Люди, истории
CityDog.io

«Заткнісь!» У TikTok завірусіўся відос на мове, якой цяпер рэдка карыстаюцца. Але беларусы яе дакладна зразумеюць. І кліп там – агонь, самі зацаніце!

«Заткнісь!» У TikTok завірусіўся відос на мове, якой цяпер рэдка карыстаюцца. Але беларусы яе дакладна з...
Нядаўна ў сацсетках завірусілася песня Chadžu ja («Хаджу я»). Цікток з урыўкам кліпа на трэк ужо сабраў больш за 213 тысяч праглядаў. Пагаварылі са стваральнікамі хіта – і даведаліся шмат цікавага.

Нядаўна ў сацсетках завірусілася песня Chadžu ja («Хаджу я»). Цікток з урыўкам кліпа на трэк ужо сабраў больш за 213 тысяч праглядаў. Пагаварылі са стваральнікамі хіта – і даведаліся шмат цікавага.

Sw@da (сапраўднае імя Віктар) і Ніка Юрчук працуюць разам ужо некалькі гадоў. Звычайная гісторыя: яна пяе, ён піша музло. Але гэты дуэт моцна адрозніваецца ад мільярда падобных калабарацый па ўсім свеце: Ніка спявае на падляшскай мове, а Віктар спрабуе ўпакаваць гэту мову ў трэндавыя біты і мелодыку. Атрымліваюцца хіты: паслухайце вось гэты.

Чакайце, а на якой мове яны ўсё-такі пяюць?

Пачнём з таго, што Падляшша – гэта гісторыка-геаграфічная вобласць, якая мяжуе з Польшчай і Беларуссю. Гэты рэгіён уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, у пачатку XVI ст. было створана Падляшскае ваяводства, якое ўключала ў сябе Берасце, Камянец і Драгічын.

Большасць з амаль 55 тыс. грамадзян Польшчы, якія назвалі сябе беларусамі падчас перапісу 2021 году, жывуць на Падляшшы. Тут ёсць некалькі беларускіх школ, дзе вывучаюць беларускую мову і літаратуру ўжо шмат часу.

Беларускія мовазнаўцы кажуць, што гаворкі Падляшша блізкія да заходнепалескага дыялекту беларускай мовы. Але самі жыхары, якія з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы, нярэдка кажуць, што іх мова – падляшская, ці swoja.

– Мы выкарыстоўваем розныя жанры музыкі. Прыкладна гэтак жа, як у падляшскім дыялекце змяшаліся многія мовы, так і ў нашай творчасці знаходзіцца месца для розных стыляў і напрамкаў. Нам важна паказаць, што Падляшша існуе і што гэта гаворка, на якой тут размаўляюць, – расказвае Ніка.

Группа молодых ребят в спортивных костюмах и шубах на фоне деревянного дома. 

Віктар дадае, што яму хацелася стварыць нешта ўнікальнае, што будзе цесна звязана з рэгіёнам, з якога ён родам. Паводле слоў хлопца, цяпер дастаткова шмат маладых артыстаў, якія проста капіруюць замежныя трэнды. Віктар жа плануе зрабіць песні больш аўтэнтычнымі, каб падкрэсліць сваё паходжанне.

– Я разумею шмат рэчаў на падляшскай, але сам пакуль што не размаўляю на ёй. Мне падабаецца меладычнасць гэтай мовы, – адзначае Sw@da.

– Часам у размове на польскай мове магу ўстаўляць словы на падляшскай, а некаторыя словы я вымаўляю наогул не так, як астатнія палякі. У мяне ўласная польская, – смяецца Ніка. – Акрамя таго, на мяне паўплывала рэлігія. Я родам з Бельска-Падляскага, у нас палова жыхароў вызнае праваслаўе. Гэта звычайная з’ява для Падляшша, але досыць рэдкая для Польшчы.

Паміж сабой музыкі размаўляюць па-польску. Віктар не ведае падляшскай, але плануе вывучыць. Ніка, у сваю чаргу, прызнаецца, што валодае падляшскай не зусім свабодна. Дзяўчына вывучыла яе, калі выступала разам з фальклорным гуртом «Жэмэрва», які выконвае беларускія песні Падляшша.

– Падляшскую я вучыла на слых, запамінаючы словы з размоў іншых людзей. Гэта дастаткова проста, калі ведаеш іншыя мовы. Я хадзіла ў беларускую школу, дзе вучыла беларускую. Менавіта таму мне было лёгка пераключыцца на падляшскую: у ёй можна спакойна змешваць розныя фразы, і ўсе цябе ўсё роўна зразумеюць. Для гэтага нават ёсць свой тэрмін – размаўляць «па-свойму». Кожны стварае свой асаблівы варыянт дыялекту, – тлумачыць Ніка.

Пасля таго як кліп на песню Chadžu ja завірусіўся ў ТikTok, сярод польскай аўдыторыі ў каментарыях пачалася моўная дыскусія. Некаторыя пісалі, што гучанне нагадвае стараславянскую, іншыя былі ўпэўнены, што выкарыстоўваецца дыялект беларускай.

– Падляшскі – гэта дыялект, у якім змяшалася шмат традыцый і слоў з беларускай, польскай і ўкраінскай. Аднак асабіста мне падабаецца лічыць яе асобнай мовай. Падляшская па-сапраўднаму ўнікальная. У ёй ёсць асобная граматыка і фанетыка, не падобная ні на што іншае, – падкрэслівае Ніка.

Фотография Ники Юрчук, беларуско-польской исполнительницы, в спортивном костюме Adidas.

Падляшска-беларуска-польская выканаўца Ніка Юрчук.

Sw@da, польский музыкант, в белых штанах и кроссовках Adidas. 

А гэта Sw@da, ён жа Віктар.

Па словах музыкаў, нягледзячы на тое, што пра падляшскі дыялект усё яшчэ ведае даволі мала людзей, ён перастае асацыявацца з людзьмі сталага веку ці з вёскай. Яго больш не саромеюцца выкарыстоўваць.

– На адной з музычных прэмій да мяне падышоў дарослы мужчына і падзякаваў за творчасць, – дзеліцца Віктар. – Аказалася, што ён родам з невялікай вёскі на Падляшшы і ў дзяцінстве разам з бацькамі вельмі любіў спяваць на падляшскім. Затым перастаў: пачаў саромецца сваёй гаворкі і звычак. Наша музыка дапамагла яму адрадзіць забытыя ўспаміны.

Пра сувязь з Беларуссю: «Ездзілі ў Мінск, каб вучыць лявоніху»

Ніка была ў Беларусі каля 20 разоў. Практычна ўсе гэтыя падарожжы былі з музычным гуртом «Жэмэрва». Часцей за ўсё калектыў ездзіў па вёсках Беларусі ў фальклорныя экспедыцыі.

– Да нас усюды ставіліся вельмі добра, куды б мы ні прыехалі. Часта потым гэтыя людзі прыязджалі на Падляшша на музычныя фестывалі, якія мы арганізоўвалі. Кожны год адбываўся такі своеасаблівы абмен.

Пасля пачатку вайны ва Украіне калектыў у Беларусь не ездзіць. Зараз музыкі больш даследуюць уласны рэгіён, ездзяць па вёсках Падляшша і збіраюць фальклор ужо на месцы. Людзі што ў беларускіх, што ў падляшскіх вёсках вельмі падобныя: яны прыязныя, адкрытыя і лёгка гатовы дзяліцца сваімі ведамі і традыцыямі, дадае Ніка.

Мясцовая беларуская школа, у якой вучылася Ніка, была найлепшай у раёне. Акрамя агульных прадметаў на занятках вялікую ўвагу надавалі беларускай літаратуры і гісторыі. Ніка прыгадвае, як чытала Максіма Багдановіча, Янку Купалу і Якуба Коласа.

– У польскіх школах ёсць традыцыя – танцаваць паланэз на выпускным. А ў нашай традыцыя – пасля паланэзу танчыць лявоніху. Памятаю, як мы нават ездзілі ў Мінск, каб вывучыць яе як след.

Аб працэсе стварэння трэкаў і кліпаў: «Галоўнае – знайсці біт у гучанні голасу»

Стварэнне трэка музыкі заўсёды пачынаюць з выкарыстання простага музычнага элемента. Віктар грае яго, а затым яны абмяркоўваюць, якую мелодыю можна дадаць вакальна. Пры гэтым Ніка спявае, эксперыментуючы з рознымі словамі для пошуку падыходзячых спалучэнняў, нават калі канчатковага тэксту песні яшчэ няма.

На гэтым этапе важна ўлавіць рытм і змяненні голасу, а таксама адсачыць, як ён кладзецца на музыку. Калі патрэбны біт знойдзены, застаецца ўсё заміксаваць.

– Апошнім часам мне падабаецца вывучаць музыку розных народаў свету. Калі слухаю рэгетон з Пуэрта-Рыка або бразільскі фанк, адразу думаю пра тое, як крута гэтыя матывы будуць гучаць з падляшскімі галасамі, – дзеліцца Віктар. – Мы вельмі ўдзячныя за той фідбэк, які атрымліваем ад слухачоў. Збольшага нам пішуць толькі добрае. Гэта матывуе!

ВАЖНА: Sw@da x Niczos можна паслухаць 13 студзеня на варшаўскай Празе. Падрабязнасці хутка.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: прыватны архіў герояў.

#Польша #Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter