Места
CityDog.io

У Чырвоным касцёле будзе адноўлены арган

У Чырвоным касцёле будзе адноўлены арган
Нядаўна CityDog.by рабіў агляд месцаў, дзе можна паслухаць арганную музыку. Дадаем новы пункт у гэты спіс. 

Нядаўна CityDog.by рабіў агляд месцаў, дзе можна паслухаць арганную музыку. Дадаем новы пункт у гэты спіс. 

У 2010 годзе мінскаму касцёлу святых Сымона і Алены споўнілася 100 гадоў. З нагоды свята распачалася праца па аздабленні і рэканструкцыі касцёла, аднаўленне аргана – адна з самых доўгачаканых падзей. У 1943 годзе арган быў разабраны і звезены з Беларусі. З таго часу Чырвоны касцёл чакаў новага інструмента. Апошнія 20 год выкарыстоўваўся стары сінтэзатар, якому на момант прывозу ўжо было не менш як 40 гадоў.

Справа пачалася з запрашэння ксяндзом Уладзіславам Завальнюком адмыслоўцаў з найбуйнейшай еўрапейскай фірмы па вытворчасці арганаў – Johannus. Госці працяглы час вывучалі асаблівасці акустыкі і шукалі лепшае вырашэнне. Мадэль, якая была абраная, мае 3 мануалы (клавіятуры, якія знаходзяцца адна па-над адной), 41 голас і педальную клавіятуру. Такія ж арганы стаяць у касцёлах св. Марыі ў Лондане і св. Бавона ў бельгійскім Нордэрвійку. Гэты арган дазваляе граць усю музычную літаратуру любога перыяду. Адначасова граць на аргане могуць два чалавекі. Гук падаецца з 10 вялікіх калонак і асобнай калонкі для басу.

Звычайна людзі ўяўляюць арган як інструмент з вялізнымі і велічнымі трубамі, менавіта яны асацыююцца з арганнай музыкай. Каб не расчароўваць наведвальнікаў, плануецца ўсталяваць такія трубы ў бакавых нефах касцёла, але стаяць яны будуць у асноўным для прыгажосці. Цікава, што ўсталяванне труб абыйдзецца касцёлу прыкладна ў той жа кошт, што і сам арган.

Мы запыталі арганістку касцёла Алену Абрамовіч, калі лепш завітаць у касцёл, каб паслухаць новы інструмент у яго самым шырокім дыяпазоне.

“Безумоўна, найлепшы гук падчас набажэнстваў у нядзелі і святы, калі ў сярэдзіне касцёла знаходзіцца максімальная колькасць людзей, у адваротным выпадку ўжыванне магчымасцяў аргана на ўсю моц будзе некамфортна адбівацца на прысутных”. Алена раіць нам прыйсці ў касцёл у нядзелю, 22 снежня, аб 11-й гадзіне. У гэты час будзе адбывацца ўрачыстае асвячэнне аргана арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Абяцаюць феерычную музыку.

Нават не падрыхтаваны слухач здолее адчуць усё хараство музыкі, уключна з “фішкаю” аргана – прыдыханнем паветра ў аб’ёмным гуку. Перыядычна плануецца праводзіць у касцёле канцэрты арганнай музыкі. У бліжэйшы час запланаваны выступ гурта Harlem Gospel Choir – 24 снежня у 21:45.

Паслухаць арган па нядзелях можна падчас адной са Святых Імшаў (8:00, 9:00, 11:00, 13:00, 15:00, 17:00, 19:00, 21:00).

Навучыцца граць на аргане можна ў кансерваторыі, дзе арганізаваныя курсы для піяністаў пад кіраўніцтвам Ул. Неўдаха, а таксама – у кафедральным касцёле ў Мінску, дзе арганізаваныя заняткі для арганістаў, якія ўжо пачалі працу ў розных касцёлах.

 Фото: Paval Hadzinski.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter