Люди, истории
CityDog.io

«Чувствовал себя так, будто г**ном забросали». Молодой учитель рассказывает, как его буллят ученики

«Чувствовал себя так, будто г**ном забросали». Молодой учитель рассказывает, как его буллят ученики
О школьном буллинге говорят всё чаще, рассуждая, как решать конфликты между детьми. Но буллинг бывает направлен и на учителей. И не обязательно забрасывать их яйцами и краской, как в сериалах, достаточно просто игнорировать и смеяться в лицо.

О школьном буллинге говорят всё чаще, рассуждая, как решать конфликты между детьми. Но буллинг бывает направлен и на учителей. И не обязательно забрасывать их яйцами и краской, как в сериалах, достаточно просто игнорировать и смеяться в лицо.

В такой атмосфере Алексей (имя изменено по просьбе героя) проработал первые полгода, когда в свои 21 стал учителем белорусского языка и литературы в одной из минских школ.

Як я трапіў у школу: «Адразу самае “мяса” далі»

– Мой першы ў жыцці ўрок прайшоў у тым класе, у якім пасля пачаўся булінг. Але акрамя таго, што адзін хлопчык быў з вялізнымі засосамі на шыі, я нічога з таго дня не памятаю.

Калі прыйшоў у школу, мяне адразу кінулі ў такое асяроддзе: самае “мяса” далі, дзявятыя класы. А звычайна даюць малых, большасць маіх аднагрупніц у пятых класаў вялі.

Яшчэ ў школе не надта цікавіла, што я яшчэ давучваюся, а ва ўніверсітэце – што я працую. Таму я апынуўся паміж двух агнёў, а гэтае цкаванне дабівала канчаткова.

Спачатку я не бачыў нічога такога, прыходзіў, нешта праводзіў, сыходзіў з працы. Толькі пасля пачаў заўважаць смешкі з боку дзяцей, неадэкватную рэакцыю на мае словы.

У нашай школе была закрытая суполка ў ВК, якую вялі самі дзеці, і яны пачалі рабіць з маіх фотак усялякія мемы, высмейваць мяне, маю знешнасць, прадметы, якія я выкладаю, – беларускую мову і літаратуру.

Калі толькі прыйшоў, зрабілі апытанкі кшталту: «Как тебе новый учитель бел. яз.?» – і адзін варыянт адказу: «Давайте уже следующего».

З каго ўсё пачалося: «Не мог у іх прысутнасці весці ўрокі»

Асноўная праблема была ў дзявятым класе: там былі дзве дзяўчынкі, якія адразу ў контры мяне ўспрынялі. Яны ўсім сваім выглядам давалі зразумець, што я ім нецікавы і ўвогуле займаюся чымсьці непатрэбным і бязглуздым.

Я не мог у іх прысутнасці весці ўрокі. Ведаў, што, якую б рэпліку я ні сказаў, яна будзе ўспрынята неадэкватна. Я нешта раблю, яны паміж сабой гэта абмяркоўваюць, ім робіцца смешна: «Вы на доске написали некрасиво». Схіляюць на сябе ўвагу аднакласнікаў, і тыя ўжо не могуць успрымаць мяне.

Іх не было, яны прагульвалі, хварэлі – абсалютна нармальная праца; як толькі хаця б адна з іх з’яўлялася, адразу ж у мяне пачыналіся праблемы. Прычым ні размова з іх класным кіраўніком, ні з адміністрацыяй ні да чаго не прывялі, яны ўсё роўна працягвалі такую палітыку ў мой адрас.

Быў выпадак, калі верш на памяць адказвалі, выперліся з навушнікам, прычым нават не мікра, а звычайным. Праз валасы і вопратку неяк схавалі, думалі, што я дурны і не ўбачу. Прымусіў зняць і адказваць праз некалькі чалавек – ну і, вядома, яны вершы не прачыталі.

Жывыя эфіры ў Instagram запускалі на ўроку – што ім сумна, нецікава. Рабілі дэманстратыўна, гучна, не хаваліся. Гатовы размаўляць з кім заўгодна і рабіць што заўгодна, толькі б не слухаць настаўніка.

Было аднойчы: уключыў «Песняроў», прыгожыя акорды, а ў іх істэрыка адразу, ім нецікава, ржачна, вусы Мулявіна смешныя. І ты стаіш, і паволі рукі апускаюцца, думаеш: «Якога чорта?» Адчуваў сябе так, нібыта гаўном закідалі.

Маглі ісці па школе, павітацца і адразу пачаць смяяцца ў твар. Сядзелі дэманстратыўна за пустым сталом у навушніках.

Не было вось гэтага стэрэатыпнага «гадзюку падкінуць», «кнопкі на крэсла настаўніцкае пакласці». Проста стваралася такая атмасфера абсалютнага неўспрымання настаўніка. Быў булінг псіхалагічны: усё складаецца з дробязей, і, калі яны складаюцца ў сістэму і рэгулярна паўтараюцца, гэта вельмі моцна цісне.

Дзеці выпрабоўвалі мяне: «Здавалі пустыя сшыткі падчас кантрольнай работы»

Увогуле здзекі былі і ад іншых, напрыклад праз тое, які я прадмет выкладаю: гэта агульная знявага ў Беларусі да беларускай мовы. Кшталту «ой, я по-белорусски не понимаю, можно по-русски?», «а нафига этот белорусский нам нужен?» І для мяне гэта быў эмацыянальны ціск.

Быў выпадак, калі хлопчыку на біялогію трэба было прынесці жывога рака, ну і ён з ім на ўсіх уроках хадзіў. І вось я штосьці пажартаваў, і дзеці з майго дазволу сфоткалі, як я трымаю падручнік па беларускай мове, і нібыта гэты рак туды зазірае. А потым гэта фота перагарнулі так, што «только раки учат бел. яз.», подпіс быў «лайк, если видишь третью клешню на фотке» (пра маю руку з падручнікам).

Пустыя сшыткі здавалі падчас кантрольнай работы, і не таму, што штосьці не змаглі зрабіць. Як можна не напісаць дыктоўку? Ну і па нормах паставіў 1/1. Я стараўся ўсё рабіць акуратна, каб не было у чым абвінаваціць.

Аднойчы вучні настукалі наверх, пры гэтым перавярнуўшы мае словы. Падчас майго ўрока да іх прыйшлі збіраць грошы на нешта, я сказаў, што гэтым трэба займацца пасля ўрока.

Потым мяне выклікае дырэктар і пытае: «Што вы сабе дазваляеце ў прысутнасці вучняў?» Высветлілася, што яму расказалі, нібыта я агітаваў не здаваць грошы. Мне было непрыемна, падрываўся мой аўтарытэт у вачах адміністрацыі.

Гэта цягнулася паўгода, перыядычна, ледзь не кожны ўрок, да летніх канікул. А пасля і тыя дзяўчаты сышлі, і ўлетку ў мяне быў час прадумаць, як далей сябе паводзіць. Ну і пасля канікул усё пачало наладжвацца.

Чаму падлеткі сябе так паводзяць: «За спінамі ім прасцей, а ў твар тое ж самае сказаць баяцца»

Калі тыя дзяўчаты выпусціліся, аўтары мемаў таксама супакоіліся. Можа, убачылі, што не атрымалася мяне давесці, што я не пабег звальняцца з працы, бо былі і такія выпадкі, прынамсі ў нашай школе. Даводзілі маладых настаўнікаў, збольшага жанчын: яны не маглі знайсці кантакт з дзецьмі і ў істэрыцы звальняліся з працы.

А можа, ведалі, што я бачыў усе гэтыя жарты. За спінамі ім прасцей здзеквацца, а ў твар тое ж самае сказаць баяцца. Гэта ж дзеці, няхай сабе жорсткія і злыя, але дзеці.

І цяпер бывае, што нешта выкінуць, ты проста стаіш і не ведаеш, што рабіць. Нядаўна ўвялі правілы, што настаўнік мае права патрабаваць, каб дзеці прыбралі свае тэлефоны. І вось прыклад гэтага года: вучні пазаводзілі будзільнікі на кожную хвіліну ўрока, і кожную хвіліну ў кагосьці штосьці звінела. Вядома, што ўрок у такіх умовах не правядзеш.

Дзеці ўвогуле вельмі моцныя энергетычныя вампіры. Часта я прыходзіў дадому, валіўся на канапу і проста ляжаў гадзіну, дзве, тры – быў абсалютна пусты, цалкам з’едзены.

Але даводзілася ўваскрасаць кожны дзень і ісці далей. У той перыяд былі думкі, што вось сёння гэты клас – і я не хачу туды ісці. Але ведаў, што трэба.

Мне было сапраўды крыўдна. Здавалася, што я не нагружаю іх звышпатрабаваннямі, што я не жорсткі, не злы настаўнік, наадварот: стараюся знайсці падыход, недзе з гумарам, недзе з разуменнем. І вось у адказ атрымліваю такое.

Былі моманты, калі я задумваўся, што, магчыма, трэба кінуць гэту справу і не маё гэта. Але дзякуй дырэктарцы школы, якая пераканала мяне не сыходзіць, далей развівацца ў гэтай сферы.

Здаралася, што апускаліся рукі і не было ні настрою, ні жадання працягваць урок. Вось ты ідзеш, поўны ўсялякіх творчых планаў, а яны выдаюць нешта – і ўсё. Не скажу, што жыць не хацелася: хутчэй, не ведаў, як жыць.

Тады малады быў, гарачы, крычаў на іх, зрываў голас, ляскаў па стале, а пасля зразумеў, што гэта не выйсце. Цяпер я наўпрост кажу ўсім, што не збіраюся павышаць голас, – значыць, меней матэрыялу атрымаеце, а гэта ўсё будзе на праверачных.

Я стараўся не паказваць, што мне крыўдна, балюча. Стаяў на сваім, ніколі не дазваляў паказваць сваю слабасць.

Для сябе адразу абраў палітыку, што я не буду помсціць: «Вось вы здзекуецеся, а я вас “каламі” завалю». Я ведаў, што ў мяне ёсць зброя: нарматыўныя дакументы, усе нормы ацэньвання. Гэта тыя дзеці, якіх не трэба валіць, ім дастаткова не дапамагчы – і яны самі заваляцца.

Пасля пачаў высмейваць усе гэтыя сітуацыі: складаю праверачныя работы і бяру сказы не з мастацкай літаратуры, дзе ўсё нецікава, а з сітуацый, якія бачу на ўроках: «Пеця крычыць, Вася стаіць на вушах – так адбываецца ўрок ў 9 “Б” класе». Ну і, можа, яны зразумелі, што ў мяне ёсць пачуццё гумару, я не баюся недзе і сябе паставіць у смешнае становішча.

Я паказваў, што такі ж жывы чалавек, што можна знайсці паразуменне ў любой сітуацыі. Ну і, можа, яны проста схіліліся на мой бок, а можа, задумаліся пра атэстаты.

Булінг настаўнікаў у сучаснай школе – норма: «Яны вольна ходзяць па класе, крычаць на настаўніцу»

Я аднойчы заходзіў да маладой настаўніцы на ўрок па сваіх справах, у іх ішла кантрольная работа – і сядзела па пяць чалавек за адным сталом, яны вольна хадзілі па класе, спісвалі з тэлефонаў, нават не хаваючы. Я кажу ёй: «Што адбываецца, кантрольная работа?», а яна адказвае, што нічога не можа зрабіць.

Я бачыў, як хтосьці са старэйшых класаў крычыць на гэту ж настаўніцу. Яна нейкай шэрай мышкай ходзіць па школе, пытаецца схавацца, прашмыгнуць з настаўніцкай у свой кабінет, каб ніхто па дарозе не чапаў.

Даходзіць да таго, што настаўніцы плачуць у настаўніцкай пасля ўрокаў, бо дзеці давялі.

Булінг паказаў мне рэальнасць школы. Пра гэта не кажуць на парах методыкі выкладання, і ўсё, чаму я навучыўся ў галіне школьнай спецыфікі, атрымаў у школе.

Мне пашанцавала: можа, такі характар, выхаванне, таму я не зламаўся. А многія бягуць. Сучасныя дзеці становяцца горш і горш. Можа, і ёсць школы, дзе дзеці ўсе творчыя і таленавітыя, хочуць вучыцца, але звычайна гэта зборная салянка.

Я зразумеў, што зняў ружовыя акуляры і зазірнуў у рэальнасць, што яна такая, якая ёсць.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter