«Адзін немец адкрыў візу, каб прыехаць да нас купіць кашулю». Гэта сям’я заснавала брэнд адзення Honar, каб вы маглі апрануцца модна і па-беларуску

«Адзін немец адкрыў візу, каб прыехаць да нас купіць кашулю». Гэта сям’я заснавала брэнд адзення Honar, ...
Разам з кампаніяй «A1» мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Разам з кампаніяй «A1» мы працягваем рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Гэта прыгода пачыналася з простага сямейнага абеду дома і неўзабаве стала заўважнай з’явай у беларускай модзе. Наступныя «Дзейныя» – сямейная пара, якая заснавала брэнд Honar («Гонар»).

Кароткі змест артыкула:

Як усё пачыналася, і чаму так назвалі: «Honar класна кладзецца ў любы мэсэдж»

7 гадоў таму ў Паўла Доўнара і Карыны Адзесенкі нарадзілася дачка. Сям’я стала менш хадзіць па кавярнях, больш часу праводзіць дома – лагічна паўстала пытанне: чым займацца?

Думка рабіць вопратку з беларускім акцэнтам у патрыятычнай пары была даўно, і неяк падчас дамашняга абеду Павал і Карына расказалі ідэю сябрам. «Гэта крута!» – першая рэакцыя канчаткова пераканала мужа і жонку, што час пачынаць.

Першыя кашулі і швэдры Honar адшываліся і вязаліся дома, у кватэры на праспекце Пераможцаў, забіраць заказы некаторыя кліенты таксама прыязджалі сюды ж.

– Варыянтаў назвы ў нас першапачаткова было штук дзесяць. Напрыклад, разглядалі такі варыянт: назваць «Гонар» лінейку мужчынскага аддзення, а «Годнасць» – жаночага. Добра, што мы так не зрабілі. Honar класна кладзецца ў любы мэсэдж, – расказвае Павал.

Над першым мужчынскім пінжаком пара працавала год: шмат разоў выкрайку перароблівалі, выкідалі пашытае, аддавалі сябрам няўдалыя мадэлі. Павал кажа, што сужонкі не адчувалі сябе неафітамі ў швейнай справе: продкі абодвух былі прафесійнымі краўцамі.

Праз год няспынных спроб, памылак і росту папулярнасці брэнд Honar пераехаў ва ўласны шоу-рум на Куйбышава, у адзін з карпусоў завода «Гарызонт».

Пра тое, якую нішу занялі на рынку: «У лімітаваным адзенні кліент упэўнены, што не сустрэне чалавека ў такой кашулі»

– У нас не класічны бізнес, а больш рамяство, каб прасоўваць культуру ў Беларусі і ў свеце. Ёсць такая ніша, мідл-маркет, якая знаходзіцца паміж мас-маркетам і прэміум-сегментам. Большая частка беларускіх дызайнераў – гэта мідл-маркет, – тлумачыць Павал Доўнар.

Адзенне Honar – гэта кашулі, сукенкі, світшоты, аксесуары з вышыўкамі на тэму Беларускай Народнай Рэспублікі, князёў Вялікага княства Літоўскага, Купалля і, натуральна, з традыцыйным арнаментам.

– Беларуская гісторыя і культура настолькі багатыя, што майго жыцця дакладна не хопіць, каб рэалізаваць усе задумкі, – лічыць Павал. – Напрыклад, адна з апошніх – праект «Карта Беларусі». Мы выбралі некалькі рэгіёнаў, намялявалі іх сімвалы: Шагал, школа мастацтваў, магілёўскае паўстанне – і зрабілі вышыўку на байцы.

Часта Honar выпускае мадэлі лімітаванай колькасці. Напрыклад, некаторых сукенак за ўвесь час было не болей за дзесяць адзінак.

– Дадатковая вартасць лімітаванага прадукту заключаецца ў тым, што кліент ці кліентка ўпэўнены, што не сустрэнуць чалавека ў такім жа адзенні, – кажа Павал. – Двойчы нас запрашалі ўдзельнічаць у Belarus Fashion Week. На жаль, у Беларусі не прыходзяць на тыдні моды баеры, якія адразу купілі б у цябе ўсю калекцыю. Хутчэй там сустрэнеш новага кліента, які любіць апранацца эксклюзіўна.

Таксама Honar запрасілі на сёлетні Фестываль славянскай моды ў Парыжы, аднак праз пандэмію і закрытыя межы ўдзел у мерапрыемстве давялося адкласці.

Карына і Павал знаёмы з многімі мінскімі дызайнерамі вопраткі: балазе, у апошнія гады мясцовы рынак у гэтым кірунку заўважна развіўся.

– Пару разоў мы ўдзельнічалі ў фэшн-маркетах у Мінску і зразумелі, што там малавата нашых новых кліентаў. Да таго ж у нас няма столькі адзінак, каб палову адвезці на маркет, палову пакінуць у шоу-руме. У нас ёсць шоу-рум, што мала хто з дызайнераў можа сабе дазволіць, ды ўмовы тут лепшыя: прымерачныя, святло, разлікі, – расказвае Павал.

Колькі павінна каштаваць кашуля: «Гонар не можа быць танным – нам назва не дазволіць зрабіць шырпатрэб»

Час ад часу ў сацыяльных сетках брэнда з’яўляюцца водгукі, што рэчы занадта дорага каштуюць:

– Я лічу, што ў нас танна. Наша кашуля мае каштаваць у паўтары разы даражэй. У нас ручны пашыў, якасныя тканіны, наклад мадэлі 30 адзінак. Не віна кампаніі Porsche, што я не магу купіць Porsche. Калі нехта думае, што ў нас вялікая нацэнка, я прапаную яму стаць нашым канкурэнтам і паглядзець, колькі можна зарабіць. Гонар не можа быць танным – нам назва не дазволіць зрабіць шырпатрэб», – тлумачыць палітыку коштаў Павал.

Адна з самых тэхналагічна складаных рэчаў – мужчынская кашуля – у Honar шыецца 6 гадзін. Для параўнання, рабатызаваныя фабрыкі адзінку адшываюць за 15–30 хвілін. Павал гаворыць, што ў брэнда ніколі не было ў планах спаборнічаць са швачкамі з Бангладэш у масавасці. Па гэтай жа прычыне наўрад ці крамы Honar з’явяцца ў кожным гандлёвым цэнтры горада.

– Мы хутчэй пойдзем у анлайн-продажы: каб чалавек мог седзячы дома «памераць», як на ім сядзіць кашуля. Вось перспектыўны кірунак, – расказвае наш герой.

Як любяць апранацца беларусы: «Нашы мужчыны любяць, каб на адзенні быў чэрап ці вершнік, маўляў, ты сур’ёзны чалавек»

На старонцы брэнда ў Instagram Павал і Карына публікуюць фота сваіх пакупнікоў у рэчах Honar: гэта і селебрыці з дзяржаўнага тэлебачання, і вядомыя грамадскія актывісты.

– Наша адзенне перш за ўсё для тых, хто хоча выдзеліцца, апранацца з густам і якасна, – каменціруе Павал Доўнар.

– Самая папулярная мадэль за ўсю гісторыю брэнда – мужчынская чорна-чырвоная кашуля. Неяк мы нават ужо знялі яе з вытворчасці. Колькі ўжо можна? Але кліенты пытаюцца: «Дзе чорна-чырвоная кашуля?»

У нас ёсць пакупнік, які, напэўна, штук пяць знасіў гэтых кашуляў. Недзе раз на год ён прыходзіць набыць менавіта яе. Мы зразумелі, што нават дзеля яго аднаго трэба, каб такая кашуля была заўжды ў асартыменце, і стараемся, каб ягоны памер заўсёды быў у наяўнасці.

– У нас была гісторыя, калі адзін немец убачыў нашу кашулю на беларусе, які жыве ў Германіі, спытаў яго, дзе той купіў, адкрыў візу і прыехаў да нас, каб купіць такую ж. Гэта была тая самая чорна-чырвоная кашуля. У немцаў яна чамусьці карыстаецца попытам, – кажа Павал.

Класічную бела-чырвоную мужчынскую кашулю асабліва часта куплялі ў першыя гады брэнда, і яна таксама сёння заўжды вісіць у шоу-руме. А яшчэ ў беларускіх мужчын папулярныя блакітныя колеры кашуль: калі не чорны, не белы і не шэры, то менавіта сіні.

– У нас былі жаночыя байкі свабоднай пасадкі. Адзін беларус з Масквы прыйшоў, перамераў усё мужчынскае – нічога не спадабадалася. Убачыў гэту байку, памераў, сказаў: «Я арт-дырэктар – мне можна», – і набыў яе.

– Нашы мужчыны – такія сабе альфа-самцы, якія любяць, каб на адзенні быў чэрап ці вершнік, маўляў, ты сур’ёзны чалавек.

У нас ёсць кашуля, фішка якой у тым, што яе не хочуць нават прымяраць, але пасля не жадаюць з яе вылазіць. На каўнерыку вышыта валошка – ну што вы, гэта не для мужчын! Аднак тканіна ў гэтай мадэлі дужа прыемная да цела – яе сапраўды не хочацца здымаць. На мой погляд, ні кветка на кашулі, ні каляровыя шкарпэткі не робяць мужчыну менш мужным, – разважае Павал.

З жаночых мадэлей самая папулярная – бела-чырвоная блуза, якая існуе ад заснавання брэнда і заўжды прадстаўлена ў шоу-руме.

Павал кажа, што Honar за ўвесь гэты час для яго і Карыны стаў асноўнай працай, і з усмешкай дадае, што зарабіць на ўласны Porsche не ўдалося. Затое агульная справа – моцны фактар, які збліжае сям’ю:

– Зразумела, калі ты перфекцыяніст, будуць нейкія працоўныя рэакцыі і іх перанясенне на стасункі. У нас няма такога, што мы стаміліся адзін ад аднаго пасля працоўнага дня і сядзім па розных пакоях. Мне здаецца, нам удаецца ўсё гарманічна спалучаць, – дзеліцца герой.

Слоўнік

Баер – чалавек, які прафесійна закупае калекцыі вопраткі для крам

Балазе – тем более

Валошка – василек

Вершнік – всадник

Гонар – честь

Каўнер – воротник

Кравец – портной

Сужонкі – супруги

Швачка – швея

Швэдар – свитер

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Віка Мехавіч для CityDog.by.

ООО «Вундербай», УНП 192153894

поделиться