Як зразумець, што дзіцяці патрэбен псіхолаг? Што дапаможа выбраць добрага спецыяліста? І пра што могуць (і не могуць) ведаць бацькі? Тлумачыць дзіцячы псіхолаг

Як зразумець, што дзіцяці патрэбен псіхолаг? Што дапаможа выбраць добрага спецыяліста? І пра што могуць ...
Калі вы не можаце зразумець, ці патрэбен вашаму дзіцяці псіхалагічны спецыяліст (і як увогуле знайсці сярод многіх «свайго»), – чытайце гэты гайд.

Калі вы не можаце зразумець, ці патрэбен вашаму дзіцяці псіхалагічны спецыяліст (і як увогуле знайсці сярод многіх «свайго»), – чытайце гэты гайд.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

З якога ўзросту можна пачынаць працаваць з дзіцячым псіхолагам?

Святлана Гембіцкая
дзіцячая псіхалагіня

– Самы мінімальны ўзрост – гэта 3 гады (і тое не з усімі запытамі можна працаваць у такім узросце). Але, як правіла, часцей за ўсё прыходзяць дзеці старэйшыя – чатыры гады, пяць, шэсць гадоў і больш.

Адразу хачу сказаць, што першапачаткова дзіцячы псіхолаг працуе не з самім дзіцём, а з бацькамі. Нават калі гэта ўжо школьнік, падлетак і на сеансах дарослыя не прысутнічаюць, спецыяліст усё роўна працягвае трымаць з імі зваротную сувязь.

Чаму мы не бяром дзетак да трох гадоў? Таму што гэта будзе не паказальна, не рэзультатыўна: у гэтым узросце праца ідзе толькі з бацькамі.

Як зразумець, што майму дзіцяці патрэбен псіхолаг?

– Як мінімум псіхалагічная дыягностыка ніколі не будзе лішняй у агульным для любых дзяцей. І калі ў мамы з’яўляецца пытанне: «А ці трэба маё дзіця паказаць псіхолагу?», гэта ўжо можа стаць прычынай звярнуцца да спецыяліста і расказаць пра нейкія свае перажыванні: «Я заўважыла, што маё дзіця стала вельмі агрэсіўным», «Мяне хвалюе, што ў яго вельмі працяглыя істэрыкі», «Ён стаў вельмі дрэнна спаць: плача і прачынаецца».

Псіхолаг падкажа, у яго гэта кампетэнцыі ці не, альбо правядзе дыягностыку і скажа: «Не, з вашым дзіцём усё ў парадку».

Але ёсць «званочкі», пэўныя сігналы, на якія мы можам звярнуць увагу і зразумець, што сапраўды абавязкова трэба ісці да дзіцячага псіхолага. Самае прыкметнае – гэта нервовыя цікі: дакучлівыя рухі, калі дзіця раскалупвае пальцы, куцікулы, абгрызае пазногці, абкусвае вусны, часта міргае вачыма, тузае ротам або плячом, пастуквае нагой, смокча палец. Звычайна такія рухі кідаюцца ў вочы, і іх складана не заўважыць.

Сюды ж можна аднесці яшчэ і частыя начныя кашмары, пагаршэнне сну, што можа сведчыць аб перанапружанні нервовай сістэмы, празмернай нагрузцы, стрэсе, страхах ці аб чымсьці яшчэ.

Другое, на што можна звярнуць увагу, – у дзіцяці з’явіліся скокі настрою. Цяпер яно вясёлае, а потым рэзка кідаецца ў слёзы, пасля ў яго раптоўна з’яўляецца агрэсія, а за ёй якая-небудзь істэрыка. Гэта таксама нагода звярнуцца і паглядзець, з чым звязана.

Трэцяе – празмерныя, вельмі моцныя эмацыйныя рэакцыі: калі істэрыка, то на працягу гадзіны і да рвоты. Ці ўспышкі агрэсіі: дзіця гуляе, гуляе – і раптам на роўным месцы (ці крыху яму зрабілі нешта не так) лезе ў бойку, кусаецца, шчыпаецца, вельмі агрэсіўна паводзіць сябе. Або калі гэта сум, то з рыданнямі і таксама вельмі глыбокі. І гэта не аднаразовыя ўспышкі, а даволі частыя з’явы.

Чацвёртае – падвышаная трывожнасць і страхі. Гэта ўвогуле, напэўна, адна з самых частых праблем, з якой звяртаюцца бацькі: страхі, якія пераходзяць у такі неўратычны стан. Гэта могуць быць узроставыя страхі, якія па прыродзе ёсць ва ўсіх дзяцей, але яны вельмі моцныя – настолькі, што перашкаджаюць жыць. Напрыклад, страх цемры ў 3–5 гадоў у прынцыпе нармальны, ён ёсць увогуле ва ўсіх дзяцей. Але ў кагосьці гэта праходзіць спакойна і больш-менш бязбольна, а ў кагосьці ператвараецца ў моцную трагедыю: дзіця плача, баіцца заходзіць у цёмныя памяшканні – і бацькам справіцца з гэтым вельмі складана.

Пятае – калі ў дзіцяці энурэз (нетрыманне мачы) або энкапрэз (каламазанне).

Што датычыцца школьнікаў, то тут варта звярнуць увагу на сітуацыі, калі дзіця рэзка страціла цікавасць да вучобы, да школы, стала маўклівым, замкнёным, у яго няма імкненняў, сяброў, захапленняў і ў цэлым з’явілася нежаданне хадзіць у школу. Гэта, вядома, не экстранны выпадак, але яго таксама можна прапрацаваць з псіхолагам.

Як выбраць добрага дзіцячага псіхолага?

– Тут я б раіла звярнуць увагу на адукацыю і наяўнасць досведу: бывае так, што адукацыя добрая, а практыкі вельмі мала. Таму гэта два аднолькава важныя моманты.

І трэцяе – гэта тое, наколькі мама ці тата самі камфортна адчуваюць сябе ў зносінах з псіхолагам. Гэта можа быць дыпламаваны прафесар з гіганцкім досведам працы, але ён камунікуе з бацькамі так, што пасля сесіі яны адчуваюць сваю віну («Што ж вы нарабілі? Вы дзіцёнка да такога стану давялі»). У такім выпадку трэба бегчы ад гэтага псіхолага, нават калі ён суперспецыяліст.

Можна выбіраць па водгуках, па сарафанным радыё, пытацца ў тых, хто ўжо звяртаўся да спецыялістаў. Таксама часта бацькі знаходзяць «свайго» псіхолага праз сацсеткі – гэта даволі папулярны спосаб цяпер.

Як падрыхтаваць дзіця да першага сеанса? Як патлумачыць яму, куды яно ідзе і для чаго гэта трэба?

– З аднаго боку, цяпер культура наведвання псіхолага стала нармальнай: многія дзеці ведаюць, напрыклад, што іх бацькі, іншыя дзеці ходзяць да такога спецыяліста – і ў гэтым няма нічога страшнага. Але таксама ёсць вялікая колькасць не толькі дзяцей, але і дарослых, якія лічаць, што псіхолаг працуе з «псіхамі», з тымі, у каго ёсць якія-небудзь псіхічныя хваробы.

Таму я часта рэкамендую сваім кліентам сказаць дзіцяці, што яно будзе мець зносіны з чалавекам (жанчынай ці мужчынам), які распазнае таленты і здольнасці дзяцей. І што таксама з ім можна будзе абмеркаваць нейкія складанасці і пытанні, якія хвалююць.

У такім выпадку дзіцёнак ужо ідзе на сустрэчу не як падвопытны, не як чалавек, якому патрэбна псіхалагічная дапамога, а адчувае сябе больш адкрыта, расслаблена і спакойна. І гэта, дарэчы, вельмі моцна дапамагае псіхолагу лепей яго адчуць, стварыць кантакт на першым занятку і больш эфектыўна дапамагчы дзіцёнку адкрыцца.

Што рабіць, калі дзіця супраціўляецца, плача, крыўдзіцца?

– Калі дзіця так сябе паводзіць, гэта значыць, што на этапе падрыхтоўкі была дапушчана памылка. Напрыклад, маці магла ў злосці сказаць нешта такое: «Ты такі-сякі, завяду цябе да псіхолага, хай ён табе галаву палечыць». Канешне, пасля такога нікому б не захацелася ісці ні на які сеанс.

Калі не атрымліваецца супакоіць дзіця і патлумачыць, хто такі на самой справе псіхолаг, то паспрабуйце перанесці сустрэчу. Але лепей рабіць гэта толькі ў тым выпадку, калі вы разумееце, што пытанне ці праблема, з якой вы звяртаецеся да спецыяліста, не экстранная. Бо, калі вы запіхваеце дзіцёнка ў кабінет да псіхолага сілай, эфект ад першых заняткаў будзе вельмі нізкі. Некалькі першых сустрэч спатрэбіцца толькі для таго, каб наладзіць кантакт з ім. Гэта будзе дастаткова складана.

Ужо ў больш спакойным стане мама (ці тата) можа сказаць: «Я не мела рацыі. Нам патрэбен псіхолаг, таму што ў нас ёсць пэўныя складанасці і мне хочацца табе дапамагчы. Давай паспрабуем? Калі табе не спадабаецца, больш хадзіць не будзеш». І вось тады дзіця пагаджаецца больш ахвотна.

Як зразумець, што псіхолаг дзіцяці дапамагае ці не дапамагае?

– Як мінімум псіхолаг мусіць даваць бацькам зваротную сувязь. Вельмі важна з самага пачатку зафіксаваць, з якой праблемай прыходзіць мама (ці тата) і да чаго хацелася б прыйсці.

Разам з псіхолагам абмяркоўваецца магчымасць ці немагчымасць атрымаць гэты вынік, бо бывае так, што бацькі прыходзяць з нерэалістычным запытам. У такім выпадку псіхолаг павінен адразу ж данесці, што гэта немагчыма будзе зрабіць, і сказаць чаму: напрыклад, гэта супярэчыць прыродзе, такія патрабаванні не адпавядаюць узросту дзіцяці альбо яны будуць шкодзіць яго псіхіцы.

Далей ставіцца нейкая мэта, да якой псіхолаг ідзе, і некалькі дадатковых напрамкаў, у якіх можна працаваць паралельна. Паступова (гэта вельмі важна разумець: змяненні будуць адбывацца не так хутка, як хацелася б) бацькі пачнуць заўважаць трансфармацыю ў паводзінах дзіцяці ў бок пастаўленай мэты. Так, часам бываюць адкаты – і гэта таксама трэба прагаварыць са спецыялістам.

Яшчэ вельмі важна бацькам і псіхолагу быць шчырымі паміж сабой: калі маму ці тату нешта турбуе, пра гэта трэба казаць спецыялісту, каб ён мог падказаць, чаму так адбываецца і як увогуле ідзе праца.

Напрыклад, асабіста я заўсёды трымаю сувязь з бацькамі пасля кожнага занятку. Але гэта не абавязкова: такіх правіл няма. Проста мне здаецца важным паказваць бацькам, што мы рабілі і да чаго рухаемся, што працэс ідзе (і ў якім тэмпе). Плюс я даю дадатковыя рэкамендацыі, што можна рабіць, каб узмацніць эфект працы ў кабінеце ці анлайн.

А ці можа мама або тата прысутнічаць на сеансах? У якіх выпадках?

– Так, бацькі могуць прысутнічаць на сеансах. Больш за тое – абавязковая прысутнасць мамы ці таты на сустрэчах з дашкольнікамі гадоў да шасці. Так дзеткі будуць адчуваць сябе больш спакойна. Але трэба глядзець, па якіх методыках працуе спецыяліст: у некаторых выпадках дзіцёнка і меншага веку можна пакідаць адзін на адзін з псіхолагам, але не з першай сесіі. Малому трэба спачатку звыкнуцца і адаптавацца да месца, да чалавека, інакш дашкольніку будзе трывожна без бацькоў.

А вось са школьнікамі наадварот: вельмі важна, каб бацькоў на сеансе не было побач (калі гэта анлайн-сустрэча, яны павінны сысці з кватэры ці пакінуць дзіця аднаго ў пакоі і зачыніць дзверы). У такім узросце – асабліва калі гэта падлеткі – вельмі востра стаіць пытанне даверу, момант таго, каб іх больш ніхто не чуў, інакш праца будзе неэфектыўнай. Але ў працэсе нейкую зваротную сувязь бацькам мы ўсё роўна даём, даём рэкамендацыі ў залежнасці ад таго, якім быў першапачатковы запыт.

І тут ёсць яшчэ адзін важны момант. Каб дзеці маглі быць з псіхолагам шчырымі, каб не баяліся дзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі, трэба абгаварыць з імі пытанне прыватнасці. Яны павінны быць упэўненымі, што ніякія іх хваляванні спецыяліст не перадасць бацькам без дазволу. Адзінае, пра што дарослыя могуць ведаць, – гэта пытанні здароўя і бяспекі: дзіця павінна гэта таксама дакладна разумець.

Але зноў жа, калі на сесіі гучыць нешта, пра што абавязкова трэба сказаць старэйшым, у першую чаргу мы папярэджваем пра гэта дзіцёнка: альбо пытаемся яго дазволу, альбо ставім перад фактам, што гэта пытанне патрабуе ўмяшання дарослага – і тлумачым чаму. Усё павінна быць далікатна: з падлеткамі мы размаўляем ужо фактычна як з дарослымі.

Калі няма ніякіх «званочкаў», але бацькі ўсё роўна хочуць, каб псіхолаг пагутарыў з дзіцёнкам, – так можна? Гэта мае сэнс?

– Так, абсалютна. Вельмі шмат трывожных бацькоў, якія хвалююцца за сваіх дзяцей, і часам атрымаць меркаванне, што з дзіцёнкам усё ў парадку, вельмі важна. Бацькі выдыхаюць, становяцца больш спакойнымі, а разам з імі і дзеці. Дыягностыка мае месца ў сучасным свеце. Погляд з боку ніколі не бывае лішнім.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter