Цімох Акудовіч, известный минский экскурсовод, более года специализируется на углубленных краеведческих маршрутах по Минску.
– У выніку гэтых падарожжаў нарадзіўся спіс досыць невідавочных аб’ектаў, якія, калі б з’явіліся ў Мінску, добра б паказалі і для турыстаў, і для саміх мінчан цікавыя асаблівасці нашага горада.
цімох акудовіч
гісторык, экскурсавод
Прашу не ставіцца да гэтага спіса залішне сур’ёзна. Тут ёсць і дробныя задумкі, і досыць маштабныя ідэі. Але ўсё гэта толькі разважанні, якімі хочацца падзяліцца, каб натхніць больш шырокае кола мінчан да абмеркавання таго, што цікавага ў Мінску можа паўстаць для актывізацыі гістарычнай памяці.
І вырваць нас з заганнага кола абмеркаванняў – Глебу Менскаму ці Машэраву ставіць чарговы бронзавы манумент.
У Траецкім прадмесці ёсць Дом прыроды – і гэта літаральна святое месца
Траецкае прадмесце – няпросты аб’ект для экскурсавода. Бо выглядае гэта месца як поўны таямніц гістарычны горад, але калі заводзіш групу ў само прадмесце, то там аказваецца пуста. Асноўная каштоўнасць гэтага квартала – два літаратурныя музеі, а сярэднестатыстычнаму турысту гэта не вельмі цікава.
І вось адзіны варты ўвагі з пазіцыі гісторыі аб’ект у Траецкім – будынак былой кітаеўскай (хасідскай) сінагогі XIX ст. Ён адзіны знешне і часткова ўнутрана захаваў сваё гістарычнае аблічча пасля рэстаўрацыі.
Але там ужо шмат дзесяцігоддзяў размяшчаецца Дом прыроды, дзе часта паказваюць выставы экзатычных жывёл, матылькоў і змей. Нічога не маю супраць Дома прыроды, добра было б, каб гэты будынак аднойчы стаў музеем яўрэйскай гісторыі Мінска. Думаю, не трэба тлумачыць, што напоўніць яго будзе нескладана. Яўрэйскай фактуры ў нас больш чым трэба, і ў былой сінагозе яна загучыць як мае быць. А Траецкае прадмесце займее свой важны пункт прыцягнення.
Паглядзіце на Верхні горад з іншага ракурсу
Стоячы неяк каля помніка-карэты, зразумеў, што ў Верхнім горадзе вельмі не лішне было б аднавіць Малы гасцінны двор.
Гэты будынак вялікім трохкутнікам стаяў на месцы цяперашняга фантана паміж кафедральнай царквой і гасцінным дваром. Быў ён не дужа старым у параўнанні са сваімі суседзямі, бо вырас там толькі ў пачатку ХІХ ст., але ў той жа час і знік самым апошнім – яго разабралі толькі ў 1990-я.
Я не з’яўляюся адэптам адбудовы ўсяго старога горада і не плачу аб тым, які шыкоўны барочны горад мы згубілі. Але варта адзначыць, што вяртанне аднаго гэтага будынка выканала б адразу некалькі задач:
- закругліла б Ратушную плошчу і дадало б ёй здаровай «еўрапейскай» завершанасці;
- стварыла б яшчэ дзве караценькія, але прыемныя вуліцы ўздоўж кафедральнай царквы і Вялікага гасціннага двара;
- дало б шмат карысных квадратных метраў для розных турыстычных і культурных спраў на Верхнім рынку;
- на мой асабісты густ новы аб’ект толькі дадаў бы плюсаў візуальнаму вобразу старога горада і з боку Ратушы, і з боку Ніжняга рынку.
Фантана, канешне, шкада, але мастацтва патрабуе ахвяр; лаву Агінскага кудысьці пасунем; сам жа будынак пры захаванні аб’ёмаў пакідае прастору для творчасці ў сэнсе матэрыялаў, малых форм і дэкору.
Вы ў курсе, што мінская мужчынская гімназія дала краіне і свету СТОЛЬКІ знакамітых людзей?
Сёння відавочна недаацэнены феномен Мінскай мужчынскай гімназіі, якая існавала ў нашым горадзе больш за 100 гадоў. Пра яе нібыта ведаюць, узгадваюць на лакальных экскурсіях, а падчас круглых юбілеяў пішуць невялікія артыкулы ў газеты. І нават шыльда ёсць у Верхнім горадзе.
Але шыльда, якая з’явілася ў канцы 1980-х гадоў і тады была відавочным прарывам, цяпер хутчэй нават змяншае значнасць гэтай з’явы. Падыдзе чалавек да яе, прачытае 15 прозвішчаў выбітных выпускнікоў, паківае галавой і пойдзе далей.
Але ж іх не 15 было. За 100 гадоў існавання мінская гімназія выпусціла больш за паўсотні гімназістаў, якія сталі выбітнымі асобамі ў розных сферах. Ні адна сярэдняя навучальная ўстанова Беларусі ні ў якія часы не магла пахваліцца такой колькасцю знакамітых выпускнікоў.
Дактары, адвакаты, пісьменнікі, рэвалюцыянеры, дзяржаўныя дзеячы, біёлагі, гісторыкі, кампазітары! І гэта ўсё не проста прафесіяналы сваёй справы, а значныя дзеячы, якія прыўнеслі нешта важнае кожны ў сваю сферу. Такога «пасіянарнага» выбуху больш нідзе не было. У прынцыпе, феномен мінскай гімназіі стаў адным з першых індыкатараў таго, што сталічнасць у рэгіёне замацоўваецца ў горадзе на берагах Свіслачы.
З 1844 года гімназія знаходзілася не ў будынку каля Ратушы, дзе зараз вісіць шыльда, а на месцы сквера па вуліцы Леніна, насупраць Нацбанка.
І там якраз ёсць прастора для адпаведнага пункта памяці. Магчыма, нейкая інтэрактыўная прастора з экранамі, дзе можна было б пагартаць біяграфіі выпускнікоў. А яны ўражваюць, можаце глянуць артыкул «Выпускники Минской гимназии».
Ці нейкае сімвалічнае дрэва, з якога б выпускнікі дэманстравалі гледачам свае напрацоўкі: даследчык Зан – кавалак золата, кампазітар Манюшка – ноты, адвакат Спасовіч – судзейскі малаток, доктар Здановіч – бутэльку мінеральнай вады («Дарыда»), браты Луцкевічы – карту Беларусі. Беларуская ідэя пачатку ХХ ст. таксама адным са сваіх адпраўных пунктаў мела гэту гімназію.
Адзначце гэтага славутага архітэктара!
Пасля смерці Георгія Заборскага ў 1999 годзе яго ўдава Кацярына Заборская прасіла гарадскія ўлады аб пераназванні вуліцы Леніна (адрэзка ад праспекта Скарыны да Інтэрнацыянальнай) у вуліцу Заборскага.
Выглядала гэта суперлагічна, бо менавіта Заборскі праектаваў «жоўтыя» дамы па Леніна ў бок Верхняга рынку, на якія звяртаюць увагу нават сённяшнія турысты, якіх нічым асаблівым не здзівіш.
Да таго ж сам Заборскі пасля жыў у адным са спраектаваных ім дамоў. Там жа непадалёк, на вуліцы Захар’еўскай, стаяла лютэранская кірха, дзе быў хрышчаны малы Жора ў далёкім 1909 годзе. Так, Заборскія былі лютэранамі.
Тут, канешне, можна доўга спрачацца, хто мусіць «заняць» адну з цэнтральных вуліц Мінска, але можна пагадзіцца з двума пунктамі:
- Леніна ўсё адно аднойчы трэба будзе прыбіраць.
- Заборскі як сімвал пасляваеннай архітэктуры (вобразу) горада, несумненна, можа разглядацца як адзін з першых прэтэндэнтаў.
Цяперашняя вуліца Заборскага хоць і знаходзіцца ў цэнтры горада (каля Сувораўскага вучылішча), але відавочна не адпавядае статусу выбітнага архітэктара.
Нарэшце, падумайце пра Чабурашку!
Самая простая, але самая рэальная і актуальная ідэя. У жніўні 2020 года Леанід Шварцман, мультыплікатар, якія прыдумаў вобраз Чабурашкі і намалаяваў яго, адзначыць 100 гадоў.
І мы ведаем месца, дзе ў Мінску стаяў дом Шварцмана на Ракаўскай вуліцы і дзе будучы мастак правёў першыя 20 гадоў свайго жыцця. І Шварцман да сённяшняга дня (хоць даўно жыве ў Маскве) памятае пра свой родны міжваенны Менск і нядаўна нават намаляваў шэраг карцін, прысвечаных таму знікламу гораду.
І той Мінск на малюнках Шварцмана аказаўся вельмі падобны на горад, у якім мастак пасяліў Чабурашку, Гену, Шапакляк, а таксама герояў іншай сваёй карціны – няўрымслівых малпачак і іх маму.
З гэтым трэба нешта рабіць. Чабурашка, сусветна вядомы невядома хто, – несумненны мінчанін. Некаторыя зануды могуць даводзіць, што ў мульціку паказаны не дакладна наш горад, але мы мусім адстойваць мінскасць гэтага персанажа. Бо ён з кракадзілам Генам нават па характары вельмі тутэйшы. Аднак проста помнік вушастаму інфантыльнаму персанажу выглядае залішне банальна. Трэба нешта прыдумваць. Чабурашка павінен займець прапіску на Ракаўскай вуліцы.
PS: яшчэ раз прашу з гумарам паставіцца на гэтых ідэй і фантазій. Але сур’ёзна пра іх падумаць.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: Павел Хадзінскі для CityDog.by.