую песню мяне натхніў хейт у Instagram». Вось на што мінчанка патраціла 4000$, каб паказаць, што...
Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Разам з кампаніяй A1 мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

У чарговым выпуску – шчырая і смелая размова з мінчанкай Барбарай Гузарэвіч, якая чытае рэп па-беларуску, каб моладзь палюбіла родную мову.

Кароткі змест артыкула:

«Я глядзела на свайго прафесара і разумела, што нікому ты тут не патрэбен»

– Я хацела паступаць у Маскву ў славуты ГИТИС (Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва. – Рэд.) на спецыяльнасць «Артыст». Вельмі натхнёная, я прыйшла з гэтай ідэяй да бацькоў. Яны мяне, канешне, «апракінулі» і сказалі: «Нікуды ты не паедзеш. Мы з Масквой цябе не падтрымаем». У мяне ў галаве не было думкі паступіць насуперак, і я праплакала ўвесь вечар, – прызнаецца Барбара.

Для 15-гадовай дзяўчыны гэта была трагедыя. Без жартаў, яшчэ ў дзіцячым садку педагогі заўважылі добрыя даныя Барбары і сказалі бацькам, што дзіцёнку абавязкова трэба спяваць.

Жыццё дзяўчынкі хутка запоўнілася заняткамі па вакале, музычнай школай і нават выступамі і конкурсамі ва ўзорным вакальна-эстрадным ансамблі «Буслік». Цяпер усё гэта разбурылася ў адзін момант.

Пазней наша прадпрымальная гераіня прыдумае, як паспяхова рэалізаваць свае таленты, але гэта здарыцца праз 8 гадоў.

Барбара Гузарэвіч – мінчанка ў чацвёртым пакаленні, дзяцінства якой прайшло ў раёне станцыі метро «Пушкінская».

– Гэта быў час, калі яшчэ не было інтэрнэту. Я многа гуляла ў парку 60-годдзя Кастрычніка з сябрамі: у «Гарады», «Резиночку». Самае страшнае было тое, што бацькі маглі забараніць выйсці з дома, вяртацца ж трэба было да цемры. Мае малодшыя брат і сястра ўжо не выходзілі на вуліцу: у іх тэлевізар, дэвайсы, – узгадвае Барбара.

Акрамя музыкі і ўрокаў у школе здольная дзяўчынка займалася гімнастыкай, танцамі і англійскай мовай з рэпетытарам.

– Калі я была малая, мне не вельмі падабаўся такі шчыльны графік: хацелася гуляць. Хоць трэба сказаць, што дзякуючы ансамблю «Буслік» я не раз пабывала на фестывалях у Польшчы, Германіі, Чэхіі, – расказвае Барбара.

Барбара пайшла на «Эстрадны вакал» у каледж мастацтваў і, паколькі мара пра Маскву загадала доўга жыць, неўзабаве вярнулася ў 11-ы клас.

– Я зразумела, што займацца шоўбізам у Беларусі не мае сэнсу. Пасля школы я паступіла на «Лагістыку» ў БДУ, але і гэта аказалася не маё. Адукацыя – ok, дыплом – ok, але займацца перавозкамі я не буду.

Мяне больш цікавіла, як рабіць эканамічныя рэформы, уплываць на становішча краіны. Мой выкладчык – круты прафесар палітэканоміі – быў дарадцам прэм’ер-міністра. Я глядзела на яго і разумела, што нікому ты не патрэбен. Усё ж зразумела, што зверху без саветнікаў і прафесараў ведаюць, як трэба.

Цяпер наша гераіня працуе адміністратаркай у адным з казіно Мінска і сярод переваг гэтага месца адзначае адносна свабодны графік, які пакідае шмат часу для творчасці.

«Мы раскруцілі кліп праз беларускія інтэрнэт-медыя і сабралі 40 000 праглядаў без рэкламы»

– У школе я зусім не цікавілася беларускай мовай і гісторыяй Беларусі. Гэты свет адкрыў мне мой муж-праграміст. Ён расказваў мне пра першую ў Еўропе канстытуцыю 3 мая, пра тое, што ў Вялікім княстве Літоўскім у сялян было больш правоў, чым пры прыгонным праве.

Я пачала цікавіцца тым перыядам, чытаць пра падзелы Рэчы Паспалітай. Мне стала няёмка, што я сама знаходжуся пад уплывам русіфікацыі.

Я сядзела дома і думала, што я магу зрабіць, каб прасоўваць беларускую мову. Эканоміка – не, у палітыку я не пайду. Хацелася чагосьці рэзананснага і маштабнага. Унутраны голас мне сказаў: «Блін, ты ўсё жыццё займалася музыкай – паспрабуй праз свой талент». Я разумела, што пісаць песні пра кветачкі і каханне не хачу. Я захацела «пафлексіць».

Першым напісаўся іранічны тэкст BOSS пра жанчыну-мару, якую не хвалюе меркаванне хлопца, які ляжыць на канапе з бургерам.

Барбара стала шукаць прадзюсера, які дапамог бы запісаць паўнавартасны трэк, і знайшла яго ў Маскве. Бітмэйкер Сцяпан Возераў (OSA) ужо працаваў з вядомымі рэперамі Saluki, Feduk, Хаскі, OFFMi і пагадзіўся дапамагчы. Наша гераіня паляцела ў Маскву на запіс і ў студыі пазнаёмілася з Арсенем Свінцовым (Sensimiller), які стаў гукарэжысёрам праекта.

Пад дзейным і крыху правакацыйным, як сам змест песні, псеўданімам ZRABI Барбара зняла і промавідэа. Не задумваючыся пра акупнасць усяго мерапрыемства, дзяўчына смела заплаціла за прадакшн уласныя 4000 долараў.

– У мяне была ідэя, і я гарэла яе рэалізаваць, хоць, натуральна, хвалявалася. Мы раскруцілі тызер праз беларускія інтэрнэт-медыя і сабралі амаль 40 000 праглядаў без рэкламы, – расказвае Барбара.

Наступную песню рэперка ZRABI таксама запісала ў Маскве. Наша гераіня гаворыць, што тут знайшла сяброў і калег, з якімі камфортна і лёгка. Дарэчы, некаторыя з іх скончылі той самы запаветны ГИТИС.

– Трэк BOSS многія людзі ўспрынялі сур’ёзна і на свой рахунак. Я разлічвала, што будзе так: нашы людзі не могуць жартаваць самі з сябе. І на другую песню – «Хейт» – мяне натхніў менавіта хейт, які пачаў ліцца на мяне ў Instagram і іншых сацыяльных сетках пасля «Жанчыны-бос».

Апошняя завершаная песня спявачкі ZRABI – Adčuvaj – «пра секс, пра пачуцці, калі вы займаецеся гэтым самым», тлумачыць Барбара. Трэк запісалі ў Мінску разам з VAL, Уладзіславам і Лерай, якія ў гэтым годзе павінны былі ехаць на «Еўрабачанне».

«Я перамагла дзякуючы ў тым ліку вам, бо праз вас я ўбачыла, што беларуская мова актуальная»

Звычайны дзень маладой рэперкі ZRABI, калі ёй не трэба ісці на працу, складаецца з індывідуальных заняткаў танцамі, фартэпіяна і, канешне, паходаў на студыю.

– Быт не займае шмат майго часу. Я амаль што не гатую, не магу прымусіць сябе прыбірацца. Карацей, я вельмі дрэнная жонка, – смяецца Барбара. – З мужам былі спрэчкі адносна маёй творчасці, але ён не парушае маю свабоду. Я ўжо звыклася і ўспрымаю ўсё так, што яму не павінны падабацца мае песні, як і мне не павінна заўжды падабацца тое, што робіць ён.

Яшчэ Барбара вядзе Instagram, дзе посціць прыгожыя фота і выказваецца па самых розных пытаннях: асабістых і грамадскіх. Аднойчы яна нават расказала нешчаслівую гісторыю свайго паступлення ў ГИТИС.

– Прыехала дадому, маці кажа: «Што за лухту ты там напісала, быццам мы з бацькам не пусцілі цябе ў Маскву?» І смяецца. А мне не смешна, таму што сітуацыя так запала мне ў душу, што я прапрацоўвала яе з псіхатэрапеўтам, – прызнаецца дзяўчына.

Цікава, што на 40% аўдыторыя акаўнта ZRABI – людзі ва ўзросце 25–34 гадоў, амаль трэць з якіх – масквічы. Барбара кажа, што яны не разумеюць змест яе песень, але на 100% падзяляюць яе патрыятызм і ніколі не пыталіся, чаму па-беларуску, у той час як беларускія падпісчыкі часам задаюць гэта пытанне.

– Можа быць, і варта было б выходзіць на расійскі рынак, бо зараз я сябе абмежавала. Я думаю пра тое, што, магчыма, буду рабіць рускамоўныя трэкі – не на шкоду беларускамоўным, канешне, – разважае дзяўчына.

Пакуль што ў ZRABI было літаральна пару выступаў: на дні нараджэння «Арт-Сядзібы», на «Мова-фэсце». Для сольнага ж канцэрта мала рэпертуару і папулярнасці, лічыць Барбара.

Самы круты фідбэк, які прыйшоў у дырэкт, быў ад васьмікласніцы з Наваполацка, якая перамагла ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове.

– Яна напісала вялікае паведамленне: «Я перамагла дзякуючы ў тым ліку вам, бо праз вас я ўбачыла, што беларуская мова актуальная. Мне стала цікава прысвячаць ёй шмат часу». Зараз яна таксама ўдзельнічае ў алімпіядзе і ўжо перамагла ў вобласці. Я проста афігела, калі гэта прачытала, – гаворыць Барбара.

Слоўнік

Варта – стоит

Дарадца – советник

Здольны – способный

Лухта – ерунда

Натхнёны – вдохновленный

Насуперак – наперекор

Неўзабаве – скоро

Пафлексіць – повыпендриваться, поугорать

Прасоўваць – продвигать

Шчыльны – плотный

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.

ООО «Вундербай», УНП 192153894

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter