«Для мяне беларуская мова перастала быць адметнасцю, гэта звычайнае жыццё», – беларускамоўныя мінчанкі дзеляцца лайфхакамі, каб вам было лягчэй вывучаць беларускую.
Гэты тэкст упершыню мы выпусцілі год таму – у лютым 2021 года.
Як людзі прыходзяць да беларускай мовы
Да Беларусі Крысціна Вітушка жыла спачатку ў Германіі, пасля – у Латвіі. Сюды яна пераехала ў 1993 годзе, калі вучылася ў 9-м класе. Дадатковых заняткаў па беларускай мове ў яе не было – вучыла ўсё сама.
– У Латвіі мова навучання і адосін была рускай, – успамінае замежжа Крысціна. – Але бацькі заўсёды гаварылі, што мы не рускія. Мая маці – беларуска, а тата – украінец. Пасля пераходу на беларускую тата нейкі час перажываў, што забуду ўкраінскую.
Выбар Крысціны падтрымала ўся сям’я. Яе брат таксама перайшоў на беларускую. Зараз у жанчыны свая сям’я – і муж, і сын беларускамоўныя.
– У 1996-м я паступіла на механіка-матэматычны факультэт БДУ. Ён быў беларускамоўным. Вокны аўдыторый выходзілі на плошчу Незалежнасці. Гэта былі гады неверагоднай грамадзянскай актыўнасці, якую, на жаль, сёння мы не дасягнулі. Падзеі адбываліся пад вокнамі – нельга было не рэагаваць.
Была і вялікая павага да выкладчыкаў – прафесараў старой школы. Яны не толькі выкладалі па-беларуску, але і размаўлялі. Я імі захаплялася і хацела быць трошкі да іх падобнай. У нейкі момант вырашыла: пачынаю.
Марына перайшла на беларускую мову ў 2014-м. У яе было беларускамоўнае атачэнне, ёй вельмі хацелася пачаць новае жыццё. Змена мовы ў гэтым дапамагла.
– Спачатку я толькі перапісвалася па-беларуску, – расказвае Марына. – На свой дзень нараджэння вырашыла, што новы год жыцця трэба пачынаць па-новаму. Былі яшчэ асабістыя абставіны. Хацелася падзяліць жыццё на тое, што было ў мінулым, і новае. Мова стала тым сродкам, які дапамог перагарнуць старонку.
Родныя і сябры Марыну падтрымалі. Яны дапамагалі выпраўляць памылкі і канчаткі. Складанасці спачатку былі толькі з маці. Яна ўкраінка і беларускую не вывучала.
– Яе першая рэакцыя была кшталту: «Што ты са мной па-беларуску размаўляеш? З сябрамі размаўляй». Але я настойвала на сваім. Праз некалькі месяцаў прыехала дадому, і мы з мамай шчыра паразмаўлялі.
Я расказала, што для мяне гэта важна. Што, калі яна не разумее, я магу патлумачыць ці перакласці. Я ўвогуле не была супраць размаўляць па-руску, калі маю беларускамоўную пазіцыю будуць прымаць.
Пасля ўсё змянілася. Калі яна не разумела, я лёгка перакладала, магла з ёй перайсці на рускую.
Крысціна Пучынская размаўляе па-беларуску 21 год. Нікога з родных яна не слухала, бо «гэта маё жыццё». Сябры жанчыну падтрымлівалі, але па-беларуску адказвалі рэдка.
– Я першы раз пачула беларускую мову, калі мне было пяць гадоў, у дзіцячым садку, – прыгадвае Крысціна. – Я разумела, што ёсць такая краіна Беларусь і мова беларуская. Прыйшла дахаты і спытала ў бабулі: «Мы размаўляем па-руску, а чаму так адбылося?» Не памятаю, што яна сказала. Але я адказала, што вырасту і буду размаўляць па-беларуску.
На беларускую Крысціна перайшла на першым курсе. Пасля пачала сустракацца з беларускамоўным хлопцам. Зараз у жанчыны дарослая дачка, для якой беларуская – першая і родная мова.
– Памятаю, неяк рабілі маленькую размаўлёўку для дзяцей, дзе падпісвалі прадметы. Хтосьці падарыў вельмі прыгожую кнігу з фантастычна прыгожымі малюнкамі. Я раздрукоўвала тэкст па-беларуску і заклейвала акенцы з тэкстам.
Як вывучаць беларускую мову: «Пачынаць трэба з вымаўлення»
Для правільнага вымаўлення чытайце ўголас. Крысціна Пучынская рэкамендуе знайсці дыск «Беларускае літаратурнае вымаўленне» Андрэя Каляды, тэатра- і літаратуразнаўцы, былога прарэктара па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі навук і выкладчыка кафедры сцэнічнай мовы.
– Пачынаць трэба з вымаўлення, – тлумачыць Крысціна. – Каб даведацца, што трэба вымаўляць мякка «сьнег», што «ч» павінна быць цвёрдым, памятаць пра зацвярдзелы «р», не прапускаць «ў».
Жанчыны заўважаюць, што вучыцца можна толькі на практыцы – і абавязкова памятаць: на любой мове чалавек спачатку размаўляе з памылкамі.
– Варта вучыць на памяць нейкія тэксты, – рэкамендуе Крысціна Вітушка. – Наўрад ці дарослы чалавек будзе вывучаць нейкія празаічныя тэксты, але можна вучыць прыказкі, прымаўкі, вершы. Такі досвед пасіўнага валодання мовы істотны. Так чалавек больш пачынае на слых адчуваць, дзе ёсць памылкі.
Пашукайце размоўнікі, якія выходзілі ў 1990-х. У іх добрая рубрыкацыя па тэмах і сферах ужывання. У звычайных кнігарнях іх няма – толькі ў букіністычных крамах. Можна пашукаць тэматычныя слоўнікі: хімічныя, эканамічныя і г.д.
Марына заўважае, што слоўнікавы запас – важная частка пры вывучэнні любой мовы. Для гэтага можна чытаць кнігі, глядзець фільмы ў перакладзе.
– Далей кожны будзе працаваць з тым, што яму складана, – дадае Марына. – У кагосьці гэта вымаўленне, у кагосьці – націскі. У мяне, напрыклад, мяккія «р» і «ч». Але аднойчы я размаўляла з хлопцам, які займаецца дыялектамі беларускай мовы. Ён адразу спытаў, ці не з Гомеля я. Я адтуль. Высветлілася, у гомельскіх гэтыя гукі мяккія. Я тады супакоілася.
Як беларускамоўныя жывуць штодня
Крысціна Пучынская заўважае, што ў публічных месцах яе часам не разумеюць. Адказ залежыць ад адносін людзей:
– Для мяне беларуская мова перастала быць адметнасцю, гэта звычайнае жыццё. Калі я бачу ветлівае неразуменне, то іду насустрач. Калі не, магу быць больш жорсткай. Нагадваю, што школьны атэстат нельга атрымаць без ведання беларускай мовы. Але такіх момантаў было мала.
Увогуле, аднойчы ва ўніверсітэце адзін студэнт, пачынаючы свой даклад, выбачыўся, што ён па-беларуску. Адзін з дакладчыкаў падняўся і сказаў: «Як вы можаце прасіць выбачэння за тое, што размаўляеце па-беларуску?»
– Я выкарыстоўваю агульныя для славянскіх моў словы, – тлумачыць Крысціна Вітушка. – Звычайна я вітаюся, пасля пачынаю са слоў «калі ласка» і раблю паузу, каб чалавек перанастроіўся. Калі мяне не разумеюць у краме, напрыклад, то магу паказаць пальцам ці назваць кошт.
Яна дадае, што не трэба судзіць чалавека па знешнасці. У жыцці жанчыны былі выпадкі, калі беларускую разумелі людзі не славянскай знешасці, замежнікі з іншых краінаў.
– Калі я бачу, што чалавек разумее мяне, але ставіцца агрэсіўна, бо я беларускамоўная, – у мяне ўключаецца прынцып, – тлумачыць Марына. – Я ні слова не скажу па-руску. Але ў нейкі момант я зразумела, што бываюць сітуацыі, калі прасцей гаварыць на рускай. Бывае, калі разумею: буду размаўляць па-руску – выйду з сітуацыі за дзве хвіліны, па-беларуску – за дзесяць.
Спачатку не дазваляеш сабе размаўляць па-руску нідзе і ніколі. Пасля разумееш, што часам гэта забірае энергію, пачынаеш пакутваць. Таму не страшна, калі раз на тыдзень ты размаўляеш па-руску з чалавекам, які не можа з табой размаўляць па-беларуску.
Тарашкевіца vs. наркамаўка: якую норму выбраць?
У беларускай мове – дзве нормы. Тарашкевіца – гэта варыянт, дзе захаваны ўсе арфаэпічныя і граматычныя традыцыі беларускай мовы да 1933 года: пішам і кажам «сьцізорык», «сьвінчо», «марозіва».
Наркамаўка – гэта фактычна русіфікаваны савецкімі ўладамі варыянт мовы: «сцізорык», «свінчо», «марожанае».
– Ёсць, напрыклад, адрозненні ў тым, як перадаюцца запазычаныя словы: «Лёндан» і «Лондан», – дадае Крысціна Вітушка. – Выбар нормы – пытанне светапогляду. Для мяне ў нейкі момант было важна, каб сына не выпраўлялі настаўнікі ў школе. Мы гаварылі дома як «асадка», так і «ручка», каб ён разумеў, што гэта сінонімы.
З часам я сама перайшла на наркамаўку. Дзецям лепш пачынаць з наркамаўкі, а пасля можна растлумачыць, што ёсць і другая норма.
Для вывучэння беларускай тарашкевіца вельмі карысная. З ёй чалавек будзе размаўляць па-беларуску больш мілагучна. Бо прымаўка «як чуецца, так і пішацца» адносіцца да тарашкевіцы: вы і вымаўляеце слова «сьнег» мякка, і пішаце гэтаксама. Наркамаўка не адлюстроўвае традыцыйна мяккае беларускае вымаўленне.
Як навучыць мове сваіх дзяцей: «Папрацаваць над сваёй мовай і стварыць асяродак»
– У нас быў вельмі станоўчы досвед гадавання дзіцяці, – расказвае Крысціна Пучынская. – Праблем з лагапедамі не было: яны разумелі, што дзіцё размаўляе па-беларуску. У транспарце толькі хвалілі і здзіўляліся: «Як міла!», «Добра, што па-беларуску».
Абедзве Крысціны нагадваюць, што дзеці сочаць за бацькамі. Таму на мове давядзецца размаўляць паўсюль. Інакш дзеці беларускую не будуць успрымаць як сапраўдную мову.
– Немагчыма нечаму навучыць дзіцё, калі ты робіш іншае, – заўважае Крысціна Пучынская. – Мае сябры, калі ў іх нарадзілася дзіцё, перайшлі на беларускую. Бывала, што дзіцё працягвае руку, паказваючы штосьці, і запытальна глядзіць на бацькоў. Яны хуценька гартаюць слоўнік, бо самі не ўпэўнены. Так што асноўная парада – размаўляць самім. Таксама важна забяспечыць дзіцё хаця б мінімальным асяродкам, каб былі нейкія знаёмствы.
У свой час Крысціна Пучынская пазнаёмілася з іншай беларускамоўнай сям’ёй праз абвестку ў газеце. Пасля яны стварылі свой клуб і нават арганізавалі беларускамоўную групу ў садку.
Крысціна Вітушка дадае, што беларускамоўнае асяроддзе важна. Але не трэба прымушаць дзяцей сябраваць: у іх павінен быць выбар – руска- ці беларускамоўныя сябры.
Дарэчы, калі вы хвалюецеся, што дзіцё не будзе разумець рускую мову, Крысціна Пучынская расказвае, што гэта зусім не так. Яна ўспамінае, як у школе яе дачка лёгка пераходзіла на рускую, бо дзеці з рускамоўных сем’яў не маглі гаварыць па-беларуску.
– Трэба прыняць як аксіёму, што адукацыя і выхаванне – твая адказнасць, – дадае Крысціна Вітушка. – Па-першае, варта папрацаваць над сваёй мовай, каб яна была пісьменнай і дзеці не паўтаралі памылкі. Бывае, што людзі вырашаюць перайсці на беларускую, а пасля нічога не вырашаюць – «і гаварат как хацят» (смяецца).
Важна навучыцца добразычліва, але рашуча і паслядоўна патрабаваць, каб з вашым дзіцём гаварылі на яго мове. Большасць з тых, з кім даводзіцца сустракацца дзіцяці, маюць вышэйшую адукацыю, атрыманую ў Беларусі. Яны маюць адзнаку за беларускую мову ў атэстаце. Бацькі не павінны хавацца ў кусты і рабіць выгляд, што гэта не важна.
І яшчэ адзін лайфхак: купляць кнігі ў момант, як дзіця падрасце, не варыянт. Іх можа не быць, бо кнігі па-беларуску выходзяць невялікімі накладкамі. Купляйце іх, як бачыце, на будучыню. Я вось пачала збіраць кнігі, як выйшла замуж.
Як самастойна вывучаць беларускую мову
● «МОВА НАНОВА»: бясплатныя курсы. Там ёсць кнігі, відэа і аўдыя. На курсы можна запісацца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.
● Lemantar: мабільная праграма для вывучэння беларускай. Дапамагае запомніць новыя словы.
● «Беларуская палічка»: тут знойдзеце шмат твораў як беларускіх, так і замежных пісьменнікаў у перакладзе на беларускую.
● «Беларускамоўныя»: новая кніга ад «Арт-Сядзібы». Гэта збор практычных парад для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску. Набыць кнігу можна ў кнігарнях «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72) і «Кніжная шафа» (пр-т Дзяржынскага, 9).
● «Кайфаломка»: тэлеграм-канал, які разбірае памылкі паўсюль – на шыльдах дамоў, аўтобусах і г.д.
● Слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча: для тых, каго цікавіць традыцыйная беларуская мова, раім слоўнік беларускай мовы ХІХ ст.
● Slounik.org: тут сабраны ўсе звязаныя з беларускай мовай і Беларуссю слоўнікі і энцыклапедыі.
● «Скарнік»: анлайн-слоўнік, дзе знойдзецца не толькі пераклад, але і тлумачэнне слова.
● «Белазар»: дарэчы, у гэтага слоўніка ёсць вельмі зручны тэлеграм-бот.
Фота: з архіваў гераінь.