Уаў! Хлопец намаляваў станцыю метро «Купалаўская» ў стылі піксель-арт. Атрымалася годна, зацаніце

Уаў! Хлопец намаляваў станцыю метро «Купалаўская» ў стылі піксель-арт. Атрымалася годна, зацаніце
Хлопец з Мінска зрабіў анімаваную станцыю метро «Купалаўская». У ёй ходзяць піксельныя чалавечкі і ездзіць такі ж мульцяшны вагон.

Хлопец з Мінска зрабіў анімаваную станцыю метро «Купалаўская». У ёй ходзяць піксельныя чалавечкі і ездзіць такі ж мульцяшны вагон.

Антону Бельскаму 22 гады, апошнія пяць гадоў ён вучыўся ў Варшаве на культуролага. Некалькі месяцаў таму вярнуўся ў Мінск, каб вырашыць пытанне з ваенкаматам. Цяпер хлопец стварае анімацыі, піша музыку і шукае працу.

– Звычайна я малюю на камп’ютары ўсё, што прыходзіць мне ў галаву і што мяне хвалюе, – расказвае Антон. – Раней я ствараў сябрам вокладкі для музычных альбомаў, стыкеры, рабіў кніжныя ілюстрацыі. Гэта заўсёды былі звычайныя растравыя карцінкі ў спрошчаным карыкатурным стылі. Некалькі месяцаў таму праз TikTok я адкрыў для сябе піксель-арт і вырашыў паспрабаваць працаваць у ім.

@antonbielski

#pixelart #pixelanimation #underground #minsk

♬ sonido original - Anton Bielski

Чаму метро стала асновай для анімацыі?

– Я лічу, што Мінск, які і ўсё беларускае, – агромністае неўзаранае поле ідэй. Творцы майго ўзросту часта зводзяць «беларускасць» да традыцыі, сялянства, гісторыі, а я ўпэўнены, што наша штодзённая сучаснасць – прастора для натхнення. Кожны дзень у Мінску – бясконцая крыніца тэм для творчасці.

Чаму метро? Мяне цягне да яго. Яно моцна пераплецена з маім жыццём і звязана з маім пачуццём дому. Пах ветру, гукі цягніка, бясконцыя твары людзей – усё гэта пераносіць у нейкі асаблівы досвед па-за звычайнасцю. Гэта падобна на тое, што можна адчуць у касцёле ці святых месцах. Калі я думаю пра Мінск, я думаю пра метро. Таму я выбраў менавіта яго.

Выбар станцыі быў выпадковы. Пачыналася з таго, што я дзеля эксперыменту спрабаваў перадаць тэкстуру сцяны невялічкай колькасцю пікселяў. Выбар упаў на зялёныя сцены «Купалаўскай» з іх умураванымі блокамі са шкла, якія ці то самі свецяць, ці то адбіваюць святло.

Па маіх пачуццях, гэта быў адзін з самых доўгіх праектаў у жыцці. Складана было ўсё. Перад працай не паглядзеў ніякіх гайдаў ані па праграме, ані па анімацыі. Усё рабіў так, як падкажа інтуіцыя.

Піксельны малюнак аўтобуснага прыпынка 

Піксельны малюнак, над якім працуе герой.

Каб не было зусім нудна, я прыдумваў персанажам гісторыі: хтосьці паліць, хтосьці спазніўся на цягнік, а бабуся адпачывае кожныя пяць крокаў. Зараз я бачу многа касякоў: напрыклад, палова чалавечкаў ходзіць дзіўна, з прыскокам. Але на першы раз я добра пастараўся.

А што натхняла на працу?

Я натхняўся працамі мастачкі 6VCR. Дзякуючы ёй я рашыўся ўвогуле зрабіць нешта ў пікселях. Асабліва люблю тыя з яе прац, дзе яна спалучае фантастычныя аб’екты з пейзажамі постсавецкага горада. Далей я хацеў бы развівацца ў той жа бок – ствараць малюнкі больш пафасныя і падрабязныя, больш мастацкія.

Пра планы: «Ужо ствараю серыю анімацый пра Мінск»

Зараз я распачаў серыю анімацый пра Мінск. Наступная будзе пра храм на Нямізе і зімні постапакаліпсіс з дворнікамі. Я ўспрымаю гэтыя кароценькія анімацыі як вучэбныя праекты. Калі наб’ю руку і ў анімацыі, і ў піксель-арце, буду шукаць праграмістаў і дызайніць піксельную фэнтэзійную гульню пра Мінск. Гэта мая канчатковая мэта.

Акрамя таго, у мяне ёсць мара – жыць на грошы, заробленыя з уласнай творчасці. Таму я рады, што анімацыя заляцела ў TikTok. Спадзяюся, нешта падобнае ў мяне будуць замаўляць.

Сваю анімацыю я разаслаў у крамы адзення, збіраюся адаслаць у метрапалітэн. Было б крута, калі б яны пракруцілі яе па тэлевізары на адной са станцый.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў героя. Відэа: архіў героя.

#Минск
поделиться