«Гавары нармальна». Беларусы – пра ціск, насмешкі і дыскрымінацыю з-за беларускай мовы

«Гавары нармальна». Беларусы – пра ціск, насмешкі і дыскрымінацыю з-за беларускай мовы
На гэту тэму нас падштурхнулі некалькі допісаў у Threads: у іх беларусы дзяліліся гісторыямі пра цяжкасці пры афармленні дакументаў па-беларуску і пра дрэннае стаўленне да сябе з-за таго, што не размаўляюць па-руску. Таму СityDog.io вырашыў спытаць у беларусаў, з якой менавіта дыскрымінацыяй яны сутыкаліся праз мову – і як да гэтага ставяцца.

На гэту тэму нас падштурхнулі некалькі допісаў у Threads: у іх беларусы дзяліліся гісторыямі пра цяжкасці пры афармленні дакументаў па-беларуску і пра дрэннае стаўленне да сябе з-за таго, што не размаўляюць па-руску. Таму СityDog.io вырашыў спытаць у беларусаў, з якой менавіта дыскрымінацыяй яны сутыкаліся праз мову і як да гэтага ставяцца.

«Выгналі з аўдыторыі падчас адной з пар, бо мой ноўтбук быў цалкам на беларускай мове»

Валер’ян
 

– Самая жорсткая сітуацыя адбылася са мной ва ўніверсітэце. Тады мяне выгналі з аўдыторыі падчас адной з пар, калі выкладчыца пабачыла, што мой ноўтбук цалкам быў на беларускай мове. Таксама яна пачала абражаць мяне і гаварыць звыклыя прапагандысцкія фразы кшталту таго, што Беларусь нібыта «прыдумаў Ленін» і што беларуская мова нам не патрэбная. Усё гэта адбылося восенню 2024 года.

Калісьці я чуў, што большасць выкладчыкаў ва ўніверсітэтах цяпер замененыя расійскімі, і сярод іх ёсць людзі, якія нават не ведаюць беларускай мовы. Таму на гэту сітуацыю адрэагаваў без асаблівага здзіўлення. Але памятаю, што ў той момант я востра адчуў стомленасць ад пастаяннага прыгнёту беларускай культуры і ідэнтычнасці.

З інцыдэнтам таксама разбірацца не стаў. Было зразумела, што любыя спробы абароны маглі прывесці да яшчэ большых праблема – і для мяне, і для маіх аднакурснікаў. Да таго ж я паступіў ва ўніверсітэт дзякуючы майму бацьку, бо я «дзіця кумаўства», і гэта таксама паўплывала на маё рашэнне маўчаць. Потым былі падобныя сітуацыі, але яны амаль непараўнальныя з гэтай. Хутчэй, там проста людзі не разумелі беларускую мову.

Амаль адразу пасля гэтага выпадку я з’ехаў з краіны. На той момант пачаўся пераслед маіх знаёмых ЛГБТК-актывістаў, і рызыка затрымання стала занадта высокай. Таму цяпер я з палёгкай думаю пра тое, што больш не ўбачу тую выкладчыцу.

«Забаранялі выступаць на беларускай мове і не адказвалі на ёй у дзяржаўных установах»

Гена
 

– У маім жыцці быў перыяд прыкладна на тры гады, яшчэ ў школьныя часы, калі я амаль увесь час размаўляў па-беларуску. Гэта было прынцыповае рашэнне. На ўроках, зразумела, я мог гаварыць і па-руску, і па-беларуску, але ў побыце і з настаўнікамі часта выбіраў менавіта беларускую. Фактычна я быў ці не адзіным у класе, хто так рабіў.

Часам з гэтага кпілі. І настаўнікі, і нават дырэктар маглі сказаць нешта накшталт «гавары нармальна». Быў, памятаю, нейкі аратарскі конкурс – я прапанаваў падрыхтаваць маналог па-беларуску, але мне адказалі, што нельга, бо ўсе будуць выступаць па-руску – і я таксама павінен. Таксама людзі часта азіраліся, калі чулі беларускую.

Тады якраз з’явіўся закон, паводле якога ў дзяржаўных установах павінны адказваць на той мове, на якой да іх звяртаюцца. Я гэтым карыстаўся. Хадзіў у розныя месцы – у пашпартны стол, у падобныя ўстановы – і свядома звяртаўся па-беларуску, настойваючы, каб і мне адказвалі гэтак жа. Часам мне проста адмаўлялі і казалі: «Выбачайце, мы не можам адказаць па-беларуску, бо не ведаем мовы».

Аднакласнікам у цэлым было ўсё адно. Хтосьці крывіўся, хтосьці перадражніваў. Я, у сваю чаргу, мог злавацца і крычаць, напрыклад, на Дзіму з класа, каб ён у сшытку пісаў не «Дзмітрый», а «Зміцер».

Калі хтосьці не разумеў мяне або адмаўляўся гаварыць па-беларуску, я спрачаўся і ўсё роўна працягваў гаварыць на беларускай мове. У тыя гады ў Беларусі былі вельмі папулярныя бясплатныя курсы «Мова Нанова» ў розных гарадах, і гэта моцна ўплывала на агульную атмасферу.

Потым гэты перыяд неяк скончыўся. Магчыма, з-за падрыхтоўкі да ЦТ і паступлення – трэба было шмат чытаць, шмат вучыцца. Плюс, здаецца, майго сябра, які быў на год старэйшы, тады прыціснулі ва ўніверсітэце менавіта праз мову. Для мяне гэта быў ужо менш зразумелы і больш трывожны момант, пасля якога ўсё паступова змянілася.

Ілюстрацыйнае фота: Aaron Burden, Unsplash.com.

«Рагаталі і казалі, што я займаюся лухтой»

Ліза
 

– У 2016 годзе я працавала ў беларускамоўнай кампаніі. Фармальна там не было патрабавання абавязкова размаўляць па-беларуску, але на практыцы ўсе так і размаўлялі, і я даволі хутка таксама перайшла. У нейкі момант у мяне пачала балець галава ад пастаяннай змены моў, і я вырашыла заўсёды гаварыць па-беларуску.

Тады я вучылася ў 10-м класе. Натуральна, людзі вакол адрэагавалі вельмі востра. Бацькі не прынялі гэта рашэнне. Яны шчыра не разумелі, навошта мне гэта. Казалі, што лепш бы я вучыла англійскую, а не займалася «самадурствам». Ім нават здавалася, што я з іх здзекуюся, калі адказваю ім па-беларуску.

У той час увогуле не было прынята, што, калі ты гаворыш з чалавекам па-беларуску, ён стараецца адказаць табе такім жа чынам. Калі чалавек не ведаў беларускай мовы – а часцей за ўсё так і было, – ён заўсёды адказваў па-руску. Таму людзям было вельмі нязручна са мной размаўляць.

Больш за ўсё з мяне кпілі аднакласнікі. Яны адкрыта з мяне рагаталі, асабліва на ўроках, калі я адказвала па-беларуску не на профільных прадметах – умоўна кажучы, на хіміі ці фізіцы. Яны нават прама запытвалі, навошта я займаюся «такой лухтой». Настаўнікі таксама кпілі, казалі, што я выдурняюся і проста хачу прыцягнуць да сябе ўвагу.

Я ўжо тады бачыла, як ставяцца да людзей, якія гавораць па-беларуску. У мяне былі такія хлопцы ў паралелі, і, колькі б гадоў яны ні размаўлялі па-беларуску, з іх усё адно пастаянна насміхаліся – маўляў, гавары нармальнай мовай.

Бацькам я пра гэта амаль не расказвала, бо падтрымкі ад іх усё роўна не было. Я ўвогуле старалася з імі пра гэта не размаўляць. Пры гэтым маё жыццё тады было моцна звязана з працай і мерапрыемствамі, і ў гэтым асяроддзі мне было камфортна. Нават хлопец, якому я вельмі падабалася і які заляцаўся да мяне пяць гадоў, усё адно працягваў бегаць і толькі пытаўся: «Калі ласка, навошта ты гэта робіш?» Як бы я ні спрабавала патлумачыць, што займаюся беларускімі мерапрыемствамі і праектамі, што мне хочацца, каб людзі больш размаўлялі па-беларуску, з боку ўсё гэта выглядала для іх камічна.

Прыкладна год я размаўляла па-беларуску, а потым зноў перайшла на рускую, бо стала максімальна нязручна размаўляць з людзьмі. У той перыяд я яшчэ пачала часцей гаварыць па-англійску, і ў мяне пастаянна балела галава – праз тое, што я ўвесь час спрабавала адказваць па-беларуску на пытанні, зададзеныя па-руску. Гэта быў пастаянны сінхронны пераклад.

Потым гэта неяк паступова сышло на нішто. З’явілася больш сацыяльнага жыцця, я пайшла на курсы, стала менш часу на беларускія праекты. Цяпер я гляджу на гэты досвед вельмі пазітыўна. Нават год зносінаў на любой мове – няхай гэта будзе беларуская ці любая іншая – дае выдатную базу, каб потым працягваць на ёй размаўляць.

Таксама CityDog.io папрасіў у сваіх сацсетках чытачоў расказаць пра тое, як іх дыскрымінавалі з-за беларускай мовы. Вось гісторыі і меркаванні, якімі з намі падзяліліся

«Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце палягае ў тым, што па-беларуску немагчыма атрымаць цалкам адукацыйны працэс – ад садка да ВНУ, паслугі ва ўсіх дзяржаўных і прыватных установах, заканадаўства, а таксама інфармацыю на ўпакоўках ад вытворцаў і ў гандлёвых цэнтрах», – напісала katsiaryna_holzapfel_varazhun.

«Нейкая выкладчыца ў каледжы на мяне наехала, нават абражала, калі я ёй проста спакойна адказвала. Я не зразумела нават прычыну яе наезду. Не памятаю ўжо дакладна, што яна казала, бо гэта было даўно, але памятаю, што давяла мяне да слёз тады. Пасля мне сведкі гэтай размовы патлумачылі: яна падумала, што я, адказваючы ёй па-беларуску, кпіла з яе.

Яшчэ з тагачаснай куратаркай каледжскай групы, каторая была ябацькай задоўга да з’яўлення гэтага тэрміну, у мяне былі канфлікты. Нават мая маманя хадзіла з ёй на размову, каб тая ад мяне адчапілася. Аднагрупніца расказвала, што стала сведкай размовы гэтай куратаркі са сваёй каляжанкай: тая скардзілася, што я “со своим беларуским ее уже задолбала”.

На той час я была адна такая на курсе. Але аднагрупнікі ўсе адэкватныя былі. Наадварот, нават заступаліся за мяне звычайна, калі нешта такое здаралася», – падзялілася elizabeth_reut.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота на вокладцы: Matthias Oberholzer, Unsplash.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter