Подкасты
CityDog.io
3

Гэта беларуска робіць драўляны дэкор для дома, які верне вас у дзяцінства, – і ідэю актыўна плагіяцяць. Паглядзіце, як прыгожа

Гэта беларуска робіць драўляны дэкор для дома, які верне вас у дзяцінства, – і ідэю актыўна плагіяцяць. ...
Разьбяныя люстэркі, чароўныя драўляныя пано, падносы і вешалкі, на якія нібы сышлі персанажы кніжак з казкамі, – усё гэта Ірына Бельская стварае ў сваёй майстэрні «Прыгожа дома». Сама прыдумляе сюжэты, сама выпілоўвае і распісвае. «Мне часта кажуць, што мае работы нібыта вяртаюць у дзяцінства, – дзеліцца яна. – І, хоць у маім дзяцінстве такіх вырабаў не было, я магу зразумець, чаму многім гэта нагадвае нешта з мінулага. Усё, што я раблю, – вельмі па-дамашняму».

Разьбяныя люстэркі, чароўныя драўляныя пано, падносы і вешалкі, на якія нібы сышлі персанажы кніжак з казкамі, – усё гэта Ірына Бельская стварае ў сваёй майстэрні «Прыгожа дома». Сама прыдумляе сюжэты, сама выпілоўвае і распісвае. «Мне часта кажуць, што мае работы нібыта вяртаюць у дзяцінства, – дзеліцца яна. – І, хоць у маім дзяцінстве такіх вырабаў не было, я магу зразумець, чаму многім гэта нагадвае нешта з мінулага. Усё, што я раблю, – вельмі па-дамашняму».

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Пра тое, як з графічнай дызайнеркі ператварыцца ў майстрыху па дрэве

Цяпер у Ірыны – свая двухпавярховая майстэрня, вялікая аўдыторыя ў Instagram і бясконцы паток кліентаў. Але яшчэ некалькі гадоў таму яна працавала ў офісе і займалася творчасцю толькі на ўзроўні хобі.

– Многія часта пытаюцца, ці ёсць у мяне мастацкая адукацыя, – расказвае майстрыха. – Я адвучылася на менеджара-культуролага ва ўніверсітэце культуры, а потым стала тыповай офіснай супрацоўніцай: займалася графічным дызайнам, працавала з відэа і дызайнам упакоўкі ў розных фірмах.

Хаця творчасць у тым ці іншым выглядзе ў маім жыцці была заўсёды. Я любіла маляваць, ляпіць – але ўсё гэта пасля асноўнай працы.

З цягам часу я адкрыла ІП і стала аказваць дызайнерскія паслугі ў вольным плаванні. Вядома, сыходзіць з офіса было страшнавата. Я тады здымала кватэру, а потым вырашыла, што буду будаваць сабе другі паверх у прыватным доме ў бацькоў. Узяла крэдыты: адзін, другі – і з гэтым багажом пачала працаваць на сябе.

Але па факце я не сыходзіла ў нікуды. У мяне ўжо была кліенцкая база па графічным дызайне, а паралельна з’яўлялася ўсё больш заказаў і на мае вырабы. Дызайнам я займалася яшчэ некалькі гадоў і канчаткова адышла ад гэтага, толькі калі паток пакупнікоў стаў вялікім. Так што моманту, калі я вырашыла: вось, кідаю працу і сыходжу ў творчасць – не было, усё атрымалася неяк натуральна і само сабой.

Чаму менавіта дрэва?

– Першапачаткова я займалася керамікай, – працягвае Ірына, – і ў першай сваёй выставе ўдзельнічала з гіпсавымі фігуркамі. Яны былі цікавыя тым, што я не адлівала па гатовай форме, а сама рабіла яе з пластыліну. Усе падыходзілі і пыталіся: «Яны драўляныя?»

А праз некаторы час бацька звярнуў увагу на кучу абрэзак ад дошак у нашым прыватным доме і заўважыў: «А ты б свае вырабы магла паспрабаваць рабіць з дрэва». Мне тады гэты матэрыял быў наогул незразумелы, да сябе яго ніяк не стасавала – здавалася, што без нейкай спецыяльнай адукацыі або «моцнай мужчынскай рукі» працаваць з ім немагчыма.

Але неяк улетку ў двары паспрабавала выпілаваць сваю першую фігурку анёла – і ўсё атрымалася.

У мяне ўжо была аўдыторыя ў Instagram, усе гэту ідэю падтрымалі і напісалі столькі добрых слоў, што я вырашыла: трэба спрабаваць далей.

