«Як мы давялі гэта да такога стану?» Вот 5 небольших беларуских деревень, которые стоит увидеть как можно скорее

«Як мы давялі гэта да такога стану?» Вот 5 небольших беларуских деревень, которые стоит увидеть как можн...
Ехать еще в этом году в путешествия или нет – решать вам. Наше дело – предложить классные места. В этот раз маршрут необычный: мы едем смотреть не отдельные объекты, а целые деревни.

Ехать еще в этом году в путешествия или нет – решать вам. Наше дело – предложить классные места. В этот раз маршрут необычный: мы едем смотреть не отдельные объекты, а целые деревни.

Раман Клеўжыц

стваральнік і аўтар праекта па павышэнні турыстычнай граматнасці VANDRA

– У мяне шматгадовы досвед у вандроўках, і уся ўвага адцягнулася ад культавых must-see і архітэктурных каштоўнасцей да цэльнай карціны месца: драўляная спадчына, планіроўка мястэчка, размяшчэнне архітэктурных каштоўнасцей – і як гэта ўсё паўплывае на ўтульнасць і патэнцыял мястэчка. Відавочна, гэта наступная ступень турыстычнай граматнасці, калі чалавек едзе ў падарожжа не па фоткі для інсты, а па думкі, веды і аналіз.

З гэтай нагоды парады па вандроўках скіраваны менавіта ў гэты бок. Туды варта паехаць, каб задацца пытаннямі: «Як мы давялі гэта да такога стану?» і «Што мы можам зрабіць, каб раскрыць патэнцыял?» А патэнцыялу там багата.

Шарашова: вёска, дзе захаваліся былыя яўрэйскія дамы

Вёска, а дакладней гарадскі пасёлак, Шарашова месціцца ў Пружанскім раёне каля самай мяжы з пушчай. Гістарычна гэта было буйное мястэчка з ратушай, сінагогай, касцёлам і царквой. Шарашова вядома яшчэ сваёй школай іканапісу і Шарашоўскім Евангеллем.

Цяпер у мястэчку захавалася гістарычная забудова XIX-XX стагоддзя. Яшчэ можна ўбачыць дамы з дзвярыма на вуліцу. Па словах тутэйшых, гэта былыя яўрэйскія дамы, дзе ў адной палове жылі, а ў другой – гандлявалі, таму дзверы на вуліцы былі ўваходам у лаўку.

Рака, якая па шырыні падобная да невялічкай канавы, падзяляе мястэчка на паўднёвую і паўночную часткі. Гэты падзел захоўваўся і раней, калі ў Шарашове былі дзве царквы, то бок і дзве парафіі.

Ад царквы ў паўднёвай частцы засталася толькі драўляная званіца. Яна пабудавана без адзінага цвіка і з-за свайго колеру і дахавага насцілу выглядае досыць аўтэнтычна. Аднак блізасць да шэрай савецкай «каробкі» дома быту робіць агульны від нейкім змрочным. Дарэчы, дом быту быў пабудаваны на месцы царквы, пры якой была званіца. Храм датуль быў знішчаны Саветамі ў 1960-я гады, а яго дошкі расцягалі мясцовыя.

У паўночнай частцы захоўваецца сядзібная забудова мястэчка (месцамі з брукаванкай і цаглянымі будынкамі), касцёл з велічнымі пахаваннямі на заднім двары і царква-«мураўёўка».

Асаблівую ўвагу трэба надаць касцёлу, дзе пры ўваходзе размешчаны старыя фотаздымкі і карты. Там жа вісіць паведамленне пра тое, што касцёл быў закрыты за савецкім часам. Ідэя цудоўная, бо большасць людзей дагэтуль не ведае тых злачынстваў, якія рабіліся Саветамі.

Дзе знаходзіцца: вёска Шарашова, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць.

Мядзведзічы: «Гэта закінутасць у спалучэнні з лакальнай спадчынай прываблівае»

Вёска Мядзведзічы можа быць вядомай па штогадовым арганным канцэрце ў мясцовым касцёле. Канешне, гэта цудоўная нагода для падарожжа туды, але ж і без канцэртаў варта паехаць.

Вёска сама невялікая і, можна сказаць, ледзь дажывае: палова хат закінута, а па апошнім перапісе ў ёй жыве ўжо менш за 100 чалавек. Аднак гэта закінутасць у спалучэнні з лакальнай спадчынай прываблівае.

Варты ўвагі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, які спраектаваў Стэфан Шылер. Ён жа ў свой час праектаваў пад сотню будынкаў у Варшаве: ад будынка Палітэхнікі да галоўных варот у Варшаўскім універсітэце.

