«А на штаны грошай не хапіла?» Беларуска расказвае, як пабралася шлюбам з баварцам. Шмат фота сапраўднага нямецкага свята!

«А на штаны грошай не хапіла?» Беларуска расказвае, як пабралася шлюбам з баварцам. Шмат фота сапраўднаг...
Беларуска Вольга і немец Штэфан у 2020 годзе, падчас «кароны», зладзілі сапраўднае баварскае вяселле – але з ноткамі беларушчыны. Тут ёсць усё: і экстрэмальнае нямецкае* знаёмства на аўтабане, і экстрэмальная нямецкая прапанова, і нават экстрэмальна кароткія нямецкія штаны. І, канешне ж, беларускія песні на традыцыйным баварскім вяселлі. Вольга падзялілася з намі душэўнай гісторыяй – пачытайце і вы.

Беларуска Вольга і немец Штэфан у 2020 годзе, падчас «кароны», зладзілі сапраўднае баварскае вяселле – але з ноткамі беларушчыны. Тут ёсць усё: і экстрэмальнае нямецкае* знаёмства на аўтабане, і экстрэмальная нямецкая прапанова, і нават экстрэмальна кароткія нямецкія штаны. І, канешне ж, беларускія песні на традыцыйным баварскім вяселлі. Вольга падзялілася з намі душэўнай гісторыяй – пачытайце і вы.

Пра знаёмства: «Мы пазнаёміліся на аўтабане на хуткасці 140 кіламетраў у гадзіну»

– Калі коратка, пазнаёміліся мы на аўтабане на хуткасці 140 км/г., – расказвае Вольга. – Як апісвае гісторыю нашага знаёмства муж: ён ехаў па левай паласе на аўтабане, кінуў позірк направа, а там слуп святла ўпаў проста на маю машыну. І яму падалося, што за стырном сядзіць анёлак. У той жа момант ён вырашыў, што гэта знак і, як бы там ні было, ён павінен пазнаёміцца са мной.

Праз, можа, хвілін 15 камунікацыі рознымі жэстамі (на хуткасці 120–140 км/г.) мы абое з’ехалі на паркоўку. Ён падбег са сваёй машыны да маёй (я яшчэ не паспела выйсці) і сказаў: «Ты самая прыгожая дзяўчына ва ўсім свеце! Дай, калі ласка, свой нумар тэлефона!»

Цяпер Штэфан кажа, што апошні сказ ён так не памятае, што ў той момант ён быў у стане афекту... (Усміхаецца.)

Пра прапанову рукі і сэрца: «Добра, што ўсе зубы засталіся цэлымі»

– Штэфан паходзіць з рэгіёна на мяжы з Чэхіяй, які называецца Баварскі лес. Там вельмі маляўнічыя горы (не такія высокія, як Альпы, але дастатковыя для натхняльных вандровак).

Аднойчы мы хадзілі вандраваць па гарах каля вёскі Штэфана, дайшлі да вяршыні і спыніліся, каб палюбавацца краявідамі. Штэфан дастаў з заплечніка тэрмас з гарбаткай і круасаны, працягнуў мне адзін. Я надкусіла яго і зразумела, што штосьці там унутры... гэта быў пярсцёнак. Так Штэфан прапанаваў пабрацца шлюбам.

Добра, што ўсе зубы засталіся цэлымі...

Пра цяжкасці планавання ў 2020 годзе: «За тыдзень да вяселля мы не былі ўпэўненыя, ці можна будзе зладзіць свята»

– І Штэфан, і я любім і шануем традыцыі сваіх культур, таму для нас не было ніякіх пытанняў, у якім стылі ладзіць вяселле. Лакацыя таксама вызначылася сама сабой – вельмі прыгожае месца ў гарах побач з вёскай Штэфана. Амаль што ўсе, хто арганізацыйна дапамагалі нам, – рэстаран, фларысты, музыкі, нават бурмістр вёскі, які праводзіў афіцыйную вясельную цырымонію, – сябры ці знаёмыя мужа. Кожны з іх падказваў нам, якія асаблівасці існуюць тут у рэгіёне.

У 2020 годзе, падчас «кароны», наогул складана было штосьці планаваць. Паехаць у Беларусь не было ніякай магчымасці. Нават тут, у Германіі, за тыдзень да вяселля мы не былі ўпэўненыя, ці можна будзе зладзіць свята і колькі гасцей можна будзе запрасіць.

З Беларусі змагла прыехаць толькі мая матуля. Арганізацыйна гэта было сапраўдным выпрабаваннем, але ўсё атрымалася. Нягледзячы на ўсе абмежаванні, да нас змаглі прыехаць каля 30 гасцей з 9 краін.

Мы планавалі спачатку «паўтарыць» вяселле ў Беларусі. Але так склалася, што па розных прычынах было цяжка арганізаваць адно вялікае мерапрыемства, таму мы святкавалі на працягу двух тыдняў нашых вакацый у Беларусі, калі наведвалі ўсіх маіх сваякоў і сяброў.

Пра падрыхтоўку: «Выкуп нявесты быў немагчымы»

– За год да нашага вяселля мне давялося гасціць на сапраўдным баварскім вяселлі, дзе і муж, і жонка паходзілі з той жа вёскі. Таму ў мяне ўжо было ўяўленне пра тое, як гэта мусіць выглядаць. Але ж у нашым выпадку не ўсе рытуалы былі магчымыя (напрыклад, Штэфан не мог прыйсці дадому да маіх бацькоў, каб зрабіць рытуал выкупу нявесты). І мы вырашылі дапасаваць рытуалы да нашых абставін і ўмоў.

Выбраная лакацыя – так званы Дом прыроды – натхняла на вяселле ў рустыкальным стылі. Хацелася, каб усё было сапраўдным, натуральным. Так што амаль усе элементы дэкору мы рабілі сваімі рукамі. Гэта была вельмі цікавая падрыхтоўка. Нават пярсцёнкі рабіў на замову наш знаёмы ювелір па нашых малюнках.

Усе госці сабраліся ў гатэлі ўжо напярэдадні, бо праграма на наступныя паўтара дня была распланавана па гадзінах. Наш гатэль – накшталт маёнтка на дастаткова вялікай прасторы ў лесе на гары, з вялікай колькасцю розных будынкаў. Каб трапіць з аднаго будынка ў іншы, трэба ці прайсці хвілін 10–15, ці праехаць на якім-небудзь транспарце, напрыклад на ровары альбо на кані.

Як усё праходзіла: «“Тваё сэрца як шахта” – самы шчыры камплімент для баварскай дзяўчыны»

– Першы раз у вясельнай сукенцы Штэфан пабачыў мяне раніцай у дзень вяселля. У традыцыйным мужчынскім строі ў Баварыі нагавіцы заўсёды кароткія. У халодныя часы мужчыны апранаюць спецыяльныя шкарпэткі альбо гетры, але нагавіцы– кароткія. Адзін з беларускіх сяброў, калі разглядаў фота, адпусціў такі камент: «Такое прыгожае і багатае вяселле, але ж няўжо грошай на доўгія штаны не хапіла?!»

Пакуль госці збіраліся на палянцы перад Домам прыроды – лакацыя, дзе адбывалася афіцыйная ўрачыстая цырымонія, – мы са Штэфанам запрэглі брычку з канямі і стартанулі ў наша новае сямейнае жыццё.

У Доме прыроды нас ужо чакаў бурмістр. Пад гукі арфы мы зайшлі ў залю, і пачалася цырымонія. Бурмістр, сябра Штэфана, натуральна, ведаў нашую гісторыю, і таму яго прамова была і з баварскім гумарам, і з урачыстымі словамі, так што госці і пасмяяліся, і пусцілі слязу.

Трэба дадаць, што ў Баварыі ў кожным рэгіёне ўсе размаўляюць на сваім дыялекце і не вельмі лічацца з моўнымі здольнасцямі гасцей. Так што часткова для некаторых нашых гасцей прыходзілася перакладаць на літаратурную нямецкую мову.

Вельмі кранальным быў момант, калі мы разам запальвалі нашу сямейную свечку. Гэту свечку мы запальваем кожны год на дзень нашага вяселля.

Пасля таго як мы абодва афіцыйна пагадзіліся на прыгоды сямейнага жыцця, пачалося святкаванне. Зразумела, што цэнтрам свята было застолле з віншаваннямі і тостамі гасцей. Музыкі лупілі не толькі баварскія вясельныя хіты, але і беларускія – разам з беларускамоўнымі гасцямі мы спявалі «Тры чарапахі» і «Простыя словы».

Вясельны танец (натуральна, выбар Штэфана) абсалютна адпавядаў горнаму рэгіёну Баварскага лесу: «Таму што тваё сэрца як шахта – такое ж вялікае, глыбокае і ўтульнае», – самы шчыры камплімент для баварскай дзяўчыны.

Яшчэ крыху традыцый: «Спажыванне баварскай белай сасіскі – гэта цэлая навука!»

– Зразумела, не абышлося і без выкрадання нявесты. Але тэрыторыя маёнтка аказалася такой вялікай, што той госць, які выкраў нас са сведкай, пакуль вярнуўся ў рэстаран, забыў, куды нас адвёў. Так што пасля доўгага чакання мы са сведкай пачалі спяваць усе беларускія народныя песні, якія толькі маглі ўзгадаць, каб муж з вясельнай кампаніяй здолеў пачуць і зразумець, дзе мы, і прыйсці на голас.

Гулянка доўжылася, зразумела, пакуль апошнія госці не паваліліся спаць.

Сняданак на наступны дзень быў абсалютна традыцыйна баварскім – з белымі сасіскамі і пшанічным півам.

Каб нашы не-баварскія госці змаглі пранікнуцца гэтай традыцыяй, мы запрасілі Амбасадара белых сасісак – таксама добры сябар Штэфана – правесці падчас сняданку такі жартоўны «семінар» пра гісторыю ды традыцыйныя спосабы спажывання баварскай белай сасіскі. Гэта цэлая навука!

Дарэчы, вось ужо цягам апошніх 10 гадоў Амбасадар белых сасісак і адна мясцовая мясная крама праводзяць вельмі папулярны конкурс «Каралеўна белых сасісак».

Пра адрозненні: «На беларускіх вяселлях ёсць тамада. У Баварыі – сатырычны паэт-рыфмаплёт»

– Мне нячаста даводзілася гуляць на вяселлях у Беларусі ці ў Баварыі, але памятаю, што ў нас вясельны стол ломіцца: ежы столькі, што госці даядаюць яшчэ наступныя два дні. На баварскіх вяселлях – пэўныя стравы ў пэўны час на пэўную колькасць асоб. Ніякіх кілаграмаў рэштаў і пакункаў з сабой ці «на заўтра». Усё, што госці не з’елі, застаецца ў рэстаране.

На нашым вяселлі для мяне гэта было рэальна сюрпрызам, і нядзеля пасля вяселля выдалася для нас невялікім выпрабаваннем, бо ў Германіі, асабліва ў сельскай мясцовасці, у нядзелю ўсе крамы зачынены. Працуюць толькі пякарні некалькі гадзін раніцай і рэстараны некалькі гадзін у абед і ўвечары.

На баварскім вяселлі, дзе мне давялося аднойчы гасцяваць, не было тамады, але быў запрошаны такі паэт-рыфмаплёт. Падчас застолля ён назіраў за гасцямі і паміж тостаў і віншаванняў лупіў так званыя «гштанцль» – імправізаваныя жартаўлівыя прыпеўкі пра гасцей і маладых, часцяком і даволі кплівыя і сатырычныя. Зразумела, на рэгіанальным дыялекце. Такі баварскі камедзі-клаб са своеасаблівым гумарам.

З прычыны моўнай разнастайнасці нашых гасцей (з 9 краін) мы не сталі запрашаць такога баварскага кабарэтыста, бо большасць гасцей проста не зразумела б яго прыпеўкі. Амаль што палова гасцей былі беларускамоўныя, але акрамя маёй матулі ўсе ўжо пэўны час жывуць у Германіі.

Наколькі я памятаю, усе госці былі задаволеныя вяселлем. Нават партнёрка свёкра, якая ўсё жыццё пражыла на вёсцы ў Баварскім лесе, сказала, што такога прыгожага традыцыйнага вяселля ўжо даўно не бачыла.

Пра каранавірус і кампрамісы: «Вяселле трапіла ў “фортку” паслабленняў – ужо праз тыдзень нельга было збірацца больш за 10 чалавек»

– З Беларусі змагла прыехаць толькі мая маці, іншых сваякоў проста не прапусцілі б праз мяжу з прычыны строгіх правіл уезду ў Германію на той час. Напэўна, гэта было самым вялікім кампрамісам: зладзіць вяселле без гасцей з Беларусі. Мы не ведалі, як доўга працягнуцца абмежаванні з-за «кароны», шмат разоў думалі перанесці свята на лепшыя часы. Але ў нейкі момант, прыслухаўшыся да сябе, вырашылі, што для нас абодвух менавіта цяпер гэта – слушны крок, а ўсе астатнія пытанні мы вырашым пазней.

Насамрэч мы нават запланавалі трансляцыю ўрачыстай цырымоніі праз YouTube, каб сваякі і сябры ў Беарусі змаглі далучыцца да нас. Але лёс склаўся так...

Абмежаванні змяняліся амаль кожны тыдзень. Кожны дзень мы стэлефаноўваліся з гатэлем і рэстаранам, каб удакладніць актуальныя ўмовы, і былі гатовыя ўсё адмяніць. Наша вяселле трапіла якраз не тое што ў акно, але нават у «фортку» паслабленняў – акурат праз тыдзень пасля нашага вяселля збірацца стала магчыма максімальна групай у 10 асоб.

І пра будучыню: «Мы вырашылі адзначаць кожную гадавіну вяселля нейкім незвычайным чынам»

– Наша вяселле было ўнікальнай падзеяй для нас. Мы рыхтаваліся больш за паўгода і ўвесь час мелі на ўвазе, што ўсё можа адмяніцца ў апошні момант. Канешне, гэта было выпрабаваннем для нашых нерваў. Так што мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто нам дапамагаў, падтрымліваў нас і нягледзячы на ўсе абставіны і перашкоды змог раздзяліць з намі нашу вялікую радасць.

З нагоды шанавання баварскіх традыцый (і проста таму, што і Штэфану і мне падабаецца святочнае традыцыйнае ўбранне) мы вырашылі штогод адзначаць гадавіну вяселля нейкім незвычайным чынам і абавязкова апранаць нашы вясельныя строі.

* Гэта партнёрскі матэрыял.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: Sara Pfeffer; з асабістага архіва герояў.

#Минск #Германия
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter