Люди, истории
CityDog.io
1

«Люблю вымерзнуць, прыйсці дадому, скінуць валёнкі – і на печку». Дзяўчына расказвае, як з сям’ёй пражыла 10 гадоў у закінутай беларускай вёсцы

«Люблю вымерзнуць, прыйсці дадому, скінуць валёнкі – і на печку». Дзяўчына расказвае, як з сям’ёй пражыл...
Аўгіння Манцэвіч, рэдактарка і аўтарка сайта Downshifter.by, расказвае пра вынікі 10 гадоў, пражытых у вeсцы.

Аўгіння Манцэвіч, рэдактарка і аўтарка сайта Downshifter.by, расказвае пра вынікі 10 гадоў, пражытых у вeсцы.

– «Жыць у горадзе больш не модна», – 10 гадоў таму на ўсім вядомым сайце смела напісаў сталічны журналіст Рома Носаў пра некалькіх дзівакоў, якія пераехалі з горада ў вёску. Сярод тых дзівакоў былі і новаспечаныя даўншыфтары – мы з Вераснем (муж Аўгінні. – Рэд.).

Хто б мог падумаць, але той артыкул, датаваны ліпенем 2012 года, выклікаў шквал незадаволеных каментарыяў і злобных заўваг. І не дзіва! Жыць у горадзе было модна! Больш за тое, многія толькі-толькі туды пераехалі, а тут нейкі Рома Носаў заяўляе, што ў горадзе жыць не модна! Бач ты!

Фота 34mag.net.

Гэта ў вёсцы жыць было не модна. Але Рома Носаў як у ваду глядзеў. Дзесяць гадоў прайшло пасля публікацыі гэтага артыкула, а трэнд вясковага даўншыфтынгу ў Беларусі не тое што не згас, а нават набірае абароты.

Разам з гэтым не толькі пустых хат у вёсках становіцца менш, але і агульны наратыў у інтэрнэт-прасторы змяніўся. Калі пад згаданым артыкулам можна было сустрэць каментарыі ў асноўным такога кшталту: «гэта да першай зімы», «у іх проста дзяцей няма», «вось здарыцца нешта, а “хуткая” колькі ехаць будзе?», то цяпер пад аналагічнымі артыкуламі людзі пераважна захапляюцца героямі і жадаюць ім поспехаў і удачы.

Вечар на хутары з замежнымі сябрамі, фота Дзяніса Дзюбы.

Вядома, і цяпер знаходзяцца зайздроснікі і незычліўцы, якія заўсёды знойдуць да чаго прычапіцца: то называюць даўншыфтараў лайдакамі (маўляў, на заводзе не захацелі працаваць, дык ідзіце ў калгас), то сектантамі (а што гэта яны Каляды з Купаллем па сонцы святкуюць?), то проста дзівакамі (што з іх возьмеш, толькі хіба артыкул пра іх прачытаць).

Але тым не менш падчас размоў са знаёмымі адкрываюцца новыя звесткі: выяўляецца, і ў таго ёсць хутар, і ў гэтага. І сёння хутчэй тыя, хто не мае сваёй хаты ў вёсцы ці на хутары, выглядаюць прынамсі недальнабачнымі.

А як жа свая зямелька, калодзеж, паграбочак, закатачкі, лес той жа? Ну праўда, пераваг вясковага жыцця ў сучасным свеце літаральна за апошнія пару гадоў раптам рэзка паболела

Будзе дзе і з чым перажыць любы лакдаўн і нават ядзерную зіму. А адсутнасць паблізу важных аб’ектаў інфраструктуры цяпер разглядаецца як перавага. У выпадку вайны нікому не будзе справы да нашага богам забытага кутка.

Аўгіння Манцэвіч, фота Сяргея Красікава.

Я гэта адчула ў 2020-м, калі пачалася пандэмія каронавіруса. Пакуль у гарадах людзі вар’яцелі, носячы маскі і дэзінфікуючы рукі кожныя 5 хвілін, я дзякавала сусвету, што ў Лохаўшчыне засталося жыць толькі 5 чалавек. І адлегласць паміж намі вымяраецца сотнямі метраў. І што рукі мыць мне даводзіцца толькі ад зямлі, у якой калупалася, саджаючы будучы правіянт.