Акрамя касцёла цікавым выглядае стары будынак польскай школы, які па сваёй архітэктуры нагадвае закапанскі стыль. Сам будынак з навакольнымі дрэвамі дае досыць прыгожы выгляд. Утульнасці месцу яшчэ дадае невялічкая капліца каля двара польскай школы. Менавіта гэта частка вёскі больш за ўсё і ўразіла, калі ўлетку ездзіў туды ў вандроўку.

Дзе знаходзіцца: вёска Мядзведзічы, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

Свір: вёска, якая месціцца на беразе возера

Прыгажосць вёскі Свір, канешне, у тым, што яна месціцца на беразе возера. Гэта адразу плюс да прывабнасці. Мабыць, самае інстаграмнае месца – гэта вулачка, якая спускаецца ад цэнтральнай вуліцы вёскі да возера. На ёй яшчэ захавалася цагляная гістарычная забудова.

Гісторыя ў вёскі была насычанай. У 1897 годзе ў Свіры існавалі валасная ўправа, паштова-тэлеграфная кантора, судова-следчы ўчастак Віленскага акруговага суда, народнае вучылішча, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў. І да ўсяго праводзілася 5 рэгулярных кірмашоў.

Асобным пунктам ідзе касцёл, які чымсьці нагадвае італьянскую архітэктуру. Ад тутэйшых даведаўся, што паміж касцёламі ў Свіры і Засвірам ёсць падземны ход і мясцовы жыхар падлеткам яшчэ лазіў туды, хаця і забаранялі. Але ход быў закладзены блокамі, калі касцёл адабралі Саветы ў 1960-я гады. Дарэчы, пры Саветах у касцёле быў цэх завода, дзе выраблялі аўтамабільныя нумары.

Дзе знаходзіцца: вёска Свір, Мядзельскі раён, Мінская вобласць.

Шчорсы і сядзіба Храптовічаў, якая прыйшла ў заняпад

Мястэчка Шчорсы – гэта важная гістарычная лакацыя Навагрудчыны. Уся каштоўнасць мястэчка – у жыцці рода Храптовічаў. У Шчорсах стаяла ладная сядзіба і была свая бібліятэка. Акрамя таго, у цэнтры стаяла ўніяцкая царква, а па дарозе на Любчу – вялізны гаспадарчы двор.

Лёс мястэчка і яго ўладальнікаў трагічны і звычайны для Беларусі. Сядзіба была часткова разбурана падчас Першай сусветнай вайны, а пасля 1939 года ўсё было адабрана Саветамі, і амаль усё прыйшло ў заняпад: парк, парэшткі сядзібы і гаспадарчы двор.

У 2021 годзе быў ліквідаваны фонд «Шчорсы і Храптовічы», які працаваў над спадчынай у Шчорсах, даглядаючы яе і прасоўваючы.

Калі я быў у Шчорсах, то больш за ўсё мяне захапіў гаспадарчы двор. Ён зруйнаваны, але па парэштках можна ўявіць сапраўдныя памеры былых пабудоў і ўсёй плошчы. Падаецца, гэта добры аб’ект для аднаўлення і рэвіталізацыі, але ўжо колькі гадоў прыярытэты крыху іншыя, таму варта паехаць і на ўласныя вочы паглядзець, пакуль ёсць на што.

Дзе знаходзіцца: мястэчка Шчорсы, Навагрудскі раён, Гродненская вобласць.

Маставікі: з аднаго боку тут падпіраюць балоты, а з другога – палі і лясы

Маставікі – гэта звычайная вёска, дзе з аднаго боку падпіраюць балоты, а з другога – палі і лясы. Пра вёску амаль нічога няма і ў Сеціве: «Вікіпедыя» на пару сказаў, а з артыкулаў сустракаецца нататка ад, дзіва, першага беларускага радыё.

Зацікаўленасць да вёскі з’яўляецца ад руін Траецкай царквы. Царква месціцца ў двух кіламетрах ад вёскі ў бок Старых Габ. Царква пацярпела падчас вайны, але была адрамантавана – зараз яна выглядае так, як трапіла ў рукі Саветаў: зачыненая і разбураная святыня.

Чым так прываблівае царква? Стаіць побач з дарогай, а навокал балоты. Увесь храм парослы дрэвамі, а на сценах яшчэ застаюцца архітэктурныя аздабленні. Праз храм можна адчуць лакальнае гістарычнае планаванне царкоўнага двара, дзе за храмам месціўся пагост. На пагосце ў Маставіках яшчэ відаць магілы святароў. На частцы помнікаў нават захаваліся надпісы.

Дзе знаходзіцца: вёска Маставікі, Мядзельскі раён, Мінская вобласць.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: архив героя.

#Беларусь
поделиться