«Мыць посуд пад кранам у Германіі не прынята – занадта дорага». Беларуска з Берліна расказвае, што яе здзіўляе ў немцах найбольш

«Мыць посуд пад кранам у Германіі не прынята – занадта дорага». Беларуска з Берліна расказвае, што яе зд...
У нашай новай рубрыцы «А ў нас не так» расказваем пра ментальныя, культурныя і побытавыя адрозненні беларусаў і жыхароў тых краін, куды яны пераехалі.

У нашай новай рубрыцы «А ў нас не так» расказваем пра ментальныя, культурныя і побытавыя адрозненні беларусаў і жыхароў тых краін, куды яны пераехалі.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Яна

 

Яна жыве ў Германіі ўжо сем гадоў. Спачатку дзяўчына год жыла ў нямецкай сям’і па праграме абмену, потым вучылася ў магістратуры, працавала ў рэкламным агенцтве, а зараз вядзе блог пра жыццё ў Берліне і арганізоўвае экскурсіі па горадзе. Можна сказаць, што Яна пабачыла жыццё немцаў і звонку, і знутры, таму пра адрозненні менталітэтаў ёй сапраўды ёсць што расказаць.

Побыт: перад прыходам гасцей немцы не запарваюцца з прыборкай

– У Беларусі перад прыходам гасцей звычайна прынята прыбрацца ў доме і што-небудзь прыгатаваць, каб гэтых гасцей пачаставаць, асабліва калі яны з дарогі.

У Германіі ўсё па-іншаму. У першы ж дзень, як я прыехала ў сям’ю па праграме абмену дапамагаць з дзецьмі, мне з парога ўсунулі шасцімесячнае дзіця – маўляў, вось яго ты будзеш даглядаць, знаёмцеся.

Потым паказалі, дзе кухня, і сказалі, што калі я з дарогі хачу паснедаць, то ў халадзільніку ёсць яйкі і я магу пасмажыць сабе яечню.

У доме пры гэтым прыборкі не было відаць. Былі нейкія горы посуду, смецце, пыл, поўсць паўсюль. Гэта значыць людзі наогул не запарваліся, што да іх едзе новы чалавек і, магчыма, варта было б хаця б трохі прыбрацца, каб зрабіць добрае першае ўражанне.

Увечары яны паклікалі мяне вячэраць, і я ўбачыла, што запякаецца нешта ў духоўцы. І толькі было падумала, што нарэшце пад’ем нармальнай гарачай ежы, але аказалася, што там былі проста бутэрброды.

Наогул па-нямецку вячэра – Abendbrot, што даслоўна перакладаецца як «вечаровы хлеб». Але я не думала, што гэта настолькі літаральна і ўспрымаецца. Вядома, ёсць немцы, якія купляюць толькі экапрадукты і ядуць толькі здаровую ежу, але ў гэтай сям’і сярэдняга дастатку, дзе я жыла, харчаваліся пераважна недарагімі паўфабрыкатамі, а на вячэру часта елі бутэрброды з гарбатай.

Яшчэ быў паказальны выпадак, калі я зайшла да знаёмага немца на гарбату і вырашыла памыць пасля сябе кубак, а ён на мяне за гэта накрычаў. А ўсё таму, што ў Германіі вельмі дарагая камуналка і мыць посуд пад кранам, калі вада бесперапынна льецца, тут не прынята. Усе купляюць дадому пасудамыйкі – не таму, што гэта раскоша, а таму што дапамагае эканоміць.

Святы: на дзень нараджэння ў Германіі не прынята дарыць падарункі

– У Германіі не прынята святкаваць дзень нараджэння з застоллямі і падарункамі, як у нас. Часцей за ўсё тут проста аб’яўляецца (ці ствараецца мерапрыемства ў Facebook) а-ля «Усім прывітанне! У мяне заўтра дзень нараджэння, і з такога да такога часу я буду там і там. Буду рады, калі вы захочаце прыйсці мяне павіншаваць, пагаварыць, разам выпіць».

Прыйсці можа хто заўгодна і з кім заўгодна. Да мяне аднойчы прыязджала мама, і я ўзяла яе з сабой на дзень нараджэння да сябра – гэта было абсалютна нармальна.

Ладзіць застолле ў Германіі таксама не прынята. Звычайна ўсе прыходзяць і прыносяць нешта з сабой – скрыню піва, бутэльку віна і г.д.

Аднойчы мы абмяркоўвалі дні нараджэння з сям’ёй немцаў, у якіх я жыла. Я сказала, што калі мяне запросіць на свята не найбліжэйшы сябар, а ў мяне, напрыклад, будзе складанае фінансавае становішча і я не змагу купіць падарунак, то я, хутчэй за ўсё, не пайду. Немцы вельмі здзівіліся, таму што для іх галоўнае – увага, і калі чалавек проста прыйшоў павіншаваць, гэта ўжо класна. І не важна, з падарункам ён ці без.

Памятаю, як я першы раз адзначала свой дзень нараджэння ў Берліне. Дамовілася зладзіць свята дома ў знаёмага, накупіла харчоў, нарыхтавала ўсяго і запрасіла гасцей да шасці вечара. Своечасова ніхто не прыйшоў – нават гаспадар кватэры, які даў мне ключы. Я амаль дзве гадзіны сядзела з накрытым сталом адна і не разумела, што адбываецца, – ужо нават плакаць хацелася.

Першыя госці пачалі падцягвацца бліжэй да васьмі. Падарункі не прынёс ніхто – толькі мая сяброўка з Беларусі прыйшла з букетам.

Вучоба: прынесці на іспыт «шпоры» раўнасільна злачынству

– Ва ўніверсітэце ніхто нікому ніколі не дапамагае, там усе ўспрымаюць адзін аднаго як канкурэнтаў. Праца на занятках часцей за ўсё была групавая, і ўсе ўдзельнікі групы атрымлівалі аднолькавы бал. Таму лагічна, што ўсе хацелі сабе ў каманду мацнейшых гульцоў. Я і яшчэ адна дзяўчынка з Расіі не былі носьбітамі нямецкай і на фоне астатніх крыху падтармажвалі менавіта з-за мовы – таму браць да сябе ў групу нас ніхто не хацеў. Гэта было крыху крыўдна, але цалкам вытлумачальна.

Шпаргалкі ў Германіі – практычна злачынства. Гэта дзяўчынка з Расіі неяк прынесла на іспыт «шпоры», выкладчык гэта заўважыў – і тако-о-ое пачалося! Яе абвінавацілі ў падмане, злачынстве, доўга думалі, ці можна ёй даць другі шанец і дапусціць да пераздачы або адразу адлічыць. Дзяўчынка пасля гэтага нават да псіхолага хадзіла – настолькі яе гэта ўсё ўразіла і падкасіла.

Бюракратыя: платную даведку мы атрымалі бясплатна

– З мужам у нас рознае грамадзянства, таму распісацца нам было прасцей у Даніі. Пасля гэтага трэба было падаць заяўку і пацвердзіць пасведчанне ў пашпартным стале ў Германіі. Заплаціць трэба было нейкіх сімвалічных дзесяць еўра, але нам гэта паперка дасталася ўвогуле бясплатна.

Атрымалася так, што дакументы ў нас прымаў вясёлы нямецкі дзядзечка, які ўбачыў, што мы прынеслі пасведчанне шлюбу, і грошай не ўзяў – маўляў, віншую вас з вяселлем, купіце сабе марожанага лепш.

А ў ведамстве па справах замежнікаў, наадварот, мяне не раз даводзілі да слёз – хоць я не самы эмацыянальны чалавек. Аднойчы рабіла сабе сямейную візу, і пры запісе на сайце трэба было ўказаць грамадзянства заяўніка. Ну, я і ўказала Беларусь. А аказалася, што трэба было ўказаць грамадзянства мужа. На пытанне, чаму мужа, калі заяўнікам з’яўляюся я, адказаць не змаглі, але дакументы не прынялі і адправілі нанава падаваць заяўку і чакаць наступнага запісу праз два месяцы.

Маёмасць: у Германіі людзі пакаленнямі могуць жыць у здымным жыллі – і гэта нармальна

– У Беларусі ўсё ж такі яшчэ моцна развіта імкненне ўсім валодаць – купіць кватэру, машыну і г.д. У Германіі ў гэтым плане ўсё па-іншаму. Тут часцей за ўсё заключаецца бестэрміновы кантракт, і людзі часам жывуць на здымных кватэрах цэлымі пакаленнямі.

Як следства – немцы лягчэйшыя на пад’ём і меней прывязаны да аднаго месца. Яны лёгка могуць з’ехаць у іншы горад ці нават краіну, бо там знайшлася праца.

Машыны таксама ёсць далёка не ва ўсіх, затое вельмі моцна развіты шэрынг машын, ровараў, самакатаў, скутараў і г.д.

Вольны час: інтэлектуальныя гульні накшталт «Мазгабойні» сярод замежнікаў не прыжываюцца

– Некалькі гадоў таму я запусціла ў Берліне рускамоўную «Мазгабойню», прывезеную з Мінска, і гульні праводзяцца да гэтага часу.

А вось англамоўная «Мазгабойня» не ўкаранілася. Многія прыходзілі, атрымлівалі цікавы досвед, пакідалі самыя добразычлівыя каментарыі, але другі раз ужо не вярталіся. Ці то інтэлектуальны адпачынак пасля працы прыйшоўся еўрапейцам не даспадобы, ці то яны проста менш азартныя.

Асабістае жыццё: у Германіі нармальна, калі на спатканні кожны плаціць сам за сябе.

– Памятаю, калі яшчэ толькі прыехала і хадзіла на спатканні, склалася ўражанне, што ў Берліне сталых адносін ніхто не шукае. Схадзілі патусілі, добра пабавілі час – і гэтага дастаткова.

Аднойчы хлопец, які ведаў, што я прыехала ў Германію па праграме абмену, жыву ў сям’і, атрымліваю 200 еўра ў месяц, 100 з якіх трачу на праязны і ўвогуле знаходжуся не ў самым добрым матэрыяльным становішчы, запрасіў мяне на вячэру ў рэстаран, які выбраў ён. І ўжо постфактум высветлілася, што кожны плаціць сам за сябе. З аднаго боку, быццам ніякай катастрофы ў гэтым няма, але было непрыемна.

Ён, напрыклад, мог бы даць выбар месца мне ці хаця б спытаць напярэдадні, ці падыходзіць мне рэстаран такой коштавай катэгорыі.

Парадкі: пратэст у берлінцаў у крыві

– Гэта фота з мінулага года, але нешта падобнае было ў Берліне і ў 2020-м, калі з-за лакдаўна адмянілі штогадовую дзвіжуху са сцэнамі і музыкай на 1 мая. Берлінцы тады вырашылі: «Ну ок, тады мы на лодках пакатаемся», – і палова горада была на гэтым канале. І паліцыя нічога не магла сказаць, таму што плаваць на лодцы было не забаронена, ды і мерапрыемства нібы не масавае – кожны ў сваёй лодцы. А тое, што адпачывальнікаў было так шмат, яны зліліся ў адну вялізную кучу і атрымалася вечарынка на вадзе, – гэта ўжо нюансы (смяецца). Там яшчэ і тэхна з калонак валіла.

Наогул у берлінцаў пратэст у крыві – іх нельга проста так закрыць па дамах, нават падчас пандэміі. Таму ў Берліне (у параўнанні з іншымі землямі Германіі) былі самыя лайтовыя лакдаўны.

Хаця варта адзначыць, што Берлін вельмі адрозніваецца ад астатняй Германіі. Таму меркаваць па гэтым горадзе пра ўсю краіну таксама будзе няправільна.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архив героини.

поделиться