Беларуска з нікам @zhenyakiyah расказала ў TikTok пра свой досвед вучобы ў беларускамоўнай гімназіі. Як высветлілася, нават у такой навучальнай установе не ўсе прадметы выкладаюць па-беларуску. CityDog.io дзеліцца падрабязнасцямі.
Як праходзіць вучоба дзяўчыны?
Дзяўчыне 16 гадоў, цяпер яна вучыцца ў 10-м класе. Паводле яе слоў, усе падручнікі ў гімназіі беларускамоўныя. Аднак гэта не значыць, што на беларускай размаўляюць увесь час.
«Калі я ішла ў школу, я думала, што ўсе будуць размаўляць па-беларуску – на перапынках і гэтак далей», – расказала яна.
Але на практыцы ўсё аказалася інакш. З цягам часу некаторыя настаўнікі пачалі тлумачыць матэрыял па-руску. Напрыклад, сёлета гісторыю дзяўчыне выкладаюць па-руску, хаця раней гэты прадмет заўсёды быў беларускамоўным. Фізіку таксама вывучаюць па-руску з мінулага года.
Школьніца звязвае пераход на рускую мову ў тым ліку са сваім профілем навучання. Яна вывучае рускую мову і гісторыю, а экзамен па гісторыі праз два гады будзе здаваць па-руску.
Пры гэтым дзяўчына кажа, што ўдзячная бацькам за тое, што яны аддалі яе менавіта ў беларускамоўную гімназію. Хаця сама яна пакуль не вельмі свабодна размаўляе па-беларуску і ёй не хапае практыкі, дзякуючы вучобе можа разумець мову на слых і чытаць па-беларуску.
Таксама школьніца займаецца алімпіядамі і вывучае беларускую літаратуру. Паводле яе слоў, гэта дапамагло ёй зразумець, наколькі важна ведаць мову і захоўваць культуру і традыцыі.
Дзяўчына адзначае, што часта чуе ад аднагодкаў, што яны не разумеюць, навошта вучыць беларускую мову, а некаторыя нават кажуць, што ненавідзяць яе.
«Таму я вельмі хачу распаўсюдзіць мову па тыктоке, каб мова станавілася сучаснай, шмат людзей асацыююць беларускую мову толькі з вёскай, пакутамі», – расказала яна.
Нагадаем: у Беларусі навучанне ў школах па-ранейшаму вядзецца пераважна на рускай мове, хоць у 42% школ ёсць навучальныя прадметы на беларускай мове, пісала выданне «***ірк» (беларускія сілавікі называюць яго «экстрэмісцкім»). У 2025 годзе ў беларускамоўных школах вучыліся каля 10% дзяцей – крыху больш за 100 000.
Гэта важна! Беларускія ўлады дадаюць людзей, розныя недзяржаўныя інстытуцыі і ініцыятывы ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», каб змагацца з «распальваннем варожасці» або «пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Дэ-факта пасля падзей 2020 года сілавікі з дапамогай такога статусу запалохваюць, маргіналізуюць і караюць людзей, розныя ініцыятывы, грамадскія арганізацыі і партыі, якія маюць адрозныя ад рэжыму Лукашэнкі грамадска-палітычныя погляды.
Што думаюць беларусы?
У каментарыях пад відэа некаторыя карыстальнікі здзівіліся, што нават у беларускамоўнай гімназіі настаўнікі пераходзяць на рускую. Іншыя падзяліліся ўласнымі ўспамінамі пра вучобу і выкладанне па-беларуску.
«Русіфікацыя прывяла ўжо да таго, што нават настаўнікаў няма беларускамоўных», – адрэагаваў @luchinec1.
«Наш настаўнік грамадазнаўства – беларускамоўны чалавек (па жыцці, напрыклад, свае сацсеткі ён вядзе часцей на беларускай мове, чым на рускай), але з-за таго, што наша гімназія з’яўляецца рускамоўнай, мы і ён сам размаўляем па-руску», – напісала @sonyafdtv.
«Я раней палову дзённіка вёў на белмове, а другую палову – на рускай мове. Мне мая настаўніца павыдзірала ўсе старонкі і сказала завесці новы (факт русіфікацыі Беларусі)», – падзяліўся @Peter.
«Малайчына! Без нашай роднай мовы не будзе і нас, беларусаў! Мне вельмі прыемна, што ёсць гэтакая моладзь!» – лічыць @sebostiantorejro.
«Так зайздрошчу тым, хто вучыцца ў белмоўнай школе (я ўжо ўсім настаўнікам мазгі вынесла з белмовай, ХАХАХАХАХА)», – расказала @hanula_aaaa.
«Шчыра кажучы, я б хацеў вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі/школе; шкада, што наша гімназія не такая», – напісаў @descendunt.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