Спачатку пілавала ў сястры ў падвале, а фарбавала дома. А потым муж пабудаваў майстэрню замест гаспадарчай пабудовы побач – так што з таго часу ад дома да працы мне ісці 50 метраў (смяецца). Мае вырабы спадабаліся пакупнікам, я стала ўдзельнічаць у кірмашах у Мінску і Маскве, а ідэй станавілася ўсё больш.

Пра тое, як атрымалася знайсці ўнікальны стыль – і як іншыя сталі яго капіраваць

Працы Ірыны – гэта бялявыя анёлы, укормленыя каты, парасяты, гусі-лебедзі і іншыя персанажы, прасякнутыя ўтульнасцю савецкіх мульцікаў са старога бабулінага тэлевізара ў вёсцы. Майстрыха кажа, што не вырашала ствараць свае працы ў такой стылістыцы мэтанакіравана – атрымалася само сабой. Але заўважае: як толькі высветлілася, што людзям гэта падабаецца, іншыя яе ідэю сталі актыўна плагіяціць.

– Я не выбірала свядома, у якім стылі мне працаваць. Не прыдумляла нічога спецыяльна – проста рабіла так, як падабалася мне самой.

Самыя папулярныя героі маіх вырабаў – каты і анёлы. Катоў я люблю з дзяцінства і ўсе новыя тэхнікі заўсёды спрабую на гэтых персанажах. Чаму так? Не ведаю. Мае працы вельмі дамашнія, а, напэўна, першая выява, якая прыходзіць на розум, калі кажаш пра дом, – гэта кот.

А анёлы – гэта, мабыць, нешта супрацьлеглае. Узвышанае, недасягальнае – але ў той жа час таксама блізкае і роднае.

Усё гэта выглядае знаёма і зразумела, і ёсць людзі, якія глядзяць на мае працы і думаюць: «‎Яны простыя і дарагія, вось і я буду рабіць гэтаксама»‎. Але гэта так не працуе – мне здаецца, адчуваецца, калі майстар сам атрымлівае задавальненне ад працэсу і робіць ад сэрца. Можа, вядома, гэта гучыць як эзатэрыка, але на ўзроўні энергетыкі і праўда нешта ёсць.

Я сама мэтанакіравана не адсочваю, ці спрабуе нехта за мной паўтараць, але заўсёды ёсць добрыя падпісчыкі, знаёмыя і сябры, якія з радасцю мне такое дасылаюць. І добра б яшчэ натхніліся – і зрабілі па-свойму, але бываюць і непасрэдна скапіраваныя рэчы. Быў выпадак, калі па маіх працах праводзілі майстар-класы ў нейкім расійскім горадзе і нават у якасці ілюстрацый выкарыстоўвалі мае фатаграфіі.

Тады я паскардзілася ў Instagram, і гэта выдалілі. Раней у мяне нават асобная папачка была з плагіятам, але я, хоць і лічу гэта недапушчальным, не пішу аўтарам і не лаюся. Проста веру, што такіх зладзюжак наганяе творчая карма (смяецца).

Для мяне самой вельмі важна не пазычаць чужыя ідэі, а прыдумляць самой – у гэтым ёсць самабытнасць і жыццё. Інакш творчыя патокі наогул перакрываюцца, і далей у такога «‎майстра»‎ застаецца толькі шлях крадзяжу, таму што сваё ўжо не прыдумляецца.

Пра пастаянных пакупнікоў і любімыя вырабы

Асноўны паток кліентаў майстэрні – беларусы і расіяне. Бываюць і замежнікі з больш далёкіх краін, але таксама рускамоўныя: Ірына прызнаецца, што слаба сябруе з англійскай і не прасоўваецца на англамоўную аўдыторыю.

– Мне здаецца, мая мэтавая аўдыторыя – людзі, якія аддаюць перавагу загараднаму жыццю ў прыватных дамах, – кажа Ірына. – Магчыма, у кватэру з сучасным інтэр’ерам мае вырабы не ўпішуцца. Гэта хутчэй пра кантры ці наіў.

Заўважаю, што ў пакупнікоў ёсць любімыя працы, пра якія ўвесь час пытаюцца. Напрыклад, анёлы з домікам у сэрцы. Гэта ўвогуле адзін з маіх знакавых вырабаў. Аднойчы я ўбачыла дошку, з якой выпаў сучок, і падумала, што зраблю з яе фігурку анёла, а ў дзірачку змяшчу хатку, – і з тых часоў гэта ідэя людзям вельмі спадабалася.

Або «‎сямейныя партрэты»‎ – аб’ёмныя галовы жывёл у авальнай раме: катоў, сабак, свіней, лісіц. Раней я рабіла іх на дзве персоны, а з нараджэннем дзіцяці на карцінах таксама з’явіліся малыя.

Аб працы без заказаў і бізнес-планаванні, якога няма

Некалькі гадоў таму Ірына цалкам адмовілася ад прац на заказ. І прызнаецца, што дарасці да моманту, калі ты можаш рабіць толькі тое, што хочаш сам, – мара любога майстра і мастака. Але ўдакладняе, што для такой свабоды творчасці патрэбна лаяльная аўдыторыя, якая прымае твае ідэі.

– Вядома, праца на заказ – гэта стабільны заробак. Ты дакладна ведаеш, што зробіш столькі вырабаў і атрымаеш за гэта столькі грошай. Але мне пашчасціла з пакупнікамі: яны сочаць за маёй творчасцю, чакаюць чагосьці новенькага, так што зараз не я падладжваюся пад іх, а яны пад мяне.

Я не стаўлю перад сабой нейкіх канкрэтных лічбаў і паказчыкаў, і нейкай бізнес-стратэгіі ў мяне няма – але лічу, што такое можна сабе дазволіць толькі пры напрацаванай аўдыторыі. Навічкам я б так рабіць сапраўды не раіла.

У той жа час, нягледзячы на ​​ўсю гэту свабоду, лічу сябе чалавекам даволі прадукцыйным – я заўсёды ў працэсе. На адзін выраб трачу ў сярэднім тры-чатыры дні. Але ўвогуле складана сказаць, таму што звычайна раблю паралельна некалькі прац – мне цікавей, калі ёсць магчымасць пераключыцца. Сёння, напрыклад, у мяне дзень пілавання – і я пілую адразу некалькі вырабаў. Заўтра – шліфую. Потым – распісваю.

Бываюць працы, якія могуць заняць і тры гады. Гэта, вядома, не значыць, што я працую над імі кожны дзень на працягу ўсяго гэтага перыяду, – проста часам нешта захрасае на нейкім этапе, я гэта адкладаю, а потым знаходжу і думаю: «‎О, класна!»‎ І часам ператвараю выраб зусім не ў тое, што задумвалася першапачаткова.

Пра планы на будучыню і самы дарагі выраб

Гаворачы пра будучыню сваёй майстэрні, Ірына жартуе, што ад якога-небудзь планавання адмовілася гады два таму – а пакуль проста жыве і робіць тое, што падабаецца самой і людзям. Але марыць больш працаваць з мэбляй і рабіць упор на мастацкі складнік сваіх вырабаў.

– Я не думаю пра нейкае глабальнае маштабаванне ці масавую вытворчасць аднолькавых рэчаў – гэта ўжо не пра ручную працу і ўнікальнасць. Тым не менш штосьці я стала дэлегаваць.

Доўга разважала, якія моманты, дзе маё аўтарства было б не прынцыпова, магу аддаць на бок, і спынілася на фрэзероўцы для люстэркаў. Раней я займалася гэтым сама, і для мяне гэта быў дзень стрэсу.

Пілаваць з часам таксама, мусіць, можна аддаць камусьці іншаму, але цалкам адмовіцца ад гэтага я не змагу – гэта ж таксама працэс творчы і непрадказальны. Бывае, з’едзе лобзік кудысьці не туды – а гэта памылка прывядзе да нейкага новага вырабу, да якога я б і не дадумалася. А вось роспіс сапраўды нікому не даверу – гэта маё.

Калі казаць пра планы, мне б хацелася больш папрацаваць з мэбляй – я гэта вельмі люблю. Вось нядаўна скончыла камоду з катом – гэта, дарэчы, была мая самая дарагая праца, 930 рублёў. Я яе і гравіравала, і абпальвала, і сякеркай абстуквала – увогуле чаго толькі з ёй не рабіла. А зараз яна адправілася ў Саранск.

Цяпер сваё развіццё я бачу ў тым, каб рабіць унікальныя вырабы, дзе адзінка будзе каштаваць больш. А яшчэ мне б хацелася, каб мае працы мелі не толькі камерцыйны поспех, але і мастацкую каштоўнасць. І каштоўнасць майго аўтарства.

Адна мая пакупніца неяк сказала: «Я купляю ў вас не проста брошку з домам у возера, я купляю вашы гісторыі, як вы ходзіце з сынам карміць коз, як вырошчваеце кветкі на тэрасе і як фатаграфуецеся ў люстэрка ў садзе». І, ведаеце, я з ёй згодна – бо за кожным маім вырабам і сапраўды ёсць свая гісторыя. Мае працы не проста цесна пераплецены з маім жыццём, яны і ёсць яго частка – і мне важна дзяліцца гэтым з іншымі.

 

Фота: Instagram.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter