Люди, истории
CityDog.io
2

Тоже хотите перейти на беларускую мову? Беларускамоўныя минчане делятся работающими лайфхаками

Тоже хотите перейти на беларускую мову? Беларускамоўныя минчане делятся работающими лайфхаками
В свете событий в Украине многие белорусы стали задумываться о собственной идентичности. И беларуская мова для многих может стать самым простым способом самоидентифицирования. Тут самое важное – перестать стесняться: лучше пытаться говорить даже на трасянке, чем не говорить на матчынай мове вовсе.

В свете событий в Украине многие белорусы стали задумываться о собственной идентичности. И беларуская мова для многих может стать самым простым способом самоидентифицирования. Тут самое важное – перестать стесняться: лучше пытаться говорить даже на трасянке, чем не говорить на матчынай мове вовсе.

ВАЖНА: далей тэкст будзе па-беларуску, бо трэба ж з чаго-небудзь пачынаць! ;) Мы ўпэўнены: у вас усё атрымаецца!

Міхась: «Большая частка беларусаў адчувае павагу да сваёй мовы»

Міхась перайшоў на беларускую мову ў штодзённым жыцці ў 2015 годзе. Да гэтага ён некалькі разоў спрабаваў пачаць размаўляць па-беларуску ў школе.

– У мяне ў галаве спакваля складалася ўяўленне, які павінен быць беларус, яго ідэальны вобраз, – тлумачыць Міхась. – Калі гэты вобраз пачаў з’яўляцца, я й пастанавіў пачаць гаварыць па-беларуску. Пагатоў я гісторык. Да таго ж з’явілася добрае атачэнне, якое дазволіла распачаць гэта не аднаму, а цэлай грамадой аднадумцаў.

Не, гэта не Міхась. Фота ілюстрацыйнае.

Некаторыя знаёмыя не зразумелі, а вось сямʼя, сваякі ды сябры паставіліся вельмі добра. Некаторыя сябры таксама пакрысе пачынаюць пераходзіць на беларускую мову.

Незнаёмыя людзі ставяцца па-рознаму. У 2015-м часта маглі кінуць у мой бок, што я паляк ці ўкраінец, маглі пачаць злавацца ледзьве не да калатні. Цяпер такіх усё меней, затое ўсё больш людзей падыходзяць і дзякуюць за родную мову. Мяркую, большая частка нашай краіны адчувае нейкую павагу да роднай мовы; магчыма, нават невытлумачальную для саміх сябе.

З чаго пачаў вывучаць. І якія памылкі рабіў. Вывучаць беларускую Міхась пачаў з лексікі. Ён заўважае, што навічкі пры пераходзе на беларускую незнарок выкарыстоўваюць кальку з суседніх моў.

– Напрыклад, «Як справы?». Ян Скрыган пісаў, што гэта калька з рускай мовы, бо ў народзе кажуць: «Як маешся?», «Як маецеся?» Тое ж ён казаў пра выраз «Што табе за справа?» – замест гэтага ўжываецца «Што табе да таго?» або часам і «Не тваё дзела».

«Распавесці» – гэта слова з украінскай мовы. У беларускай мове ёсць слова «расказаць».

Лепей не «ў мінулым годзе», а «летась». У клічнай форме лепей не «гэй, брат!», «ты, мой родны край!», а «гэй, браце!», «ты, мой родны краю!».

Якія рэсурсы і прылады для вывучэння беларускай мовы выкарыстоўваў. У першую чаргу Міхась адзначае слоўнікі: Slounik.org, праграма на тэлефоне «Слоўнік».

– Абавязкова карыстайцеся Verbum. Там, апрача ўсяго, ёсць гістарычны і этымалагічны слоўнікі. Цікавінка яшчэ тая! Гэта электронная версія слоўніка Івана Насовіча (1870-я гады). Для пашырэння свайго слоўніка вельмі карысная рэч.

З карысных рэсурсаў раю «Беларускі N-корпус». Гэты сайт дазваляе шукаць тое-сёе па ўсіх электронных тэкстах на беларускай мове, якія цяпер ёсць. Дазваляе знікнуць вялікай колькасці памылак, якія з’яўляюцца праз брак нашых ведаў у беларускай мове.

А вось суполка, дзе вельмі добра адказваюць на вашы пытанні пра беларускую мову і яе цяжкасці.

Таксама я ствараў калоды картак з беларускімі словамі для праграмы на тэлефон. Надоечы выклаў іх для ўсіх ахвотных сюды. Часам планую дадаваць туды новы матэрыял.

Апрача ўсяго гэтага, трэба чытаць. У тым ліку і мовазнаўчую літаратуру: Крывіцкі, Лёсікі, Бушлякоў, Станкевічы (Станіслаў ды Ян).

Улад: «Таксіст заявіў, што “эта ваша” і не мова зусім, а дыялект»

Па-беларуску Улад размаўляе ўжо месяц. Па-руску ён працягвае размаўляць па працы і часам у жыцці, калі не хапае слоў апісаць свае пачуцці і ўражанні.

– Калі я паступіў ва ўніверсітэт у Маскве, то адчуў вялікае жаданне знайсці сваё месца, – тлумачыць хлопец. – З-за гэтага я пачаў цікавіцца беларускай мовай, чытаць па-беларуску. Гэта дае такую добрую падставу, каб пачаць размаўляць.

Гэта таксама ілюстрацыйная фотка.

Мы нават у маёй сям’і, якая рускамоўная, часам пачынаем размаўляць па-беларуску. Я напішу штосьці, тата адкажа – і іншыя пачынаюць. З сябрамі гэтаксама.

Я жыву ў вёсцы і часта карыстаюся таксі, таму дакладна магу сказаць, што таксісты добра ставяцца да беларускай.

Але нядаўна сустрэў таксіста, які не разумеў, навошта я размаўляю па-беларуску. Маўляў, «эта ваша» і не мова зусім, а дыялект. Мне звычайна сорамна за дарогі ў вёсцы: шмат купін, таксістам цяжка ехаць. Але ў гэты раз я адчуваў, што так беларуская вёска з беларускай мовай сімвалічна пакаралі таксіста.

Як вывучаць беларускую мову. Улад упэўнены: не трэба саромецца памылак. Для развіцця беларускай ён прапануе пераходзіць на беларускамоўныя навіны, кнігі і падкасты. Гэта дапамагае пашырыць свой слоўнік і стварыць такую моўную прастору.

– Сярод рэсурсаў прапаную праекты Zabizyapu, Wir.by (гуманітарыстыка на беларускай), слоўнік-бот BelazarBot.

Сярод відэа- і аўдыёрэсурсаў можна вылучыць падкасты і аўдыёкнігі па-беларуску, сайты з фільмамі «Кукумба» і «Кінакіпа». На YouTube раю «Мова Нанова» і «Годна».

Ліза: «Дзядуля заўважыў: “Ты так хутка зусім беларускай будзеш”. А я ўжо!»

Па-беларуску Ліза пачала размаўляць два гады таму. Да гэтага дзяўчына некалькі разоў рабіла «эксперыменты»: адзін ці некалькі тыдняў размаўляла на роднай мове.

– У мяне заўсёды было рускамоўнае асяроддзе, але беларуская мова мне падабалася сваім гучаннем, – расказвае Ліза. – У адзін дзень я сустрэлася з сяброўкай і яе роднымі, дзе ўсе размаўлялі па-беларуску. Мне было няёмка, што я адказваю ім па-руску.

Сяброўка прапанавала мне паразмаўляць па-беларуску і не саромецца памылак. У той дзень я вярнулася дадому і вырашыла зноў тыдзень гаварыць па-беларуску. Але не спынілася.

Зараз па-руску Ліза часам размаўляе на працы, калі яе не разумеюць. З некаторымі роднымі і сябрамі дзяўчына таксама размаўляе на рускай мове: яны альбо не з Беларусі, альбо «занадта малыя».

– Напачатку некаторыя родныя маглі гаварыць мне штосьці накшталт «говори нормально». Толькі я дзяўчына ўпартая. Магла проста нейкае слова гаварыць па-беларуску і па-руску, каб лепей разумелі. Напрыклад, «я прыеду праз два тыдні – две недели».

Мой тата ўвогуле часам пераходзіць са мной на беларускую мову. А дзядуля нядаўна заўважыў: «Ты так хутка зусім беларускай станеш!» Я ўсміхнулася і адказала, што ўжо стала.

Сярод незнаёмцаў і незнаёмак я сустракалася са станоўчай рэакцыяй: людзі заўважалі, якая ў мяне добрая беларуская, нават скідкі рабілі.

І хаця гэта таксама ілюстрацыйнае фота, яно ў пэўным сэнсе пра Лізу: яна гэтаксама любіць сустракацца з сяброўкамі, якія пачалі размаўляць з дзяўчынай па-беларуску. Галоўнае – не саромецца!

Пра складанасці пераходу на беларускую мову. Ліза лічыць, што самая вялікая праблема – моўны асяродак, які ў Мінску вельмі абмежаваны.

– Калі пераходзіш на беларускую, бачыш як мала моўнай прасторы. Навокал амаль што ўсё па-руску: фільмы, меню, паслугі. Але з часам пашыраеш кантакты, знаходзіш пэўныя рэсурсы – і ўсё не так цяжка.

Таксама напачатку і нават зараз я акцэнтую ўвагу на вымаўленні. Мяккае «с» (гук «с» у словах кшталту «смятана», «снег» трэба вымаўляць мякка – «сьмятана», «сьнег») у мяне ўжо выпрацавана. А вось з гукам «з» ёсць праблемы.

Што рабіць, каб вымаўляць правільна? Каб папрацаваць над сваім гучаннем, можна запісваць сваю мову на тэлефон, прапануе Ліза. Так вы зразумееце, якія ў вас памылкі і ў якім кірунку працаваць.

– Таксама я думаю, што ў нас ёсць праблема блытаніны тарашкевіцы і наркамаўкі. Ёсць такія слоўнікі, як Slounik.org, дзе даюцца словы з абодвух варыянтаў. І ты не заўважаеш, як пачынаеш міксаваць гэтыя нормы.

Напрыклад, мне вельмі падабаецца выкарыстоўваць словы з тарашкевіцы: «марозіва», «лядоўня», «гішпанская і ангельская мовы». Таксама часам магу скланяць словы па тарашкевіцы: не «краін», а «краінаў».

Я не лічу гэта памылкай. Мне здаецца, гэта, наадварот, пашырае твой персанальны слоўнік. І таксама думаю, што нельга кагосьці вінаваціць за тое, што выкарыстоўвае «чай» замест «гарбаты». Галоўнае, што чалавек ужо размаўляе па-беларуску.

Пра карысныя рэсурсы для вывучэння беларускай. Акрамя кніг, музыкі, падкастаў Ліза вылучае і фільмы. Сама дзяўчына апошнім часам глядзіць іх альбо на англійскай, альбо на беларускай мовах. Сярод беларускай агучкі яна вылучае рэсурсы «Кукумба» і «Гаварун». У апошняга канала ў большасці мульцікі, але ёсць і серыялы («Вядзьмар», напрыклад).

– Словы я прапаную вывучаць паступова. Можаце іх павольна ўводзіць у жыццё, не завучваць, але паўтараць. Для гэтага можаце выкарыстоўваць любую прыладу на тэлефоне з карткамі-словамі. Я пачынала з таго, што азіралася і называла кожную рэч, якую бачыла. Так у першы дзень я даведалася, што «потолок» – гэта «столь».

У сацсетках ёсць шмат добрых беларускамоўных суполак, дзе людзі разбіраюць памылкі і пашыраюць слоўнікі. Нават слоўнікі лаянкі. Сярод такіх суполак вылучу «Толькі пра мову»,

А вось тут публікуюць інфармацыю пра цікавыя кнігі, розныя артыкулы пра мову і г.д. Іншая суполка падабаецца тым, хто любіць выпраўляць памылкі. Іх тут і разбіраюць.

У розных сацсетках у мяне таксама ёсць беларускамоўныя каналы. Вось у TikTok на тэму беларускай мовы і літаратуры раю Aksanapb, Say_by і «Гоман». А на YouTube – Live Belarusian і «Слухай сюды» – на гістарычную і культурную тэмы.

Для развіцця вымаўлення і пашырэння слоўніка дапаможа «Мова прафесіі».

Таксама раю наведваць беларускамоўныя месцы. Яны дапамогуць вам пашырыць сваё асяроддзе. Шукаць іх можна праз прыладу Say.by.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовай згоды рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Unsplash.com, Pexels.com

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter