На вуліцах многіх краін можна пабачыць шмат бадзяжных коцікаў, і іх папуляцыя няўхільна павялічваецца. Беларуская перакладчыца Ганна пераехала на Кіпр і вырашыла дапамагаць бяздомным жывёлам: яна падкармлівае і стэрылізуе катоў, каб іх колькасць не расла. На дадзены момант яна стэрылізавала ўжо 74 жывёліны. Пачытайце гісторыю пра тое, як лавіць бяздомных катоў і што рабіць далей.
«Адна з першых рэчаў, якую заўважаюць на Кiпры, – безліч катоў»
– Мы з мужам і двума коцікамі пераехалі на Кіпр напачатку 2022 года, калi рэлакавалася кампанія, у якой мы працуем. Выбару асаблiва не было: або ехаць, або звальняцца. Кіпр не самы благі варыянт.
Адна з першых рэчаў, якую заўважаюць на Кiпры, – безліч катоў. Пра іх ёсць розныя легенды, для турыстаў прадаецца шмат магніцікаў і паштовак з выявамі котак. Але праўда ў тым, што з-за мяккіх зім і адносна невялікай колькасці валацужных сабак папуляцыя вулічных катоў на Кіпры завялікая, і гэта праблема i для саміх катоў, і для людзей, i для навакольнага асяроддзя.
Прыкладна праз месяц пасля таго, як мы прыехалі i знайшлі сталае жыллё, высветлілася, што за плотам на пустым участку дзікая котка нарадзіла чатырох кацянят. Мы не ведалі, што з імі рабіць, і вырашылі проста падкармліваць. Але ж котка будзе нараджаць зноў і зноў? Так я пачала шукаць інфармацыю, яе яе стэрылізаваць. Здавалася, што гэта нерэальна: якая клiнiка возьме некантактную жывёлу? Як i дзе яе выходжваць пасля аперацыi? Але выявiлася, што на Кіпры ўсё нашмат прасцей, працэс адпрацаваны.
Калі мама перастала карміць кацянят, я пазычыла ў ветклініцы лавушку, злавіла яе і назаўтра выпусціла назад за плот. Потым стэрылізавала тых чатырох кацянят. Затым былі іншыя каты, якія пачалі прыходзіць паесці з нашых місак. І вось я ўжо больш за два гады раблю TNR – trap-neuter-release (англ. «злавіць-стэрылізаваць-выпусціць»).
«Тут мой асноўны занятак – карміць тры калоніі ў нашай вёсцы і стэрылізаваць»
– У Беларусі я таксама займалася валанцёрствам з жывёламі, у асноўным як аўтадапамога для развозкі сабак з ператрымак да ўрача або ў сталы дом, бо ў валанцёрак звычайна няма машыны. Шмат паездзіла па Беларусі з гэтай нагоды. Таксама некалькі разоў была фостэрам для котак ад куратаркі, якой я давярала, і знайшла дом для двух сабак, што прыбіліся да нас узімку. Планавала і далей займацца гэтым усім, але лёс склаўся так.
На Кіпры аўтадапамога звычайна не патрэбная, бо ўсе на машынах, фостэрыць у арэндным жыллі таксама складана (хаця некалькі разоў прыходзілася браць да сябе хворых). Таму тут мой асноўны занятак – карміць тры калоніі ў нашай вёсцы і стэрылізаваць. Карміць трэба штодня, а лавіць і стэрылізаваць я езджу раз на тыдзень. Гэта цяпер ператварылася трохі ў абавязак, таму што стэрылізацыі аплачвае дабрачынная арганізацыя, яны выдзяляюць мне час у клініцы. Калі я сказала, што прывязу кагосьцi, i не прывезла, гэта згублены час клінікі і згубленая магчымасць для іншых.
«Часцей за ўсё катоў выкідаюць самі людзі»
– Працэс адбываецца так. Увечары я загружаю ў машыну дзве-тры лавушкі і адну-дзве пераноскі на выпадак, калі трапіцца лагодная котка. Увесь рыштунак у мяне ўжо свой, а не пазычаны. Шмат прысмакаў: сухі корм, вільготны корм, кансервы з тунца, сасіскі і г. д. Лавушкі трэба засцяліць кардонкамі, бо інакш котцы давядзецца сядзець проста на рашотцы. Моцны ліхтарык, прасціны, каб накрыць… У мяне ёсць спіс, каб нічога не забыцца.
Еду на месца, дзе жывуць каты. Звычайна гэта адна з маіх калоній ці нехта паведаміў пра пэўны раён, дзе бачылі некастрыраванных. Адкуль яны з’яўляюцца? На жаль, часцей за ўсё іх выкідаюць самі людзі. Часам яны вандруюць у пошуках ежы. Гэта няспынны працэс, на Кіпры немагчыма стэрылізаваць калонію і адпачываць, заўсёды прыходзяць новыя.
«Коцік хоча паесці, лезе ў лавушку, і праз пяць хвілін я ўжо магу адчальваць»
– Лавушкі для катоў я мадыфікавала, каб яны не закрываліся самі, а я торгала за вяровачку. Аўтаматычная лавушка падыходзiць, калі ў вас адзін кот. У мяне іх таўпень, большая частка ўжо стэрыльныя, і трэба злавіць кагосьці канкрэтнага. Так што я кладу ежу і сяджу ў некалькіх метрах, трымаючы канец вяровачкі. Побач з сабой таксама кладу шмат корму, каб яны не лезлі ўсе разам у лавушкі. Часам усё адбываецца суперхутка: знаёмыя каты ядуць побач, адзін сціплы навічок таксама хоча паесці, лезе ў лавушку, і праз пяць хвілін я ўжо магу адчальваць. А часам «кракадзіл не ловіцца, не расце какос»: даводзіцца сядзець больш за гадзіну ці нават пераязджаць на іншае месца. Але, як правіла, кагосьці ўдаецца «ўпаляваць», часта двух-трох.
Чаму лаўлю па начах? Таму што ўвечары каты больш актыўныя, чым зранку, а таксама ходзіць менш людзей. На Кіпры даволі бяспечна ў параўнанні з Беларуссю. Канешне, здараецца ўсякае: аднойчы і кампанія кіпрскіх байкераў нешта мне крычала (літаральны catcalling, уявіце), і вельмі п’яная дзяўчына з Марока намагалася пачаставаць мяне наркотыкамі. Я больш у тыя месцы не ездзiла, але насамрэч асцерагаюся людзей, якія не ўхваляюць мой занятак.
Некаторыя лічаць, што катоў стэрылізаваць не трэба, хай памнажаюцца, бо яны ловяць змей. Тыя ж людзі з той жа прычыны супраць таго, каб вулічных катоў карміць. Яны не разумеюць, якую шкоду коткі наносяць прыродзе, забіваючы каласальную колькасць птушак, змей, багамолаў, яшчарак, і як пакутуюць і хварэюць ад нястачы ежы, асабліва малыя кацяняты. Трапiлася адна iстэрычная жанчына, якая адмаўлялася кастрыраваць з рэлігійных прычын, хаця яна сама кармiла пад сотню.
Я вельмі не люблю, калі на мяне крычаць, таму чым менш кантакту з людзьмі, тым лепей. Аднойчы я лавіла ўначы на вясковых могілках: там было вельмі спакойна і прыгожа, на магілах гараць лампадкі, і ніводнага чалавека навокал.
«Падчас аперацыі вулічным катам надразаюць вуха трохкутнічкам або роўнай лініяй»
– Налавіўшы патрэбную колькасць катоў, я еду дадому, дзе яны да раніцы чакаюць у сваіх лавушках ці пераносках. Хтосьці ўсю ноч мяўкае і шамацiць, але звычайна, калі ката накрыць рушніком або нейкай прасцінай, каб ён не бачыў вонкі, то ён сядзіць ціха, «прэцерпявае». Каты вельмі цярплівыя, гэтаму мы ўсе можам павучыцца.
Ранкам вязу iх у горад, у клініцы мяне ўжо добра ведаюць. На наступны дзень забіраю тых катоў з клінікі, сама аплачваю лекі ад глістоў і блых і еду назад, выпускаць там жа, дзе злавіла. Можна і не рабiць апрацоўку ад паразітаў, але для многіх гэта iх адзіны шанц. У клініцы каты атрымліваюць так званы дэпо-ўкол антыбіётыка, i ім не трэба даваць больш ніякіх лекаў для зажыўлення. Увогуле гэта здаецца дзіўным, але вулічным катам не патрэбен ні каўнер, ні папона, ні апрацоўка швоў – яны выдатна адужаюць. Звычайна адзін дзень пасля аперацыі хаваюцца, але ўжо назаўтра прыходзяць. Або нават адразу прыходзяць.
Падчас аперацыі вулічным катам надразаюць вуха трохкутнічкам або роўнай лініяй, каб пазначыць, што жывёла стэрылізаваная. Так я іх і адрозніваю. Часам, праўда, у самцоў вушы могуць быць моцна падраны ў бойках – тады трэба, вядома ж, зазiрнуць пад хвост і ацаніць памер «дабротаў». Памыліцца звычайна цяжка. :)
«Мы абмяркоўваем катоў, нiбы бацькi з настаўнiцай абмяркоўваюць дзяцей»
– Я люблю працаваць адна, але трэба часам з кімсьці камунікаваць па гэтай лініі. У валанцёрстве цяжка быць адной. Тут пазнаёмілася з некалькімі жанчынамі з розных краін, якія таксама кормяць або стэрылізуюць у вёсцы. Брытанка Вэндзі вельмі шмат чаго мне патлумачыла i параiла ў першы час. Калі пайсці лавіць разам, то адна адцягвае ўвагу самых нахабных, другая чакае і торгае за вяровачку. З адным суседам-валанцёрам, таксама з Брытанii, у нас больш псіхатэрапеўтычныя адносіны: калі спаткаемся на вуліцы, скардзімся адно аднаму на свае праблемы, на катоў, на iншых суседзяў, на дзяржаву – і разыходзімся. Аднойчы гэта пачула сястра, якая гасцявала ў мяне, i сказала, што мы абмяркоўвалi катоў, нiбы бацькi з настаўнiцай абмяркоўваюць дзяцей.
Вядома, мне дапамагае муж, які корміць калонii, калі я кудысьці з’ехала, не шкадуе сямейны бюджэт i лагодна ставіцца да майго занятку, бо разумее яго важнасць і таксама любіць коцікаў.
Цяпер мяне ўжо трохі ведаюць у вёсцы, і часам людзі пішуць праз знаёмых і просяць стэрылізаваць катоў, якія прыходзяць да іх на двор. Люблю такое, бо тады мне трэба толькі прыехаць і забраць пераноску з коткай. І радасна ведаць, што выпускаю не ля сметніка, а да чалавека, які пра яе клапоціцца.
«Шмат кіпрыётаў лічаць катоў за кагосьцi накшталт пацукоў»
– Не лічыла, колькі грошай я выдаткую канкрэтна на стэрылізацыі. Асноўныя выдаткі у мяне на корм: мне патрэбна прыблізна 54 кг сухога корму і 24 кг кансерваў на месяц. Улетку ядуць меней, узімку болей. Імкнуся купляць самы танны корм вялікімі ўпакоўкамі, але ўсё роўна цана вагаецца ад 2 да 3 еўра за кг сухога і ад 1,3 да 4 еўра за кг кансерваў. Насамрэч у мяне дакладна падлічаная сумма расходаў на дабрачыннасць за кожны месяц, агулам на ўсё-ўсё: на корм, апрацоўкi, часам лячэнне, данаты iншым валанцёрам i арганiзацыям. Кожны робіць па сваіх магчымасцях і як яму падказвае сумленне. Галоўнае – рабіць хоць нешта.
На гэты момант мне ўдалося стэрылізаваць 74 каты. Большасць выдаткаў аплаціла чэрыці, мне з iмi вельмі пашанцавала. Гэты фонд невялікі, яго стварылі дзве жанчыны з Германіі, яны дапамагаюць коцікам толькі ў нашай вёсцы і ў суседняй. На Кіпры шмат такіх маленькіх фондаў, усе яны вельмі перагружаныя. Дзяржава амаль не надае ўвагі праблеме: на год парламент выдзяліў на стэрылізацыі 100 тысяч еўра, гэтага можа хапіць прыкладна на 2000 катоў, а іх тут паўтара мільёны. І тое даволі цяжка трапіць у гэту дзяржпраграму. Я, напрыклад, дагэтуль не ведаю, дзе шукаць тыя ваўчары. Пераважна ўсё робіцца сіламі валанцёраў за данаты звычайных людзей, прытулкі таксама толькі прыватныя.
Уладкоўваць коцікаў у добрыя рукі на Кіпры амаль немагчыма. Шмат кіпрыётаў увогуле лічаць іх за кагосьцi накшталт пацукоў. І ўсе, хто мог і хацеў, натуральна, ужо маюць катоў. Таму многія чэрыці адпраўляюць жывёл за мяжу, у краіны, дзе мала беспрытульных. Звычайна гэта Англія, Германія, Бельгія, Нідэрланды. Але гэта таксама вельмі складаны працэс, у які цяжка трапіць. Таму застаецца TNR, але валанцёраў не хапае i папуляцыя ўсё адно расце. Я думаю, напраўду ўдасца вырашыць гэту праблему толькі праз адукацыю людзей, каб яны не выкідалі катоў на вуліцу і стэрылiзавалi сваіх хатніх улюбёнцаў.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з уласнага архіва гераіні, акаўнт гераіні axismoondee.