Подкасты
CityDog.io

«На месяц выходзіць прыкладна 300 еўра». Гэты беларус амаль 2 гады жыве ў хостэле ў Вільнюсе – вось яго гісторыя, пачытайце (і паслухайце!)

«На месяц выходзіць прыкладна 300 еўра». Гэты беларус амаль 2 гады жыве ў хостэле ў Вільнюсе – вось яго ...
Антон пераехаў у Літву два гады таму. З таго часу ён жыве ў вільнюскім хостэле. Часам спыняецца начаваць у катэджы пад Тракаем, дзе жыве бясплатна. CityDog.io паразмаўляў з хлопцам пра тое, як гэта – жыць «на чамаданах» у іншай краіне.

Антон пераехаў у Літву два гады таму. З таго часу ён жыве ў вільнюскім хостэле. Часам спыняецца начаваць у катэджы пад Тракаем, дзе жыве бясплатна. CityDog.io паразмаўляў з хлопцам пра тое, як гэта – жыць «на чамаданах» у іншай краіне.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

– У Літву я хутчэй не пераехаў, а прыйшоў. У 2020 годзе пасля адной з забастовак, у якой я ўдзельнічаў, за мной прыйшлі, – расказвае Антон журналістцы CityDog.io. – Садзіцца ў турму за ўласнае меркаванне не надта хацелася, таму адной ноччу хутка сабраў заплечнік і з’ехаў з Беларусі.

Як Антон трапіў і хостэл і колькі каштуе гэта задавальненне?

Антон

 

Антон жыў у Магілёве. Расказвае, што калі ўцякаў, мусіў ісці пешкі каля 60 кіламетраў: «Каб усё было бяспечна і непрыкметна». Па словах хлопца, страшна яму не было, бо разумеў, што самае галоўнае – пакінуць краіну. Думаць пра тое, дзе і за што будзе жыць, часу не было.

– У хостэл я трапіў абсалютна выпадкова. Першыя паўгода я пражыў у беларускай дыяспары разам з іншымі ўцекачамі. Там было дастаткова камфортна. Мы жылі ў асобным пакоі разам з адным хлопцам, – узгадвае Антон. – Добра паладзілі з усімі, хто там жыў, таму з’язджаць асабліва не хацелася.

Праз нейкі час хлопцу давялося шукаць сабе іншае месца жыхарства: у дом для ўцекачоў прыбывалі новыя людзі, месца на ўсіх не хапала. Самым блізкім і танным рашэннем аказаўся хостэл Mikalo house. Ці мог Антон падумаць, што стане сталым пастаяльцам?

Як расказвае наш герой, кошт пражывання ў Mikalo house залежыць ад таго, дзе браніраваць нумары. Калі рабіць гэта праз Booking.com, то атрымаецца задорага. Каб было танней, беларус часта аплачвае непасрэдна ўладальнікам хостэла.

Днём на кухні таксама заўсёды шмат чалавек, але самыя цікавыя размовы ўсё роўна адбываюцца па вечарах.

На кухні ёсць шмат кніг на розных мовах. Іх можна браць бясплатна. Галоўнае –потым вярнуць на месца.

Хостэл размешчаны на трох паверхах, таму часам цяжка пераносіць рэчы з аднаго пакоя ў іншы.

На верхнім ложку Антон пражыў увесь чэрвень.

У пакоі можа адначасова заставацца 6 чалавек. На ўсіх ёсць адзін стол. Звычайна яго займае той, чый ложак знаходзіцца побач.

Антон сцвярджае, што на месяц выходзіць прыкладна 300 еўра. У гэты кошт уваходзяць уласнае спальнае месца (або на двухпавярховым, або на звычайным ложку), агульная кухня і ванны пакой, Wi-Fi, месца для багажу і паліца для рэчаў.

– Мне падабаецца, што гэты хостэл знаходзіцца ў самым цэнтры Вільнюса. Да самых папулярных месцаў я магу дабрацца пешкі максімум за 15 хвілін. А яшчэ адсюль блізка ісці да сяброў.

А ён наогул уласнае жытло збіраецца здымаць?

Не, не збіраецца. Антон тлумачыць гэта высокім коштам арэнды ў Вільнюсе: за тыя ж грошы, што і хостэл, ён зможа знайсці пакой толькі дзе-небудзь на ўскрайку горада. Па словах беларуса, добрыя варыянты разбіраюць вельмі хутка. Таму, каб знайсці нешта вартае і за адэкватны кошт, трэба вельмі пастарацца.

Акрамя таго, у Літве за арэнду кватэры часта патрабуюць дэпазіт у памеры кошту двух ці трох месяцаў арэнды. Атрымліваецца, каб арандаваць жытло коштам 500 еўра, адразу на рукі гаспадару трэба будзе аддаць адну тысячу. Дазволіць сабе такое Антон пакуль не можа. «Пакуль», бо цяпер хлопец працуе на будоўлях, а людзі з гэтай сферы ва ўсіх краінах атрымліваюць няблага.

Праз працу Антон часам вымушаны выязджаць у Тракай. Там кампанія дае яму месца ў прыватным доме. За гэта жыллё ён нічога не плаціць.

– Тракай знаходзіцца недалёка ад Вільнюса, але ездзіць туды-сюды не асабліва зручна. У такія дні я звычайна начую ў катэджы. Месцы ў тых краях дужа прыгожыя. Яшчэ і дом знаходзіцца ля вады! І ўсё гэта бясплатна! – усміхаецца хлопец.

Як яму жывецца ў такой нестандартнай сітуацыі?

Антону ўсё падабаецца. Кажа, што асаблівы кайф атрымілвае ад зносін з людзьмі з розных краін. І ў кожнага з гэтых людзей свая гісторыя.

– Усе пастаяльцы тут вельмі адкрытыя і прыязныя, – дзеліцца сваімі ўражаннямі беларус. –Мне асабліва запомніўся хлопец з Амерыкі, які праз Літву збіраўся паехаць жыць у Беларусь. Не ведаю, навошта ён туды ехаў, але праз пару дзён пасля ад’езду ён вярнуўся і зноў засяліўся ў хостэл. Расказваў потым, што з дакументамі было нешта не тое, таму да Беларусі так і не даехаў.

Нягледзячы на ​​тое, што дзверы ў пакоях хостэла не заўсёды замыкаюцца, а ключоў ад асабістых шафак няма ўвогуле, у Антона ні разу нічога не скралі. Хлопец шмат разоў пакідаў каштоўныя рэчы проста на ложку ў пакоі і заўсёды знаходзіў іх там жа.

Пакоі, у якіх спыняецца Антон, часта мяняюцца. Так адбываецца з-за вялікай колькасці людзей, якія па-рознаму браніруюць нумары. Таму «свайго» сталага месца ў Антона няма. Якое месца застаецца вольным, там ён і раскладае свае рэчы.

Але як ставяцца гаспадары хостэла да такога незвычайнага пастаяльца?

– Нас увогуле не напружвае тое, што Антон так доўга застаецца ў хостэле. Так, гэта незвычайна, бо мы прывыклі, што ў нас затрымліваюцца максімум на тыдзень. Але тут Антон стаў невялікай легендай, – смяецца Аста, саўладальніца хостэла. – Госці знаёмяцца з ім, а потым пераказваюць гісторыю Антона адзін аднаму.

Як адзначае сам хлопец, яму падыходзіць любое жыллё. Самае галоўнае для яго – быць на волі. А асабісты побыт і зручнасці ён спакойна забяспечвае сам.

Гэту белую сцяну Антон зашпакляваў сам. Пазней яе зафарбуюць іншым колерам.

Вокны з ваннага пакоя выходзяць на манастыр, які знаходзіцца літаральна за пару метраў ад хостэла. Таму, прымаючы душ, часам можна чуць розныя песні і малітвы.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.io.

#Вильнюс
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter