“Белорусский язык не впишется в концепцию заведения”, – такі адказ на мінулым тыдні атрымаў Дзмітры Курзэн, ініцыятар “беларусізацыі” мінскіх кавярняў, ад арт-дырэктара бара “Чердак”, дзе ўжо на гэтым тыдні беларуская мова з’явілася на афішах. Мы паразмаўлялі з Дзмітрыем пра паспяховыя і не вельмі прыклады вяртання мовы ў мінскія кавярні.
– Дзмітры, скажыце, калі ласка, як пачалася ваша справа “беларусізацыі” кавярняў Мінска? Чаму вы гэтым займаецеся? – Мне заўсёды не падабалася, што ва ўстановах грамадскага харчавання сталіцы, не кажучы ўжо пра рэгіянальныя, амаль няма роднай мовы, за рэдкім выключэннем. Белмоўнае меню я бачыў толькі ў адзінкавых установах, кшталту кавярні “Верхні горад” ды рэстарана “Камяніца”. Праўда, у “Камяніцы” чамусьці беларуская мова ў меню сканчаецца на стравах, напоі напісаныя па-руску. Кажуць, што мова ёсць у кавярні “Містраль”, але, на жаль, пакуль не дайшоў туды. |
На працягу лістапада з жонкай двойчы былі ў рэстаране народнай кухні “Васількі”, і гэта стала апошняй кропляй: ніводнага беларускага слова, роспіс пад хахламу, балалайкі і рускія шлягеры ад Кадышавай ды Пелагеі далі імпульс для маёй кампаніі па беларусізацыі беларускіх устаноў грамадскага харчавання. Трохі паездзіўшы па Еўропе, ведаю, што тое ж меню можна рабіць на некалькіх мовах – нічога тут складанага няма, было б жаданне. Але ж меню – гэта не самае асноўнае, тыя ж шыльды з раскладам працы, надпісы на памяшканнях, бэйджыкі для персаналу і інш. паўсюль толькі па-руску, як у якой Самары. |
– А як рэагуюць уладальнікі кавярняў? – Скажам так, афіцыйных лістоў, на якія трэба абавязкова адказваць згодна з законам, я не дасылаў. У большасці выпадкаў звяртаўся праз сацыяльныя сеткі, трохі электронных лістоў даслаў – недзе 20-30 зваротаў, дакладна не лічыў. Адказалі мне, на жаль, толькі ў палове выпадкаў. Прычым такія салідныя, здававался б, установы, як рэстаран “Васількі”, піцэрыя “Пицца Темпо”, кавярні Loft, бар “Хулиган”, “Квартира №3” ды іншыя праігнаравалі лісты і звароты. У піўным рэстаране BierKeller аказалася, што ёсць белмоўнае меню. За што ім рэспект! – Ці былі ўжо паспяховыя прыклады супрацы? – Шэраг установаў (кавярня “Гараж”, сетка CoffeeBOX, кавярня Coffee On, кавярня Buvette і іншыя) зараз у падвешаным стане, то бок яны думаюць, раяцца з кіраўніцтвам, з уласнікамі, праводзяць, паводле іх словаў, сходы з абмеркаваннем – ці варта дадаваць родную мову. Пачакаю пакуль, потым звярнуся да іх праз месяцок-паўтара. Кавярня LAVKA на вул. Кастрычніцкай паставілася станоўча, я пераклаў ім меню. І яно ўжо з’явілася! Супрацоўнічаем з Clever Irish Pub, неўзабаве таксама мусіць з’явіцца прынамсі меню па-беларуску. Тое ж тычыцца “Старамесцкага півавара” – хутка паеду да іх на сустрэчу. Café Netto абяцала пасля Новага году рэалізаваць шэраг беларускамоўных праектаў. TNT ROCK CLUB таксама выказаў згоду, аднак на маю прапанову дапамагчы нешта маўчыць... |
Уладзіслаў, кіраўнік кавярні LAVKA, распавядае, што калі да яго звярнуліся з прапановай перакласці меню на беларускую, адразу пагадзіўся: – Я зыходзіў з таго, што большасць нашых людзей калі і не размаўляе на беларускай, то разумее, што напісана. Мы не імкнемся цалкам перайсці на беларускую мову – я не буду змушаць персанал размаўляць па-беларуску, бо нават у “Ў” бары не заўсёды пачуеш ад афіцыянтаў мову. | ||||
Калі мы атрымалі пераклад нашага меню, звярнуліся па дапамогу з вёрсткай меню: яе мой сябар зрабіў бясплатна – усім падабаецца ідэя. Мы надрукавалі беларускае меню, усе разумеюць, ніхто не скардзіцца, наадварот, некалькі чалавек падыходзілі і казалі: “Клас, дзякую, вы малайцы!” Тут гнуткая і мабільная публіка, ім цікава. Цяпер LAVKA, дзе ёсць меню толькі на беларускай мове, абяцае ў хуткім часе перакласці яшчэ і англамоўны лагатып – так з'явіцца "ЛАЎКА". | ||||
– Але ж, вядома, не ўсё так паспяхова? – Ёсць пэўныя ўстановы, дзе родную мову “не каціруюць” – але яны, на шчасце, адзінкавыя. Кавярня “Ложки” здзівіла мяне сваім адказам. Яны адмаўляюць даданне беларускай мовы тым, што ў наш час цяжка набраць беларускамоўны персанал. Golden Coffee не можа карыстацца беларускай мовай, бо “ліцэнзійнае пагадненне з уладальнікам гандлёвай маркі не дазваляе гэта”. Адказ бара “Чердак” мяне агаломшыў сваёй простасцю: іх арт-дырэктар Віталь шчыра мне адказаў, што “белорусский язык не впишется в концепцию заведения”, і яму не падабаецца, як гучаць словы ў беларускай мове. Што ж, дзякуй за шчырасць! |
CityDog.by звярнуўся па каментар у бар “Чердак”, дзе за апошні тыдзень беларуская мова з’явілася на афішах. Аляксей, кіраўнік праекту, кажа: “З боку нашага арт-дырэктара адбылося невялікае непаразуменне, за што ён, я спадзяюся, просіць прабачэння. Мы вельмі добра ставімся да беларускай мовы і перажываем за тое, што яна цяпер не з'яўляецца масавай". За час падрыхтоўкі матэрыялу, па слядах гарачых дыскусій у фэйсбуку і блогах бар “Чердак” паабяцаў надрукаваць сваё меню і па-беларуску, а таксама ўвеў беларускую мову на афішы. | ||||
– Дзмітры, а ці заўважалі вы рэакцыю наведвальнікаў на беларускамоўнае меню? – Рэакцыю на меню на роднай мове, канешне, заўсёды бачу толькі станоўчую альбо цікаўную, маўляў: “Ого! І меню па-беларуску зрабілі!” Ніколі ніякага негатыву не сустракаў. Мажліва, гэта папросту асяроддзе ў мяне такое (смяецца). |