Як беларусы зараблялі на канаплі – пачытайце і бярыце на ўзбраенне бізнес-ідэю!

Як беларусы зараблялі на канаплі – пачытайце і бярыце на ўзбраенне бізнес-ідэю!
Даводзіцца чуць, што беларускія землі заўжды былі часткай эфемернага «славянскага свету», а спробы «адарваць» іх прыпісваюцца нейкім варожым сілам. Тым часам выбар на карысць Захаду быў натуральным для нашых продкаў – Захад быў зацікаўлены ў таварах з ВКЛ і меў што прапанаваць. І для гандлю былі зручныя шляхі.

Даводзіцца чуць, што беларускія землі заўжды былі часткай эфемернага «славянскага свету», а спробы «адарваць» іх прыпісваюцца нейкім варожым сілам. Тым часам выбар на карысць Захаду быў натуральным для нашых продкаў – Захад быў зацікаўлены ў таварах з ВКЛ і меў што прапанаваць. І для гандлю былі зручныя шляхі.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Эканамічныя інтарэсы – гэта механізм, які круціць кола гісторыі. Калі браць пад увагу эканоміку, гісторыя перастане падавацца чароўнай казкай пра замкі і драконаў, а дзеянні нават далёкіх продкаў стануць больш зразумелымі. У часы Вялікага Княства Літоўскага рычагом, які накіроўваў дзяржаўную палітыку, быў гандаль з Захадам.

Нават за перамогамі пад Грунвальдам і Кірхгольмам стаялі грашовыя інтарэсы цэлых краін і гандлёвых саюзаў.

Рыга – тут беларускія тавары перагружалі на нямецкія караблі.

Рыга – тут беларускія тавары перагружалі на нямецкія караблі.

Перафразаваўшы гісторыка М. Доўнар-Запольскага, можна сказаць, што ад попыту на нямецкіх, галандскіх і англійскіх рынках залежала, што будзе расці на палях беларускіх сялян і што яны будуць збіраць у лесе.

Каб гандляваць з Захадам, неабавязкова было завозіць тавар аж у Германію ці Нідэрланды: былі гарады, у якіх некалькі разоў на год праводзіліся буйныя кірмашы – там і сустракаліся купцы з розных краін.

Сярэднявечная Еўропа малілася пры свечках з беларускага воску

У 13-14-м стагоддзі, на пачатку існавання ВКЛ, такім размеркавальным пунктам на вялікім гандлёвым шляху быў Уладзімір Валынскі. Сюды праз генуэзскія калоніі ў Крыме з Блізкага Усходу прывозілі прыправы (у асноўным перац і імберац), шаўковыя тканіны, персідскія шалі. З Прусіі і Фландрыі прывозілі сукно, палатняныя вырабы, селядцоў. З беларускіх земляў самымі хадавымі беларускімі таварамі былі воск і футры – тое, што давала пушча.

Руіны генуэзскай крэпасці ў Кафе.

Руіны генуэзскай крэпасці ў Кафе. Гандлёвы шлях заглух пасля таго, як узбярэжжа Чорнага мора захапілі туркі.

Цікава, што гандлёвы шлях з Прычарнамор’я на Уладзімір Валынскі стабілізаваўся з прыходам мангола-татараў. Залатая Арда навяла парадак у стэпах, разагнаўшы качэўнікаў, якія рабавалі караваны, заахвоціла венецыянцаў і генуэзцаў каланізаваць узбярэжжа Чорнага мора. Расцвітае Крым, Кафа (Феадосія) робіцца месцам скрыжавання гандлёвых шляхоў з Захаду і Усходу. Купецкія караваны падымаліся па Дняпры і Прыпяці, у Пінску і Давыд-Гарадку былі склады тавараў.

Апроч сухапутнага, быў старажытны марскі шлях, па якім беларусы з часоў Полацкага княства гандлявалі з нямецкімі землямі, – рака Дзвіна. Але з пачатку 13-га стагоддзя яе вусце занялі крыжакі-мечаносцы, а нямецкія каланісты заснавалі горад Рыгу. Каб пазбягаць канфліктаў, справу паставілі так: купцы з беларускіх земляў давозілі тавары на рачных суднах – стругах і лайбах – да Рыгі, там іх перакуплялі немцы і перагружалі на марскія караблі. Падзвінскія гарады Полацк і Віцебск супрацоўнічалі з Ганзай – гандлёвым саюзам, які ў Сярэднявеччы кантраляваў гандаль на Балтыцы.

Вялікія князі літоўскія часам удала ігралі на супярэчнасцях паміж рыжскімі манахамі-крыжакамі і бюргерамі-гандлярамі. У часы Віценя (1295–1316) рыжане нават запрасілі ў горад для абароны ад крыжакоў атрад літвінаў.

Чаму ў Еўропе рана адмянілі прыгон

З часам запыты заходніх купцоў змяняліся, бо змяняўся сам Захад. Нашмат больш за воск на свечкі спатрэбіўся хлеб.

У 14-м стагоддзі праявіўся нечаканы аспект шырокіх гандлёвых сувязяў: генуэзскі гандлёвы карабель прывёз у Еўропу з Крыма пацукоў з бацылай чумы. Чорная смерць знішчыла тады ў заходніх краінах 25 мільёнаў чалавек. Бязлюддзе змусіла баронаў па-іншаму будаваць адносіны з сялянамі. Да 1500 года шмат дзе знікла прыгоннае права: выгадней было наняць работніка на пару месяцаў, чым круглы год адказваць за сваіх прыгонных.

Пітэр Брэйгель Старэйшы, «Трыумф смерці» (1562).

Пітэр Брэйгель Старэйшы, «Трыумф смерці», 1562.

Эпідэмія не спыніла росту гарадоў – 13-е стагоддзе было першым, у якое колькасць гараджан на Захадзе перавысіла мільён чалавек. Многія рабіліся гараджанамі паняволі: феадалы ў Англіі, Іспаніі, Італіі зганялі людзей з зямлі, а палі аддавалі пад пашу для авечак – сукно было хадавым таварам.

З ростам гарадоў расла прамысловая вытворчасць, тавары гарадскіх рамеснікаў трэба было дзесьці прадаваць, развіваўся гандаль. Купцы, шукаючы новыя рынкі збыту, вандравалі ўсё далей – свет стаяў на парозе Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Заходнееўрапейскі прагрэс быў узгадаваны на беларускім хлебе. Моцныя марскія караблі былі зроблены з дубоў, што раслі ў беларускіх лясах, а ветразі сатканы з беларускага лёну.

…і чаму ў ВКЛ у той самы час запрыгоньвалі сялян

У 16-м стагоддзі шляхта ВКЛ зразумела, як гэта выгадна – займацца гаспадаркай. Раней баярын-ліцвін быў увесь час на вайне, у паходах, а сяло, якое ён «выслужыў», проста забяспечвала яго патрэбы. Калі Вялікае Княства ўвабралася ў сілу, войнаў паменела, можна было спакойна жыць у маёнтку і яшчэ мець дадатковы талер з продажу таго, што вырасла на зямлі. Але пажаданым быў яшчэ адзін складнік: бясплатная працоўная сіла.

Праца прыгонных адлюстравана нават на гравюрах у Бібліі Скарыны (кніга «Руф»).

Праца прыгонных адлюстравана нават на гравюрах у Бібліі Скарыны (кніга «Руф»).

Таму ў ВКЛ кожны новы звод законаў усё больш абмяжоўваў і запрыгоньваў сялян: спачатку ў іх адабралі зямлю, зрабіўшы яе шляхецкай і дзяржаўнай уласнасцю, пасля да той зямлі прымацавалі, забараніўшы перасяляцца, а ўрэшце зрабілі ўласнасцю гаспадароў зямлі, накшталт жывога гаспадарчага інвентара. Дзеля імгненнай выгады дзяржава абмяжоўвала сялянскі гандаль, не даючы развіваць свае гаспадаркі, і тым самым падкладала міну запаволенага дзеяння пад эканоміку краіны. Але ў 16-м стагоддзі гэта небяспека яшчэ не адчувалася.

Магнаты прадавалі на Захад попел тонамі

Магнаты былі ў ВКЛ сапраўднай уладай. Так здарылася пасля уніі з Польшчай, калі вялікі князь займаў яшчэ і пасаду польскага караля. Ён у лепшым выпадку на паўгода прыязджаў у Вільню, каб вырашыць неадкладныя дзяржаўныя справы. Кожны новы вялікі князь мусіў пацвярджаць магнатам і шляхце ранейшыя вольнасці і абяцаць новыя, каб быць абраным на пасаду.

Магнаты скуплялі вялізныя абшары, бралі ў арэнду дзяржаўныя маёнткі і цэлыя староствы або пушчы. Радзівілы, Сапегі, Валовічы, Агінскія, Кішкі, Завішы звязваліся з рыжскімі купцамі праз сваіх прадстаўнікоў-фактараў, збіралі замовы і фарміравалі караваны, часам з 30 караблёў. Збожжа і лясныя тавары дзясяткамі тон сплаўляліся па Дзвіне да Рыгі – караблёў было столькі, што рачны порт давялося пашыраць.

Сярэднявечная шахматная фігура, знойдзеная ў Гродне.

Сярэднявечная шахматная фігура ў выглядзе ладдзі, знойдзеная ў Гродне.

З лясных тавараў самым папулярным быў… звычайны драўляны попел. Ён выкарыстоўваўся для вытворчасці паташа – хімічнага рэагента, з дапамогай якога рабілі мыла, шкло, а асабліва порах. Ганза купляла яго тонамі. А, напрыклад, магнат Леў Сапега мог паставіць са сваіх гаспадарак партыю ў 600 тон попелу за раз.

Хто прымушаў беларускіх сялян садзіць каноплі

Таксама заходнія карабельшчыкі вельмі цанілі «рускую пяньку» – гэта значыць беларускую, бо казалі, што яна лепшай якасці за «маскоўскую» ці «смаленскую». Пянька – гэта грубае валакно з канапляных сцяблін, з якога вілі карабельныя канаты. Канаплянае семя на алей прадавалі сотнямі бочак.

Рыжане, піша даследчык Віктар Якубаў, наўпрост кантактавалі з уласнікамі лясоў і трымальнікамі дзяржаўных пушчаў. Яны давалі крэдыты і рабілі замовы на пэўныя тавары, падганяючы структуру вытворчасці беларускага Падзвіння і часткі Падняпроўя пад свае гандлёвыя патрэбы. Гаспадаркі вырошчвалі лён, каноплі, у лясных «будах» (ад гэтага слова пайшлі назвы Будслаў, Буда-Кашалёва і г.д.) выраблялі попел і дзёгаць.

Каноплі ў Беларусі вырошчвалі і ў ХХ ст. На фота – калгасніцы з пянькой.

Каноплі ў Беларусі вырошчвалі і ў ХХ ст. На фота – калгасніцы з пянькой.

Прыцягненне Рыгі было такім моцным, што нават у інвентарах далёкіх ад мора старостваў сярод сялянскіх павіннасцяў запісаны абавязак: зрабіць за год адзін рэйс у Рыгу – з гаспадарскім таварам.

Увозілі праз рыжскі порт соль, віно, тканіны, селядцы, прамысловыя вырабы, жалеза. Траплялі ў ВКЛ і паўнаважкія галандскія талеры, якіх нямала дагэтуль знаходзяць у Беларусі. Прычым гандаль праз Рыгу ішоў з вялізным дадатным сальда. Гісторык Васіль Дарашэнка адзначае, што ў канцы XVI – пачатку XVII ст. з земляў ВКЛ праз порт вывозілі на Захад тавараў на суму ў тры разы большую, чым увозілі.

Караблі з беларускіх дубоў адкрывалі новыя землі

Асобнай катэгорыяй экспарту была карабельная драўніна. У Беларусі нямала мясцін, якія маюць у сваёй назве корань «дуб» або «дуброва». Але рэдка дзе там сустрэнеш сапраўдныя дубровы – іх у краіне каля 3,5% ад агульнай колькасці лясоў. (А часам урочышча Дуброва ў пазнейшых крыніцах згадваецца як Дубовы Пень.) Трэба трыста гадоў, каб на месцы высечанай дубровы вырасла новая.

Тыя беларускія дубровы прадалі на Захад у эпоху развіцця мараплаўства. Асабліва цаніліся крывыя дубы – яны ішлі на шпангоўты для пузатых ганзейскіх когаў. Закупшчыкі мелі спецыяльныя прылады для вымярэння, якія дазвалялі падбіраць у дубровах дрэвы з патрэбным выгінам.

Бітва пад Грунвальдам была за доступ да балтыйскіх партоў

А ў 1544 годзе дацкі кароль Хрысціян ІІІ дазволіў ганзейскім караблям бязмытна плаваць праз праліў Зунд, які дзеліць Балтыку і Паўночнае мора. Экспарт тавараў з ВКЛ вырас у разы. На першым месцы па аб’ёмах быў Гданьск у вусці Віслы – ён, у адрозненне ад Рыгі і іншых партоў Усходняй Балтыкі, не замярзаў.

Збожжасховішча на востраве Складоў у Гданьску.

Збожжасховішча на востраве Складоў у Гданьску. У 16-м стагоддзі такіх сховішчаў было 300.

Давезці да яго тавары з беларускіх земляў можна было праз Берасце. Яно, як пісаў М. Доўнар-Запольскі ў сваёй «Гісторыі Беларусі», «было тымі варотамі, цераз якія Беларусь звязвалася з Польшчай і паўднёвай Германіяй». Берасце прыносіла ў бюджэт ВКЛ столькі ж грошай, колькі і сталічная Вільня, і ставіла столькі ж коннікаў на вайну.

Дарэчы, доступ да гданьскага порта, які кантралявалі ў свой час крыжакі, быў адной з галоўных прычын вялікай вайны ВКЛ і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам. Разбітыя ў 1410 годзе пад Грунвальдам, крыжакі адразу змянілі гандлёвую палітыку, адзначаецца ў кнізе «Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі» (Прага, 2023). Ліцвінскім і польскім купцам дазволілі вольны праезд па тэрыторыі Ордэна і вольны гандаль.

ВКЛ багацела на перапродажы футраў з Масковіі

Купцы і ўлада ВКЛ рабілі грошы і на перапродажы. Быў час, калі і ў Заходняй Еўропе, і на Блізкім Усходзе шалёным попытам карысталіся дарагія сабаліныя футры з Масковіі.

Кароль Англіі Генрых VIII.

Кароль Англіі Генрых VIII ва ўборы, аздобленым футрам.

Сваіх сабалёў ды куніц у ВКЛ вынішчылі даволі рана, баброў ахоўвалі на дзяржаўным узроўні – умовам іх развядзення прысвечаны некалькі артыкулаў Статута ВКЛ. А неабдымныя маскоўскія лясы здаваліся бясконцай крыніцай пушніны.

Маскавіты ў 15-м стагоддзі не мелі выхаду да Балтыкі, футры везлі праз Вільню, і ВКЛ мела на гэтым свой працэнт. Вялікія князі літоўскія імкнуліся не дапускаць прамых кантактаў маскоўскіх прадаўцоў з іншымі замежнымі пакупнікамі, каб не страціць пасярэдніцтва.

Гандаль з самой Масквой цікавы не быў – абедзве краіны, як піша Доўнар-Запольскі, «валодалі адным і тым самым наборам грувасткіх тавараў». Плюс пастаянныя войны стваралі для купцоў небяспеку быць «законна» абрабаванымі на чужой тэрыторыі.

З перапродажам маскоўскіх тавараў былі звязаны і імклівы ўзлёт, і падзенне Полацка ў 16-м стагоддзі. Захапіўшы Ноўгарад у 1495 годзе, маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ выгнаў адтуль ганзейскае прадстаўніцтва. З таго часу большая частка маскоўскага гандлю з Захадам ішла на Балтыку па Дзвіне. Рэакцыя вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста была імгненнай: ён даў Полацку Магдэбургскае права і прывілей на тры кірмашы ў год. А рыжскім купцам было забаронена закупляцца ў іншых месцах.

Аблога Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1563 г.

Аблога Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1563 г.

Полацк стаў пунктам перапродажу ўсяго маскоўскага экспарту, і з гэтым было звязана яго імклівае ўзбагачэнне. З гэтай самай прычыны на Полацк быў скіраваны ўдар войска маскоўскага цара Івана IV Жахлівага ў Лівонскую вайну – маскоўскі цар хацеў авалодаць ключавым горадам гандлёвага маршруту.

Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст наймаў на службу піратаў

Таксама на кароткі час Іван Жахлівы займеў порт Нарву. У адказ ВКЛ зрабілася пірацкай дзяржавай. Калі англійскія і ганзейскія караблі пайшлі ў маскоўскі порт (бо Масква дэмпінгавала цэны на збожжа і прадавала футры без пасярэднікаў), вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст пачаў выдаваць прывілеі на каперства. Шведскія пірацкія капітаны так даліся ў знакі англічанам, што каралева Лізавета І і праз шмат гадоў папракала караля Рэчы Паспалітай, што пірацтву навучылася ў яго падданых.

Цэнтрам каперства – Тартугай Балтыйскага мора – была Рыга. Яшчэ раз у такой ролі яна выступіла ў часе вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй у 1600–1629 гадах.

Як ВКЛ магло стаць марской дзяржавай і займець заморскія калоніі

Тую вайну, нягледзячы на слаўныя перамогі ў бітвах, ВКЛ урэшце прайграла. Стаўкай у ёй было ператварэнне ў марскую дзяржаву.

Продкі не маглі не задумвацца: чаму б замест продажу рэсурсаў суседзям не пачаць карыстацца імі? Чаму б не будаваць уласныя караблі? Не гандляваць без пасярэднікаў, не адкрываць новыя землі?

У канцы 16-га стагоддзя пад абарону ВКЛ папрасіліся Інфлянты, або Лівонскае герцагства, на якое напаў Іван Жахлівы. Галоўным горадам Інфлянтаў была Рыга. Быў яшчэ порт у Шальцы (Салацгрыва), пры пэўных высілках можна было атрымаць Рэвель (Талін).

Інфлянты на адной з першых карт ВКЛ.

Інфлянты на адной з першых карт ВКЛ.

Магнаты ВКЛ уваходзілі ў найвышэйшыя арыстакратычныя колы Еўропы – Крыштоф Радзівіл вучыўся ў Лейпцыгу і Гейдэльбергу, ваяваў з іспанцамі ў Нідэрландах, яго сын Януш жыў пры двары французскага караля. Ян Караль Хадкевіч у складзе іспанскага войска біўся з туркамі на Мальце. Яны разумелі, чым жыве заходні свет, бачылі перспектывы, якія адкрываюцца перад дзяржавамі з моцным флотам і выхадам да мора. Маючы такую апору, як Рыга, можна было думаць і пра заморскія калоніі.

Вялікі князь Жыгімонт Ваза.

Вялікі князь Жыгімонт Ваза. Пры ім ВКЛ мела шанц зрабіцца марской дзяржавай. Карціна Пітэра Паўля Рубенса.

А флот, як прадэманстраваў вялікі князь літоўскі і польскі кароль Жыгімонт Ваза, можна стварыць і за адзін дзень. Гісторык Генрык Віснер у кнізе Wojsko Litewskie w XVII wieku апісвае выпадак: калі каралю спатрэбілася ў 1598 г. перакінуць войска ў Швецыю, ён загадаў рэквізаваць у гданьскай гавані 62 караблі, якія там стаялі, – галандскія, англійскія і іншыя. Яшчэ трохі суднаў і гармат знайшлося ў іншых портах – у выніку сабраўся флот з 85 караблёў. (Наймагутнейшая тады на моры Іспанія магла сабраць максімум 130.)

Чаму ВКЛ было беднай дзяржавай з багатымі магнатамі

Ператварэнне ў марскую дзяржаву паставіла б ВКЛ перад патрэбай тых самых грамадскіх рэформаў, якія адбыліся ў свой час на Захадзе: большыя правы для мяшчан, вызваленне сялян, рост прамысловасці і гарадоў. Краіна стала б зусім іншай. Але марскімі партамі на Балтыцы ўрэшце завалодалі шведы, бо эканоміка ВКЛ не мела запасу трываласці для некалькіх дзесяцігоддзяў ваенных выдаткаў.

Прычынай сціплай беднасці дзяржаўнага бюджэту было тое, што магнаты і шляхта фактычна не плацілі падаткаў. Падаткі, вядома, былі, і многа (існаваў нават падатак з шатландцаў – яго бралі з купцоў шатландскага паходжання; залішне казаць і пра падатак з яўрэяў – па злотым з кожнага мужчыны). Але на тое, каб іх збіраць, трэба было рашэнне сойма Рэчы Паспалітай. А каб было рашэнне сойма, патрабавалася важкая прычына – звычайна вайна і неабходнасць наймаць войска.

Шляхта ваявала бясплатна, толькі калі паўставала патрэба бараніць Айчыну. У замежных выправах – на Маскву, у падпарадкаваную асманам Малдавію, на шведскія тэрыторыі – гусары ВКЛ і выбранецкая пяхота ішлі як наёмнікі. А за выйграную бітву кожнаму ўдзельніку налічвалася прэмія ў памеры 25% гадавой аплаты. Калі выплаты шляхецкаму войску затрымліваліся, яно абвяшчала канфедэрацыю (гэта значыць адмаўлялася падпарадкоўвацца гетману і ваяваць да выканання сваіх патрабаванняў) і з’язджала з вайны чакаць выплаты ў якое-небудзь ціхае староства, якое адразу пераставала быць ціхім.

Найболей ад «канфедэратаў» цярпелі беларускія землі – яны стаялі ў Менску, Горадні, Берасці. Асобнай праблемай былі запарожскія казакі, якіх нанялі ваяваць са шведамі ў Інфлянтах і таксама пакінулі без аплаты. Яны рабавалі Полацк, Віцебск і Магілёў. А Оршу пасля перажытых казацкіх і канфедэрацкіх рэквізіцый вызвалілі ад падаткаў на дзевяць гадоў.

Вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч.

Вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч укладваў у вайну ўласныя грошы. Карціна Леона Каплінскага.

Паколькі ў бюжэт грошы траплялі павольна і памалу, складвацца на тэрміновыя выплаты войску даводзілася магнатам. Вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч мала таго што планаваў баявыя аперацыі і ўдвая-ўтрая меншымі сіламі разбіваў шведаў (асабліва паказальная была бітва пад Кірхгольмам у 1605 г.), мусіў улазіць у пазыкі, каб заплаціць войску, угаворваць галодных жаўнераў не бунтаваць, стрымліваць іх ад рабаўніцтва. Урэшце запазычанасць дзяржавы перад Хадкевічам стала такой, што гетман плюнуў і сам сышоў у канфедэрацыю следам за сваім войскам, якому не было чым плаціць.

У тыя крытычныя гады шляхта ВКЛ прапаноўвала на соймах увесці падаткі, якія б збіраліся пастаянна, без валакіты і ўзгадненняў, каб дзяржава мела грошы на абарону. Але далей абмеркаванняў справа не пайшла.

Навошта рупіцца, калі закладзеныя дзяржаве грошы магнат мог лёгка вярнуць? Напрыклад, піша даследчыца Анна Філіпчак-Коцур у кнізе Skarb Litewski za pierwszych dwu Wazów 1587–1648, была практыка здаваць магнатам у арэнду дзяржаўныя гаспадаркі і збор мыта з правозу тавараў праз ВКЛ. Леў Сапега, які быў арандатарам мытаў, аддаваў у бюджэт 23 тысячы злотых у год, а чыстага прыбытку меў 70 тысяч. Чаму б не жыць? Яшчэ мыты можна было здаваць у субарэнду падрадчыкам.

Магчыма, праз шалёнае багацце магнатаў і іх усведамленне, што заўсёды ёсць падушка бяспекі, ВКЛ і змарнавала свой шанц выйсці да мора, адкрыць для сябе свет і перайсці на новы ўзровень развіцця – шанц, які выпадае дзяржаве раз у гісторыі.

 

#Беларусь
поделиться