Дарэчы, за ўсе гэтыя 10 гадоў градкі ў мяне былі мінімальныя. Паставіўшы эксперыменты з дынямі і кавунамі ў першыя пару гадоў, я спынілася на зелянусе, цыбулі, моркве, бураках, кабачках, гарбузах і чорнай рэдзьцы. Усяго зусім патрошку, ёсць яшчэ цяплічка з памідорамі. Часам у гэты спіс укліньваюцца баклажаны і нешта яшчэ.

Але ўсё гэта настолькі неістотна, што можна нават не ўлічваць. Самы вялікі страх маёй мамы – што вясковая праца мяне загубіць. Але не, мама, спакойна, я не той чалавек, які стане сябе губіць.

Увесь мой агарод хутчэй для душы, гэта пэўны спосаб узаемадзеяння з зямлёй, прыродай, гадавымі цыкламі і варыянт фізічнай актыўнасці, а не рэальная падмога ў нарыхтоўцы запасаў харчоў.

У мяне нават яблыкі не атрымалася захаваць на зіму ў пограбе – пагнілі, а тое, што не згніло, даелі мышы. Так што суседскія дзядзечкі і цёцечкі, якія вядуць традыцыйную сельскую гаспадарку, – мая падтрымка і надзейны тыл.

Тым не менш у 2020-м я раптам усвядоміла, што маіх палутара сотак агароду на гэты год можа не хапіць. Краіна за краінай закрываліся на лакдаўны, вытворчасць спынялася, самалёты пераставалі ўзлятаць, і мая паніка стала ўзрастаць. Але паніка ў вёсцы ніколі не безвыходная.

У любой незразумелай сітуацыі саджай агарод

Так кажа мне мая падсвядомасць, і так яна мне найстойліва даводзіла вясной два гады таму. Я здалася, замовіла трактар у суседняй вёсцы (па шчырасці, мне так на гэтым залежала, што ў працэсе паўдзельнічалі тры трактарысты з трох суседніх вёсак), і цаліна плошчай у дзве соткі была ўзнята, узарана і гатова стаць агародам.

Крамы насення сталі маім другім домам на пэўны час. Я з асцервяненнем вырывала малады і пругкі дзядоўнік, выкідала яго дробна пасечанае карэнне і засявала зямлю морквай, буракамі, агуркамі. Нарэшце перада мной стаяла перспектыва забяспечыць сябе і сваю сям’ю ежай цалкам.

Але думаеш адно, а яно перавернецца на дно. Мне прыхапіла спіну, і, засадзіўшы толькі восьмую частку ўзаранай зямлі, я спыніла гэту дзейнасць. Ці трэба казаць, што пасечанае карэнне дзядоўніка дала парасткі, і я дагэтуль змагаюся з высачэнным, тоўстым пустазеллем і лаю сябе за тую слабасць двухгадовай даўніны.

Верасень і Аўгіння з замежнымі гасцямі насупраць сваeй хаты.

А ў Юры з Таняй, у якіх я купляю яйкі і гародніну, усё добра. І самім хапае, і з суседзямі падзеляцца. Саіда і Арудж стала забяспечваюць нас баранінай і малочнымі прадуктамі. Ларыса і Косця – па-ранейшаму крыніца духмянага мёду і хлеба. А свой адзіны вулей, якім мы мелі натугі заняцца, прадалі суседу. Яму больш патрэбна.

Бліжэйшая крама па-ранейшаму ў пяці кіламетрах ад нас. Але так часта, як у горадзе, туды наведвацца няма неабходнасці. Жывучы ў вёсцы, я прывыкла мець стратэгічны запас прадуктаў – крупы, соль, цукар, алеі. А тое, што неабходна купляць часцей, мы набываем у суседзяў.

За гэтыя 10 гадоў на вёсцы я стала больш цаніць навакольнае асяроддзе. Мяне больш сталі турбаваць пытанні экалогіі. Маё жыццё натуральным чынам стала менш шкодным для прыроды.

Пры гэтым я не забываю пра гігіену: так, я мыюся, у мяне ёсць пралка і нават пасудамыйка. Але карыстаюся я самаробным мылам, якое варыць цудоўная Наста з Майстэрні «Жывое», і убтанам, які сама раблю з мясцовых зёлак і гліны, запасы якой маем пад нагамі ў неабмежаванай колькасці. Посуд мыю содай і гарчыцай.

Я зусім не карыстаюся дэкаратыўнай касметыкай. У мяне ёсць сетачка з сетачкамі для паходаў у крамы і на кірмаш. Фермерскія прадукты, натуральна, купляю ў шматразовай тары. Не ведаю, ці была б я такой жа, жыві я ў горадзе. Але тут, на вёсцы, гэта ўсe адбываецца незаўважна і натуральна. Ну, не магу я глядзець, як пасля прання на траву ліецца вада з фасфатным парашком (а ў пачатку было і такое).

Тут я адчуваю адказнасць за прыроду навокал. І не тое што не хачу яе знішчаць, але і хачу яе прымножыць. Я пачала саджаць лясы і сады. Цяпер разумею, што трэба саджаць лесасады.

Верасень і Аўгіння.

Я стала менш хварэць, і мне перасталі так моцна балець суставы

За 8 гадоў жыцця мы не падчапілі ніводнага віруса, а хварэць сталі, толькі калі сын пайшоў у садок і стаў дастаўляць вірусы на дом. «Хуткую» ўсё ж даводзілася выклікаць. Двойчы: адзін раз, калі я, цяжарная, амаль на 9-м месяцы, зламала руку, лезшы адчыняць юшку ў печцы; другі раз, калі сына ўпершыню ўджаліла пчала, ля шыі. Абодва разы «хуткая» ехала каля паўгадзіны.

Сын Данат.

Дарэчы, так. За гэты час у нас нарадзіўся сын Данат. Ён з’явіўся на свет у Мінску, але ўсё жыццё жыве ў Лохаўшчыне. Яму амаль пяць. І ён вельмі любіць вeску. Данат ходзіць у дзяржаўны беларускамоўны садок у шасці кіламетрах ад нас. Штодзень мы завозім яго ў суседнія Кашчэлічы, за кіламетр ад нас, адкуль яго забірае школьны аўтобус. Зімой гэта асаблівае задавальненне – каціць у поўнай цемры санкі з дзіцeм.

Зіма на вёсцы – увогуле адзін з маіх любімых сезонаў. Снег тут крыштальна белы, а нашу дарогу нават пяском не пасыпаюць – суседцы патрэбен санны шлях для каня. А на гары дарогу замятае так, што сумeты становяцца ў рост чалавека. У пэўным сэнсе гэта нязручнасці. Але я б нічога не мяняла, бо гэта рамантычна і ў сённяшніх рэаліях нават бяспечна. Выкатаныя цюбінгамі пагоркі, лыжні і цішыня. Люблю вымерзнуць, прыйсці дадому, скінуць валёнкі – і на печку. Невымоўны кайф.

Увогуле, печка – ратаўніца і ў міжсезонне. Калі гараджане мёрзнуць з яшчэ не ўключанымі батарэямі, мы тут рэгулюем тэмпературу ў хаце на свой густ.

З дасягненняў – мы дабіліся, каб да хутара зрабілі нармальную дарогу, па якой можна ездзіць. Па вёсках усталявалі кантэйнеры для збора смецця. З таго, што нам так і не ўдалося зрабіць: правесці правадны інтэрнэт (але, дзякуй богу, у сучасным свеце мабільнай сувязі гэта не так крытычна), дабіцца адмены пабудовы вялізнага свінакомплексу ў суседнім раёне (яго ўсё ж пабудавалі).

Мы не здзічэлі – на наша шчасце, побач сталі сяліцца аднадумцы і сябры. Цяпер гэта вялікая даўншыфтарская суполка. Ёсць тут і дзеці, таму Данат не расце ў ізаляцыі.

Верасень, 2012 год.

У артыкуле Ромы Носава я знайшла цікавы момант – Верасень там гаворыць пра нашу мару, пра якую я зусім забыла: «А мы вырашылі паветраны шар зрабіць. У тэхніцы бяспекі я – нуль, але паляцець хачу. Тканіна, газавая гарэлка – што там яшчэ трэба? Гэта не вельмі лёгка – плыт, вядома, прасцей. Але я хачу тут проста з пагорка на ім падняцца. А навошта яшчэ жыць, чувак? На машыну збіраць?»

Паветраны шар мы так і не зрабілі. Ды і на машыну не назбіралі. І нават ні разу не селі з фарбамі і пэндзлямі, якія накуплялі перад пераездам у вёску, за мальберт, каб маляваць пейзажы.

Затое купілі суседнюю хату на хутары. Дзясяць гадоў назад там жыла баба Васіліна і два яе сыны: Коля і Віця. Але з цягам часу адзін за адным яны памерлі. І ўсё ж мы паспелі з імі пасябраваць.

Колю мы ведалі найменш – ён памeр першым. Віцю спазналі значна лепш. На пытанне «як маешся?» Віця заўсёды казаў: «Магло б быць і лепш». І заўсёды расказваў адну і тую ж гісторыю, як у Адэсе яго катэр трапіў у шторм.

Віця і Васіліна глядзяць, як камбайн высыпае іхнае зерне.

Віця.

Найбліжэйшыя адносіны нас звязвалі з Васілінай. Побач з ёй мы пражылі 8 гадоў. Сёння ў яе хаце мы зрабілі рамонт, зарэгістравалі яе як аграсядзібу і далі назву «Арт-хутар “Васіліна”». Па-першае, хацелася захаваць імя гаспадыні. Па-другое, хочацца, каб на гэтай прасторы стваралася мастацтва, каб пісьменнікі, мастакі, музыкі, выкарыстоўвалі гэта месца для творчых рэзідэнцый.

За гэтыя 10 гадоў пра нас шмат хто пісаў і здымаў – і айчынныя, і замежныя медыя. Але самім пра сябе расказаць неяк не даводзілася

І вось яна, кволая спроба змясціць у 10 тысяч знакаў 10 гадоў жыцця. Вядома, гэта немагчыма. У прынцыпе, гэта цэлае жыццё. Мы не сядзелі ўвесь час на месцы, мы падарожнічалі.

Але штораз пры вяртанні ўсё яшчэ захоплівае дух ад мясцовых краявідаў, ад гэтых велічных узгоркаў і каляровых захадаў, ад густых ранішніх туманаў і празрыстага зорнага неба, ад першага водару вясны і месячнага святла, якое залівае заснежаныя лагчыны і пагоркі.

Так, не ўсе нашы мары здзейсніліся, але я разумею, што ўсё тое, што было са мной тут за гэты час, было натуральна, прыгожа і неабходна.

Для мяне даўншыфтынг – не выклік. Я не хачу «пакласці» сваё жыццё на служэнне нейкім ідэям, будзь тое адраджэнне сяла, захаванне традыцый ці аднаўленне біяразнастайнасці. Тым не менш усё маё жыццё ў вёсцы звязана менавіта з гэтымі ідэямі.

Проста я адчуваю іх не як нешта знешнее, што патрабуе ад мяне высілкаў, а як тое, што натуральным чынам ідзе знутры і суправаджае маё існаванне. Выраз «вырошчваць свой сад» для мяне стаў не проста словазлучэннем, а рэальным крэда жыцця.

На лапіку ўмоўна сваeй зямлі займацца сваёй справай, рабіць нешта прыгожае і даваць магчымасць іншым людзям ствараць прыгажосць – ці не ёсць гэта шчасце?

 

Фота: 34mag.net; downshifter.by.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter