Напярэдадні Раства CityDog.by вырашыў паглядзець, як упрыгожваюць да свята касцёл св. Роха на Залатой горцы. Тут нас сустрэў новапрызначаны біскуп мінскі – Юры Касабуцкі.
Аказваецца, цэнтральнае месца ў калядным аздабленні любога касцёла свету займаюць яселькі, ці па-беларуску “батлейка”. У шырокім сэнсе батлейка – тэатралізаваная пастаноўка, заснаваная на сюжэце нараджэння Езуса ў Бэтлееме. Аднак у мінскіх касцёлах такія пастаноўкі, на жаль, не робяць. Асноўная мэта ўсталявання батлейкі – нагадаць людзям пра даўнюю ноч нараджэння Хрыста. Яшчэ адна вельмі прыгожая перадкалядная традыцыя – супольны ўдзел вернікаў кожнай парафіі ва ўпрыгожванні касцёла. Некалькі суполак займаюцца асобнымі працамі.
Звычайна апошняя версія дэкарацыі робіцца перад вечаровым набажэнствам напярэдадні Раства, 24 снежня, якое мае назву Пастэрка. Усталяванне завяршаецца, калі святар уносіць у батлейку фігурку маленькага Езуса. Сёння, 24 снежня, у 19:00 і ў 22:00 у касцёле св. Роха (пр-т Незалежнасці, 44а) пройдзе Святая Імша на ангельскай мове з удзелам апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдзіа Гуджэроці. У кафедральным касцёле (пл. Свабоды, 9) Імша пачнецца ў 21:00, у Чырвоным (пл. Незалежнасці, 15) – у 21:45, у Кальварыйскім касцёле (Кальварыйскі праезд, 1) – у 21:00. |
Фота: CityDog.by.