У самым цэнтры Мінска хлопцы спрабавалі ўзарваць антэну, якая замінала слухаць любімыя радыёстанцыі

У самым цэнтры Мінска хлопцы спрабавалі ўзарваць антэну, якая замінала слухаць любімыя радыёстанцыі
На урок у школу прыходзяць аўтаматчыкі і забіраюць некалькіх вучняў. Што адбываецца? Або — грыміць гром, і жанчына бяжыць да суседзяў з крыкам: «Людцы! Амерыканскія танкі ідуць!» Гэта Беларусь 1950-х.

На урок у школу прыходзяць аўтаматчыкі і забіраюць некалькіх вучняў. Што адбываецца? Або — грыміць гром, і жанчына бяжыць да суседзяў з крыкам: «Людцы! Амерыканскія танкі ідуць!» Гэта Беларусь 1950-х.

У падручніку пішуць, што «энтузиазм и вдохновение были отличительной чертой общественной жизни в БССР в послевоенный период. Советский народ героически трудился, возрождая народное хозяйство». На самай справе вайна скончылася, а Беларусь працягвалі знішчаць.

«Прыносяць на ўрок батанікі малюнкі на шараватай паперы рознакаляровымі алоўкамі, прыгожа так зробленыя. Інфузорыі туфелькі, — успамінаў сваё дзяцінства гісторык Міхась Чарняўскі.— Мне ў перапынку старэйшыя мядзельскія хлопцы кажуць: «Маляваў Слаўка Лапіцкі. З нашай школы. Яго расстралялі за Беларусь». Мяне раптам гэта працяла. Значыць за Беларусь можна так быць, што могуць нават расстраляць!..»

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Пра што вы прачытаеце ў гэтым артыкуле

У пасляваеннай БССР расстрэльвалі і садзілі на 25 год школьнікаў

У пачатку 1950-х непрыманне савецкай улады ў Беларусі было паўсюдным. Чакалі вялікай вайны з амерыканцамі. Адну за адной выяўлялі падпольныя антысавецкія арганізацыі. Іх удзельнікамі былі старшакласнікі і студэнты. Напрыклад, група Расціслава Лапіцкага, якая дзейнічала ў Смаргоні, Вілейцы і Мядзеле.

Расціслаў Лапіцкі.

На судзе Лапіцкі, асуджаны да расстрэлу, адмовіўся прасіць памілавання: «Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!». Яго расстралялі і пахавалі ва ўрочышчы Красны Беражок пад Вілейкай.

Разам з ім судзілі васямнаццаць школьнікаў. Дванаццаць з іх атрымалі па 25 гадоў лагеру, астатнія — 10 і 8 гадоў.

Незадоўга перад тым раскрылі падпольную студэнцкую групу «Чайка» на Слонімшчыне і Баранавіччыне, паведамляе даведнік «Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956» ( Мінск, 1999). Судзілі 22 удзельнікаў — давалі 25 і 10 год за жаданне аддзяліць Беларусь ад СССР.

А што ж яны рабілі, тыя падпольшчыкі? Пісалі і раскідалі ўлёткі супраць савецкіх парадкаў. Для моладзі саветы былі такімі ж чужынцамі, як і немцы.

Хрушчову ў Мінску не спадабалася беларуская мова

Ну, але можна патлумачыць жорсткасць рэпрэсій сталінскімі часамі. Затое пасля, як пішуць падручнікі, да ўлады прыйшоў Хрушчоў і пачалося «постепенное смягчение политического режима» — спыненне рэпрэсій, рэабілітацыя рэпрэсаваных, лібералізацыя.

Насамрэч знік Гулаг, але за выказванне антысавецкіх думак па-ранейшаму саджалі. З новай сілай пачалася кампанія па русіфікацыі — гэта Хрушчову належыць фраза пра тое, што беларусы першымі ўвойдуць у камунізм, бо адракаюцца ад сваёй мовы. Падчас візіту ў Мінск Хрушчоў нават наехаў на кіраўніка БССР Мазурава за прывітанне па-беларуску.

Хрушчоў у Мінску наехаў на кіраўніка БССР Мазурава (яны на першым плане) за прывітанне па-беларуску.

У хрушчоўскія часы ўзнавілася барацьба з рэлігіяй — Сталін прыцішыў яе падчас вайны, бо яму былі трэба грошы і аўтарытэт праваслаўнай царквы. Памацнеў ціск на прыватныя гаспадаркі — з сялян пачалі браць падатак за кожную курыцу, кожнае пладовае дрэва і куст ягад, адбіралі агароды — выжывай як хочаш. Ішло змаганне з «непрыцоўнымі прыбыткамі» — забаранялася, напрыклад, шыць на замову ці рабіць мэблю.

Ну і поўная дзіч: па асабістым распараджэнні Хрушчова расстралялі групу маскоўскіх «фарцоўшчыкаў» — тых, хто падпольна гандляваў джынсамі і валютай.

Урэшце Хрушчоў дакіраваўся да нястачы хлеба і картак на прадукты. У расійскім Навачаркаску пратэставалі рабочыя, абураныя павышэннем цэн. Войска страляла ў натоўп — загінулі дзясяткі людзей, іх таемна хавалі ў чужых магілах, не аддаючы сваякам.

Мінчане спрабавалі ўзарваць «глушылку»

Нягледзячы на сакрэтнасць, пра гэтыя падзеі ведаў увесь СССР — ад заходніх радыёстанцый, якія слухалі скрозь трэск «глушылак». У Мінску ў 1963-м выкрылі падпольную групу Сяргея Ханжанкова: студэнты, знайшоўшы ў лесе снарады часоў вайны, вынялі з іх выбухоўку і спрабавалі ўзарваць антэну-глушылку на Залатой Горцы.

Антэна-глушылка побач з Залатагорскім касцёлам.

Ханжанкоў, сын і ўнук рэпрэсаваных, адсядзеў за гэта дзесяць год і жыў пасля ў Мінску, маючы статус чалавека-легенды.

Даведка пра вызваленне Сяргея Ханжанкова, які адсядзеў 10 гадоў за спробу ўзарваць мінскую антэну-глушылку.

Студэнтаў адлічылі з БДУ за патрабаванне вучыць па-беларуску

Тое, што для расійскай інтэлігенцыі было «адлігай», для беларускай было працягам вынішчэння. Хрушчоў абвясціў, што ў СССР да 1980 года будзе збудаваны камунізм і сфармуецца адзіны «савецкі народ».

«А адзіны савецкі народ і на мове павінен размаўляць адзінай. Не па-чукоцку ж… Гэтак казалі мне ў КГБ, — успамінаў Міхась Чарняўскі. — А я кажу: вы разумееце, у Інданэзіі каля сотні розных моў, а дзяржаўнай яны выбралі мову самага маленькага народа, каб не было нікому крыўдна. Чаму, я кажу, не выбраць чукоцкую мову для Савецкага Саюза? Вы — шызафрэнік, кажуць. Чукоцкай, па-мойму, я іх дабіў».

У 1968 годзе годзе паэта Алеся Разанава адлічылі з БДУ, бо збіраў подпісы за тое, каб выкладанне вялося па-беларуску. За яго заступіўся вядомы пісьменнік Максім Танк. Разанаву дазволілі давучыцца ў Брэсце, Танк нават напісаў ліст яго маці, запэўніўшы, што яна будзе ганарыцца сынам.

Алесь Разанаў стаў адным з найлепшых паэтаў свайго пакалення.

Сакратар урада БНР Ларыса Геніюш працавала ў Зэльве прыбіральшчыцай і прынцыпова не брала савецкага грамадзянства

Таксама Танк угаворваў паэтку Ларысу Геніюш, якая пасля Гулагу жыла ў Зэльве, прыняць савецкае грамадзянства. Геніюш арыштавалі ў Чэхаславакіі пасля вайны, яна была сакратаркай Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. У мінскай «амерыканцы» яе дапытваў міністр МГБ БССР Цанава.

Ларыса Геніюш з мужам і сынам у Празе. Калі НКВД арыштавала іх з мужам, сын-падлетак застаўся зусім адзін. Наступны раз яны сустрэліся, калі сын быў ужо дарослым.

«Спачатку ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў!.. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» - «Няма ў мяне яго,- адказваю,- і я ня ведаю, гдзе ён!» - «Бить ее, допрашивать день и ночь»,- верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» - «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць,- крычу,- усіх нас вам не перавешаць!»

Геніюш асудзілі на 25 год, пасля смерці Сталіна вызвалілі, але савецкае грамадзянства яна не прымала прынцыпова. Таму яе дагэтуль не рэабілітавалі. Працавала прыбіральшчыцай у бальніцы.

Уладзімір Караткевіч і Яўгенія Янішчыц у гасцях у Ларысы Геніюш.

Яна была сімвалам несавецкай Беларусі, маральным аўтарытэтам — адзінкі такіх захаваліся пасля страшных часоў. З ёй перапісваліся дзеячы культуры, да яе ездзілі ў госці студэнты і маладыя пісьменнікі.

Ці добра беларусам жылося пры Машэраве?

Хрушчова адправілі на пенсію. Брэжнеў падаваўся рацыянальным кіраўніком. Ён не меў ілюзій адносна «выхавання новага чалавека», пакінуў у спакоі прыватныя сялянскія хлявы і агароды. Але ў нацыянальнай палітыцы ўсё засталося па-ранейшаму.

Савецкі Cаюз фармальна быў саюзам незалежных дзяржаў — як Еўрасаюз. Але пра палітычную ці эканамічную незалежнасць БССР мовы не было.

На ўвесь свет транслявалася, што ў СССР свабодна развіваюцца нацыянальныя культуры. А на справе скіраваць нацыянальную энергію дазвалялася толькі на літаратуру і фальклор.

Савецкія датацыі на культуру былі свайго роду «адкупным» за пазбаўленне нацыянальных правоў. Дзякуючы ім, выходзілі вялікімі накладамі раманы Шамякіна, гастралявалі «Песняры» — праўда, ва ўмовах капіталізму і белетрыст Шамякін, і «Песняры» паспяхова зараблялі б і самі. Як вялікае дасягненне падавалася тое, што Беларусь змагла «выбіць у Масквы» сродкі і дазвол на выданне энцыклапедыі і серыі «Беларуская народная творчасць».

Тым часам новы кіраўнік БССР Машэраў па-беларуску выступаць не рызыкаваў, а ў КГБ існаваў цэлы аддзел для нагляду за «праявамі беларускага нацыяналізму», успамінаў даследчык Арсень Ліс.

Вакол беларускамоўных пачыналі круціцца стукачы і правакатары: «У інтэрнаце: прыходзіць адзін з суседняга пакоя і прапануе навучыць, як рабіць выбухоўку. Я кажу: ведаеш, пакуль не трэба. Калі прыйдзе час, я да цябе падыду. Потым адзін, скаціна, раптам загарэўся навучыць мяне друкаваць лістоўкі. Увесь час вось такое… Лісты ўсе пераглядаліся. Падслухоўвалася ўсё, і таму мы, калі збіраліся, то рабілі ўсякія дні нараджэння. Калі так проста сабраліся некалькі пакояў — гэта ўжо бралі на заметку. Шпіянаж быў, абсалютнейшая, татальнейшая сочка», — успамінаў Чарняўскі.

У Мінску 1970-х было прасцей ажаніцца з рускамоўнай дзяўчынай і беларусізаваць, чым знайсці беларускамоўную

«Як мы адзін аднаго пазнавалі? Слухалі, хто гаворыць па-беларуску. —успамінаў Міхась Чарняўскі. — Калі пачуў, што незнаёмы сам гаворыць на касе дзе-небудзь, то гэта ўжо як пароль, з ім знаёміліся тады. Або значок — Колас…»

Праблемай было знайсці пару. «Мы сабраліся аднойчы, хлапчукоў пяць, Арсень Ліс кажа: у мяне ёсць аднакласніца на беларускай філалогіі, у іх цэлы пакой філалагінь з беларускага аддзялення. Мы кажам — нарэшце хоць з дзеўкамі пабудзем роднымі па духу, мове. І мы заходзім.

Прыгожыя дзеўкі. Канспекты раскладзеныя. Падымаюцца: «А, ребята, как хорошо, что вы прішлі…» Для нас гэта было ўдарам. Як у боксе. Пасядзелі хвілін дваццаць, і пайшлі».

Міхась Чарняўскі ў 1960-я.

І Чарняўскі, і Ліс, і Караткевіч ажаніліся з рускамоўнымі, але блізкімі па духу. Прычым знаёміліся і жаніліся беларускія інтэлігенты-аспіранты з дочкамі палкоўнікаў і партработнікаў. І беларусізавалі іх.

Знаёміцца моладзь хадзіла на танцы на Цэнтральную (цяпер — Кастрычніцкая) плошчу. Яна тады была брукаваная, і там іграў духавы аркестр.

Дысідэнта Сідарэвіча падманам завезлі ў «псіхушку»

«Нас было нямнога. Асяродак быў рассыпаны. Вот нейкая групка, чалавек пяць. Недзе побач — другая. І адзін-два чалавекі з гэтай групкі былі ў той, першай. І так далей».

Беларускія дзеячы машэраўскай пары разумелі сваю малалікасць і не здзяйснялі самаспаленняў. Яны разлічвалі на гульню ўдоўгую: ледзе не сілай змушалі сяброў уступаць у камуністычную партыю і рабіць начальніцкую кар’еру — каб ствараць ва ўладзе лобі са «сваіх». (Тое самае ў савецкі час рабілі літоўцы.) Нават на ўварванне савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968-м вырашылі не рэагаваць. «У Маскве выйшлі, іх арыштавалі чалавек пяць, але мова руская не паменшылася ад гэтага. А нам нельга было падстаўляцца, — тлумачыў Чарняўскі.

За смелыя выказванні пра савецкую акупацыю Чэхаславакіі і крытыку КПСС у 1968-м трапіў у псіхіятрычнае аддзяленне Мінскай 2-й клінічнай бальніцы інтэлектуал Анатоль Сідарэвіч. Яго паклалі з запаленнем лёгкіх у Ганцавіцкую бальніцу, а пасля адвезлі ў Мінск, нібыта на дадатковыя абследаванні, і замкнулі ў «псіхушцы». Там Сідарэвіча «лячылі ад шызафрэніі» аміназінам.

Брэжнеў назваў «агентамі Захаду» тых, хто супраціўляўся русіфікацыі

У 1972 годзе на Палітбюро ў Маскве, з падачы старшыні КГБ СССР Юрыя Андропава, было вырашана разабрацца з «агентамі Захаду». Брэжнеў заклікаў «секчы іх у корані».

Пад «агентамі Захаду» меліся на ўвазе тыя, хто пратэставаў супраць русіфікацыі. Самыя масавыя арышты адбыліся ў Львове і Кіеве. Украінскі паэт і дысідэнт Васыль Стус, арыштаваны тады, памёр у пермскім лагеры ў верасні 1985 года — пры ўладзе ў СССР ужо быў Гарбачоў.

«Хтосьці прывёз з Украіны тоўсты рукапіс Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?», глыбокая навуковая праца аб русіфікацыі ў СССР. Яна пахадзіла па руках па ўсёй Беларусі. Усё было спакойна, пакуль яна не выйшла на Захадзе вялікім тыражом. Тады спахапіліся, сталі ўсе нітачкі хапаць, арыштавалі Дзюбу, ва Украіне паўсотні чалавек пасадзілі. Сотні чалавек цягалі на допыты, але па ўсёй Беларусі чалавек восем, можа дзесяць выгналі з працы», — успамінаў Чарняўскі.

Мінскага мастака забілі ў падваротні сыны палкоўніка КГБ

У той самы час Мінск шакавала незразумелая гісторыя з забойствам мастака Лявона Баразны. Гэта быў адзін з абаронцаў архітэктуры старога Мінска, які не баяўся пярэчыць Машэраву. Яго забілі ў дворыку насупраць кінатэатра «Перамога».

Баразна і Караткевіч па-сяброўску выпіваюць.

Баразна ішоў да сваёй майстэрні і заўважыў, як двое чапляюцца да жанчыны на прыпынку. Заступіўся, пачалася перапалка. Мастак паклікаў міліцыю, разам з міліцыянтам яны пабеглі ў двор за нападнікамі. Адзін з іх параніў ножам міліцыянта, другі ўдарам у сэрца забіў Баразну. Забілі б і міліцыянта, каб не пакідаць сведкаў, але таго выратавалі навыкі рукапашнага бою.

Забойцы, браты Золатавы, аказаліся сынамі палкоўніка КГБ, начальніка аховы Дома ўраду. Спачатку іх асудзілі да смяротнай кары, аднак на апеляцыі далі мінімальныя тэрміны, а пасля выпусцілі па амністыі. Машэраў, калі яму данеслі пра справу, выказаўся ў духу: «Ведалі мы гэтага Баразну».

Мастакі-нонканфармісты збіраліся ў «доме з гадзіннікам». Сігнал — ручнік на акне

Баразна быў удзельнікам мастакоўскай групоўкі «На Паддашку». Мастакі-нонканфармісты збіраліся ў майстэрні Яўгена Куліка ў «доме з гадзіннікам» на праспекце, проста насупраць КДБ. Калі ўсё было «спакойна», Кулік вывешваў на акно белы ручнік — знак сябрам, што можна прыходзіць. Калі ручніка не было, значыць, у майстэрні чужы чалавек.

Мастакі-нонканфармісты і іх сябры.

Мастакі афармлялі кнігі, рабілі выставы, фармавалі адметны беларускі стыль, малявалі дзеячаў і падзеі нацыянальнай гісторыі, намякаючы, што яна не абмяжоўваецца савецкім часам. У пачатку 1990-х удзельнікі суполкі надалі сучасны дызайн сімволіцы незалежнай Беларусі. На паддашак заходзілі і Караткевіч, і гісторык Ермаловіч, і аспірант-мастацтвазнаўца Зянон Пазняк.

Чаму спецслужбы не маглі запалохаць Караткевіча

Яшчэ адзін беларускі асяродак быў у Акадэміі навук. За яго «распрацоўку» і ўзялося ў 1973-м КГБ. Спецслужбісты запалохалі і «раскруцілі» літаратуразнаўца Міколу Прашковіча. Ён нават аддаў гэбістам недрукаваныя вершы Геніюш, якія паэтка яму перадала на захаванне. З яго словаў выйшлі на іншых — з працы звольнілі паспяховых навукоўцаў — геолага Віктара Лапуця, мастацтвазнаўцаў Сцяпана Міско, Алеся Каўруса, Зянона Пазняка, археолага Міхася Чарняўскага, супрацоўніка «Беларускай Энцыклапедыі» Валянціна Рабкевіча

Навукоўцы-патрыёты, за якімі ў 1970-я сачыла КГБ. Справа стаіць Мікола Прашковіч.

Усе, каго дапытвалі, згадвалі, што гэбістаў асабліва цікавіў Уладзімір Караткевіч. «Яны страшэнна хацелі прымазаць да нас Караткевіча. Хацелі стварыць, як калісьці, Саюз вызвалення Беларусі, а Караткевіча зрабіць нашым лідарам»,— успамінаў Чарняўскі (як Купалу ў 1930-я, калі той пасля допытаў разрэзаў сабе жывот). Чарняўскі на допыце ў КГБ прыкінуўся дурнем: «Я сказаў, што не лічу Караткевіча беларускім патрыётам: ён з жонкай размаўляе па-расейску. Мне сказалі — “вы фанатык”».

Сам Караткевіч, калі яго запыталіся пра дачыненні з Арсенем Лісом, адказаў: «А што ў нас можа быць супольнага: я п’ю, а ён не п’е?» Караткевіча не было чым палохаць: ён быў беспартыйны, выпіваў, а галоўнае — яго кніжкі размяталі з паліц кнігарняў.

Надпіс «Подвиг народа бессмертен» на плошчы Перамогі рабіў звольнены дысідэнт

Звольненыя навукоўцы на некалькі год трапілі ў стан інкамунікада: «Няма, цябе ўжо няма! Нідзе няма ніякай спасылкі! Адусюль выкрэсліваюць прозвішча. Ты не жывы, ты мёртвы…» Тады здавалася, што Савецкі Саюз — назаўсёды.

Каб выжыць, Міхась Чарняўскі ўладкаваўся ў вытворча-мастацкі камбінат, дзе рабілі наглядную агітацыю. Вялізны надпіс «Подвиг народа бессмертен», памятны многім мінчанам, на дахах дамоў плошчы Перамогі рабіў менавіта ён.

У падручніках не пішуць, колькі жыццяў было загублена ў часы «савецкай стабільнасці». Навуковец Мікола Прашковіч, зламаны спецслужбамі, працаваў грузчыкам, урэшце запіў і згарэў у бацькоўскай хаце ў Бярэзінскім раёне.

Масавых арыштаў, высылак, пасадак інтэлігенцыі ў Беларусі не было, у адрозненне ад Украіны. Відаць, замоўцы палічылі, што такога ўроку беларускім «нацыяналістам» досыць. А можа, яны аказаліся разумнейшымі за «органы» і дапамагла канспірацыя.

Пасляваенны перыяд быў для Беларусі адным з самых цяжкіх. Савецкая дзяржава не хавала сваёй мэты: знішчыць беларусаў, зрабіць іх «савецкімі людзьмі», гэта значыць рускімі. Але каланізатары не ўлічылі сілы народнай стыхіі, якая захоўвала беларускую мову, не ўлічылі смеласці і ахвярнасці пасляваенных школьнікаў, мудрасці іх паслядоўнікаў, дзеячаў 1960-70-х.

І калі ў сярэдзіне 1980-х Савецкі Саюз затрашчаў, у беларусаў была гатовая канцэпцыя незалежнасці.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
«Цябе ж усё адно арыштуюць – прадай свой ложак». Беларусы часам дзіка рэагуюць на рэпрэсіі – пачытайце гэты артыкул
У гэтага хлопца было 17 (!) братоў і сясцёр. Як гэта? Пачытайце гісторыю беларуса, пра якога вы дакладна ведаеце
Беларуская мова не заўжды была «як чуецца, так і пішацца». Ёй мінімум 800 гадоў
поделиться